Мухабой

«Мухабой»
(апавяданне)

Вечаслаў эксперыментаваў з думкай. І не толькі з ёю. Ведаў, калі чагосці вельмі хочаш, яно абавязкова надыходзіць. Стукайся — і адчыняць, жадай — і будзеш мець. Толькі трэба навучыца жадаць усёй істотай, чакаць прагна, а марыць апантана — і тады даб’ешся чаго заўгодна.

Ён любіў гуляць у разумовыя ігры сам з сабою, з людзьмі і абставінамі. Іншы раз здавалася, мог прадбачыць падзеі, нават правакаваць той ці іншы заход. Гэта ператварылася ў своеасаблівую гульню з рэчаіснасцю. Для пачатку патрэбана было некалькі разоў, быццам заглядваючы ў будучыню, прадвызначыць ход падзей. Вось, ідзе чалавек, ён паверне направа ці налева? Загадваў самому сабе: “Направа!” — калі чалавек скіроўваўся ў задуманы бок, загінаў палец: “Ёсць! — адзначаў пра сябе, — адзін!” Ляціць птушка… “Сядзе, ці не сядзе на дрэва?” Села! Выдатна, — і загінаў палец. Неабходна было падлавіць такое ж трэццяе супадзенне-прадбачанне, і, калі здаралася, стрымліваючы, гатовае вырвацца з сэрца пачуццё радасці, ён акумуляваў у сабе прагнае жаданне, і загадваў тое, чаго хацелася. Уяўляў жадаемае, візуалізаваў яго — і яно неадступна надыходзіла.

Гадоў трынаццаць яму было, калі ўпершыню задумаўся над прамой залежнасцю падзей ад нашых думак і ўяўленняў.

Аднойчы дапамагаў дзеду дратаваць свінню. Паўтарагадавалая свіння раздратавалася і перарыла ўвесь хлеў. Дзед падрыхтаваў сталісты дроцік, загнуў яго літарай “П” і загастрыў ніжнія канцы напільнікам. Патрэбна было праткнуць дроцікам храшчык лыча, закруціць канцы, адшчыкнуць лішняе і загнуць уверх. Пры спробе рыцця, дроцік у лычы вярэдзіў рану і жывёліна хутка адвыкала ад дрэннай звычкі.

Дзед зашмаргнуў верхнюю сківіцу пятлёю, перакінуў вяроўку праз жэрдку, і Вечаславу, павісшы усім целам на вяроўчыне, не складана было ўтрымаць двухсоткілаграмовую свінню, якая пранізліва вішчала і, адступаючы назада, яшчэ мацней зацягвала на лычы зашмаргу. Ён сачыў за дзедавымі рухамі. І вось на нейкі момант уявілася: дзедава рука каўзанулася, пальцы трапілі ў рот, і раз’юшаная болем жывёла грызанула руку. Так проста прымроілася. Але ў наступную хвіліну ўсё паўтарылася наяве. Дзед высмыкнуў з пашчы акрываўленыя пальцы, і зыркнуў на яго злым позіркам: “Чаго ўталопіўся?! — закрычаў, вінавацячы яго ў здарэнні, — вочы дрэнныя ў цябе”. Ён і сам спужаўся таго, што адбылося: сурочыў?
 Па жыцці яго крыўдзілі часта, але ён выпрацаваў у сабе не злаблівасць. Ні на кога не трымаў зла. Думка, распаленая пачуццямі, можа нарабіць многа дрэннага. Не аднойчы прыкмячаў, як толькі падпусціць пад сэрца на каго-небудзь крыўду, — з тым чалавека абавязкова здараецца нешта нядобрае.

У медыцынскім яго празвалі “Мухабоем”. Праўда, звалі так нядоўга. Таму была свая прычына.

Першы раз гэта здарылася знянацку. Нават уявіць не мог, што і такое магчыма. Сядзеў, абклаўшыся канспектамі і падручнікамі ў інтэрнацкім пакоі, рыхтаваўся да заўтрашніх іспытаў па фармакалогіі. Зубрыў класіфікацыю лекавых сродкаў і лекавых формаў. Усе гэтыя болюсы, парашкі, капсулы, таблеткі… Растворы і суспензіі, мазі і гелі — ніяк не ўцямяшваліся ў свядомасць. Антыбіотыкі, інвазійныя сродкі, сульфаніламіды… Што яшчэ? Ды ці мала што можа спытаць “Болюс” (Лікворнік Імануіл Якаўлевіч)? — выкладчык фармакалогіі. Напрыклад, чым мазь адрозніваецца ад геля? Або, на якой аснове і ў якой прапорцыі рыхтуюцца настоі?

 І муха… Увесь час назола-муха, згаладнелая пасля зімовай спячкі, з агідным зумканнем пікіравала над яго: сядала то на шыю, то лезла ў вуха, або раптоўна цопала ў коратка стрыжаныя валасы. І блыталася там, лапочучы крылцамі, непрыемна зудзела. Паспявала тагды-сягды і балюча куснуць. Гэта раздражняла да шаленства, да нейкай неўтаймоўнай злабы.
У каторыў раз, шпурнуўшы падручнікі на ложак, ганяўся з газетай за няўлоўным насякомым. Спрабаваў адціснуць муху да аконнага шкла, спадзяваўся: яна страціць арыентацыю,  — будзе бяздумна таўкціся ў святло.  Тады расцісну яе фіранкай. Але муха папалася з хітрыкамі. Да акна не ляцела. У час аблавы, сядала на столю і спакойненька так, задаволена пацірала лапкамі, рыхтуючыся на чарговай атакі. Быццам здзеквалася з яго. Сямірадаў зпэцкаўся пабелкай, ледзьве не разбіў лямпачку, а муху так і не прыбіў. Але толькі браўся за канспекты, толькі-толькі ўнікаў у напісанае, упарадкоўваючы свае веды па фармакалогіі, як яна зноў і зноў з зумканнем, або наадварот — бязгучна кідалася раптам на яго, як на ахвяру.

І быў момант (ён доўга даследаваў і вывучаў потым тое імгненне), быў момант, калі ён сцяўся, быццам пружына, сабраў сябе ў нейкі сканцэнтраваны імклівы імпульс, і затым імгненна выпліснуўся вонкі ўсёй істотай: вачамі, слыхам, пачуццём і думкай памкнуўся насустрач маленькай крылатай кропцы, якая ў чарговы раз закручвала над ім віраж. І здарылася неверагоднае! Муха, як падстрэленая нябачнай куляй, цопнула на падлогу, шалёна закруцілася на спіне, і замоўкла. Ён здзівіўся, прысеў і падчапіў пазногцямі за празрыстыя крылцы,  паднёс да святла. “Здохла! — і верыў, і не верыў Вечаслаў, — магчыма, збег абставін? Супадзенне?”. Паклаў мёртвую муху на разгорнуты канспект, задумаўся.

“Вось дык навіна: навошта мне яшчэ і гэта?” Тое, што думка матэрыяльная, ён ведаў з дзяцінства, не верыў, а менавіта ведаў. І матэрыяльная  не столькі ў тым, што набывае прадметнасць апасрэдавана, праз дзеянне, а ў непасрэным прамым сэнсе слова: сама сутнасць мыслі нясе вогненную матэрыю. Усё створанае чалавекам выклікана з нябыту праз думку. Тут няма нічога дзіўнага. Паміж задумай і здзяйсненнем ляжыць толькі час і справа. Гэта проста і зразумела. Але вось зразумець, што ў сваім пачатку думка нясе адчувальную матэрыю, якая можа забіць на ляту тую ж муху — крыху складаней. Ніколі не чакаў, што ў гэтым можна так відавочна пераканацца. Прамыя сведчанні знаходзіліся і раней. Ды тыя здарэнні можна было спісаць на выпадковасць, на ўмяшальніцтва нейкіх вышэйшых сіл, і тое, што здаралася, не было так спрычынена менавіта ім. Так, ён безумоўна з’яўляўся прычынай, але як бы ўскоснай. А тут, з гэтай мухай — фантастыка!
Ну вось хоць бы гісторыя паступлення ў медыцынскі інстытут, якая назаўсёды засталася толькі яго ўласнай тайнай. Нікому не насмеліўся расказваць, хаця тое здарэнне набыло розгалас.

Конкурс у медыцынскі тым годам быў неімаверным. Акрамя сярэдняга бала па атэстату, адзнакі выстаўлялі яшчэ і па субяседаванню. Ён здаў біялогію на выдатна, астатнія тры акзамены — на чацвёркі. На субяседаванні доктар медыцынскіх навук пастаўвіў яму рэдкую адзнаку — “выдатна”. Пэўна, ён спадабаўся вучонаму? На пытанне, чаму  паступае ў медыцынскі, Сямірадаў адказаў, што ў іхняй сям’і гэта нешта накшталт традыцыі.
— Вашы бацькі медыкі? — зацікавіўся прафесар.

— Не зусім так, — сумеўшыся адказаў ён, — мой прадзед лячыў людзей, хаця і не меў дыплома. Быў, як сёння гавораць, народным цаліцелем.
— Ну, і як? Дапамагаў людзям?
— Хто ж яго ведае. Але ехалі не толькі з навакольных вёсак… Лячыў травамі, загаворамі. І не толькі хваробы… — “Цікава-цікава, — заахвочваў прафесар, — вельмі цікава. Працягвайце!”: — Быў знахарам. Дык я запомніў, што ён заўсёды сцвярджаў, кожны чалавек сам сабе ўрач. Лечаць не толькі зеллем, але найбольш словам. Вера лечыць людзей.
— Мудрым быў ваш прадзед. Вядома, не традыцыйная медыцына: тысячагадовы вопыт… А ў вашым родзе хто-небудзь яшчэ займаўся знахарствам?
— Дзед крыху практыкаваў… Але не з такім поспехам. Усе лічаць, што мне перадалося. Таму і паступаю ў медыцынскі, каб не быць шарлатанам. Каб мець маральнае права.
— Выдатна, малады чалавек. Стаўлю “выдатна”. Вучыцеся. З вас атрымаецца ўрач. Першую пяцёрку стаўлю за сёння, — звярнуўся прафесар да калегі, і працягнуў руку для поціску студэнту: — Віншую! Вы залічаны. Заходзьце як-небудзь да мяне на кафедру, пагаворым пра не традыцыйную медыцыну, пра вашага прадзеда.

Ён выскачыў з аўдыторыі акрыленым. І сапраўды, на другі дзень знайшоў сваё прозвішча ў спісе будучых студэнтаў. Яго агульны бал дасягнуў 26,1 — хто набраў толькі дваццаць шэсць — не параходзіў. Пастаў прафесар яму чацвёрку па субяседаванню — нельга было б і марыць аб інстытуце. Нейкая адна дзесятая доля сярэдняга бала школьнага атэстата сыграла рашаючую роль.

Але ж якім роспачным было расчараванне, калі на другі дзень раніцай (ужо збіраў рэчы, каб сесці ў цягнік і павезці радасць дахата) зайшоў чыноўнік з дэканата: “Прабачце, калі ласка, — павінаваціўся ён, — атрымалася недарэчнасць. Згубілася копія вашага школьнага атэстата. Вашы адзнакі не могуць быць залічаны. Атрымліваецца, што вы не прайшлі па конкурсу. Забірайце дакументы. Прыязжайце на наступны год і абавязкова паступіце”.
— Як жа так? — толькі і змог выціснуць Вячаслаў.
Раптоўна ўпаў ў нейкі ступар і бязвольна асунуўся на ложак.
— Так атрымалася, прабачце… згубілася, — апраўдваўся чыноўнік, — не можам знайсці. Мы разумеем, што вашай віны няма. Але... Адным словам, у дзве гадзіны ў сакратырыяце забярыце дакументы.
Ён застаўся ў пакоі адзін. Пачуццё справядлівасці ўскіпела, выбухнула вулканам. Як можна так с чалавекам? Нешта тут не тое? Сам бачыў сваё прозвішча ў спісе. І за адну ноч раптам усё змянілася? У яго ў запасе адна дзесятая … Дык у чым справа?
Чорнае падазрэнне варухнулася ў сэрцы. Атэстат! Яго маглі згубіць не выпадкова. Яго хтосьці мог проста выкрасці…
Падыйшоў да акна.
Сонца ззяе на ўсю моц. Неба яснае, — ні хмурынкі.
Крыўда, роспач, гнеў і ўзрушанасць…
І ён шпурнуў у сінечу неба вогненны папрок: “Калі Ты ёсць, Госпадзе! Калі ёсць справядлівасць, то…” — далей ён баяўся прамовіць нават у думках, але дакладна ведаў, чаго хацеў у той момант. Толькі кары, справядлівай адпомсты.
І раптам, амаль ва ўнісон яго думкам, выбліснула маланка і грымнуў гром! За хвіліну да гэтага неба было чысцюткім. І вось з нейкага далёкага похмарка  імгненна высверкнуў электрычны разрад. Зігзагападобная малака слізганулася амаль перад яго тварам. Гром, здавалася, раскалоў зямлю. Заляскацеў рэхам па вуліцы. Задрыжалі рамы акна. У жаху адхіснуўся назад. Праз хвіліну з надворку даляцелі крыкі. Нехта залямантаваў і заплакаў… Яшчэ праз хвіліну каля пад’езда кучкаваліся людзі.
Ён збег па лесвіцы. Тое, што адкрылася вачам, было жудасным. На прыступках ляжала маладая дзяўчына: тварам дагары, вочы шарока рысплюшчаны; правы бок твару сінелы, валасы асмаленыя; каля скроні цёмна-чарнільная пляма. У нязграбна закінутай руццэ разгорнутая папка з паперамі.
— Абітурыентака, — сказаў нехта.
— Выклікайце хтукую! На вахце ёсць тэлефон, можна пазваніць…
— Божа мой, Божа, што ж гэта нарабілася!? Я ж толькі што размаўляла з ёю… Цёця Ядзя, гаворыць, павіншуйце мяне, я паступіла. Мяне прынялі… Божа мой, Божа… — прычытала, прыгаворваючы, вахцёр інтэрната.
Сонца сляпіла вочы. Ні кроплі дажджу не ўпала на зямлю. І было неверагодным, адкуль узялася маланка?
У дэканаце, яго агарошылі новай навіной: няўзнак адшукаўся яго атэстат. Першага верасня ён можа прыязджаць на заняткі.  Але ранейшай радасці ад паступлення не было.
Пра гэты выпадак напісалі амаль усе мясцовыя газеты. Але ніхто, акрамя яго, не ведаў сапраўднай прычыны здарэння. Атэстат адшукаўся як раз у той самай папцы з паперамі…
Забітая думкай муха зараз ляжала ў разгорнутым канспекце і была больш неверагодным здарэннем, чым гром сярод яснага неба.
Ён доўга валяўся ў ложку. Вучэнне болей не лезла ў галаву. Глядзеў у столю і думаў.
Цяпер другая назойлівая муха не давала спакою. Але Сямірадаў не наважваўся паўтарыць эксперымент. Нешта стрымлівала. Слабое спадзяванне на выпадковасць, на звычайнае супадзенне яшэ варушылася ў душы. Насмеліўся толькі пад вечар.
І зноў атрымался… Другое насякомае забітае “думкай”, ці чымсці іншым, лягло побач з першым у капспект па фармакалогіі.
Экзамен здаў на выдатна. Але новую сваю здольнасць нікому не адкрыў. Толькі праз год, ужо на трэцім курсе аднойчы не ўцярпеў. Так склалася: захацелася пахваліца. Потым доўга злаваў на сябе, што не стрымаўся, бо адразу ж і прыляпілася гэтая абразлівая мянушка: “Мухабой”.
Неяк вечарам у іхні пакой набілася чалавек восем аднакурснікаў. Цяжка ўспомніць, з чаго пачалося. Спачатку гулялі ў карты, затым хтосьці паказаў фокус. Потым нехта прапанаваў падняць табурэтку адной рукой за супрацьлегную ад спінкі ножку.
Зрабіць гэта аказалася не проста. З усёй гурмы з задачай справіліся толькі  тры, самых дужых. Астатнія рабілі безпаспяховыя спробы. Затым па чарзе станавіліся на галаву. І пашло і паехала… Хто на што здатны. Хто мудрэй і спрытней. А вось так… А гэта вы ўмееце?
Тут і пдтыкнула нешта: “Што вы ў дзяцінства гуляеце. Глядзіце, што ўмею я. Увага! Сачыце за маімі вачыма, і вось за гэтай мухай!”
Усе сціхлі. А ён засяродзіўся, ускінуў вочы і паўтарыў свой даўнішні эксперымент. Студэнты пераглянуліся, паціснулі плячыма. Нехта пастукаў пальцам па скроні.
— Хмг! — чмыхнуў “Сцяпан-Шварцнегер”, самы дужы з курса, — сама здохла! Прыйшоў яе час і адкінула лапкі, — усе дружна заржалі: — Паўтарыць зможаш? Для чысціні эксперыманта, каб пераканўча было.
“Калі ласка!” — і праз хвіліну другая муха жвірчэла і круцілася на падлозе ў прадсмяротных сутаргах.
— Мухабой! — ляпнуў нехта.
 І ўсе дружна выбухнулі рогатам, на нішто звялі яго высілкі: “Ад сёння будзеш у нас інтэрнацкім мухабоем. Калі спатрэбішся паклічам”.
З таго часу і прыляпілася гэтае мянчо. Праўда, часцей так яго звалі за вочы. Але іншы раз спрабавалі і адкрыта здзеквацца з такой арыгінальнай здольнасці. Аднойчы стараста курса Растаевіч паклікаў на кухню. Пар дзесяць вачэй уставіліся на яго, калі зайшоў следам: “Ёсць справа, — сказаў стараста, акінуўшы прысутных, — падзарабіць хочаш?”
— Канешне. А што трэба рабіць? — наіўна спытаўся Вячаслаў.
— Вось, задалбалі гэтыя мухі. Ты ж у нас прафесійны мухабой, што табе стоіць? Пакідаў вачыма і — адны трупы… Будзем плаціць па тры капейкі за муху. Глядзі, колькі грошай лятае? Рокфелерам станеш!
Усе прыснулі смехам. Растаевіч быў завадзілам, а ў студэнцкім асяродзі няма нічога горшага, як стаць аб’ектам агульных кпінаў.
Вячаслаў вытрымаў паўзу, і неяк вінавата усміхнуўся: “Добра, — сказаў ён, і дадаў, — але ты не баішся застацца без грошай?”
— Мы яшчэ паглядзім, як ты справішся з работай.
Усе з цікавасцю сочаць за маючым адбыцца паядынкам.
І раптам спакойным голасам, гледзячы проста ў вочы, Вячаслаў пытаецца: “Слухай, Растаевіч, уласна гаворачы, — і буравіць таго чорнымі вачыма, — а чым ты сам адрозніваешся ад мухі?”
Хтосьці ў кутку хіхікнуў на такі паварот, але стараста так зіркнуў на яго, што той ледзь не папярхнуўся ўласным смехам.
Павісла гнятлівая цішыня.
“Нічым чалавек не адрозніваецца” — адказаў Сямірадаў сам на сваё пытанне, развярнуўся і моўчкі пайшоў да сябе ў пакой.
  З таго часу ніхто болей не асмельваўся здзеквацца са здольнасці Вячаслава Сямірадава, або называць у вочы абразлівай мянушкай.


Рецензии
Ничем человек от мухи не отличается, разве что силой мысли :)

Михаил Козлов   26.09.2010 20:36     Заявить о нарушении
Наверное, это так. Мы ничего не знаем.

Анатоль Кудласевич   27.09.2010 00:11   Заявить о нарушении
У человека есть одно единственное отличие от животных, а именно: наличие святынь.

Анатоль Кудласевич   27.09.2010 00:12   Заявить о нарушении