Майски жук

Майскі жук
Сон адляцеў, нібы спужаная птушка, і прытомнасць залямантавала думкамі. Кандыш расплюшчыў вочы, з цяжкасцю павярнуў галаву да акна. Чырвоны кавалак неба падзейнічаў прыгнятальна: нагадаў прапанову хірурга — ампутаваць ногі на дзесяць сантыметраў ніжэй калена. Той запэўніваў: «Цяпер робяць добрыя пратэзы! Вывучышся хадзіць. Спачатку, вядома, на мыліцах, потым з кульбай, а пасля і зусім на ўласных танцаваць будзеш. Ніхто і не заўважыць!». Кандыш адварочваўся да сцяны, а на твары ўрача памірала жаласлівая ўсмешка. Ён хлусіў і сам не верыў у свае словы.
— Не хачу, — нарэшце прастагнаў Кандыш.
— Ды зразумей ты, — нерваваўся хірург, — калі запаленне пярэйдзе на каленны сустаў, ты не зможаш хадзіць без мыліцаў… У цябе ж дыфузнае… Няма ніякай гарантыі. А пойдзе працэс далей, зачэпіць тазабедранны, што тады? Маўчыш? Тады й мыліцы не дапамогуць, будзеш ляжаць як чурбан. Ды не маўчы ты, — даеш згоду ці не?
— Я сказаў ужо, — вочы Кандыша бліснулі адчаем. — Вам бы толькі рэзаць, жывадзёры!
Здавалася, яшчэ імгненне — і пацякуць слёзы. Кандыш балюча скрывіўся і зноў адвярнуўся да сцяны. У такім стане рукі яго звычайна знаходзілі сабе занятак: пазногці старанна выдрапвалі ў тынкоўцы ямінку. Белыя пясчынкі трусіліся на падлогу.
— Што ты за чалавек, не разумею… Выпішу — і ўсё, досыць з мяне!
Хірург яшчэ з хвіліну пастаяў і выйшаў з палаты.
Як толькі зачыніліся дзверы, з вачэй хлынулі слёзы. Пякучыя і горкія, яны казытліва збягалі па шчаках. Кандыш не выціраў іх. Сумна пачынаўся ранак.  Але нашта ж трэба вырашаць, далей чакаць было не магчыма. Ячшэ сапраўды выпіша, думаў Кандыш, што тады рабіць?
Бравы Дядок-Швейк — такую мянушку далі яму ў палаце — яшчэ спаў. Яго рыпучы, з пералівістымі падхліпамі храп раздражняў. Стары нечага заўсёды валяўся ў ложку амаль да сняданку, потым насіўся, як ашалелы, з палаты ў палату. Кандыш не любіў яго за недарэчную гаварлівасць і мітусню. Хто не заяўляўся ў хірургічным аддзяленні, дзядок неўзабаве ведаў пра гэтага чалавека ўсё: чым хварэее, дзе працуе, што скончыў і лез быццам надакучлівая муха, са сваімі добразычлівымі парадамі. Кандышу ён адразу сказаў, што праз тыдзень забудзецца на сваю хваробу, але ўжо мінае месяц… У адрозненне ад Швейка Кандыш быў скупы на словы. Заўсёдная беганіна старога раздражняла. Можа, у гэтым сказвалася яшэ і зайздрасць хворага чалавека да здаровага, але Кандыш адносіўся да дзядка з недаверам, нібы той заўсёды хацеў яго зняважыць. Хлопец не аднойчы прасіўся, каб яго перавялі ў другую палату, ды просьбы так і засталіся не пачутымі. Вось і зараз, дзядок хроп нібыта ён быў адзін у цэлым Сусвеце. Кандыш прыпадняўся на локцях і заглянуў у акно. Ён  заўсёды глядзеў у акно, калі злаваўся на старога.
Ляніва прачыналася сонца. Яно нагадвала тамподны з аперацыйнай, якія у канцы змены выносіла дзяжурная сястра. Дзверы ў палаце былі са шклянымі шыбамі, і кожны раз калі сястра несла чырвоным абярэмкам сохлую вату, бінты, Кандышу здавалася, што яна нясе перад сабою чалавечае  мяса. Тампоны былі іншы раз ожно вохкія ад крыві.
Ноччу сніўся сон. Кандыш хадзіў на здаровых нагах. Моцныя і пругкія, яны неслі ягонае цела, нібыта пушынку, быццам разгарнуліся крылы за спінай. Якая моц і сіла! Ён — уладар зямлі і неба, ён — уладар свайго жыцця. Жыццё — гэта цуд, і ён бясконца шчаслівы.
Вось ён шпарка крочыць па зямлі, прымастаколіўшы да пляча гнуткія вуды. Ён ідзе — радуе кожны крок, ён ідзе — радасць пырскае цераз край, ён ідзе — і росная мяккая трава холодным шоўкам кладзецца пад пад кожны след. ЁН ІДЗЕ. Прадвеснікамі сонца ўзяліся пазалотай хмары на гарызонце, у лагчынах сцелецца туман. Прачынаюцца першыя птушкі, асцярожна азываюцца яшчэ соннымі галасамі. Ледзь кранаючыся бочымі ступнямі зямлі, лёгка і шпарка ён накіроўваецца да Чэрніцкага возера, дзе два гады назад лавіў шырэзных чырвоных карасёў. Возера невялікае і забалочанае. Па беразе кучаравіцца лаза і, каб дабрацца да вады, трэба чапляючыся за кусты, прераскокваць з купіны на купіну. Ён узбягае на пагорак — перад вачыма цёмная глыбіня возера. Сям-там маленькія рыбкі ці жучкі пускаюць бурбалкі, якія разыходзяцца зверху ціхімі кругамі. У прыбярэжным кусце нечакана брохнуў стары абамшэлы шчупак. Нецярпялівае жаданне і надзея на добры ўлоў прыемна казычуць у грудзях, гоняць наперад. Ён хоча зняць з пляча вуды, але пачынае ўзыходзіць сонца і ногі цяжэюць, робяцца непаслухмянымі…
Раптам ён заўважае на сваім колішнім месцы хірурга. Ногі аднімаюцца саўсім. Хірург раз-пораз вывуджвае з вады два вялікія карасі, хуценька хавае іх у торбу і толькі пасля гэтага бачыць, што за ім сочыць Кандыш.
— О! Валера, — называе ён яго па імені, — хадзі сюды, чаго стаіш, баццам укапаны? Нічога не клюе, халера, — як заўсёды хлусіць ён, — раскідвай вуды, пасядзім, пра жыццё пабалакаем… Эх, лавіся рыбка вялікая і маленькая.
Хірург засямяўся. Смех падаўся Кандышу драпежным.
— Апошні крок, апошні крок! — закрычаў раптам урач, скокнуў да вады, абярнуўся раптам вялікім жоўтым шчупаком і бултыхнуўся ў возера: “Апошні крок!” — рагатнуў напаслед і пачаў маланкай насіцца па возеры, заглытваючы шурпатай пашчай лілеі.
“Дык вось куды падзяваліся ўсе лілеі?!” — толькі й паспеў здзівіцца Кандыш… … Ён зноў заплюшчыў вочы. Сон не ішоў. Зразумеўшы, што больш не засне, паспрабаваў варушыць пальцамі ног, але нічога не адчуў — нават болю. Стала маркотна і прыкра.
Праз адчыненую фортку заляцеў майскі жук і знянацку цопнуўся на коўдру. Стаіўся на нейкі час, а потым паволі заварушыў вусамі, нібы ікімі антэнамі прасканіраваў прастору. “Вось дзівак, — падумаў пра яго Кангдыш, — раніцай усе хрушчы спяць, а гэты лётае. Дзівак!”. Ён зачапіў пальцам яго вучы-шчотачкі, жук стрыгануў імі і насцярожыўся. Вочы ўталопіліся ў Кандышовы пазногці. “Бог ты мой, і не міргае, — здзівіўся Кандыш, — мусіць, і не плача ніколі… А чаго яму плакаць? У яго вунь кольуі…”. Налічыў ажно тры пары лапак, узяў і прыціснуў адну краем пазногця — жук збянтэжанга зашкрабаў астатнімі. “Бач ты, усё роўна шкада”.
Думкі зноў вярнуліся да няўсцешнай явы. Учора хірург папярэдзіў: альбо трэба класціся на аперацыю, альбо выпішуць з бальніцы. Думаць пра тое, што ён калека, было страшка, уявіць сябе бязногім — немагчыма. Усё ягонае жыццё было ў рухах: хадзіў у школу, бегаў на рыбалку, ездзіў на ровары па грыбы, потым, калі падрос, хадзіў на танцы, усюды пехатой, бегам, подскокам. Кандыш намагаўся, ды так і не змог успомніць, каб ён проста сядзеў ці ляжаў у ложку. Як жа гэта перакрэсліць, як адмовіцца ад усяго? Каму ён патрэбен, калі будзе прыкуты да ложка?
На памяць прыйшла Наташа — дзяўчына, з якой сябраваў паўгода назад, яшчэ да сваёй хваробы. Ён так і не зразумеў: кахаў яе ці не. Наташа яму падабалася. Было прыемна запрацаць яе на танец, праводзіць да хаты. Хлопцы зайздросцілі яму… А калі злёг на ногі і цэлы месяц праляжаў дома, яна ані разу не прыйцшла ў адведкі, мабыць, саромелася. Праз два месяцы два яна усё ж такі заявілася ў раённую бальніцу. Але Кандыш строга папрасіў, каб больш ніколі не прыходзіла, амаль прагнаў яе ад бальніцы. Наташа тады доўга стаяла каля акна і моўчкі плакала. Цяпер зрабілася шкада дзяўчыны. Можа, дарма пакрыўдзіў? Ад успамінаў патыхнула сумам.
Праз шыбу ў палату зазірнуў сонечны прамень, і пакой напоўніўся святлом. Крыху прасвятлелі і думкі. На карніз, лопаючы крыламі, селі галубы і пачалі дзяўбсці хлебныя крышыкі, якія ўчора насыпаў бравы Дзядуля-Швейк. “А можа, ён і не такі дрэнны, як здаецца мне?” — з удзячнасцю падумаў пра старога Кандыш.
Вуркаталі на карнізе галубы. Абуджалася бальніца, абуджаўся вялікі горад. Пачалі хадзіць аўтобусы і тралейбусы. Дзесьці, буркаючы рухавікамі, заводзіліся аўтамабілі. Асфальтвая вуліца выдавала сухія крокі людзей.
Забразгала пустым вядорм у канцы калідора прыбіральшчыа. “Значыць ужо шэсць гадзін, — падумаў Кандыш, — яна заўсёды прыходзіць у гэты час”.
— Сёмую палату… — пачуў ён нумар свайго пакоя і насцярожыўся.
— Спяць? — данесліся прыцішаныя словы: “Спяць!” — пачулася ў адказ.
— Дык вось, я кажу, сёмую палату будуць аперыраваць. — “Каго, старога?” — Ды не, маладога. Шкада хлопца…
— А чаго тут шкадаваць? Навучыцца хадзіць на пратэзах, жэніцца. Такія шчэ жэняцца…
“На якіх пратэзах? — Кандыш пабялеў ад нечакансці. — На якіх яшчэ пратэзах?!”.
Кроў затахкала ў скронях. Думкі, адна страшней за другую, пабеглі напераганкі. Кандыш паспрабаваў спаўзці з ложка, бухнуўся на падлогу і сцяў ад болю зубы, але не застагнаў. Праз хвіліну ён выкінуў перад сабой рукі, перакуліўся на бок і, падцягваючы цела, папоўз да акна. Схапіўся за батарэю, потым учапіўся рукой за падаконне, спрабуючы дацягнуцца да рамы — гэта атрымалася не адразу. Павіснуўшы адной рукой на ручцы, ён размахнуўся і стукнуў локцем у шыбу. Шкло са звонам пасыпалася на падлогу.
— Што такое, што такое? — падхапіўся Дзядуля-Швейк.
Разгледзеўшыся, ён скочыў да акна, учапіўся за хлопцавы плечы, ірвануў яго ўніз. Палата хістнулася ў вачах і Кандыш страціў прытомнасць, аб’ехаў на падлогу. Дзядуля-Швейк схіліўся да яго, разгублена паварушыў валасы на галаве і выбег у калідор…
“Цішыня… Чаго так ціха? Вядома, я памёр”. Ён варухнуў векамі — святло нязвыкла разанула вочы. “Не, жывы! Ногі не баляць!”. Памацаў пад коўдрай — ногі былі на месцы. Паварушыў пальцамі — яны адчуваліся і не балелі. Адкрыў вочы. Побач на табурэтцы драмала дзяжурная сястра. Кандыш прыпадняў галаву і адкінуў прасціну. Ніжэй калень былі два вялікія клубкі бінтоў.
— Адрэзалі, — прастагнаў і адразу адчуў тупы ныючы боль.
— Апрытомеў, апрытомеў, малайчына, — прачнулася сятра і замітусілася каля яго, — што ж ты, дурненькі, нарабіць хацеў? Нічога страшнага не здарылася, нічога страшнага. Абыйдзецца як-небудзь. Прывыкнецца. І не такія жывуць. Не хвалюйся — яшчэ й хадзіць навучышся, шчэ й танаваць будзеш…
Кандыш абвёў вокам пакой. У палаце ён быў адзін, ложак Джядулі-Швейка пуставаў.
— А дзед куды падзеўся?
— Перавялі, — паспяшыла адказаць санітарка, — перавялі ў другую палату яго. Урач загадаў.
Погляд спыніўся на тумбачцы. Там хтосьці паставіў букет кветак. Кандыш запытальна паглядзеў на санітарку.
— Во, дзяўчына прыбягала да цябе, — быццам раскрываючы нейкую таямніцу, адказала тая. — Кветкі прынесла…
Побач з трохлітровым слоікам, у якім стаялі кветкі, сядзеў майскі жук. “Мабыць, той самы, што ўчора заляцеў”, — падумаў Кандыш.
Жук, не міргаючы, глядзеў на Кандыша і варушыў сваімі вусамі-шчотачкамі, нібы антэнамі.


Рецензии