Пятро, грузи жыта!

      (апавяданне быль)

Флор’яновіч — прозвішча   майго дзеда па маці, — доўгі час для мяне  было загадкай. Упершыню даведаўся яго значэнне пасля паступлення у Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум: першы  корань  аказаўся лацінскім. Пазней, у Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага, мне стала вядома, што Flora — імя багіні кветак і вясны ў старажытнай міфалогіі,  нясе два асноўныя значэнні: сукупнасць відаў раслін якой-небудзь мясцовасці ці  геалагічнага перыяду і сукупнасць бактэрый, што насяляюць кішэчнік.
     Дзеда звалі Пятром.  У маім уяўленні апостал Пятро быў такім, як мой дзед: высокім, хударлявым і жылаватым, з голасам, падобным да грымотных раскатаў.  Гаварыў дзед павольна, быццам кожнае слова адбіваў цяжкім молатам на звонкай накавальні.  Нейкім дзіўным чынам сэнс прозвішча пераплёўся з яго гаротным лёсам. Пісалася прозвішча з абавязковым апострафам і цяпер, з разумення пражытых гадоў, я знаходжу ў ім ажно тры карані, ці значэнні трох слоў:  значэнне “флор” мы раскрылі вышэй; затым ідзе апостраф: па графічнаму напісанню і па сутнасці — тая ж  коска, але аддзяляе яна сінтаксічную адзінку вышэйшага сэнсу, не вядомага пакуль нам і не вытлумачальнага (гэта як кропка  над дзесяцічным “і”  ў беларускай мове, але кропка, якую ставяць пасля жыцця, бо належыць яна вышэйшай іерархіі); за апострафам стаіць займеннік “я” — прозвішча як бы замыкае сябе на яго носьбіту; і апошні слова-корань “новіч” паказвае на нейкае абнаўленне чалавечага “Я”… Так мне чытаецца схаваны сэнс прозвішча сёння, бо ўсё цяжарна сэнсам, і не ўсё роўна, якое імя носіць чалавек і якое прозвішча атрымаў у спадчыну.  Людзі ведалі гэта  са старажытнасці:
Даўно ўжо Авігея пра Навала
У Першай кнізе Царстваў прамаўляла:
Імя якое ў чалавека — такі ж і сам ён…
(А “Навал” па-іудзейску — дурань: яшчэ не будучы царом, Давід паслухаўся жонку  Навала Авігею і не забіў Навала, які за грошы хацеў выдаць яго цару Ізраіля Сеулу. Але, што даруюць людзі, таго можа не дараваць Бог — у  хуткім часе Навал  падавіўся куском мяса і сканаў).
Жонка дзеда Пятра, баба Мар’я, была нізенькага росту і тугаватай на вуха. Дзед Пятро часта падтруньваў над яе глухатой:
— От, ек шчо не трэба, дык ты чуеш, а ек трэба колі, то не докрычышса!
         Да таго ж баба Мар’я была яшчэ  сквапнаю. Бывала, налаўлю вудай у канаве карасікаў, а маці і пасылае мяне з наказам у  Вялікі Малешаў:
— Едзь, — кажа, — парадуй маіх бацькоў, рыбкі адвязі, няхай і старыя паспрабуюць свежанькай.
Да Вялікага Малешава сем кіламетраў.  Я кідаў яшчэ жывых карасікаў у двухлітровы сіненькі бітончык, наліваў да краёў калодзежнай вады, садзіўся на ровар  і, кіруючы адной рукой, а другой трымаючы ў руцэ бітончык, каб на хаду не выплісквалася вада, ехаў да дзеда з бабай. У такой яздзе мне бачыўся  асаблівы хлапечы шык.
Нібы з дарослым дзед разлічваўся са мною, даючы на цукеркі рубель, а то і траячку, — бабу гэта заўсёды злавала: “Нашто ты даў дзіцяці столькі грошэй? Хопіло б і копеёк”, на што дзед паважна адказвае: ”Гэто ж тожэ труд…”.  Ён  не столькі быў рады даччыной увазе і жывой рыбе, колькі  ўнуку. Гаварыў са мною як з роўным.  Яны з бабай былі баптыстамі і гаворка часта зводзілася на рэлігійную тэматыку, мала знаёмую для мяне і таму цікавую.
— Ну і як гэто ты гэтое рыбкі наловіў? — выказваў дзед шчырую зацікаўленасць, — “На вудку”, — адказваў. — І на шчо яна бярэцца? — “ На чэрвяка”. — А колі лепш ловіцца? — сыпаў ён пытаннямі і здавалася: яго цікавіць літаральна ўсё, звязанае з рыбалкай.
        — Ранком, у часоў чатыры, як шчэ сонца не ўзыйдзе, або вечором. После дожджыка добрэ клюе.
        — О-о! дэк гэто трэба  ў погодзе разбірацца, шчоб буць з рыбою.
        — Неяк радзіво погоду ўгадвае, — устравала ў размову баба  Мар’я, — мабуць оны з небом связь маюць?
         — Аякжэ!  Пусцяць іх на небо. Комуністы Бога адвяргаюць.  Онь, твой бацько тобе шчо-небудзь про Бога расказвае? — “Не-а”, — паціскаў я плячыма.
         — От! Я ж і кажу: у іх другія начальнікі… Але ж і анцярэсно Бог зробіў, — вяртаўся  дзед да рыбнай тэмы, — раней гэтых вудок не зналі, брэднем ловілі на Прыпяці, ці окідом. А то повыдумвалі… А ты хоць ведаеш, шчо Хрыстос тожэ ловіў рыбу, а первые апостолы, Пятро і Іоан, булі рыбакамі?…
          І дзед пускаўся ў пераказ евангельскіх паданняў. У школе пра Бога не расказвалі —  і я з цікавасцю ўбіраў сэнс адрачэння апостала Пятра перад трохразовым кукарэканнем пеўня, і нявер’я Фамы, і вялікай тайны Галгофы, і шмат якіх іншых павучальных гісторый. 
Магчыма, першае духоўнае насенне засеяў  у маю душу менавіта дзед Пятро. Нельга прасачыць: хто і калі папрацаваў на ніве нашай душы і каму мы абавязаны тымі ці іншымі здольнасцямі?
Успамінаецца: закладвалі падмурак нашай новай хаты…  Цэлы дзень я круціўся каля двух дзядоў, Мікалая і Пятра, размешваючы раствор ці падаючы цэглу, а назаўтра  злёг з тэмпературай. Пад вечар прачнуўся ад гучнага голасу дзеда Пятра, ён размерваў шырокімі крокамі пакоі дзеда Мікалая і  дэкламаваў верш:
                Ветер, ветер! Ты могуч,
                Ты гоняешь стаи туч,
Ты волнуешь сине море,
Всюду веешь на просторе,
Не боишься никого,
Кроме Бога одного…
На той момант я, бадай, не ведаў чый гэта верш: падумалася — нейкі псалом, якіх безліч ведаў дзед Пятро,  толькі праз многа гадоў успомнілася, што радкі былі пушкінскія, і здзівіўся сваёй забыўлівасці, бо, дзякуючы ўжо другому дзеду, Мікалаю, вучыўся чытаць менавіта па пушкінскіх казках.
Дзіўная ўласцівасць чалавечай памяці: што чуў і бачыў — забываць, і да драбніц помніць ніколі не перажытае. Вось і мне па шматлікіх расказах маці і іншых сваякоў помніцца тое, чаму я ніколі не быў сведкам…

1.
    З такой цвердалобай упартасцю асабіст сутыкнуўся ўпершыню. Усякіх наглядзеўся за службу, але вось гэтага высокага і чарнявага дзецюка, узгадаванага палескай глухаманню, хударлявага, з абветранным тварам і непрапарцыянальна доўгімі жылаватымі рукамі, з шырачэзнымі, як шуфлі, шурпатымі далонямі, ён зразумець не мог: уперыцца ў твар чорнымі вачыма — і зноў за сваё…
Ці сапраўды іхняя вера не дазваляе забіваць, нават пры неабходнасці абароны Айчыны  (тады такую веру трэба выкарчаваць з народнай свядомасці да апошняга карэньчыка), ці ўвесь гэты маскарад — прыхаваная боязь смерці? “Прыпру да сценкі, — думаў асабіст, — не адкруцяцца!”
Ішоў 1944 год. Капітана Разрываева, упаўнаважанага асобага аддзела, адправілі на Заходнюю Беларусь кантраляваць набор прызыўнікоў у Давыд-Гарадокскім ваенкамаце. У 41-ым іх мабілізаваць не паспелі:  пачатак вайны быў маланкавым; а  яшчэ многія штабісты спасылаліся на нейкае міжнароднае права, што забараняе прызываць у войска грамадзян,  якія пражылі  менш  пяці  гадоў у  новай дзяржаве.
         Спачатку ўсё ішло гладка: час ад часу грузавікі, набітыя прызыўнікамі,  вырульвалі на гасцінец і скіроўваліся ў бок Століна. Там з навабранцаў  фармавалася новая дывізія. І раптам — затрымка! Пайшлі адказнікі: адзін, другі, трэці… Паўвёскі Вялікае Малешава адмовілася прымаць прысягу. І цяпер той першы, які заявіў ваенкому: ”Не вазьму стрэльбу ў рукі!” — стаяў перад Разрываемым і, не хаваючы вачэй, адкрыта глядзеў у твар.
  — Почему отказываешься от присяги? — каторы раз сурова пытаўся асабіст.
— Вера не позволяе. — Голас палешука гучаў неяк бадзёра і пявуча, ён быццам непакоіўся, што яго могуць не пачуць.
— Отставить! Что за вера, что запрещает бить фашистов? Такая вера  опасна  советскому государству. На врагов работаешь?! Не сказал ли Христос: “Не мир я принес, но мечь!”
— Наш Хрыстос іначэй гаворыць: мір вам! 
    — Как это понять, ваш? Не один ли он?
          — Хрыстос-то адзін, ды веры розныя… Мы — веры евангельскай хрысціяне-баптысты, пяцідзесятнікі — прапаведуем Хрыста распятага. Абразоў і крэста не прызнаём.
          — Штунды, значит? Секта!
          — Людзі по-ўсякому называюць, бо ненавідзяць за імя Хрыстова. Але на нас  спраўджваеца Пісанне: “Гналі   Мяне, гнацімуць і вас…”
— Ты знаешь, что тебя ждет? — буравіў асабіст вачыма. — Измена родине… Дизертирство… Соответственно и приговор.
— Як посмотрэць, — разважліва адказаў паляшук, — што чалавеку лічыць радзімай? Наша дамоўка — абіцель Айца Нябеснага. “Того воко не бачыло і вухо не чуло, шчо  Господзь прыгатовіў любяшчым сваім…” – говорыць Пісанне.
         — Могу хоть сейчас отправить тебя на небеса. Хочешь?
       Разрываеў злосна засмяяўся. Ён упіваўся ўладай, яна давала ні з чым не параўнальную асалоду. Служба ў асобым адзеле, які франтавікі ахрысцілі СМЕРШам (Смерць шпіёнам), гэтай асаблівай дзяржавай у дзяржаве, са сваімі жорсткімі законамі і жудаснымі парадкамі — давала  перавагу над іншымі ваеннымі. І не толькі ваеннымі. Асабістаў ненавідзілі і баяліся адначасова. Колькі людзей ад генералаў да радавых прайшло праз яго рукі — не злічыць, колькі іх мужных, адважных, праўдзівых і безкарыслівых ламалася ўсяго праз два-тры допыты… Да чалавека ў капітана, акрамя ганебнага пачуцця пагарды, нічога не засталося.
      Ён лічыў сябе знаўцам  чалавечай псіхалогіі і даўно вырашыў: чалавек — гніль і смецце, страх — яго асноўнае пачуццё. Страх за сваю шкуру. Усе, хто прайшоў праз яго рукі, маглі быць героямі там, на перадавой, сярод сабе падобных, дзе іх узнагароджвалі медалямі і ордэнамі, прысвойвалі чарговыя званні, але тут, за мураванымі сценамі, ў сырых падзямеллях НКВД, яны былі ціхмянымі і бязвольнымі — звычайнымі ворагамі савецкай улады.  Нічога геройскага Разрываеў у іх не знаходзіў.  Яны дыхалі страхам, іх вочы глядзелі страхам, а голас таксама дрыжэў ад страху… Цяжка было паверыць, што “там” яны маглі ахвяраваць жыццём дзеля ідэі і выяўляць найлепшыя якасці. Чаму ж тады яны прызнаюцца ў неімаверна цяжкіх, але  па сутнасці, міфічных злачынствах? Гатовы ў ногі кінуцца і лізаць наваксаваныя хромавыя боты, абы не падпасці пад растрэльны артыкул.
— Один выстрел — и ты в обители! Помочь? — паказаў ён пальцам уверх. – Зачем ждать целую жизнь? 
      Паляшук маўчаў. Ён быццам саромеўся сваіх вялікіх далоняў і ў час размовы церабіў пальцы і хаваў  рукі  за спіною, ці  нязграбна сашчэпліваў  іх наперадзе.
          — Фамилия?  — строга перапытваў Разрываеў.
          — Вы ужэ   путаліса, — але ўкалоўшыся аб позірк злых вачэй, паспешна дадаваў: — Па-вулічнаму нас Пісаравымі завуць…
— По документам! Едры тебя в корень, а не по-уличному, — “Флор’яновіч”, — чулася ў адказ, — Имя? Отчество?! — дапытваўся ён: “Пятро. Пятро Васільевіч.” Разрываеў вытрымаў паўзу і сухім голасам выдыхнуў перагарам у твар:  “Так, апостал, слушай сюда! Счас  выведу тебя вот туда, во двор, и шлёпну, как собаку. Без суда и следствия! По законам военнаго времени: расстрел! Или подписываешь присягу, или трибунал и... рас-стрел!!” — апошняе слова ён выгаварыў з падвоенным націскам. — Воля  ваша, — спакойна і пявуча працягваў дзяцюк. — На ўсё воля Бога. Вы не мелі б такой уласці над жызню іншых людзей, калі б Бог не даў вам. Ёсць уласць ад Бога, а ёсць ад князя міра сего. Калі Богу ўгодна, коб я пастрадаў, то шчо тут зробіш…
— Что ты далдонишь, как дундук: богу! богу!! богу!!! — крычаў Разрываеў. — Няма ніякага  бога!
          “Ёсць!” — коратка адказваў паляшук.
          — Дзе ён, твой бог? Вочы разуй! Вайна. Чалавек горш звера. Куды нахрэн твой бог глядзеў? Зачмурылі вам, цёмным, галаву  а вы як тыя попкі: Богу, богу… Дзе ён, твой бог!
— Бог на небі. І ў сэрцы чалавека — Бог. Ён — усюды. Усё стварыў Бог, усіх людзей, і зямлю, і рэкі, жыўнасць  розную… Усё, што бачыць вока чалавека.
— Ты хочаш сказаць, што і Гітлера бог стварыў? — Паляшук маўчаў хвіліну, не болей.
       — Ну, пэўна ж, – загадкава ўсміхнуўся ён і Разрываеву падалося, што гэты дзікун проста здзекваецца з яго: — Ён жэ тожэ чоловек…
Асабіста перасмыкнула, рот перакрывіўся, сківіцы звяло сутаргай. ”Яго ж таксама маці нарадзіла, — дадаў паляшук, — як і ўсіх нас”.
          — Ах ты, сука! — грымнуў  капітан кулаком па стале: — Адставіць! Смірна!! – дрыжачыя пальцы пацягнуліся да гузікаў гімнасцёркі. — Маці… Я вам пакажу, ё. в. маць!  Развёў тут рэлігійную прапаганду. Дагаварыўся! Маці… Ваўчыца, а не маці. Распусціліся, едры вашу маць!.. Вобшам так, — асадзіў сябе асабіст, — падпісвай прысягу і кропка. Я нічога не чуў, ты нічога не гаварыў. Размова скончана.
 — Не. Не можна мне.
— Вось тут  ставіш подпіс і… — не верыў ён адказніку. – И мотай отсюда на все четыре стороны, иначе…
     — Я не буду падпісваць, — паляшук гаварыў упэўнена.
    — Будешь. Ящё как будешь!!
Левае вока Разрываева нервова заторгалася.    Яно торгалася заўсёды, калі нешта нечалавечае,  жорсткае забірала над ім уладу і ён траціў над сабою кантроль. Рука павольна пацягнулася да кабуры: “Бачыш наган? – прасіпеў  ён скрозь зубы, — маліся, гад! Маліся свайму богу!!”.
Чорныя вочы палешука глядзелі спакойна: не зразумелая капітану ўсмешка блукала ў куточках вуснаў. Разрываеў не жартаваў: на імгненне ўявілася нават, як ён разраджае абойму ў гэтага цвёрдалобага, стаўшага раптам такім ненавідным, сектанта: ”Малісь. Стрелять тебя буду!”. Паляшук паціснуў плячамі:
— На ўсё Божая воля. — Гаварыў спакойна, без цені хвалявання, усё тым жа пявучым голасам: — У Евангеллі напісана: “Не бойцеся тых, што забіваюць цела, бойцеся таго, хто прыходзіць, як таць ноччу, і можа забіць душу”. Бо як згубіць чалавек душу сваю, што можа аддаць узамен? Хоць увесь свет здабудзе, а душы сваёй нашкодзіць – якая карысць ад гэтага? Чым выкупіць сваю душу
— Сукін сын! Пра душу загаварыў! — Плечы асабіста скокнулі уверх, чырвоныя пагоны, як дзве старонкі разгорнутай кнігі, якую збіраюцца захлопнуць, ледзьве не крануліся вушэй, ён ерзануўся на месцы, нібы ўджалены, рвануўся з-за стала і, падляцеўшы да Флор’яновіча, з размаху садануў кірзачом у пах: “Вучыць уздумаў, слізняк! Мяне, капітана асобага аддзела,  вучыць?! Не такіх абламваў!”.
Пятро скурчыўся і заскрыгацеў зубамі ад  болю. Удар у твар адкінуў яго на спіну: “Прымай прысягу, гніда!” — нібы з прадоння даняслося да яго. — Не буду, не буду… — ледзь чутна шапталі вусны.
Удары сыпаліся адзін за адным: перад вачамі мільгала то рукаятка пісталета, то кулак са збітымі куксамі, то выбліскваў раптам насок наваксаванага бота: “Прымеш!” — хрыпеў жудасны голас: “Не-е…” — чуўся ў адказ прыглушаны стогн.
Чым больш упарціўся Пятро, тым большым зверам станавіўся асабіст. Ён наступіў каваным абцасам на перакрыўлены болем твар ахвяры і раз’юшана ціскануў… Нешта хруснула. Кроў пырснула з-пад падэшвы. Ад нервовай напругі затрасліся рукі і  Разрываеў адчуў слабасць ва ўсім целе: “Сука!” — сплюнуў на падлогу і, хістаючыся, паплёўся да стала. Знясілена бухнуўся на табурэтку. Размяў дрыжачымі пальцамі беламорыну  і прысмаліў ад нямецкай запальнічкі, якая дасталася яму пасля “справы марадзёраў”. Пакруціў у руках пісталет, падкінуў яго на далоні, быццам узважыў, і загнаў патрон у патроннік:”Вста-ать!!” — штосілы раўнуў капітан.
      Паляшук прыўзняў над падлогай акрываўлены твар, абапёрся на рукі і  стаў на калені.               
     — По законам военного времени, — звінеў металічны голас, — за измену Родине! За дзизертирство и трусость! Флоръянович Петр Васильевич приговаривается к расстрелу!!
       — Я не “дзізенцір”, — прастагнаў арыштант, — я сам прыйшоў. Я пайду служыць.  Не здраднік я. Хрысту я не здрадзіў. Служыць пайду, але стрэльбу ў рукі не вазьму. І прысягу падпісваць не буду.
       Гаварыць яму было цяжка: у горле нешта клекатала. Разрываеву падалося, што момант, калі падвопытны даў слабінку, настаў: “Галоўнае — пераламіць хрыбет, а затым страх даробіць сваю справу — як па маслу пойдзе…”.  І асабіст вырашыў змяніць тактыку.
— Бляха! Ты дурны, ці прыкідваешся? Ёлупень! — прымірэнча загаварыў ён, — зразумей,  мне  што,   прыемна цябе тут дубасіць? Закон такі. Але   ж ты па-добраму не хочаш. Ты зноў за сваё : як ты будзеш ваяваць без  вінтоўкі?
        Пятро ўстаў, прыхіліўся да сцяны і гэтак жа, як і ў пачатку допыту прагаварыў: “Нам вера не позволяе  браць зброю ў рукі. Напісана: не забі!”
Доўга маўчалі… Чулася сіплае дыханне, білася аб шкло і пранізліва гудзела муха, дзесьці на вуліцы рыкалі каровы. Разрываеў круціў у руках наган, час ад часу падкідваў яго ўверх і лоўка падхопліваў пяцярнёй. Паводзіны сектанта не паддаваліся тлумачэнню. Ён меркаваў, што той ужо здаўся, ён зламаў яго. Але зноў усё вярталася на пачатак?  Ніякай логікі!
Асабіст уперыўся ў знявечаны твар гэтага, як яму здавалася, цёмнага і затурканага рэлігійнымі догмамі чалавека, і не мог паверыць, што такі можа не баяцца смерці.
 — Добра. За тое мне дазваляе. Пайшлі…
Садзілася сонца. Яно было рэдкага малінавага колеру, падобнае да мальваў, што радочкам раслі каля адрыны, куды  паказала рука з наганам.
Спачатку яго паставілі тварам да сцяны. Доўга цэліліся ў патыліцу. Потым загадалі павярнуцца. Хвіліны дзве асабіст трымаў мушку на разбітай пераносіцы. Ад напругі слабла рука і павольна апускалася ўніз. Сціснуўшы зубы, Разрываеў падымаў яе і падводзіў мушку ў шчыліну прыцэла. Баптыст глядзеў кудысьці паверх яго галавы і бязгучна шаптаў малітву. Левае вока капітана  заторгалася.  Падалося на імгненне: спыніўся час. Неяк аціхла ўсё наваколле, нават птушкі перасталі спяваць, чакаючы ракавога стрэлу. І раптам ён злавіў сябе на адчуванні: гэты цёмны паляшук не звяртае на яго ўвагі! Зусім не зважае, быццам не капітан Разрываеў  стаіць зараз перад ім з пісталетам, быццам не ад руху яго ўказальнага пальца залежыць жыццё вось гэтага ўпартага дурня, што шукае нешта поглядам у вячэрніх аблоках?.. ”А, можа, мяне і сапраўды няма? — нечакана падумалася яму, — і ўсё толькі прымроілася: і  глухі палескі пасёлак, і гэты вечар, і адрына ў  малінавых мальвах, і ўвогуле ўсё маё жыццё, усяго толькі сніцца?…”
І тут яму зрабілася страшна. Не, гэта быў не страх — жудасць! Штосьці падобнае находзіла на яго  ў дзяцінстве, калі, вяртаючыся вечарамі з царкоўна-прыходскай школы, патрэбна было  прабегчы каля могілак: уяўлялася, што ззаду  гоняцца жахлівыя прывіды і страшэнныя пачвары, кшталту крывасмокаў, вампіраў ці якой-небудзь іншай нечысці. Тады ён верыў ва ўсялякія забабоны і страшылкі, цяпер  — не верыць нікому. Але чамусьці  маланкай  пеканула па спіне: ад патыліцы па пазванках ўніз прабегся непрыемны халадок. Патыхнула чымсьці нетутэйшым. Падалося: нехта Трэці стаяў за спіною. Капітан аглянуўся…

                2.
          Ужо калі малешаўцы вярталіся з фронту даведалася Мар’я, што Пятро разам з  іншымі веруючымі на фронт не трапіў. Адмовіліся прымаць прысягу. І нібыта ўсіх… растралялі! Ніхто не ведае нават дзе? Мар’я не верыла. Гасподзь паказаў бы ёй, калі б гэта было праўдай. Яна б адчула, калі  б  Пятра не было ўжо на гэтым свеце. Ды і Парасцы Анчыкавай была відзежа: стаіць Пятро на Балоні каля Прыпяці, а кругом яго вужы і гадаўё рознае, так і выкручваецца, так і пстрыкае ў твар атрутнымі джаламі. Угледзеў Пятро Параску і нібыта гаворыць, слоў яна не чуе, быццам бы нельга ўслых гаварыць яму, але ўсё разумее: ”Перадай Мар’і, каб дзяцей глядзела,  бо я ўжэ по колена ў крыві…”  —  сказаў  так — і праваліўся па пояс. І толькі тады ўбачыла Параска, што на тым балоце не вада зверху плюхаецца, а кроў чалавечая: “Значыць, жывы мой Пятро. Жывусенькі. Знак мне падаў”, — уздыхала Мар’я.
Доўга маліла яна Бога, каб паказаў:  дзе Пятро? Але Бог не слухаў…

                3.
  Ваенны трыбунал прыгаварыў адказнікоў, якіх набралася з аднаго Вялікага Малешава ажно 26-ць чалавек, да растрэлу. Пятро з палёгкай уздыхнуў: нарэшце скончацца допыты і здзек. Смерць не страшыла. Наадварот, была жаданай. У малітвах ён дзякаваў Усявышняга, што даў сілы і крэпасць: ён усё вытрымаў, што папусціў і адмераў Гасподзь. Яго білі,  прымушалі, каб ён нешта падпісаў і прысягнуў самому Сатане, што будзе забіваць людзей… Ён адмаўляўся. Тады яны пачыналі ўгаворваць і пераконваць — Пятро заставаўся цвёрдым. Зноў  білі,  зневажалі і плявалі ў твар, называлі тупым баптыстам, не давалі есці і спаць — усё цярпліва пераносіў. І маліўся Богу, каб даваў сілы. Іншы раз  ужо з цяжкасцю разумеў: чаго ад яго патрабуюць? Былі моманты блізкія да вар’яцтва. Аднойчы энкэвэдзіст падрабязна растлумачыў, што ўсё вельмі проста: вось тут ён паставіць подпіс і яго пусцяць дахаты.
      — Не можа быць? Сур’ёзна, пусціце дамоў? — не паверыў Пятро.
      — Да. Только подпись поставь — и свободен как птица.
      — А чаго ж я раней не падпісваў?
— Кто тебя знает? Упёрся, как баран. Ты пойми, нам это для отчёта нужно. Таков порядок. А  ты выдрался, как  Пилип с конопель,  и всё хочешь перекрутить на свой манер. Нельзя так,  не в лесу  же живём.
 — Гэта ж мне падалося, што я некага павінен забіць. Быццам вы прымушаеце мяне, а я не згаджаюся. Таму і трымаюць тут.
        — Дурак ты. Никого убиваць не нужно. Войне конец скоро. Всего-то делов — подпись поставить.
       Пятро адчуваў: штосьці тут не так. Не можа быць, каб з-за нейкага звычайнага подпісу на дакуменце, ён столькі нацярпеўся. Калі ж перад ім  лёг тэкст ваеннай прысягі — ён успоміў, што ад яго патрабуюць.
        — Не. Не! Не!! — нібы апёкшыся аб агонь, замахаў ён рукамі.
      Яны хочуць, каб ён забіваў людзей. Каб прадаў Хрыста, нібы Юда, і стаў забойцам,  прысягнуў, што згодны на гэта. Пагадзіцца — тое ж самае, што зрабіць. Яны тлумачылі: немцы ворагі, іх трэба знішчыць — а Пятро  адказваў: “Немцы мне нічога  кепскага не зрабілі. Забіваць чалавека грэх…”. І ўвогуле, ён нічога не разумее ў гэтых войнах. Не ён іх пачынаў…      
       “Да 39-га булі полякі. Казалі, трэба перабіць усіх бальшавікоў. У  39-тым прыйшлі советы і побілі полякоў: хто ўцёк, а кого поўбівалі коло стражніцы. Затым прыйшлі немцы, пострэлялі комуністоў і жыдоў коло Городка побілі. Зараз вы кажаце, трэба ўбіваць немцоў. Оны, моўляў, ворагі. А я скажу, немцы ў Малешові нікого не чапалі. Булі парцізаны, тые ноччу ўскочаць у крайнюю хату і ўсе поотбіраюць, пограбяць — і ў лес. Нічого не покінуць. Стрэльбу наставіць  —  і гірой.  А немцы — не. Оны культурные булі. Немцы куплялі, або выменьвалі на шчо-небудзь. Немцы  молітвенны дом разрэшылі одкрыць. А советы цэрквы по дзерэўнях попалілі, да крэсты повудзіралі. Мірно трэба жыць. Хрыстос пострадаў за ўсіх. І не дзеліць Оцец небесны  людзей на добрых і злых. Над усімі дождж ідзе і сонцэ свеціць. Навошчо людзям гэна война? Кому вона трэба?..”.
     Пасля аб’яўлення прысуда трыбунала Пятро быццам цяжар з душы  скінуў,  гарачымі малітвамі  дзякаваў Госпада: хутка скончацца і яго пакуты. Ён вытрымаў усё, як Хрыстос… Не, Хрысту было цяжэй… Але цяпер і ён смела паглядзіць у вочы Айцу  Нябеснаму. Гасподзь не пакінуў яго ў цяжкую хвіліну. Хутка забярэ да Сябе. Адпачне і, нарэшце — выспіцца… “Дзяцей толькі шкада, пяцёра  ўсіх: меньшанькай чатыры годзікі, а старэйшаму чатырнаццаць — памочнік ужэ… Як Мар’я будзе адна ўпраўляцца? Ці не галадуюць яны там?… Гасподзь паклапоціцца, — думаў Пятро, — дый людзі не пакінуць. Праз  людзей сваю работу Бог робіць, людзьмі творацца Яго справы…”
Некалькі тыдняў сядзеў ён у адзіночнай камеры і рыхтаваўся да смерці, да доўгачаканай сустрэчы з Тым, дзеля каго жыў. Есці не хацелася. На душы было лёгка і радасна.  Хадзіў туды-сюды па камеры  і гучна спяваў псалмы. Няхай ведае ахова: ён не баіцца смерці. Ён прагне таго моманту, калі душа высвабадзіцца з палону нямоглай плоці і ўзляціць Духам у бяздонную вышыню.
         І раптам прадчуванне вечнасці азмрочылася: растрэл замянілі дваццацю пяццю гадамі лагерных работ. Ажно ў Архангельскую вобласць завязлі  яго, у горад Молатаў.
               
                4.
У пачатку сорак шостага паштальёнка прынесла пісьмо. Уся сям’я  абступіла старэйшага Колю, калі ён асцярожна надарваў канверт і дастаў невялікую засаленую паперку: ”Шлець посылкі штомесяц, бо я негож” — прачытаў ён і, абвёўшы усіх здзіўленным позіркам, пакруціў паперку ў руках: “Ну, чаго маўчыш? — устрывожылася Мар’я, — чытай далей”.
— Усё. Тут больш няма нічога. Во толькі падпісано: “Ваш бацько Петро”.
— Як усё. Нічого больш нема?               
— Ну во, гледзі сама: “Шлець посылкі штомесяц, бо я негож”. А тут ніжэй — “Ваш бацько Петро”. І ўсё…

                5.
 Лагернікі галадалі. У ежу ішло ўсё, што варушылася, поўзала, бегала ці лятала, некаторыя лавілі  пацукоў, жаб і мышэй — усё гэта затым прагна пажыралася. Пятро не мог перасіліць сябе, каб наталяцца нячыстай жыўнасцю. Але яму і ў галаву не магла прыйсці думка напісаць пісьмо дахаты, тым больш папрасіць харчоў. Па-першае, перапіска забаранялася, хоць некаторыя і знаходзілі магчымасць паслаць вестачку на волю, а па-другое, часта думалася, што сям’я дома і так галадае: уся гаспадарка раней трымалася толькі на ім. Уяўлялася, як толькі яго забралі — усё адразу ж прыйшло ў заняпад. Кароткую цыдулку ад імя Пятра напісаў Сцяпан Каржакевіч з суседняй вёскі. Пятро сапраўды схуднеў і ад слабасці ледзьве не хістаўся ад ветру, вось і вырашыў Каржакевіч, калі Пятро не дажыве, то хоць іншым перападзе што-кольвеч з пасылкі, але ніяк не думалася яму, што ягонае пісьмо ўратуе земляка ад немінучай смерці.

                6.
“Жывы!  Чула маё сэрца, што жывы Пятро,” — думала Мар’я, вяртаючыся ад паштальёнкі. Здавалася неверагодным, што яна можа паслаць пасылку і ён атрымае яе ў далёкай Архангельскай вобласці. Паштальёнка  расказала, што трэба зрабіць драўляную скрынку, нават памеры на паперцы перапісала.  Мар’я  ішла да Пятровага брата Міхалкі, трымаючы ў шурпатай далоні акуратна складзеную цыдулку.  Міхалка доўга ўглядаўся ў паперку, а потым спытаўся: ”А з якіх дошчак рабіць?” —  яна  толькі плячыма паціснула: адкуль ёй, цёмнай жанчыне, ведаць?
— З трыццаткі, ці мо з сорокоўкі? То ж яе, тую посылку, пэўно кідаць будуць у поездох. То ж не блізкі свет — Архангельска вобласць. Ты во шчо, Мар’я, ідзі до поштаркі і распутайса. А я покуль матэр’ялу нагледжу.      
Зноў шпарка пакрочыла яна да  паштальёнкі, а Міхалка тым часам залез на вышкі і нагледзеў добрую дошку, акурат саракоўку: упёрся нагамі ў драбіну, выцягнуў яе з-пад сена і скінуў далоў. Мар’я ўжо чакала ўнізе: “Швыдкая ты,” — адобрыў ён швагрыху, злазячы з драбіны.
—   Вона сказала, шчо трэба робіць з фанеры.
— А дзе ж я тое хфанеры возьму?
— У яе така скрынка е.  Кажэ, коб ты пойшоў дэй погледзеў. Як  гэто?.. Во! Кажэ, ек не стандарт, то вона не прыме посылку.
Міхалка незадаволена буркнуў пад нос і сам пацягнуўся да паштальёнкі, яна жыла праз чатыры хаты. З паўдарогі ён вярнуўся, зайшоў у свае сенцы, пашарыў рукою на паліцы і запіхнуў у кішэню пацёртай куфайкі складны метр. Паштальёнка дастала з-пад стала фанерную скрынку  і  выставіла, як на продаж, на чысты абрус.
— Вось такая. Гэто стандарт.  
Міхалка  пакруціў скрынку ў руках, дастаў з кішэні метр, абмераў бакі, пастукаў костачкай пальца ў бакавіцы і прычмокнуў языком: “Хфанера.” — Але, фанерны.
— А шчо, обізацельно з хфанеры робіць?
—  Ну я не знаю, — збянтэжылася паштальёнка, — гэто стандарт.
— А дзе ж я  хфанеры возьму? — задумаўся Міхалка і  потым, успомніўшы,  што ад немцаў засталіся нейкія папкі з дакументамі, спытаўся: —— А картон пойдзе? — Не. Картон размокне, — упэўнена адказала паштальёнка, —  роб’яць посылкі і з матэр’ялу, бандзіроль называецца. Але воны ненадзёжные — усё стоўчэцца. Гэто ж ажно ў Архангельскую вобласць.  Вось гэто стандарт. Така і трэба.
— А колі з гонты зробіць? Гонта ж тонкая, акурат як хфанера.               
Паштальёнка маўчала. Яна ўвогуле не ведала, ці прымуць у раённым вузле сувязі самаробную скрынку: з вёскі ніхто нікуды не пасылаў пасылак, гэта першая… Адразу пасля вайны яна шмат атрымлівала пасылак з фронта, але  атрымаць прасцей, чым адправіць.   
— Ну робець з гонты. Але коб размеры булі одзін к одному, а то могуць вернуць з Городка.
— Шчо й таке бувае?
— А няўжэж! – з выглядам знаўцы адказала паштальёнка. — І рэечкі обізацельно, тут па баках, — паказала яна, — шчоб можно було рукамі дзержацца.               
— То ты дай мне для образца гэну. — Паштальёнка не адважвалася. — Ну мне ж трэба погледзець, як вона зроблена.
 — Ну возьмець, — нарэшце здалася яна, — але зразу ж вернеце. Бо гэто стандарт.
 Паўдня Міхалка майстраваў скрынку: абгабляваў кожную гонтачку –  атрымалася як фабрычная. Вечарам аднёс гатовую да швагрыхі.  І цэлую ноч не магла Мар’я заснуць, усё думала: якога гасцінца адправіць Пятру. Раніцай схадзіла на другі канец вёскі і папрасіла ў Сымона Жлукты слоік мёду: “Вясною адраблю!” – запэўніла яго. Потым па некалькі разоў перакладвала ў скрынцы небагатыя харчы: шматок зжаўцелага сала, сушоны сыр, нізку сушоных баравікоў, торбачку чарніц і мяшэчак з сухарамі; як не ладавала — заставалася свабоднае места. І тут яна ўспомніла пра гарбузікі, вельмі любіў Пятро гарбузяные семкі, сядзе бывала ў нядзельку на прызбе і цэлы дзень, знай сабе, лушчыць і лушчыць: ”Як гэта ў мяне з галавы выскачыла? Якая радасць яму будзе…”
Юркнула ў кладоўку і вярнулася адтуль з палатнянай торбай гарбузікаў, развязала яе і, зачэрпваючы прыгаршчамі насыпала ў скрынку, утрамбоўваючы растапыранымі пальцамі. Потым адумалася і ў каторы ўжо раз вылажыла на стол змесціва пасылкі, перавярнуўшы скрынку ўверх дном, высыпала гарбузікі на стол.
— Дзеці! — клікнула яна, — ідзіце сюды! Усіх паклічце! — загадала Мар’я, убачыўшы дзве чарнявыя галавы, што высунуліся з-за фіранкі з  другой палавіны хаты.
Праз хвіліну ўсе пяцёра абкружылі маці: “Багата месца займае шалупінне, — растлумачыла яна, — будзем лушчыць. Пашлем бацьку, ён жа іх любіць”.
Рэштку вечара і цэлы наступны дзень сям’я Флор’яновічаў лушчыла гарбузікі, ажно пучкі на пальцах шчымелі ад болю. Раз-пораз Мар’я прыкрыквала то на аднаго, то на другога: “Куды ў рот цягнеш! У місу кідай. Гэта ж бацьку… Вы заўсёды маеце семкі, а ён, бедны, у той цюрме мо і макавай расінкі за дзень не возьме ў рот”. І сляза наварочвалася на вочы.
Паўвядра шалупіння высыпала яна на досвітку курам  і дзякавала Бога, што навёў яе на такую думку. Місу ачышчаных гарбузікаў  вывярнула на бляху, у якой сушыла грыбы, і падсмажыла на алеі. Яшчэ гарачыя гарбузікі засыпала ў пасылку, утрамбоўвала растапыранымі пальцамі,  шчыльна забіваючы шчыліны.  І ўсё з малітвай, у размовах з Усявышнім. Калі пасылка была ўладавана, клікнула старэйшага, каб ён забіў крышку.
7.
Вельмі здзівіўся Пятро, калі адправілі яго ў суседні барак за пасылкай. Падумалася: нешта пераблыталі, памыліліся… Калі ж адразу ўбачыў на скрынцы зваротны адрас  і пазнаў почырк старэйшага сына — сэрца радасна забілася. Тут жа ў паштовым бараку  загадалі адкрыць.   Заскрыгацелі цвікі, падчэпленыя штык-нажом ахоўніка.  Першае, што кінулася ў вочы, калі зняў крышку, былі гарбузікі… Ад забытага  водару ледзьве не страціў прытомнасць. Паджарыстыя, чырвонабокія, яны блішчэлі на сонцы тлушчам, быццам самі прасіліся ў рот. Нагнала поўны рот сліны, Пятро зглынуў яе і чамусьці пачырванеў тварам.
Ахоўнікі пераглянуліся, усміхнуліся і паціснулі плячыма: ”Гарэлкі няма?” — спытаўся адзін з іх. Паштар ухапіў аберуч скрынку, перавярнуў уверх дном і высыпаў усё на стол. Слоік з мёдам і шматок сала адклаў у бок:
— Астатняе можаш забіраць.
Пятро не ўстрымаўся, тут зачарпнуў жменю гарбузікаў, разявіў рот і ссыпаў  туды насенне. Ахоўнікі зарагаталі як жарабцы. А ён згроб у скрынку рэшткі хатніх скарбаў такім чынам, каб гарбузікі заставаліся зверху. Жменя за жменяй зачэрпваў  гарбузікі, ідучы да жылога барака, і прагна жаваў. Не хапала сліны, пяршыла ў горле — а ён ніяк не мог наталіць голад.
На другі дзень забалеў жывот. Суткі не вылазіў з прыбіральні. Паклалі ў шпіталь. Урачы западозрылі дызентэрыю. Лагернае начальства перапужалася не на жарты: “А раптам хвароба перакінецца на іншыя жылыя баракі,  ахопіць увесь  лагер?!”.
Ад Пятра вырашылі пазбавіцца. Нікому і ў галаву не магло прыйсці, што прычынай хваробы былі не кішэчныя палачкі, ці якія-небудзь іншыя хваробатворныя бактэрыі, а звычайныя дамашнія гарбузікі, што акрамя ўсяго іншага, з’яўляюцца яшчэ і добрым  слабіцельным.
 Уручылі спраўку аб вызваленні і адправілі дахаты. Буханку хлеба, якую далі ў дарогу, ён сашчыпаў і па кавалачках адправіў у рот яшчэ да таго, як апынуўся за агароджай.
“Дзіўны гэты свет, — думалася Пятру, едучы на таварняках, папутках ці дабіраючыся пешкі дахаты, — то абвінавачвалі, што я “дзізенцір нейкі”, то зараз, дзякуючы гэтай самай “дзізенціры”, мяне адпусцілі дамоў”. У двух гэтых словах, такіх падобных па гучанню і так непадобных па сэнсу, яму ўбачылася раптам вялікая Тайна Гасподняга Промысла.

*    *   *
    Маці расказвала, што помніць як бацька вярнуўся з лагера: “Быў худзюсенькі, скура ды косці. А на руках кожная жылка прасвечваецца…”.
 — Сядзіць ён на лаве, а людзі заходзяць у хату, постояць у порозі, поздороўкаюцца, хто головою покачае, а хто й заплачэ: “От, пусцілі померці на своёй лаві”.  І несуць з усяго сяла, хто яйкі, хто сало, хто гладыш смятаны… Потым пухнуць бацько почаў. Ніхто не верыў, шчо ён будзе жыць. А маці маёй, яна ж была хрышчана Святым Духом, сніцца сон, а ў сне і говорыцца: “Пятро, грузі жыто!” — неколькі разоў так сказалоса. І кажэ моя маці нам: “Не бойцеса, будзе жыці ваш бацько!”
— І поправіўса твой дзед. І нас усіх на ногі поставіў. Онь, яшчэ і подмурок зробіў под нашую хату. Во, бачыш, сынку, якія цудныя дзела робіць Гасподзь…А вы не верыце. І гэто ж усе чыста праўда, не вудуманэ — усе перажыто.


Рецензии