Ал крыжыка да Крыжа

Ад крыжыка да Крыжа
1
За паўгода да таго, як споўнілася трыццаць тры гады, ён згубіў свой нацельны крыжык. Звычайная дробязь, але абставіны, пры якіх не стала крыжыка, стрэмкай заселі ў душы. Крыжык быў равеснікам Віктара і доўгі час ляжаў, загорнуты ў анучку, на дне абабітай каванымі арнаментамі скрыні разам з яго метрыкамі, са шлюбным пасведчаннем бацькоў і з матчыным медалём “За трудовую доблесть”. І вось аднойчы (яму было тады гадоў 26) Віктар звярнуўся да маці.
— Ці ёсць той крыжык, з якім мяне хрысцілі?
— Не ведаю.  Трэба паглядзець. Дзесьці павінены быць, — прыпамінала маці. — А навошта ён табе раптам спатрэбіўся?
“Хачу насіць!” — адказаў Віктар. Маці не стала распытваць, чаму гэта рапатам сыну прыпякло насіць крыжык. “Ці мала якая мода прыходзіць, вунь і артысты на сябе паначаплялі, не тое, што раней, хаваліся, каб пахрысціць дзіця”, — а ўслых сказала толькі:
— Глядзі ж, не згубі, дрэнная прыкмета. На ўсё жыццё памятка.
І палезла ў скрыню. Доўга перакладала прапахлыя нафталінам сувоі палатна, задаволена перабірала “амерыканскія” хусткі, разгортваючы пераглядала вышываныя сурвэткі, ручнікі ды адрэзы матэрыі і, нарэшце, выцягнула спадыспаду невялікі пудэлак, сцягнула гумку, якой ён быў перахоплены, і зняла накрыўку.
— Тут іх два, адзін Святланін, другі твой, — муляла яна зашкарузлымі ад працы пальцамі белы і жаўтаваты крыжык, нібы правяраючы іх на сапраўднасць. — Не ведаю нават каторы чый? Далі Бог, не магу спомніць.
Віктар выбраў сабе медны і адразу паверыў, што менавіта гэты павінен быць ягоным. Пачапіў крыжык на сярэбраны ланцужок, куплены загадзя ў горадзе, і павесіў на шыю. Колькі помніць, з таго часу ніколі не здымаў яго, хіба што аднойчы парваўся ланцужок: перапаяў нанова звяно і зноў адзеў.

2.
Не скажаш, што Віктар быў набожным чалавекам, у царкву хадзіў зрэдку, маліўся калі ўспомніцца, але рэлігія цікавіла яго заўсёды. Часта яго разважанні скіроўваліся да любімай тэмы: для чаго даецца жыццё? Што такое чалавек? Ці можна ведаць будучыню? Апошняе турбавала больш за ўсё, і дакладней было б сказаць так: “Ці можна ЗМЯНІЦЬ будучыню, нейкім чынам паўплываць на яе? Ці мае чалавек уладу над часам?”. З гэтай прычыны Віктар перачытаў усе прароцтвы, якія мог знайсці: поштудзіраваў цэнтурыі Настрадамуса, дакапаўся нават да звестак дэльфійскіх аракулаў, пачаў захапаляцца гараскопамі, варажбой і шмат якой іншай чартаўшчынай, спрабуючы зазірнуць у заўтрашні дзень. Аднойчы выпадкова натыкнуўся на цікавы гістарычны факт, уразіўся страшэнна, хоць гэта і магло быць простым супадзеннем: аказалася, што Аляксандр Македонскі гэтак жа, як Ісус Хрыстос, памёр у трыццаць тры гады — рапатоўна захварэў ліхаманкай і сканаў, а праз год пасля яго смерці памёр Арыстоцель, які з маленства выхоўваў палкаводца. Абодва: і Сын Божы і Аляксандр Вялікі распачалі, так бы мовіць, сусветную вайну — адзін заваяваў зямлю мячом, другі паланіў духоўна, і абодва памерлі ў трыццаць тры гады. Пазней Віктару трапіў у рукі аркуш з параўнальнымі біяграфіямі Напалеона і Гітлера, Вашынгтона і Кенэдзі: параўнальны акцэнт ставіўся на ўзросце палітыкаў, калі яны прыйшлі да ўлады або здзейснілі штосьці значнае — супадзенняў было шмат. Пагадзіўся ён і з Хлебнікавым, што існуе “закон пакаленняў”, “законы імперый і войнаў” і што людзей з аднолькавымі задачамі ў розныя гістарычныя часы спасцігае падобная ж доля. Усё паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу ў гісторыі, а ўзрост 33 гады, у любым выпадку — ракавы, нават былінны Ілля Мурамец і той “трыццаць тры гады сіднем сядзеў на печы”, пакуль калікі перахожыя не папрасілі яго падаць вады.
3
Віктар ганарыўся тым, што ён “праваслаўны”, і лічыў Новы Запавет самай вялікай кнігай у гісторыі чалавецтва; часта як сведчанне сваёй “царкоўснасці”, паказваў крыжык, якому было столькі ж гадоў, колькі і яму. І вось, зусім недарэчна, крыжка не стала. Гэта было ўжо пасля таго, як ён скончыў філасофскі факультэт МДУ і, пакінуўшы дома жонку і тохгадовага сына, разам з многімі нядаўнімі выпускнікамі вырваўся на волю, дакладней на тыднёвы сімпозіум па пытаннях сучасных філасофскіх і новых рэлігійных плыняў.
Жанчына, што яму глянулася на сімпозіуме, сярэдняга росту, з моцнымі акруглымі формамі, светлымі валасамі і, як не дзіўны для бландзінкі, з чорнымі, як вуголле, вачамі — падыйшла да яго першай. Адкрытыя, бессаромныя выбліскі вачэй, прыхаваная ў закутках таўставатых дрыготкіх вуснаў усмеўшка абяцалі многае… І Віктар загарэўся пажадай да чужога жаноцкага цела: кроў ускіпела, з пачуццямі было цяжка саўладаць. “Крыжык, нібы сведка, — падумалася яму тады. — Ат, нічога: калі вытанцуецца да інтыму, то здыму ўпотайкі і пакладу ў кішэню”. Кахання так і не атрымалася. І крыжык Віктар не здымаў, ён добра гэта помніў: мільганула толькі такая думка — але праз дзень, выходзячы з душа, правёў рукою па шыі і здзівіўся, неяк непрывычна гладка рука каўзанулася па скуры. Похапкам памацаў пальцамі і ўстрывожыўся: “Так і ёсць!” — крыжык знік. Ірвануўся ў душ, у прыбіральню, аблазіў і перашукаў па ўсіх месцах, дзе толькі мог згубіць яго — дарэмна, крыжык не знайшоўся. Нібыта ўкрадлівы шэпт адказаў на яго разважанні: “Калі табе так замінае крыжык — мы яго забралі, будзь зусім без крыжа”. Можа, словы былі іншымі, але сэнс іх Віктар пачуў дакладна: мы не будзем цябе няволіць, жыві, як хочаш, ты вызвалены ад якіх бы то ні было абавязкаў. Нічым неабмежаваная воля чамусьці прынесла страх і трывогу.
Крыжык згубіўся не так сабе. Гэта нейкі знак. Нешта павінна здарыцца. Гэтае Нешта зламысна чакала наперадзе, цікавала за ім. “Калі і як адбудзецца?”. Віктар адчуваў набліжэнне чагосьці непазбежнага. Таму і ўхапіўся прагна за рэлігійна-тэасофскія і філасофскія чытанні, баючыся сустрэчы з невядомым. Чытаў усё запар, што хоць якімсьці чынам сцвярджае манаполію на валоданне ісцінай. Намагаўся выйсці ў астрал: практыкаванні не давалі выніку, і ён кінуў займацца медытацыяй. Калісьці, яшчэ ў дзяцінстве, у яго быў выхад у іншасвет, здарылася гэта выпадкова, але Віктар добра запомніў, што па той бок цела будучыня адкрыта, як на далоні — там не існуе праблем сэнсу: усё становіцца зразумелым.
Кожны чалавек хоча сяды-тады хоць адным вокам зазірнуць: а што ж будзе заўтра? Вандруючы па спякотнай пустэльні, падарожнік, напэўна, менш пакутуе ад смагі, чым Віктар хацеў ведаць будучыню. І вось нейкі шлях, да якога ён доўга прабіваўся, блукаючы ў патаемных джунглях свядомасці, раптоўна адкрыўся перад ім. Чамусьці атрымалася зусім не так, як мроілася, ён ажыццявіў, падалося Віктару, запаветнае, ды страціў разам з тым штосьці не менш каштоўнае.
4
“Дзе я?!” — першае, што прыйшло ў галаву Віктару, калі ён расплюшчыў вочы. Агледзеў пакой — усё незнаёмае… З цікавасцю разглядваў шпалеры на сценах, рэпрадукцыі карцін, мэблю, уважліва ўзіраўся ў металічную з трыма шклянымі плафонамі люстру. “Як я тут апынуўся? І як жа маё імя? Хто я?” — усё дарэмна: памяць маўчыць. Побач з ім “незнаёмая” жанчына: падклаўшы руку пад галаву, соладка спіць. Зараз яна прачнецца і пачне лаяцца, быццам ён нечым абавязаны ёй — усё гэта Віктар прыпомніў, гэта хутка павінна здарыцца… Але ж, калі… Значыць, яшчэ не было? Адкуль тады ён ведае? Хіба ж можна прыпомніць тое, што толькі адбудзецца?
Жанчына расплюшчыла вочы.
— Во, дрыхне… Колькі будзеш мучыць мяне? — памаўчала некаторы час, потым у яе вачах з’яўляецца вільгаць, і неяк з прыхліпам, быццам выціснула з сябе, — за-вя-заў белы свет!
— Прабачце, — азываецца нарэшце Віктар, — хто вы? Як завуць вас і што гэта за пенаты?
— Прыехалі, еці тваю маць! Дафіласофстваваўся! — Яна хутка змахвае даланёй выступіўшую было слязу. — Чаго прыдурваешся, ёлупень? Ці зусім здзяцінеў ужо? Сапраўды, звар’яцеў са сваёй філасофіяй… Ва ўсіх мужы, як мужы, ці табе ў хаце, ці на рабоце, а гэты… Кабель пракляты… Пра-бач-це, як вас за-вуць, — перацвяліла яна. — Ух, брыдота, вочы б мае цябе не бачылі!
Жанчына нацягвае на сытае цела халат, з цяжкасцю зашпільвае гузікі — яны выкручваюцца і становяцца старчаком, — Віктару здаецца, што зараз яны з трэскам паразлятаюцца ў розныя бакі. Яна нешта гаворыць і гаворыць, але ўлавіць сэнс цяжкавата. Словы бесперастанку вылятаюць з чырвонага слінявага рота, быццам ноччу камары з кустоўя: яму цяжка асэнсаваць іх. “Чаго яна хоча?”. Словы ўпіваюцца ў нешта для яго святое і, здаецца, джаляць, кусаюць і смокчуць кроў. Ён не можа даўмецца, з чым звязаны шквал абвінавачванняў, не разумее яго прычыны. “І хто яна такая, па якому праву камандуе?” — думае ён. З яе папрокаў аказваецца, што ўчора ён павінен быў здаць бутэлькі, забраць нейкага Сцёпку з дзіцячага садзіка, атрымаць аванс і купіць бульбы, масла і хлеба — вынікае, што нічога гэтага ён не зрабіў. “Чаму ў мяне столькі абавязкаў? Цікава, што яна сама рабіла?” — падумаў Віктар, але прамаўчаў.
— Дакуль я буду трываць такі здзек? Досыць! Накарміў! — гаворыць яна, хутчэй нават крычыць. — Сёння ж панясу заяву на развод! Я пагляджу, як ты сам пражывеш… Мый за ім, прыбірай, есці вары… Што я, рабыня якая? Канешне, на ўсім гатовенькім можна і філасофстваваць, і аўтатрэнінгі, бач ты яго, вычвараць… Сёння ж панясу! Калі для цябе сям’я на апошнім месцы — жыві сам. Я аднаго не разумею: чаго ты жаніўся?
— Аракулы не жэняцца, а жрыцы не выходзяць замуж…
— Ды што з табой гаварыць, — абрывае яна, — навошта я, дурніца, выпінаюся? Усе вы казлы!... Мне патрэбен муж, чуеш ты, мужчына, а не летуценнік-філосаф! Якая карысць ад тваіх заняткаў, каму яны патрэбны!.. Ну, чаго маўчыш?! Мыш пракаўтнуў?!
Ён адмахваецца ад яе, нібы ад дакучлівага сабакі, што злоўчваецца цапнуць за калашыну. “Як добра, што нічога не помню, не звязаны ніякімі абавязкамі з гэтым страшыдлам”, — уздыхнуў Віктар, спаўзаючы з ложка. Рукі машынальна каўзануліся пад ложак і пачалі шнарыць па падлозе, пакуль не натыкнуліся на пантофлі, і толькі зараз Віктар зразумеў, што шукаў менавіта іх.      
— Глядзі, — звярнуўся да жанчыны чамусьці на “ты”, падумаўшы: “Напэўна, з мінулага?”, а ўголас дадаў, — асцярожней крыху на разваротах, а то зараз гузак наб’еш!
Ён ведаў, што папярэджваць жанчыну — марна траціць час, жанчына ўсё жыццё зачэпліваецца і падае праз адну і тую ж пень-калоду, ёй, мусібыць, прыемна падаць? Можа, нават знарок зачэпліваецца? Бо любіць пачуццё болю, таму што толькі праз боль адчувае, што жыве па-сапраўднаму — ёсць вінаватыя (той, хто папярэджваў), а гэта так неабходна некаторым асобам, каб выплюхнуць на кагосьці злосць.
Сапраўды, у наступны момант жанчына няёмка пацягнула ручку дзвярэй на сябе і адначасова хістнулася ў праём, не паспеўшы як след адчыніць дзверы — удар прыйшоўся пад левае брыво: “Вох! — усклікнула яна, — чорт пракляты, накаркаў!”.
— Я не ведаю, хто вы, але праз пяць хвілін на кухні вы разаб’еце цэлы стос талерак… Калі можна, дык асцярожней крыху, а то зноў прыйдзецца шукаць вінаватага.
— Звіхнуўся! Тут плакаць трэба, а ён выпендрожы строіць… Нічога, хутка ты ў мяне па-іншаму заспяваеш! Я табе абяцаю! — пракрычала яна і пайшла на кухню.
Віктар павольна апранаўся: нацягваў на сябе пакамечаныя штаны, адзяваў праз галаву пацёрты вязаны швэдар — а з кухні далятала лаянка. Ён ужо ведаў, што будзе праз хвіліну, якія словы пракрычыць жанчына. Глядзеў на сябе ў люстэрка і не пазнаваў: аброслы чорнаю барадою, схуднелы так, што мангольскія скулы і гарбаты нос ненатуральна вытыркаюцца ўперад, здаюцца прыклеенымі. Яму не падабаецца ягоны твар: увагі вартыя толькі вочы, пакрытыя каламутнай плёначкай, але гараць, нібы жарыны, і адсвечваюць фасфарычным бляскам. “Такімі ж зарослымі былі, напэўна, біблейскія прарокі, — думае ён пра сябе. — Іоў, Іярэмія, Ісая… вось я таксама: Сівіл…”.
— Сівіл? — ужо ўслых паўтарае ён, і голас неяк прасіпеў ці прасыкаў, нібы ў гадзюкі, якой прышчамілі галаву, — Сівіл!
Ён успомніў нарэшце сваё сапраўднае імя, яго завуць Сівіл. Штосьці зрабілася з памяццю: помятаў толькі будучыню, быццам мінулае і будучае памяняліся месцамі. Забыўся, што было ўчора, але дробра ведаў, што будзе праз месяц, год… Пра мінулае ён пакуль што толькі здагадваўся, як у звычайным стане чалавек робіць прыкідкі аб будучым.
Страшэнны грукат даляцеў з кухні, а наўздагон пачулася галашэнне той самай крыклівай жанчыны — вось яна ўжо і на парозе:
— Што ты вычвараеш, ідал ліхі! — махае рукамі перад самым носам, але баіцца крануць твар. — Ты іх купляў? — пагрозліва патрасае ў паветры кулакамі.
— У чым я вінаваты? — ён зашмаргнуў шнуркі чаравікаў, устаў і працягнуў руку да вешака. — Што вы маеце да мяне? Вы ж самі разбілі талеркі. А я папярэджваў… Я ўсё жыццё папярэджваў! Вунь і цяпер, у вас на кухні сметніца гарыць! Пажар тушыце! Запалку ў вядро кінулі… Яно і загарэлася. Тушыце пажар, позна будзе!
Яна спачатку нічога не разумее: стаіць, не ведаючы, што рабіць, а потым зыркае яму ў вочы, ускрыквае, прыкрыўшы рот рукою, як бы запіхваючы назад слова, што гатовае было сарвацца з языка, і бяжыць на кухню.
Сметніца гарыць на самай справе. Пластмасавыя бакі размякчэлі і плавяцца на блакітным агеньчыку. Жанчына хапае сметніцу, бяжыць з ёю ў ванны пакой. “Зноў накаркаў… Як у ваду глядзеў? Ён жа не заходзіў на нухню! Хіба ўбачыў праз сцяну? Відушчы! Ага, — бліснула і апякла думка, — гэта ж у газеце днямі было: хлопчык падпальваў рэчы… І ён навучыўся…”. Рука сутаргавата хапаецца за кранік, з-пад якога вырываецца струмень вады. Шыпенне, пара, дым… Загаловак газетнага артыкула: “Цуды псіхікі”, які яна чытала днямі, так і стаіць перад яе вачыма. “І ён туды ж… Я зараз пакажу яму гэтыя штучкі!”.
Ужо калі ён стаяў апрануты каля дзвярэй, яна зноў наляцела на яго.
— Я  Сівіл! — адкідае ён жанчыну дзікім і пранізлівым крыкам.
Ад нечаканасці яна адхіснулася, нібы ёй смалянулі ў вочы полымем паяльнай лямпы: “Я прарок Сівіл!!!” — штосілы крычыць Віктар. У яе вачах зноў з’яўляецца жывёльны страх, а ён пакідае яе, разгубленую і знямелую, пасярод пакоя з выходзіць на вуліцу.
Калі б ён пастаяў хоць крыху на лесвічнай пляцоўцы, то пачуў бы, як жонка зайшлася роспачным крыкам.
5
Жыццё чалавека адносна часу можна параўнаць з вандроўнікам, які ідзе дарогай задам наперад: не ведае, што чакае яго праз хвіліну, у будучым, але добра бачыць пройдзены шлях. Мінулае — яно ляжыць перад вачыма памяці, як на далоні, праўда, чым далей намагецца чалавек ахапіць зрокам пройдзены ў часе шлях, тым меньш звязныя малюнкі бачыць. “Сівіл” уваходзіў у жыццё не так, як звычайны чалавек: ён ішоў тварам у будучыню, не бачыў таго, што засталося за спінаю, у мінулым, а пры жаданні мог заглянуць на хвіліну, на год, а то і на цэлых дзесяць гадоў наперад. Яму ўявілася, што ў ягоных руках магутная зброя, ён вывядзе чалавецтва на прамую дарогу (ён такі адзін!), выправіць усе людскія лёсы і памылкі, папярэдзіць глабальныя катастофы. Ён ведае тое, да чаго чалавецтва марна цягнецца ўсю гісторыю: яму адкрыта будучыня!
“Сівіл” зайшоў у парк, сеў на лаўку, агледзеўся. Лістота на дрэвах злёгку кранулася жаўцізной, яшчэ тыдзень-другі і закруціць восень апалае лісце ў паветры, зашамаціць яно, зрудзелае і высахлае, пад нагамі праз месяц, а яшчэ праз колькі часу дрэвы будуць калыхацца аголеным сіратлівым голлем і чакаць першага снегу.
Лаўка. Колькі людзей будзе сядзець на ёй, пакуль струхлее з часам: па адным, па двое і трое; удзень, вечарам і ноччу; восенню, зімой і летам, у дождж і ў спякоту; маладыя, старыя і зусім яшчэ дзеці… Колькі людзей пераседзіць на гэтай просценькай лаўцы, пакуль яе нарэшце не звязуць на гарадскую звалку і не спаляць з-за непатрэбнасці? Увесь стракаты калейдаскоп падзей пракруціўся ў яго перад вачыма, як на кінастужцы. “А нехта ж сядзеў тут і да мяне, раней?” — падумаў ён, але мінулае маўчала, быццам ён толькі што нарадзіўся, літаральна сёння раніцай, калі ўбачыў побач з сабой незнаёмую жанчыну, усвядоміў сябе. “Сівіл” разглядаў драўляныя перакладзіны на спінцы, пафарбаваныя ў зялёны колер, і неўзабаве лаўка падалася яму знаёмай: па нейкай драпінцы, выпаўшым сучку пачаў здагадвацца, што ён тут часта сядзеў раней. Пакрыху вярталася памяць: як маятнік вялізнага гадзінніка, хістнуўшыся ў адзін бок, даходзіць да самай верхняй кропкі, завісае на імгненне і зноў вяртаецца на свой след, так ён пачаў успамінаць сябе.
“Гэта ж мая лавачка! Я і ўчора тут прасядзеў паўдня?”. Нібы выбліскам маланкі асвяціўся ўчарашні дзень — успомніў усё да драбніц, стала нават сорамна. Успомнілася пазаўчарашняе, і памяць панесла далей у пражытае: армія… інстытут… школа (фрагменты, дробязі, урыўкі); садзік, калыска… Нараджэнне… дамавіна… Цемра… “Дамавіна?”. Пахаванне… “Хаваюць мяне?”. Я заблытаўся: куды я — будучыню, ці ў мінулае? Было ці будзе? Я?... я… Я! Было! Я прышоў з цемры ў святло? Чаму так? Што гэта зноў? Зноў я? Дзед… дарослы… юнак… дзіця… смерць… Зноў у дамавіне? Дамавіна! Стары… дзіця… калыска… дамавіна... Нараджэнне — смерць! Нараджэнне, смерць, нараджэнне… “Да таго, як я нарадзіўся, — я памёр?” — аформілася нарэшце пытанне. Памёр, а пасля гэтага зноў нарадзіўся? Далей… Хутчэй! Яшчэ далей! Стоп! Назад! Хопіць! Толькі гэтае жыццё. Адсякаю лішняе. Забываю! Вось я, сённяшні! Як добра без цяжару! Як лёгка дыхаецца! Якое яснае сонца! Аблокі, як і тысячы гадоў назад — яны тыя ж самыя. Я жыву! Я ёсць! Адзін…
Голуб падляцеў да ног, яго можна было дастаць наском чаравіка, калі выцягнуць нагу. “Сівіл” выверуў кішэню і вытрусіў на далонь колькі семкаў сланечніка: “Цып-цып-цып!” — голуб адбег, смешна паварочвае галаву, пазіраючы на яго чырвоным вокам, асцярожна дзяўбе семкі, што ўпалі на зямлю, а потым нясмела падкрадаецца, дзюбае ў далонь і тут жа, узмахнуўшы крыламі, шпарка адскоквае.
Ён шчаслівейшы чалавек. І ніякі не Сівіл — звычайны беларускі хлопец (чаму ён усё яшчэ лічыць сябе хлопцам, калі ўжо за трыццаць?). А тоўстая кабеціна, што раніцай сварылася з ім — яго жонка Надзя. “Сцёпка, Сцёпка… — успомніў Віктар, — я ж не забраў яго ўчора з дзіцячага садзіка… Бедны мой хлопчык, напэўна, чакаў мяне, плакаў…”.
Вось мой горад, мая сталіца, невялікі гарадок па сутнасці, але адсюль пачнецца!.. На памяць прыйшлі радкі Уладзіміра Караткевіча: “На Беларусі Бог жыве…” — і гэты Бог ён, Віктар Тарашкевіч! Ён выратуе ўсё чалавецтва! Зробіць усіх шчаслівымі! “На Беларусі Бог жыве! Людзі, чуеце, Бог жыве на Беларусі! — хочацца крычаць яму. — Гэты Бог — я! Радуйцеся са мною”. Вось чаму так пакутавала Беларусь? І Чарнобыль гэты, як коршак з чорнымі крыламі, упіваецца атрутнымі кіпцюрамі ў душы маіх люзей…
А вы ўцякалі, ганьбілі яе, — а яна, Беларусь, апляваная і прыніжаная — выратуе вас усіх. Яна навучыць вас любіць! Святое нараджаецца ў муках, у пакутах павінна нараджацца новае. А гаварылі: няма такога народа, нама такой мовы… Вы адпрэчвалі яе і строілі кпіны… Эх, вы! Паглядзіце на паэтаў беларускіх: птушкі маюць гнёзды, лісы маюць норы свае — адным ім, абылганым і зняважаным, няма месца на радзіме сваёй, адны яны, к выгнаннікі і пракажонныя сярод свайго народа. “А як жа з уваскрашэннем? Як падняць астатніх?” — падумаў Віктар. Кожны чацвёрты загінуўшы, кожны другі, магчыма, сагнецца ў пакаленнях пад цяжарам чарнобыльскай навалы. І раптам дзікая думка прарэзала свядомасць: іх жа няма, памерлых! Не было ніколі! Яны вандруюць па целах, нібы вязні па турмах. Галасы маіх продкаў крычма-крычаць ува мне, клічуць, просяць, патрабуюць уваскрашэння!
Вось ён, мой прадзед Іван, гаворыць мне, я гэта добра помню, хоць быў яшчэ зусім маленькім: “Дзіцятка, у табе маё спадзяванне і надзея — у гэтых мазолістых руках праўда зямлі і Божая праўда…”. Ці не нам прамаўляў Ісус: “Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі — іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іх… каб жнец і сейбіт разам радаваліся”. Вось яны, дзяды мае: Мікалай і Пятро, клічуць мяне таксама, гукаюць з дамавіны: “Унучак, мы схадзілі за цябе на Калыму, мы адстаялі сваё і тваё чалавечае. Ці не мы вучылі цябе: не здрадзь! Не забі! Будзь чалавекам! Мы адпакутавалі за гэта, цяпер твая чарга: дапамажы нам падняцца!”. О, як прыцягвае долу зямля і не пускае падняцца ў неба. Але ж і крылы дае зямля?..
Ці я не разумею штосьці?.. Госпадзе, памажы мне!
Віктар апусціўся наўколенцы і прыпаў тварам да зямлі. Рэдкія прахожыя здзіўлена азіраліся на яго. Адна малітва, адна спаконвечная малітва: Ойча Нябесны!.. ды будзе воля Твая і на Зямлі, як на НЕБЕ…
Так-так, штосьці перакруцілі яны, спачатку і на зямлі, а потым ужо, як на небе — таму што там Яго воля заўсёды… Так даваў гэтую малітву Хрыстос, хто меў права вучыць інакш? Два словы пераставілі месцамі — і пекла падымаюць за аблокі…
                6.
“Чаго я сяджу тут? Трэба ратаваць іх”.
Ён выбег на плошчу Перамогі: “Яны перамаглі тады, я павінен перамагчы сёння”. Прайшоў па праспекце Францыска Скарыны: “Ён даў ім Божае слова на іхняй мове — яны чакаюць, што ім дам я”. Каля пешаходнага перахода, што ля моста праз Свіслач, прыпыніў жанчыну, якая збіралася ўжо ступіць на дарогу, чакаючы зялёнага святла.
— Жанчына! Тут не хадзіце, лепш падземным пераходам метро, тут блізка, два крокі ўсяго.
— Чаго гэта? — здзівілася яна, перахопліваючы ў правую руку сумку з бульбай і пакетамі кефіра.
— Пераходзьце там… Я ведаю, што будзе: калі не пойдзеце праз пераход — вас саб’е машына…
Жанчына вылупіла вочы на Віктара, углядвалася ў яго якую хвіліну, потым зноў перакінула сумку ў левую руку, а ўказальным пальцам правай, сагнуўшы яго крукам, пастукала тры разы па сваім ілбе.
— Ходзяць тут прыдуркі розныя, — твар яе агідна перасмыкнуўся, — лезуць у вочы!
Быццам плюнула Віктару пад ногі і пайшла, пайшла сваёй дарогай, ані кроку ўбок… “Куды ж яна? — падумалася Віктару. — Я ж сказаў: нельга!”.
— Жанчына! — прахрыпеў ён, і падалося: усё наваколле раскалолася ад грому ягонага голасу. — Жанчына! Вярніцеся!
— Адчапіся, балван! — кінула тая праз плячо. — Ходзяць тут усякія, у псіхічку такіх трэба.
Віктар хацеў дагнаць яе і адцягнуць назад, але на імгненне зазірнуў у булучыню і зразумеў: дарэмна! Жанчына нахабна шпацыравала на той бок вуліцы, дзе каля самай броўкі і павінна ўсё здарыцца… А вунь і машына ўжо ляціць з-за павароту. Віктар адвярнуўся, каб не бачыць…
Завіскацелі тармазы — кароткі ўскрык. Цішыня. Падалося на момант, што спыніўся час, а потым бягуць, бягуць людзі. “Жывая!.. Нічога з такой не здарыцца”, — даляцела да Віктара з натоўпу. Ён хацеў падыйсці і прыпомніць жанчыне, што папярэджваў яе, дарэчы, няхай будзе праўдзівым сведкам яго прароцтва. Трэба збіраць іх, прароцтвы, каб паверылі. Зараз такія тэхналогіі: усё можна пралічыць, усіх можна пераканаць. Сёння лягчэй, чым калісьці…
— Ды вар’ят нейкі, — ачомаўшыся, лямантавала жанчына, — прычапіўся, затлуміў галаву… А вунь ён стаіць! Лавіце яго! Трэба ў міліцыю здаць.
Віктар з усіх ног кінуўся назад у парк. “Зарэгістраваць” сведчанне не ўдалося. Ён пачаў ужо сумнявацца: можа, і праўда, калі б ён не папярэдзіў жанчыну — не падляцела б яна пад колы аўто? Можа, у гэтым здарэнні вінаваты і ён, дакладней: у аварыю загадзя быў упісаны і ягоны ўчынак? Аварыя магла б не здарыцца, калі б ён не дапасаваў да падзей сваёй волі. Але ж ён хацеў дабра.
Зноў усеўся на сваю лаўку, спачатку нервова і пужліва азіраўся па баках, баючыся, што яго сапраўды шукае міліцыя. А потым пачаў супакойвацца: “Што я такога зрабіў? Не піхнуў жа пад колы тую жанчыну? Наадварот, папяржэджваў яе. Усё добра, — супакойваў сябе Віктар, — у мяне ж на лбе не напісана, што я ведаю таямніцу бягучых дзеянняў. І хто паверыць такому?
З лаўкі назіраў за тым, што дзеелася навокал, каб яшчэ раз пераканацца ў веданні будучыні. Вырашыў не ўмешвацца, а проста сачыць. Нейкая птушка прысела непадалёк на галінцы і пачала шчабятаць. “Зараз пераляціць вунь туды” — як бы падумаў-загадаў Віктар, напружана чакаючы, глядзіць на чырвоны клёнік, — і праз хвіліну птушка ўспырхвае і садзіцца якраз на тую галінку, якую ён свідраваў вачыма. Вунь за агароджай парку ідуць па тратуары насутрач два чалвекі, і ён наперад ведае, што яны сустрэнуцца, пастаяць хвіліны тры і пойдуць далей разам да гастранома — так і ёсць. Колькі ні правяраў сябе — усё сыходзілася, як ён і прадбачваў.
Трэба ісці пагаліць твар, а то сапраўды, падобны да вар’ята. Так здарылася, што па дарозе дахаты яшчэ раз хацеў папярэдзіць няшчасны выпадак. Толькі апусціўся на сядзенне аўтобуса, сказаў жанчыне, што сядзела побач, каб яна асцярожней выходзіла — тая здзіўлена паглядзела на яго і нечакана рассмяялася.
— Шкада, але вы прапазніліся крыху, я ужо замужам.
— У вас будуць непрыемнасці, калі не паслухаецеся… Лепш праз заднія дзверы выходзьце, раптам абыдзецца.
Яна ў адказ толькі ўсміхнулася. Віктар зразумеў: гаварыць і даказваць што-небудзь — марна, яна не зразумее. Некалькі разоў жанчына спрабавала наладзіць размову, але ўсе сем прыпынкаў Віктар зацята маўчаў. Урэшце збіраючся выходзіць, яна гулліва паглядзела на яго, стоячы каля сярэдніх дзвярэй. А як толькі выскачыла з аўтобуса — нага нязручна крутнулася на броўцы і, растапырыўшы рукі, яна паляцела потырч. Аўтобус яшчэ з хвіліну стаяў, і Віктар бачыў, што нейкі мужчына ў шаракаполым капелюшы падбег, дапамог падняцца, а яна, стогнучы і вохкаючы, устала, прыціскаючы да грудзей зламаную руку. Віктар ведаў, што ў Першай хірургічнай ёй накладуць гіпс, праляжыць яна каля двух месяцаў (костка доўга не будзе зрастацца), а за гэты час муж пачне гуляць і праз паўгода яны развядуцца, — а пакуль Віктар глядзеў у яе вочы, поўныя нянавісці і злосці. Яму стала прыкра ад такога позірку і ён апусціў галаву.
Заглянуў у будучыню: чаму так? Яму не вераць! Ім непатрэбны такія веды. Ён прадказвае аўтакатастрофы, і сам жа застаецца вінаватым, і ўсё роўна гінуць людзі —  усе ідзе так, як і павінна было ісці без яго. Жыццё цячэ сваім ходам. Ну і што з таго, што ён ведае за дзень ці нават за год аб трагедыі? Яго высілкі застаюцца безвыніковымі, ён анічога не можа змяніць. Не мае ўлады над будучым, нават ведаючы яго, таму што, каб змяніць заўтра — трэба, каб людзі змяніліся ўнутры сёння. Аказалася, што веды — гэта нуль. Голыя веды не маюць сілы, патрэбна вера, вера тысяч і тысяч людзей — нішто іншае не можа змяніць свет. Патрэбен страх Божы! “Чым устрашыць іх?!” — падумаў ён.
Ёсць лёс, наканаванасць, ёсць жудасныя перапляценні мільярдаў прычын і следстваў, канцы якіх губляюцца ў дагістарычным мінулым. Выходзіць, для таго, каб выратаваць людзей сухагруза “Эстонія”, трэба, каб пятнаццаць вякоў наза вікінг Берг пайшоў у панядзелак направа, а не ўлева — тады б ён сустрэў Яску з праславянскага племені і ажаніўся б з ёю. У шэсцьдзесят сёмым пакаленні іхніх патомкаў нарадзіўся б члавек, які быў бы зараз міністрам грамадскага флоту Эстоніі, ён своечасова і паставіў бы сухагруз на рамонт. Але паўтары тысячы гадоў таму, ранкам, у панядзелак, вікінг Берг пайшоў налева і не сустрэўся з Яскай, у іх не нарадзіліся дзеці — такога міністра ўвогуле ні ў Эстоніі, ні ў Галандыі — на ўсёй зямлі наяма. Чалавецтва з мільярдаў магчымых шляхоў ступіла і прайшло адным. Той шлях, вынік якога без аварыі, — не пройдзены чалавецтвам, таму што вікінг пайшоў налева. Каб прадухіліць гібель сотні, нават смерць аднаго чалавека,  трэба перапісаць гісторыю ўсяго чалавецтва, трэба, каб мільёны людзей, што жылі некалі на зямлі, па-новаму перажылі свае жыцці з папраўкай “Берг пайшоў направа” — і толькі тады было б іначай….
О ты, загадкавы вікінг, дзе шукаць цябе? Якімі пяскамі пазаносіла твае сляды? Якія ветры цалавалі тваю галаву? Чаму ж ты пайшоў не ў той бок? Чаму не сустрэўся з Яскай? Але ж і яна магла пайсці ў другі бок? Ад Яскі таксама залежала: быць ці не быць аварыі. У дваццаць чатыры бакі магла яна таксама пайсці — і дваццаць чатыры разы па-новаму крутнулася б гісторыя ўсяго чалавецтва: так ці гэтак. І толькі тады было б іначай. Але гэта ўжо была б новая гісторыя, новыя, іншыя людзі, і нас з вамі, магчыма, і не было б на свеце.
Маем тое, што маем — і ў няшчасці, у горы, і ў смерці ўсякага чалавека, кожны з нас вінаваты асабіста. Няма чужой бяды. Калі мы пад адным сонцам — няма! Усе знітаваны паміж сабой, як пупавінай, звязаны крэўнай і роднаснай сувяззю, і таму, напэўна, так шчыміць сэрца, калі рухаецца па вуліцы пахавальная працэсія, або чуецца жалобная музыка пахавання, таму ные ў грудзях, што разумеем: нас стала менш. Адчуваем сваю віну перад памерлым: а раптам, калі б ведалі яго, калі б сустрэліся з ім раней — ён мог бы яшчэ жыць? Адчуваем смутак, бо гэты чалавек, якога вязуць на катафалку, ніколі ўжо не падорыць нам радасці, не ўсцешыць у горы, не дапаможа — ён назаўсёды пайшоў, навекі сыходзіць з гэтай зямлі… Мы абяднелі! Нас абкрадае кожная смерць: ці памірае чалавек на Далёкім Усходзе, ці на Ямайцы, ці ў цэнтры Еўропы — усё адно нейкая крупіначка нашай душы, патэнцыяльная магчымасць, маленькі зародачак чагосьці адмірае назаўсёды, так і не рэалізаваўшыся. Кожны чалавек унікальны і непаўторны, і толькі ён мог бы абудзіць вось гэтую часціначку нашай душы, якая, не развіўшыся, навекі памерла ў нас разам з яго смерцю…
                7.
Віктар пагаліў твар, потым спаласнуўся пад душам, апрануў белую кашулю, гальштук і свой адзіны прыстойны, як ён любіў жартаваць, шлюбны касцюм. Аўтобуса доўга не чакаў, — падыйшоў, як па заказу.
Жонка сядзела ў загсе і ўжо каторы раз перапісвала нейкую паперку. Віктар убачыў яе, як толькі адчыніў дзверы: яна была павёрнута спінаю да дзявярэй, але спераду, перагароджваючы доўгі стол напалавіну, люстэркам адсвечавла шкло, у якім адбіваўся яе заплаканы твар.
Віктар ціха падыйшоў збоку і апусціўся каля яе на калені. Маўчаў. Яна гладзіла яго па валасах і ніяк не магла супакоіцца. Потым скамячыла паперкі і кінула іх на стол, затым зграбла рукой у сметніцу: “Пойдзем!”. Праз пяць хвілін яны выйшлі на шумную вуліцу: іхнія вочы свяціліся шчасцем — можна было падумаць, што яны толькі што пабраліся шлюбам.
Вечарэла. Сонца пачынала хавацца за высокімі гмахамі дамоў. Людзі, спяшалючыся з працы, штурмавалі аўтобусы і трамваі, ныралі ў разяўленыя пашчы падземных пераходаў і заварочвалі ў расчыненыя дзверы гастраномаў і камерцыйных лавак. Усе абганялі Віктра з Надзяй — яны ішлі нетаропка і здзіўлена глядзелі на мітуслівых і паспешлівых людзей.
— Давай ніколі больш не спяшацца, — сказала яна.
— Давай, — кіўнуў ён у знак згоды. — Надзя, а дзе ты Сцёпку пакінула?
— У суседзяў…
Памаўчала з хвіліну, а потым, быццам успомніўшы дадала: “Я нічога ім не расказвала, проста папрасіла, каб паглядзелі”.
— Ну і добра. Малачына! — сказаў Віктар, прыхінаючы яе да сябе.


Рецензии
Трудновато, конечно, учитывая в плане языка.
Сюжет понравился! Благодарю!

С уважением, Алексей.

Трофимов Алексей   29.03.2016 16:14     Заявить о нарушении
В плане языка интерес в том, что белорусы, украинцы спокойно понимают поляков, словаков, сербов и русских. А у русских почему-то почти всегда возникают трудности языковые даже с белорусами и украинцами.

Анатоль Кудласевич   30.03.2016 14:25   Заявить о нарушении
Мало общаемся со всеми выше перечисленными Вами народов.
Особенно в нашей глухой сибирской глубинке.

С уважением, Алексей.

Трофимов Алексей   30.03.2016 14:26   Заявить о нарушении
В Сибири, насколько я знаю, есть целые белорусские деревни, которые появились там в конце 19 века и начале 20-го после столыпинских реформ, переселились, так и живут, сохраняя свои обычаи и нравы, язык.

Анатоль Кудласевич   04.04.2016 20:12   Заявить о нарушении
В Омске и Омской области таких семей или родов мне, к сожалению, не доводилось встречать.

С уважением, Алексей.

Трофимов Алексей   04.04.2016 20:17   Заявить о нарушении