Памяти поэта Анатоля Иверса

Ніва № 4 (2280), 23 студзеня 2000 г.

„Не пыталі, ці зжата, ці скошана...”
Сяргей ЧЫГРЫН


26 кастрычніка 1999 года памёр у Слоніме старэйшы заходнебеларускі паэт Анатоль Іверс (Іван Міско).

У старажытным Слоніме яго ведалі амаль усе. Ды і як не ведаць: тут пражыў усё жыццё, тут родная вёска Чамяры знаходзіцца побач з горадам.

Нарадзіўся Іван Міско ў 1912 годзе. Сям’я, як і многія іншыя аднавяскоўцы, у 1914 годзе выехала ў бежанства і вярнулася дадому ў 1918 годзе. Ужо ў дзяцінстве чатырохгадовая вандроўка па расійскіх губернях і Украіне спарадзіла ў беларускім хлопчыку тугу па радзіме.

У першай палавіне дваццатых гадоў пачала фармавацца нацыянальная свядомасць. Таму і пацягнула слонімскага хлопца да навукі ў роднай мове. А ў 1926 годзе ён паступае вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. Тут пачынае знаёміцца з роднай літаратурай, а таксама і сам прабуе пісаць. Тым больш побач быў добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ігнат Дварчанін, які адкрыў тады шырокі свет цудоўнага.

Але правучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі Івану Міско доўга не давялося. У 1928 годзе каля сотні вучняў, у тым ліку і яго, выключылі з гімназіі за падпольную дзейнасць. Пасля спробы вучыцца ў Клецкай і Навагрудскай беларускіх гімназіях ён у 1931 годзе апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры пад наглядам польскай паліцыі.

Нагляд наглядам, а вершы памаленьку пісаліся. А каб пазбегнуць катаванняў за іх (як гэта было з Міхасём Васільком), падпісваўся псеўданімам Анатоль Іверс, а паэтычныя радкі дасылаў у тагачасную беларускую прэсу.

У 1939 годзе ў Вільні выходзіць з друку першы зборнік вершаў Анатоля Іверса „Песьні на загонах”. Вершы, якія склалі яго, няпэўныя і шчырыя, задуменныя і журботныя:

Цёмныя праменні
Ходзяць па палетку.
А зярнят ні жмені —
Што пажну ўлетку?
У адказ з палосак
Вецер б’е па твары
І над ціхай вёскай
Наганяе хмары.

Нямецка-фашысцкая акупацыя Беларусі патрабавала новых выпрабаванняў. Анатоль Іверс становіцца адным з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага камітэта. Выдае антыфашысцкую газету „Беларусь”, а з лістапада 1943 года становіцца партызанам брыгады імя Ракасоўскага, пасля абіраецца сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Па-ранейшаму піша вершы:

Аганёк у цьмянай шыбе...
І шляхі, шляхі...
Беларускі край — пагібель
Ворагам ліхім.

Перамогу на Слонімшчыне затрубілі ў летні сонечны дзень. А Анатоля Іверса ніхто не сустрэў. Маці забіў памешчык яшчэ ў 1935 годзе, калі сын служыў у Войску Польскім. Бацьку і жонку Веру замучылі гітлераўцы ў Калдычэўскім лагеры. Брат загінуў у баях з акупантам.

Пасляваеннае жыццё гэты мужны чалавек пачынаў, як кажуць, з нуля. Па-першае, партыйныя і савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі Слонімскую антыфашысцкую арганізацыю. Па-другое, Івану Міско як кіраўніку і партызану на працягу дзевятнаццаці гадоў не давалі афіцыйнай даведкі, двойчы звальнялі з работы, звальнялі беспадстаўна.

Але праўда брала верх. Спачатку працаваў у рэдакцыі мясцовай раёнкі, потым — у лесахімічнай прамысловасці, адказным сакратаром Слонімскага гарвыканкама, адказным сакратаром раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. І ўсюды з ім побач была Паэзія. Вынікам гэтага сталі яго кнігі вершаў „З пройдзеных дарог” (1970), „Жыву ў бацькоўскім краі” (1982), „Я пайшоў бы ўслед за летам” (1987), „Прыдарожныя сосны” (1995), „Травень” (1998). Анатоль Іверс пісаў пра тое, што яго хвалявала, трывожыла. Ён моцна любіў сваю Бацькаўшчыну, родную мову. Трывожыўся за лёс беларускага народа:

Загадкава дзед мне казаў,
У бочкі ўстаўляючы донцы, —
Пра бацьку, як стражнік вязаў
За покліч „Да нашага сонца!”
Як кліч разгадаць той да дна,
Здаўна прабягаў што па гонях?
Не будзе памылкі аднак:
За мову! За сцяг! За Пагоню!

Анатоль Іверс шмат гадоў чытаў і выпісваў тыднёвік „Ніва”. Ён быў знаёмы і шчыра сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і іншымі творчымі людзьмі Польшчы. У Беларусі ён да апошніх дзён свайго жыцця быў у літаратурных пошуках, быў сярод моладзі і вучняў школ. Вёў шчырую размову аб роднай літаратуры, паэзіі, заклікаў мацней любіць Радзіму і аберагаць яе. „Чалавек у дарозе”, — сказаў неяк пра яго прафесар Алег Лойка. І гэта сапраўды было так.

Нялёгкае, але доўгае жыццё пражыў заходнебеларускі паэт Анатоль Іверс. У яго ніколі

Не пыталі, ці скошана,
Ці хоць дзве засталіся гарошыны.
Не пыталі, ці ў пору пасеяна,
Ці ў гумно хоць прывезена сеніна...

А ён жыў і змагаўся, дапамагаў іншым, жыў сціпла і пісаў вершы, якія дапамагалі жыць і цярпець, якія супакойвалі і прыносілі асалоду землякам.


Рецензии
Игорь, спасибо Вам большое за то, что благодаря Вам, я узнала о таком интересном и ярком белорусском поэте! О моём земляке, который жил на Гродненской земле!!

Светлана Борновалова   18.05.2010 22:31     Заявить о нарушении
Шчырае дзякуй Вам! Будзем i далей знаемiць нашых чытачоу з паэтамi Прынямоння!
З велькiм паважаннем,

Беларуски Куток   19.05.2010 09:31   Заявить о нарушении