Варыянт Зомби

                Анатоль Кудласевіч

            В А Р Ы Я Н Т      З О М Б І
( Сацыялогія ў жанры фантастычнай  рэальнасці).
П  р  а  л  о  г

Зямная вось трэснула! Планета тарганулася некалькі разоў у канвульсіях і хіснулася над безданню; быццам ад  нясцерпнага болю ці вялікай крыўды на кагосьці, схарабусціла гармонікам зямную кару і, раптоўна здрыгануўшыся ў сударзе, страсянула нетры: нешта надламілася ў сярэдзіне, як жывая косць хруснула яна, --  і яна пачала завальвацца на бок. Паплылі палюсы: Паўночны рушыў па 75-тым мерэдыяну, пакінуў збоку Грэнландыю і, прайшоўшы праз востраў Лабрадор,  мінуў Аттаву; уздымаючы агромністыя вадзяныя слупы, смерчам пранёсся над Ніагарскім вадаспадам;  нарэшце ўсталяваўся на ўзроўні саракавой паралелі, якраз паміж Нью-Йоркам і Вашынгтонам:”Бедны Йорык!” – не да месца жартавалі сейсмолагі. Паўднёвы, выклікаўшы жудасныя цунамі,  завіс над Ціхім акіянам.
 Разбураючы ўсё на сваім шляху, па зямлі лавінай пракаціліся землятрусы: праз глыбачэзныя трэшчыны наверх хлынула расплаўленая магма і лава; усё патанула ў языках агню і пырсках раскаленнага металу; полымя зжырала цэлыя азёры і рэкі; клубы пару, дыму і шэрага атрутнага  смогу ахуталі зямлю. Жывое задыхалася.
       Заходняя Еўропа аказалася ў экватарыяльнай зоне. За нейкі дзесятак гадоў вымерла большая частка раслін і жывёл, а тое, што выжыла ў  экстрэмальных умовах, змянілася да непазнавальнасці: сказалася спантанная гібрыдзізацыя і ўнутрывідавыя мутацыі. Усё, што поўзала, лятала, плавала і хадзіла – усё гэта ўчэпіста хапалася за жыццё, нават за саму магчымасць выжыць. У непамернай напрузе жывых арганізмаў адкрываліся раптам таямнічыя глыбінныя рэзервы:  паміраць не хацеў ніхто. Здавалася, выжыць у кругаверці раз’юшаных стыхій немагчыма. Але жывое намацвала і апрабоўвала новыя шляхі развіцця…
     Там, дзе завіслі палюсы, пачалося абледзяненне. Таўшчэзныя ледавікі Арктыкі і Антарктыды апынуліся ў цёплай кліматычнай зоне і паступова пачалі адтайваць. Узровень вады сусветнага акіяна катастрафічна павышаўся. Большая частка сушы аказалася затопленай. З глыбінь акіянаў, быццам здаравенныя дагістарычныя  жывёліны, вынырвалі новыя кантыненты, а старыя асядалі, прагіналіся або раптоўна правальваліся ў прадонне, каб з часам ператварыцца ў акіянічнае дно, якое  хавацьме ў сабе тайну загінуўшай цывілізацыі…
      Так Зямля ратавала сябе ад цяжару зла, назапашанага душамі людзей за  гісторыю. У адзін момант планетарная злаба, спароджаная чалавекам,  выпліснулася ў Прыроду і адпрацаваная за мільёны гадоў Сістэма  дала збой. Позна зразумеў чалавек, што залежыць не толькі ад сукупнай волі падобных сабе мільярдаў, але і ад нябачных звычайнаму розуму  Законаў Вялікай Раўнавагі, парушэнне якіх жорстка караецца. Прырода нагадала пра Адзінства. Нагадала жорстка і безпаваротна.
     Тэхнакратычныя сувязі лопнулі, як нацягнутыя даатказу струны – усе гэтыя камунікацыйныя сеткі: экектра, радыё і тэле.., сеткі шасейных і жалезных дарог, паветранных ліній; сеткі труба і газапровадаў, тэлеграфныя і камп’ютэрныя сеткі, якімі людзі аблытвалі сябе некалькі апошніх стагоддзяў і якімі гэтак ганарыліся, аказаліся слабейшымі за звычайнае павуцінне. Цэласнае дагэтуль чалавецтва рассыпалася, як пясок з растапыраных пальцаў. У каторы ўжо раз адбылося вялікае змяшэнне народаў. Яно  заклала асновы для фармавання новых рас.  Чалавецтву атрымала яшчэ адзін, магчыма апошні шанец.
       Жорсткія ўмовы не ведалі літасці. Першасным стаў закон Натуральны: выжывае дужэйшы і больш прыстасаваны! Новае пакаленне вырастала ў дзікунстве, хоць і было больш прыстасаваным і здольным у барацьбе за выжыванне, чым пакаленне адыходзячае, распешчанае дабротамі цывілізацыі і абцяжаранае ведамі, навыкамі і культурай, якая цяпер аказвалася непатрэбнай.
     Расказвалі ўсякае… Адны гаварылі, што жудасныя падзеі справакавалі самі людзі, якія звар’яцелі ў празе непамерных жаданняў; другія сцвярджалі: “праз вялізарныя прамежкі часу Зямля, незалежна ад развіцця чалавецтва, нібы касмічная жывёліна, мяняе звыклае палажэнне адносна Сонца,  абнаўляе  жывое і пасрэднасцю жорсткага адбору выбірае найбольш  здольнае да жыцця; трэція… Ці мала што маглі гаварыць трэція і чацвёртыя, але прычын катаклізму не ведаў ніхто.
      Маладыя не верылі росказням дзядоў. Тыя расказвалі неверагоднае. Хіба можна паверыць, што птушкі могуць быць жалезнымі і лятаць хутчэй кінутага каменя, або пра нейкія “чароўныя люстэркі”, з дапамогай якіх ранейшыя людзі бачылі ўсё, што рабілася ў свеце? Ці пра “штучныя сонцы”, здольныя павялічваць дзень па жаданню, пра “самаходкі”, “разумныя машыны”, зробленыя рукамі чалавека і пра іншыя цуды. “Байкі для дзяцей!” – катэгарычна заключала большасць.
     Жыццё штурхала ў плечы, заводзіла ў туман будзённых клопатаў і не пакідала часу для таго, каб аглянуцца, прыслухацца да старэйшых, асэнсаваць пройдзены імі шлях, ці хаця б пераняць трагічны вопыт папярэднікаў і зразумець іх памылкі. Чалавецтва, быццам народжанае ўпершыню, страчвала памяць. Яшчэ ў руінах мегаполісаў знаходзілі  дзівосныя цацкі для дзяцей, грудамі іржавела жалеза напатрэбнай цяпер нікому тэхнікі і ўзвышаліся грандыёзныя збудаванні, здзіўляючы   размахам і памерамі, якія сведчылі аб  былой магутнасці, а моладзь ужо не давала веры словам, што ўсё гэта  зроблена чалавекам. Праўда, чалавекам, які жыў крыху раней. Але сёй-той з разумнейшых, ці больш кемлівых, усё-такі прыслухоўваўся да дзедаўскіх баек, часам задумваўся, ды так і ён не змог зразумець: для чаго столькі непатрэбнага патрабавалася ранейшым людзям? Так пачалі з’яўляцца легенды і паданні пра багоў і герояў. Большасць жа намагалася вытруціць з памяці тое, што здарылася: “ забыць і не ўспамінаць!” – такім быў дэвіз паўсядзённага жыцця. Так забываюць боль, калі ён праходзіць. Вельмі свежай была рана. Але ўсё адно гэта здарылася. Здарылася аднойчы даўным-даўно, і жыло ў памяці чалавецтва. І зноў паўтарылася нядаўна…
         Яно – было! Было і заставалася…Будзе, і даўным даўно прайшло. Але і зараз ёсць і будзе ўчора.  І зноў паўторыцца… Паўторыцца, змешваючы часы і прасторы  другімі людзьмі, і людзі, нібы ў першы дзень тварэння, будуць жыць і думаць, што з’яўляюцца найразумныйшымі істотамі, нават не ведаючы, што заўтра не наступіць ніколі.
                1.
“…Дзесяць жрацоў шчыльным колам сядзелі каля змураванага з цэльных валуноў ахвярніка, які паступова абраста шэрым попелам. Згорбленыя постаці ў чырвоных аблачэннях знерухомелі і, здаецца, самі былі высечаны з граніту: быццам укамянелі яны ў глыбокай малітве. Дзесяць, уціхамірыўшы пачуцці, узнесліся думкай да Адзінага. Чуваць было іх размеранае глыбокае дыханне, ды сягды-тагды, раскідаючы чырвоны прысак на ахвярніку, гнятлівую цышыню парушаў трэск гарачага вуголля.
     Дзесяць  напружана-маўкліва чакалі адказу.
     Скрозь ромбападобныя акенцы ў скляпенне Храма прабівалася тусклае месячнае святло, сям-там у чорным прадонні неба выблісквалі сіратлівыя зоры. За таўшчэзнымі сценамі старадаўняга збудавання нарастаў шматгалосы гул. Пачынаўся шторм. Знадворку параненым зверам раўла і стагнала раз’юшаная водная стыхія; цяжка дыхаў акіян, ўздымаючы магутныя грудзі: цёмныя бура-пенныя валы  вырасталі з глыбіняў і адзін за адным  груваска абрушваліся і  разбіваліся аб падмурак галоўнага Храма на мільёны салёных пырскаў.
     Пасля заходу сонца жрацы дзесяці абласцей Атлантыды з’ехаліся сюды, каб у трэцці раз задаць багам адно і тое ж пытанне. Старажытны Закон, выразаны на арыхалкавым слупе, забараняў падымаць зброю на сябе падобных; тысячагоддзі жрацы захоўвалі Запавет продкаў непарушным – і атланты жылі ў міры. Залаты век канчаўся… Ужо двойчы за апошнія сем гадоў  па загаду Вялікага Савету Цароў прыносілі яны самую страшную ахвяру, чалавечую, каб атрымаць адказ на галоўнае пытанне: мір ці вайна?
     На вайне настойваў Вучоны Савет: быццам згаварыліся ўсе гэтыя бакалаўры і кніжнікі, магістры і архіварыусы:”Без вайны Атлантыдзе не выжыць! Рэсурсы на зыходзе. Востраў абмежаваны акіянам. Насельніцтва катастрафічна павялічваецца… Адзінае выйсце – распаўсюдзіць уладу цароў на некранутыя мацерыкі, заселеныя дзікімі плямёнамі…” . Яны ж і ўвялі ў вушы цароў: трэба парушыць арыхалкавы Запавет!
      Уся эканоміка царства паскорана перабудоўвалася на ваенны лад: сотні кузніц і майстэрняў, не чакаючы рашэння жрацоў, кавалі зброю і выраблялі амуніцыю для новай арміі; на заводах адліваліся гарматы а ў верфях будаваліся караблі: каля сямядзесяці спушчаных на ваду каравэл, аснашчаных самымі навейшымі ўзбраеннямі, стаялі ў ціхіх бухтах, гатовыя па першаму загаду ўзяць на борт дзесяткі тысяч салдат, якія днём і ноччу авалодвалі воінскім майстрэмтвам на засакрэчаных палігонах. Атланты вучыліся забіваць… Атланты хочуць забіваць сабе падобных? – гэта было дзіка ўявіць яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў назад. І вось ракавая мяжа  пяройдзена, – а ў небе ўсё гэтак жа свецяць зоркі і ўзыходзіць сонца: куды ж глядзяць багі? Уся цывілізацыя ашчацінілася, нібы драпежны звер, гатовая кінуцца ўглыб Атлантыкі, на Еўропу і Азію, каб зняволіць народы адным імклівым ударам.
     І  Вялікі Савет Цароў, і Вучоны Савет, і новае войска дзяржавы і, бадай, усе астатнія жыхары чакалі аднаго: апошняга слова жрацоў. Такая пільная ўвага да дзейства жрацоў, якое разгортвалася сёння ў  Храме, была не зразумелай. Толькі сляпы не бачыў, што ўсё даўно ўжо ідзе ў адным кірунку. Аўтарытэт духоўнай улады знізіўся, слова богавых служкаў зрабілася занадта лёгкім. І хіба рэальна было, каб дзесяць чалавек маглі на поўным хаду прыпыніць заведзеную махіну? Не. Такое немагчыма. Дык чаго чакалі тады атланты ад сваіх духоўных правадыроў? Хіба праблема вайны заставалася яшчэ не вырашанай? На гэтае пытанне, напэўна, ніхто не даў бы адказу. Але чамусьці ўсім неабходна было “апошняе слова”. Ці не для таго, каб развязаць рукі крыважэрнаму дэману вайны, што спіць да часу ў кожным чалавеку а саму вайну назваць справядлівай, ці нават свяшчэннай? Магчыма, кожны хацеў зняць адказнасць з сябе асабіста, перакласці яе на таго, хто вышэй па рангу: жыхары на правіцеляў і вучоных, вучоныя на цароў, цары на жрацоў, жрацы… Жрацам заставалася узваліць адказнасць на плечы багоў. На тое яны і багі, каб нясці такі цяжар…”
      
     Глод закрыў кнігу. Было сумна. Ці ад прачытаных старонак, ці ад апошніх падзей у свеце, якія  мала абнадзейвалі. 
     Паўгода назад тэрарысты аб’явілі вайну Злучаным Штатам Амерыкі. Раніцай 11 верасня імі было захоплена 11 самалётаў з заложнікамі, праз некалькі гадзін былі атакаваны будынкі Сусветнага гандлёвага цэнтра, пентагона, Белы дом. Загінулі тысячы людзей. Адказнасці за тэракты не ўзяла на сябе ніводная арганізацыя. Амерыканскія спецслужбы спынілі пошук на тэрарысту нумар 1 Усаму Бен Ладэна, які вымушаны быў схавацца ў талібаў. На Аўганістана пасыпаліся бомбы а затым былі ўваедзены войскі.


Рецензии