Памылка
Памылка
За акном прапіпіпкаў газік. Сцяпан прачнуўся, пашарыў соннай рукой па тумбачцы, знайшоў гадзіннік, глянуў на цыферблат: “Чатыры раніцы! Якога д’ябла, — засвярбела думка. — Прыпёрся! Гаварыў жа яму: у пяць!”.
Шчоўкнуў бранзалет. Ён сеў на край ложка, ляніва пацягнуўся і звесіў худыя касматы ногі. Пахмельны боль затахкаў у скронях. Страшэнна хацелася піць. У роце пересохла, сасмагла так, што не магчыма было пракаўтнуць сліну, язык — як наждачка. Намацаў уключальнік — успыхнула святло. На вуліцы зноў завурчэў сігнал.
— Што, ужо? — схамянулася яна.
Сцяпан пакасіўся на жонгку — тая падхапілася, ускочыла ў шлёпанцы і, накінуўшы халат, зашкрабала на кухню. Ён заўсёды здзіўляўся яе хуткаму пад’ёму: “Як па трывозе!” — жартаваў бывала. І сапраўды, быццам жонка ўсю ноч ляжыць з заплюшчанымі вачамі і чакае ранку, каб вось так усхапіцца з месца і адразу ўзяцца за працу. Крэкчучы, споўз з ложка, смачна мацюкнуўся і пачаў апранацца.
* * *
Учарашняя размова з брацельнікам не давала спакою. Прыйшоў да яго, як да роднага чалавека, меркаваў: пасядзяць за пляшкай, — і яму палягчэе. Але адвесці душу не атрымалася. На сэрцы стала яшчэ горш. Брацельнік браўся павучаць. Не, каб выслухаў, што грызе Сцяпана, памаўчаў бы спачувальна і досыць. А то слова не ўваб’еш:
— Во, глядзі, Сцяпан! — успаміналася яму, — я хоць і маладзей за цябе, як той кажа, не маю права вучыць, просты калгаснік, але ўсё ў мяне ёсць: хата, машына, лазню збудаваў, — загінаў брат пальцы, — карова, грошы. Наогул, як той кажа, усё чын-чынаром. А што ў цябе? Не трэба, не махай галавою, скажаш работа, павага… Ведаю, ведаю… каму на які хрэн патрэбна цяпер павага? Гаспадарку запусціў, гарбацішся на гэны чортаў калхоз, а што ён табе дае? Ну, што ты ад яго маеш? Во, дулю з маслам! Колькі табе, сто пяцьдзесят?.. І гэта грошы?! Ды прападзі пропадам такія грошы разам з тымі вашыўцамі. Павагу ў кішэню не пакладзеш. І гонарам заместа шыфера адрыну накрыеш. Вось, адкінеш сандалі, дык ніяк сука не ўспомніць. Думаеш, прэміі ім зарабляеш, то табе ужо й помнік паставяць? А гэтага ты ў іх не хочаш выкусіць, во, глядзі, што атрымаеш! Я помру, дык па мне хоць усе таўмачаўскія ****зі ўголас прыплакваць будуць, чуеш, Сцяпан: у голас! Бо пожыў, слава Богу! А ты нават жанку не можаш узяць у рукі — і д э й н ы! Яці тваю маць! Яна ў мяне пікнуць не магла б, сядзела б, як мыш пад венікам. Заціснуў бы, як тую гадаўку, адно сліна з рота пошла б…
— Хопіць! Надакучыла! І не чапай жонку, — абарваў брата Сцяпан, — гэта мая асабістая справа. Налівай лепш!
Яны дапівалі ўжо другую пляшку самагонкі і былі на добрым падпітку.
— Як не чапай? Глядзі ты яго, асабістая справа? — разліваў брат па шклянках мутнаватую вадкасць. — Не чапай. Бач ты? А мне што, думаеш добра, што з цябе сяло смяіцца? Пасмешышча ўстроілі. Знай, падджыгорваюць. А тое, што яна ўвесь род ганьбіць? Як гэта трываць? Я ж усё-такі брат табе, не чужы чалавек. “Капустнік” табе гэтага не скажа: я б з такой курвай ні дня не жыў бы… Ей, бо! Забіў бы сучку, вось так кулаком — і крышка! Бяры, шморгнулі яшчэ па адной.
Дзынкнулі шклянкі. І яны зноў выпілі, крактанулі. Брат п’янеў хутка, усё больш заводзіўся; сыты падбародак тросся студнем, на развітанне заключыў:
— Кідай яе, Сцяпан! Пакуль не позна — кідай. Не можаш дрынам — што застаецца? Ты мужчына прыкметны, знойдзеш яшчэ сабе. Вунь і адкуцыю маеш. Не можаш прыструніць — падавай на развод. А то, як той казаў, яна хутка ў хату пачне вадзіць. Зусім сорам страціла…
* * *
Ажаніўся Сцяпан яшчэ да арміі. Па маладой дураце. Прыпякло, — і столькі святла здалося, што ў акне. Хто яго ведае цяпер ці было тое каханне, ці толькі прымроілася.
Супраць жаніцьбы ўзбунтавалася ўся радня: бабулькі, цёткі, кумаўя… Адкуль толькі браліся? Нялецелі на Сцяпана, як восы на салодкі яблык, і давай бзыкаць. Быццам вахту наладзілі ў Сцяпанавай хаце: раніцай адна, днём другая, вечарам трэццяя, а ў нядзелю — у хаце плюнуць няма дзе: сёмая вада на кісялі і тая прыпляцецца з Задвор’я, каб апошнія зубы языком стачыць. Маўляў, куды ж гэта, хлопец яшчэ не выслужаны, пойдзе ў армію — дзеўка гуляць пачне. Ці не лепш пачакаць тры гады — не цэлы век. Калі ёсць гэтая самая любоў — нікуды не дзенецца. Мужчыны спачатку адмоўчваліся і Сцяпан думаў, што яны трымаюць яго бок, але калі заікнуўся бацьку, дык той перадаў дзедавы словы:
— На маёй далоні мох вырасце, як мы Сцяпана да войска жэнім! Не было такога ў нашым родзе і не будзе. Так і сказаў, Сцяпане! А ты сам думай.
Род у Сцяпана заможны: па бацькавай лініі Пінчукі, па матчынай Крукі — самыя паважаныя і ганаровыя людзі на вёсцы.
Аксана ж чакаць не абяцала: будуць, маўляў, находзіцца, дык пайду. Сказала: “Калі да арміі, то ты мой, а я твая. А пасля арміі — віламі па вадзе пісана… Невядома, як яно там выйдзе?.. Ты кажаш жджы, ну пражду цябе тры гады, а ты прыйдзеш і не глянеш у мой бок. Ці яшчэ горш: “За тры гады нікому не спатрэбілася, — скажаш, — і мне не гарыць”.
Напэўна, усё ж такі кахаў яе Сцяпан, бо наперакор радні зрабіў па-свойму… Іх распісалі. Адгулялі вяселле. А праз месяц пайшоў у войска. Аксана засталася жыць у яго бацькоў.
Цёплыя пяшчотныя лісты атрымліваў амаль кожны дзень. На жыццё маладая жонка не скардзілася, хаця Сцяпан адчуваў, што жыццейка яе не мёдам памазана. Час ішоў. Хоць і цягнуліся тры гады службы марудна, але калі здалёк зазелянелі кучаравыя ветлы Таўмачава, здалося яму, што і не адлучаўся нікуды, нібыта вяртаецца дадому з працяглай камандзіроўкі. Маладая жонка сустрэла з ранейшай любоўю, яна амаль не зменілася, хіба што пахарашэла, ды жаноцкай пругкасцю налілося цела.
Адпачыўшы тры тыдні, Сцяпан збіраўся ўжо ўладкоўвацца на працу. Да войска працаваў на ферме ўчотчыкам. Неяк бацька адазваў у бок. У адрозненне ад Сцяпана бацька быў чалавекам суровым, з характарам. Рост меў высокі а цела, быццам высечанае з граніту, грубае, з жылаватымі сялянскімі рукамі. Жыццё ведаў добра і валодаў здольнасцю прадбачыць з’явы на гадоў дзесяць наперад. Давялося яму і партызаніць, і на фронце паваяваць, не мінуў яго і сарак сёмы: у час калектывізацыі выказаў на калгасным сходзе некалькі вострых думак наконт уласнай і агульнай маёмасці — не забылі. Паслалі за розумам на Калыму. Гаварыў бацька павольна, думакі выказваў не адразу — намагаўся, каб субяседнік сам намацваў ход роздуму.
— Вось, Сцяпан, чаго цябе пазваў-то… Як гэта думаеш жыццё ладзіць?
— На ферму пайду ўчотчыкам. Я ж працаваў да арміі. — “Гэта дрэнна, — сказаў, як адрэзаў, бацька”. — Чаго дрэнна? Не разумаю вас.
Сцяпан ніколі не мог сказаць бацьку “ты”. Калі той вярнуўся з лагера, хадзіў ужо ў сёмы клас і для яго родны бацька застаўся напалавіну як бы і чужым чалавекам, і паважаў, і пабойваўся яго адначасова.
— Дрэнна гавару і ўсё тут, — цягнуў словы бацька. — Ну, пойдзеш на ферму, папрацуеш гады два-тры, а што далей?... Знімуць з работы, куды потым? У калхоз з вілкамі?
— Як гэта здымуць? — здзіўляўся Сцяпан.
— А так, здымуць і другога паставяць. Ты што ж век векаваць сабраўся у начальстве? У цябе колькі? Дзесяць класаў і калідор! — паспрабаваў жартаваць бацька. — Дык вось, слухай. На іх далёка не заедзеш. Другі свет пайшоў. Гэта да вайны можна было з дзесяццю класамі ў райкоме сядзець. Счас усе вучацца. Шчэ пару гадкоў і ўсіх паўграматных начальнічкаў павукідваюць к чортавай мацеры. А вучоным будзеш, мацімеш дыплом, робі сабе наздороўечко. Ты вось казаў, у партыю ўступіў у арміі — гэта добра.
— Што вы, баце, думаеце, як партыйны, то мяне ўжо і парторгам паставяць?
— Патроргам? А чаму б і не? Партыя ўсім кіруе… Вудзьвінуць. Вось учора падыходзіў, антэрасаваўся табою. Антэрасуюцца, знацца, на прыкмеце трымаюць. Кажа, ці не згадзіўся б ваш Сцяпан паехаць ад райкома на вучобу? Што ж, адказваю, папытаюся… Вучонаму, Сцёпа, трывалей. Навуку за плячыма не носяць, а пользу ад яе маюць вялікую.
— Ой, баце! Не ведаю… — разгубіўся Сцяпан. — Аксана не схоча. Гэта ж зноў на гады тры, калі не болей…
— Аксана жанчына. Тваё апошняе слова. Хто хаце хазяін? Як скажаш, так і будзе. Чакала тры гады, подожджэ яшчэ столькі. Не цаца.
Сцяпан угаворваў Аксану доўга, хоць і нехаця, але нарэшце пагадзілася.
Не правучыўся ён у Магілёве і двух гадоў, як здому пачалі прыходзіць трывожныя весткі. Спачатку гэта былі невыразныя намёкі, маўляў, “хтосьці казаў”, “дзесці бачылі” — а потым напісалі прама, што “Аксана пайшла па руках”.
* * *
Тры гады яна чакала мужа з арміі, усё здавалася, што вернецца Сцяпан і жыццё зробіцца суцэльным святам. Прыйшоў… А праз месяц зноў з’ехаў… Вось і затужыла па мужчынскай ласцы. Жанчыне трэба хоць кропля, але штодзённай увагі: ад суровага свёкра месяцамі нельга было пачуць добрага слова, а свякроў дык увогуле трапілася ўедлівай. Магла ўскіпець і накінуцца за любую дробязь. Цяжка Сцяпанавай маці было прымірыцца, што нявестка бязродная, з чужога сяла і што ўзяў яе Сцяпан без бацькоўскага блаславення і добрага пасагу. Адна ўцеха была ў Аксаны — гэта лісты ад Сцяпана. Але гаркоту свайго жыцця ў яго бацькоў таіла, не выказвала ў пісьмах і ніколі не скардзілася — не хацела каламуціць апошняй крынічкі, з якой чарпала радасць. І яшчэ існавала праблема: не было дзяцей. Да арміі вырашылі не заводзіць, а пасля войска чамусьці не атрымлівалася. Аксана аб’ездзіла ўсіх урачоў у акрузе, дабралася і да самых далёкіх знахароў (чамусьці лічылася, чым далей жыве знахар, тым лепш можа дапамагчы).
Сцяпан наведваўся рэдка: на вялікіся святы, ды на кароткі канікулы. Час паміж яго прыездамі цягнуўся самотна. Цяпер Аксану ўжо не радавалі і яго прыезды (адвыкла, напэўна?), сумесная блізкасць не акрыляла, як тое было раней.
Непрыкметна для сябе пачала заглядвацца на ветэрынарнага ўрача. Васіль хадзіў у школу разам са Сцяпанам, хоць і быў старэйшым на гады тры. Жыццерадасны ад прыроды, ён часта наладжваў даяркам імправізаваныя прадстаўленні. Дасціпныя жарты і смяшлівыя анекдоты сыпаліся, як гарох з мяха. Каля яго Аксана адчувала сябе лёгка і свабодна, успамінала, што і яна жанчына. У душы абуджаліся забытыя пачуцці. Васіль таксама не абыходзіў увагай — гэта абнадзейвала. Падміргне вясёлымі вачыма і спатыецца раптам: “Ну, як жыццё-быццё, маладзіца?”.
— Якое ў мяне жыццё, — адказвала яна тады, — ворагу не зычу такога, — і пільна ўглядалася ў Васілёвыя вочы.
Штосьці вабіла яе да гэты вачэй, нейкая неразгаданая таямніца прыцягвала і абяцала новае невядомае пакуль шчасце. Шчымлівая туга ахутвала душу, калі трэба было збірацца дамоў. І вось аднойчы, калі Аксана наўмысна затрымалася на ферме, каб яшчэ раз пабачыць яго — сутыкнулася з Васілём на пераходзе. Ён спачатку саступіў дарогу, адыйшоўшы ў бок, а потым нечакана абхапіў ззаду. Сціснуў у моцных абдымках. Сэрца Аксаны ёкнула, не стала супраціўляцца, не абурылася. Злавіла сябе на думцы, што ужо даўно чакала падобнай сустрэчы. Рука Васіля таропка расшпіліла гузікі сукенкі і каўзанулася па гарачых грудзях. “Ціха, ціха…, — шаптала Аксана, — не тут, яшчэ хто ўбачыць”.
…Па вёсцы папаўзла пагалоска. Дайшло і да Сцяпана. Ён, скончыўшы тры курсы, перавёўся на завочнае і ўладкаваўся на працу ў суседнюю вобласць. Праз месяц забраў жонку. Жыццё спачатку не ладзілася, за пяць гадоў яны сталі зусім чужымі. Неўзабаве нарадзілася доўгачаканае дзіця і з’явілася спадзяванне, што ўсё будзе, як людзей. Дачка падрастала, пасля васьмігодкі з’ехала ў горад. Памерла Сцяпанава маці, і яны мусілі вярнуцца на радзіму, каб дагледзець бацьку, які апошнім часам пачаў часта хварэць. Аксана ўладкавалася даяркай, а Сцяпану далі пасаду заатэхніка. Тры гады прыжылі ціха. Старое забылася. Але хутка вярнуўся дамоў і Васіль, (насіла дзесьці па свеце), і ўладкаваўся загадчыкам фермы, на якой Аксана даіла кароў.
Сцяпан не верыў плёткам, што разнослі бяззубыя бабулькі. Дзе ўжо яго Аксане хадзіць у каханках? Хутка сорак. Але ўчора вечарам, рыхтуючы да адпраўкі скаціну на мясакамбінат, натыкнуўся на іх…
* * *
Сцяпан накінуў паліто і прайшоў на кухню:
— Ты вось што, Аксана, мяне не чакай.
— Зноў на цэлы месяц з’язджаеш? Зноў мне адной з гаспадаркай упраўляцца, — накінулася жонка, — вунь, палена няма ў печ укінуць. Навошта такая работа, што чалавек ніколі ў хаце не стыкаецца. Кідаў бы, ды ішоў на ферму падвозчыкам. Хоць якая карысць была б.
“Быццам учора нічога і не здарылася?” — Сцяпану нават падалося, што жонка ўпотайкі радуецца яго ад’езду, хоць не трэба будзе адбрэхвацца за ўчарашняе.
— Ты мяне не зразумела. Назусім еду… Учора напісаў заяву, забраў працоўную — гэта апошні рэйс.
Яна збянтэжана глянула на яго, вінавата апусціла вочы: “Як?!” — толькі і вырвалася з разгубленых вуснаў.
Сцяпан моўчкі паглядзеў ёй у вочы, нібыта спытаўся: “А хіба ты не ведаеш?”. Ён штосьці хацеў сказаць, але ў хату ўваліўся шафёр:
— Ягорыч, ну колькі можна? — забубнеў з парога, — ужо дваццаць хвілін чакаю. Дамовіліся ж. Не паспеем.
— Ідзі, ідзі! — адмахнуўся Сцяпан, — пагаварыць не дадуць!
Шафёр патаптаўся на парозе і выйшаў.
— Ты гэта… калі чаго там па разводу… ці дачцэ… Я Івану адрас пакіну. Спытаешся потым, — Сцяпан, нібыта баючыся спазніцца, хуценька пачаў зашпільваць гузікі, — ну. Усё! Я пайшоў…
Аксана нерухома стаіць пасярод хаты, рукі, як вяроўкі, бязвольна абвіслі ўздоўж тулава. Яна не можа зразумець, паверыць не можа, што гэта праўда. Сцяпан замяўся на парозе, прыпадняў руку, быццам збіраўся яшчэ нешта сказаць, ды раптам крутануўся і моцна ляснуў дзвярыма. Клямка выскачыла з дзвярэй і бразнулася з таго боку на падлогу. Ён пачуў, як яна загаласіла ў хаце. Хацеў пакінуць дзверы прыадчыненымі: “Яна не зможа без чыёй-небудзь дапамогі выйсці з хаты!” — падумаў так і ўявіў, калі адчыніць дзверы, жонка можа кінуцца да яго, або пабяжыць следам за машынай. “Не, як атрымался — няхай так і застаецца”.
Пранізлівы вецер забіраўся пад паліто. У хаце галасіла і лямантавала жонка. Няўтульна і холадна было на вуліцы, шчымліва на сэрцы.
Цяжка разабрацца, думаў Сцяпан, калі памыліўся? Ці ў тым, што, не паслухаўся бацькоў і ажаніўся да арміі, ці таму, што пасля войска адразу паехаў вучыцца? Ці ўсё маё жыццё — суцэльная недарэчнасць і памылка? Хоць ужо і позна, але трэба паспрабаваць, хоць штосьці выправіць.
Ніколі не думаў Сцяпан, што будзе пакідаць родную вёску ноччу, баючыся людзей, нібы злодзей.
Не атрымлася жыццё — што ж зробіш? Можа, сам і вінаваты?
Зніклі ў цемры апошнія вясковыя дамы. Бегла насустрач дарога. Наперадзе чакала невядомасць. Сцяпан адвярнуўся да бакавога шкла, каб шафёр не бачыў яго вачэй.
Свидетельство о публикации №210100500042