Пастка
Респектабельны бізнесмен Чыбельмесаў — з “новых беларусаў”, якім жыццё раптам адкрыла галавакружныя магчымасці і якія, страціўшы сорам, сумленне і пачуццё меры, не пагрэбавалі ні адной — выйшаў на вуліцу і сцепануўся ад ранішняй прахалоды. Бардовы размашысты плашч ледзьве скрадваў азызлую, залішне раскормленую і прыгорбленую фігуру. Нічога не прадвяшчала выключнасці. Звычайны шэры ранак.
Шафёр разаграваў матор. Гаспадар уціснуўся ў кабіну шасцісотага “Мэрса”, разваліўся на пярэднім сядзенні, уключыў магнітолу і абыякава кінуў звыклае: “Пагналі!”. Тут, калі быць дакладным, і пачалося ўздзеянне чагосьці містычнага.
З дынамікаў вырваўся хрыпаваты басок дыктара: “Адзінае сапраўднае няшчасце ў гэтым свеце — смерць! Але да тых, хто памірае, яна не мае ніякага дачынення. Старажытны Эпікур гаварыў: “Калі прыйдзе смерць, не будзе мяне; дакуль буду я — смерці няма, — хрыпеў голас дыктара: — Смерць болей закранае тых, хто застаўся жыць, а нябожчыку ад яе — ні зырка, ні холадна. Пакутуюць родныя і блізкія, сябры і знаёмыя, бо смерць абкрадае менавіта іх. Самазабойствы становяцца бічом сучаснага грамадства. Іх колькасць узрастае. Удумайцеся ў гэтыя лічбы…”
Вядучы праграмы пералічваў працэнтныя адносіны, прыводзіў жахлівую статыстыку і з іранічнай (так падалося Чыбельмесаву) насалодай распавядаў: якім чынам накладаюць на сябе рукі беларускія самагубцы.
— Інструктаж праводзіць, — ухмыльнуўся шафёр.
— Што? — не зразумеў Чыбельмесаў.
— Кажу, інструктаж для самазабойцаў праводзіць… Усё адно як дае каштоўныя ўказанні: якім шляхам і якім чынам хутчэй памерці.
Чыбельмесаў паціснуў плячыма і нічога не сказаў. А пра сябе падумаў: апошнім часам радыё з тэлебачаннем сапраўды сталі дзіўнаватымі. Чудзілы-мудзілы галапузыя! Нядаўна ў праграме абвяшчаюць: з вайсковых складоў прапалі малагабарытныя ядзерныя зарады! Змесцяцца ў турысцкім пляцаку. Дык вядучы на макеце смертаноснай зброі падрабязна тлумачыць: як зарады прыводзяцца ў дзеянне… “Камусьці даецца інструкцыя па карыстанню… Так, на ўсялякі выпадак.” — падумаў тады Чыбельмесаў. Але навошта? Чаму СМІ зацыкліліся толькі на негатыве, што не навіна — пажар або навадненне, землятрус ці аварыя, захоп заложнікаў тэрарыстамі, выбух у метро… Быццам раней і самалёты не ляталі, і цягнікі пад адхон не сыходзілі. Вось хоць бы гэты шчабятун: навошта радыёслухачам ведаць, колькі самагубцаў павесілася, а колькі парэзала сабе вены? Хіба такая інфармацыі аблягчае жыццё?
— Толькі тлумяць галовы, — выціснуў Чыбельмесаў і глянуў у бок шафёра: — Адцягваюць увагу ад галоўнага. Дайшлі да ручкі. Жыццё такое, хоць захлыстку на шыю…
Тут і падкралася няўзнак думка: скончыць усё адным махам! Спачатку толькі нясмела праклюнулася (не адагнаў яе на гэты раз!), а затым падужэла, набралася моцы і, ператварыўшыся ў стойкі вобраз-уяўленне, абрасла дэталёвымі дробязямі і пачала раскручвацца ў распаленым, як кавальскі горан, розуме, забіраючы ў арбіту новую і новую рэчаіснасць, і неўзабаве цалкам завалодала яго свядомасцю: уварвалася смертаносным аэралітам з цёмнага космасу і захапіла ў палон прыцягальнай сілай. За паўгадзіны язды настолькі абвыкся з думкай пра самазабойства, што нават здзівіўся: як раней можна было жыць без яе?!
“Усё! Хопіць! — выдыхнуў Чыбельмесаў. — Сёння пастаўлю апошнюю кропку!” — толькі падумаў так пра сябе, але, верагодна, і думка мае свой гук, бо шафёр скасавурыў у яго бок вочы:
— Вы нешта сказалі?
— Не! — незадаволена буркнуў Чыбельмесаў. — За дарогай сачы! — “Клічнік пастаўлю. Уніз галавою!” — падумаў, і безпачуццёва ўсміхнуўся, холадна і абыякава, быццам мярцвяк.
Ён любіў дзёрзкія ўчынкі і манерна-прыгожыя жэсты. Выкінуцца з высотнага дома. Будзе арыгінальна, шакіруюча і нечакана…
Вырашыў, — і адразу адчуў ніколі не зведанную таямніча-салодкую і прывабную радасць… Радасць? Не, штосьці іншае… Хваравіта-бадзёранькую і п’янючую весялосць — так, пэўна, радуецца дурань на папялішчы сваёй хаты, якую ж сам і падпаліў; так у помслівай злараднасці шалеюць вар’яты, заходзячыся ў незразумелым вар’яванні.
Усяму можна знайсці тлумачэнне…
За апошні год жыццё абрушылася на Чыбельмесава лавінай: разладзіліся справы фірмы, з усіх бакоў абступілі сквапныя і нахабныя крэдыторы — і слухаць не хочуць пра адтэрміноўку; некалькі разоў уключалі лічыльнік; да іншага, больш удачлівага сыйшла жонка — і забрала з сабой адзінага сына (Чыбельмесаў так і не змог яго адсудзіць); засвісталі ў кішэнях скразнякі — збегла і каханка; раптоўна памерла маці; нудотна цягнуцца тры судовы працэсы: на адным ён выступае істцом, на другім — сведкам, а на трэцім — адказчыкам… “Божа, калі скончыцца гэтая навала?!” А жыццё, як паленне ў агонь, падкідае новыя праблемы. Што ні дзень — новы колопат! Вось і сёння — разбудзілі званком у чатыры раніцы: “Падаюць маскоўскія акцыі!” — а што ён можа зрабіць, калі і сам, як на вулкане жыве?
Думка пра самагубства прыходзіла і раней… Але ён выдзіраў яе са свядомасці ліпучую, як гарачы гудрон, бо яна ў Чыбельмесавым уяўленні зраслася з крайняй ступенню панічнага адчаю, з хліпкай бездапаможнасцю і ўвогуле, з самай нізкай, пагардлівай і трусліва-істэрычнай чалавечай слабасцю. А слабакамі Чыбельмесаў грэбаваў. Характар меў валявы, нават жорсткі ў прынцыповым выяўленні. З такімі лепш не сутыкацца. Здавацца і капітуляваць — не яго стыль. Змагацца да апошняга — гэта яму блізка і знаёма. Перамагаць ён прывык. І тое, што нейкі ні на што не варты хлюпік, ляпне абыякава пасля яго смерці: “Зламаўся мужык!” — і тым самым з лёгкасцю паставіць сябе вышэй яго, Чыбельмесава, адной фразай перакрэсліўшы шматгадовыя высілкі — адно гэтае меркаванне не дазваляла падпускаць думку пра самазабойства да сэрца. А вось сёння яна, ліхая, ўсяго на момант праскочыла і задала шалёны рытм, затрымцела душэўнай арытміяй. Ён сарваўся з тармазоў.
Раней была жывой маці і Чыбельмесаў, хоць і страціў адчуванне сыноўняга доўгу, не змог бы, вось так, па-здрадніцку, азмрочыць яе апошнія дні. Цяпер жаль не стрымлівае. Ніхто па ім не заплача… “А вось локці кусаць будуць!” Ад злосці… Ад таго, што нічым не змогуць адказаць. “Як вужы на патэльтні закруцяцца.!” — падумаў так і рагатнуў на ўвесь салон, холадна і злавесна. Шафёр мелькам кінуў у яго бок позірк і прамаўчаў.
Перуны лупяць у высокія дрэвы. Не скажаш, што Чыбельмесаў быў волатаўскага складу — так сабе, учэпісты корч, што моцна трымаецца за замлю і здольны супрацьстаяць віхурам. Але грунт пад нагамі раптам праваліўся, аказаўся звычайным балотам, якое паволі засмоктвала. Ён і сам цяпер не змог бы растлумачыць: як здарылася, што дайшоў да жыццёвага краху? Жыццё страціла сэнс. Нічога не радавала, нішто ўжо і не засмучала. Прэснасць, абыякавасць, пафігізм… Частыя паражэнні (ён да іх так і не прывык) зрабілі душу рассліннай, пустапарожняй і бясплоднай, непатрэбнай нават яму самому. У свае сорак чатыры ён, быццам падточанае шашалем дрэва, чакаў кволенькага ветрыку, каб усім цяжарам грымнуцца на зямлю. Ніяк не думаў, што гэты ветрык вырвецца з дынамікаў магнітолы прастужаным голасам дыктара... Не! Такое жыццё не для яго: “Сёння ж вечарам!” — цвёрда рашыў ён.
Цяпер думка, што раптоўнай смерцю насыпле солі на хвост сваім ворагам яго падагравала. Як не дзіўна, але рашэнне самагубства вярнула да спраў. Трэба было ўсё так абставіць, каб яго, Чыбельмесава, заключны акорд прагучаў для многіх лютаўскім громам.
Прыехаў у офіс. Падрыхтаваў пісьмы крэдыторам, дзёрзкія і бескампрамісныя. Склаў завяшчанне: усю маёмасць, рухомую і нерухомую, перапісаў на сына , але з такім разлікам, каб былая жонка не атрымала нават рванага рубля.
З’ездзіў да натарыуса і заверыў неабходныя дакументы. Вярнуўшыся ў офіс, выбраў з сейфа наяўную валюту, згороб у цалафанавы пакет каштоўнасці, пакінуўшы толькі экзэмпляр завяшчання. Узяўся было замкнуць сейф, а потым, раздумаўшы, бразнуў на стол не патрэбнымі цяпер ключамі.
Гадзін дзесяць кіпучай дзейнасці разгарачылі, але спакуснае рашэнне засталося нязменным. Цяпер ён зразумеў: лухта, што самазабойцы зводзяць рахункі з жыццём у стане афекту — большасць дзейнічае гэтак жа, як і ён: спакойна і прадумана з халодным разлікам. Самагубствы плануюцца як звычайныя справы. Прадухіліць іх амаль не магчыма, бо прызначаны час абавязкова надыходзіць.
Чыбельмесаў жымануў кнопку выкліку сакратаркі і, калі тая з’явілася на парозе, ласкава прагаварыў:
— Лапуня, скажыце шафёру, што ён свабодны. Машыну няхай пакіне на стаянцы. Заўтра за мной прыязджаць не трэба. І вось яшчэ, — на хвіліну задумаўся, дастаў з партманэ некалькі стодоларавых купюр. — Гэта вам за працу. У дадатак да разліку. Астатняе — у бухгалтэрыі. Вы добры сакратар — знойдзеце сабе работу, — паспрабаваў суцешыць сакратарку, заўважыўшы, што яе вочы сталі вільготнымі: — Ну, не трэба так... Не трэба. На сёння ўсё! – усміхнуўся. — Дарэчы, назаўтра — таксама.
Сакратарка камячыла ў руках храбусткія зялёныя купюры, не ведаючы, куды іх схаваць, разгублена блымала вачыма і, падзякаваўшы яшчэ раз, выйшла за дзверы.
Праз колькі часу чорны “Мэрс” завіскацеў тармазамі каля супермаркета. Чыбельмесаў збіраўся сёе-тое прыкупіць, каб зрабіць два-тры развітальныя візіты.
2.
“Жыццё здорава крутанула Аксану!” — так лічылі многія, толькі не яна.
Быў тэатральна-мастацкі інстытут. Бліскучая роля ў дыпломным спектаклі. Заўважылі і ацанілі. Затым — прапанова Дзяржаўнага Акадэмічнага тэатра, два гады працы ў прыватным пластычным тэатры “Руах”. Сёе-тое яна здзейсніла, але яшчэ болей засталося ў планах і перспектывах. І вось яна цяпер танцуе ў эратычным кафэ… Танцуе стрыптыз! Як здарылася такое? Аксану лічылі таленавітай актрысай, прадракалі славутасць. Ды і сама яна раней думала, што ўсё будзе так, як у іншых: Заслужаная, Народная… Усеагульнае прызнанне і вядомасць, добрыя ролі і добрыя грошы… А цяпер вось, — распранаецца на людзях. І называе гэта мастацтвам.
Усе планы раптам кульнуліся стрымгалоў з таго моманту, калі Аксана заняла першае месца ў конкурсе прыгажунь “Міс Белая Русь”. Здавалася б, калегі радавацца павінны: такім чынам праслаўляўся і мала вядомы тэатр “Руах”. Але рэакцыя калег аказалася нечаканай. Як толькі даведаліся, што Аксана будзе ўдзельнічаць у конкурсе — сутыкнулася з адгаворамі: “Не з нашым шчасцем!” — “Там усё куплена”… Хтосьці загадзя спачуваў, а хтосьці знаходзіў добры повад для жарту: “І навошта мець дакументальнае падцверджане прыгажосці?”. Але ж ніхто не быў супраць. Адшумела апладысментамі заключнае шоу, цэлую гадзіну яго транслявала тэлебачанне. Мора кветак, віншаванні, шматлікія інтэрв’ю, раздрукаваныя ледзь не ва ўсіх выданнях… І, самае галоўнае — чэк на 10 тысяч долараў! Вось тут калектыў тэатра і ўзарваўся абурэннем. Усе чамусьці палічылі сябе зняважанымі. Многім у яе паводзінах убачылася пыха. Аксану ўзяліся трэціраваць. Быццам згаварыліся ўсе, а жанчыны ўвогуле ўспрынялі перамогу як асабістую крыўду.
Усеагульную непрыязнь цяжка пераносіць. У творчым асяроддзі яна набывае даволі вычварныя формы. А ісці супраць калектыву рызыкоўна — вынікі працы дасягаюцца агульнымі намаганнямі, ёсць залежнасць ад іншых. Абавязкова падставяць. Адпомсцяць жорстка і нечакана: не паспееш і апомніцца. Мельпаменавы слугі пазбаўляюцца ад чалавека, як ад непатрэбнага баласту. Усё ўскладнілася яшчэ і тым, што дарэмна акцёры чакалі запросінаў у шыкоўны рэстаран. Сеё-той нават спрабаваў угадаць: “Чорны лімон” ці “Сёмае неба”? Аксана сапраўды намервалася “накрыць паляну”, так было заведзена. Але адразу пасля конкурсу смяртэльна стамілася, не чакала нават, што подзіум высмакча столькі сіл. Адкладвала вечарынку на потым. Калі ж пачаліся знявагі, кпіны і адкрыты здзек, — вырашыла: “Дудкі вам!”. Руахаўцы ўспрынялі заяву як каманду “фас!”. Па тэатру папаўзлі неверагодныя плёткі…
Аднойчы яе выклікаў дырэктар. Празмерна ласкава павітаўся, саладжавым голасам павіншаваў з перамогай і нагаварыў процьму кампліментаў, што для яго было не характэрным: абыходзіўся з артыстамі як з рабочым быдлам. Яна ажно зардзелася ад хвалявання, і раптам зразумела: адкуль такая пікантная шляхетнасць?
Дырэктар падыйшоў ушчыльную, дыхнуў перагарам у твар і прыціснуўся азызлым целам:
— Я і не заўважаў, што ты такая спакуслівая маладзічка! — валасатая рука з ружовымі пазногцямі лягла на грудзі і балюча зашчаміла іх.
— Ой! — толькі й паспела ўскрыкнуць Аксана і ўдарыла па касматай руццэ. — Вы што?
— А хіба нельга? — прагнусавіў дырэктар і другая рука прагавіта аблапіла ягадзіцу: — Заганарылася?
Яна была шакіравана. Ускочыла з месца. Чырвань кінулася ў твар.
— Ведаем… Ведаем як дастаюцца першыя месцы. — Позірк аліўкавых вачэй утаропіўся ў рарэз дэкальтэ.
— Як вы маглі такое падумаць?!
— А што тут думаць, кхе-кхе! — выбліснуў каронкамі залатых зубоў, — тут і кату ясна, кхе-кхе! Дзесяць тысяч на дарозе не валяюцца. Трэба даць, так сказаць, кхе-кхе, каб атрымаць такі кіндэр-сюрпрыз.
— Вы… вы…, — закалацілася абурэннем Аксана, — як вы можаце?! Ведаеца, хто вы пасля гэтага?
— Кім быў, тым і застаўся. Дырэктар тэатра “Руах”. І ты ў ім, дарэчы, працуеш. — Штосьці платаяднае выбліснула ў вачах: — І мне трэба даць! Зразумела?
“Даць? — узрушылася Аксана”.
— Так-так! Даць! Калі хочаш і далей працаваць…Кхе-кхе! За дурняў тут, панімаіш, нас усіх трымаеш. Мі-іс прыгажуня! — немаведама каго перацвяліў ён, — ведаем, усё ведаем… Кхе-кхе! Будзеш даваць мне заўсёды, калі я захачу. Па першай позве. Скажы пад каго падаслалася? Толькі пад старшыню, ці пад…
Ён не дагаварыў. З усяго размаху Аксана заехала далонню па твары: “Хамула! — гідліва скрывілася, — толькі пасмей яшчэ так гаварыць са мной!”.
Такога адпору дырэктар не чакаў. Вочы забегалі, як два спужаныя звяркі, усё цела раптам абмякла а рукі бязвольна абвіслі: “Ддоб-бра… Кхе-кхе-кхе! Так і зап-пішам, кхе-кхе-кхе, ддоб-бра… — забубніў разгублена пад нос, паціраючы далонню шчаку. І раптам, як укушаны, сарваўся на крык: — Сучка! Я цябе кармлю і ты, сучка! Руку ўздумала падымаць?!”
Аксане падалося, што яго доўгі нос выцягнуўся і загнуўся крукам. Другая гучная і замашная поўха зазвінела па правай шчацэ. Ён ухапіўся і за гэтую шчаку і цяпер, заціснуўшы далонямі твар, зрабіўся падобным на балотную Кікімару пасля меліарацыі: “Што ж гэта нарабілася?! Ай, Божанькі, што ж та ўчаўплося?!” — лямантаваў яго збянтэжаны выгляд.
— Воб-бшчам так. Кхе-кхе-кхе-кхе! Воб-б-бшчам, — пачаў ён заікацца, — ты тут больш не працуеш.
— Ну і цудоўна, — спакойна прамовіла Аксана.
З кабінета выйшла паваю: павольна, з горда ўзнятай галавой. Узялася аберучкі за ручку дзвярэй і грымнула так, што штукатурка пасыпалася са столі. Дырэктар ажно падскочыў на сваім месце, быццам да крэсла на імгненне падключылі напругу.
У той жа дзень Аксана атрымала разлік. І засталася без працы. Дзіўна, не гледзячы на тое, што яна цяпер Міс Белая Русь — ніяк не магла знайсці работу, яе нікуды не бралі. З інтэрнацкага пакоя перасялілася ў новую кватэру, якую ўмудрылася купіць за атрыманыя на конкурсе грошы і, як толькі правяла тэлефон, раздавала яго ўсім каго ведала. Спадзявалася: раптам нехта пазвоніць і прапануе работу.
Калі ўжо страціла ўсякую надзею, ледзь не ўпала ў дэпрэсію — раздаўся званок. Ён прадставіўся прэзідэнтам кампаніі “Плюс полюс”. Сустрэліся ў прэстыжным рэстаране.
— Я даўно заўважыў вас. Яшчэ да конкурсу. Глядзеў спектаклі з вашым удзелам. Прызнацца, прыглядаўся доўга. У вас — талент. Вельмі рэдкі: дзіўнае спалучэнне плоці, душы і духу. Існуе ўсё гэта ў рэдкай гармоніі. Вы нам падыходзіце. Плаціць будзем валютай. Многа будзем плаціць, — прэзідэнт назваў лічбу. Аксана разгубілася: “За год?” — перапытала. — “За месяц! — удакладніў ён. — Такія грошы плацяць толькі за добрую працу”.
— Я не зусім зразумела… Я не ведаю, што ад мяне канкрэтна патрабуецца? Калі вы разлічваеце, што там нешта такое…
Ён крануўся пляча і прыязна ўсміхнуўся: “Не бойцеся. Нічога такога. І зусім не тое, што вы падумалі. Кафэ дзённае. У нас з гэтым строга. Усё законна. Мы не збіраемся губляць ліцэнзію, якую выбілі з такой цяжкасцю, — голас гучаў пераканаўча і цвёрда. — Ніхто не будзе прыставаць. У нас іншыя планы. Калі б мы ставілі на мэце нешта падобнае — адкрылі б падпольны бардэль. Сёння ёсць і такія магчымасці. Бяспеку гарантую асабіста. Ад вас патрабуецца мастацтва. Высокае мастацтва стрыптызу. Няхай не засмучае вас такое вызначэнне. Ева хадзіла ў раю голай. Гэта лепшае адзенне жанчыны. Што б не апранула на сябе жанчына, ад “Кардэна” ці “Версачы” — мужчыну цікавіць тое, што хаваецца пад раскошным адзеннем. Бо кожная жанчына толькі падкрэслівае вопраткай прыродную пекнату. Вам і карты ў рукі. Чалавек створаны па вобразу і падабенству. Дык чаго саромецца? Да справы! Захад раскормлены парнаграфіяй! Відовішча для сэксуальна-заклапочаных. Мы створым сваю, беларускую школу стрыптызу. Яны разбураюць, а мы будзем ствараць. Уяўляеце, якія перспектывы адкрыюцца? Гэтую ніву ніхто не апрацоўвае. Час прыспешвае. Не зробім мы — зробяць іншыя. Ад вас жа чакаецца мастацтва высокага кшталту, можна сказаць, зорнага гатунку… Каб нават багі ў Эдэме пазайздросцілі. Разумеце? Гэта некалі было… “І сыходзілі Анёлы да дочак чалавечых, і любілі іх… і нараджаліся ад іхняга шлюбу волаты…” — гэта Біблія. Ведайце, што канчатковы вынік вашай працы, звышмэту — вам знаць не абавязкова. Ніколі не задавайце лішніх пытанняў. Працуйце і расціце. Работы не пачаты край. Па праўдзе сказаць, пакуль ўсё не раскруцілася — ніхто не можа сказаць пра вынікі, ніхто іх не ведае. Застаецца — верыць. А для вас галоўнае — праца, і яшчэ раз праца. У кіраўніцтве “Плюс Полюс” разумныя людзі, вельмі разумныя. Кампанія сваімі намаганнямі звяжа канцы і пачаткі. І тады здарыцца Нешта….
Пластычны тэатр надаў вам гарманічнасць рухаў, тэатральна-мастацкі забяспечыў прафесіяналізмам і тэорыяй, прырода надзяліла прыгажосцю. Што яшчэ? Усё пералічанае трэба спалучыць, пераплавіць творчым сімбіёзам, прабачце, не дакладна выказаўся, але вы зразумелі. Усё будзе залежыць ад вас. І аднойчы здарыцца цуд. Але яшчэ да гэтага як здарыцца Нешта Тайнае — Еўропа будзе поўзаць ля вашых ног. Прыйдзе слава і сродкі. Вы згодны?”.
Аксана пагадзілася. На другі ж дзень з’ездзіла ў апартаменты кампаніі і падпісала кантракт на сем гадоў. Абстаноўка “Плюс Полюса” ўразіла і насцярожыла: “Ці не завербавалі мяне ў якую-небудзь дэструктыўную секту?” — падумалася няўзнак. На сценах вісела мноства ікон, праваслаўных і каталіцкіх святых, рытуальных рэчаў: магічныя шары, рамкі, ступкі, афрыканскія маскі і лількі вуду, карціны рэлігійна-містычнай тэматыкі. Многія прадметы яна бачыла ўпершыню: круглы крыштальны шар сіняга колеру; нешта падобнае да царскага скіпетра і дзяржавы грувасцілася на стале прэзідэнта, побач гурбіліся статуэткі розных рэлігійных дзеячаў: Будда, Магамет, Маісей, Крышна… Аксана амаль не верыла ў Бога, але чамусьці асцерагалася трапіць у якую-небудзь таталітарную секту і падпасці пад чый-небудзь уплыў. А тут дамова на сем гадоў з лёгкасцю была падпісана ёю.
Яна нават не падазравала, што ад яе хацелі. Турбавала іншае: цяжка было прызвычаіцца распранацца на людзях. Яе кідала ў сорам, прабірала да дрыжыкаў. Перасільвала сябе і прывучала. Паступова звыклася з думкай, што стрыптыз — на самой справе мастацтва, асобае і мала кім даследаванае. Адчула раптам сябе першаадкрывальніцай невядомай нікому тайны.
3.
Сцямнела хутка. Чыбельмесаў паставіў “шасцісотку” на ахоўнае прыстасаванне. Хоць і падумалася, што робіць бессэнсоўную справу — мерцвякам “Мерседэсы” не патрэбны! “Шкада, не перапісаў машыну на сына, і цяпер яна дастанецца ў маёмасць якому-небудзь чыноўніку” — думаў так, адчыняючы шматлікія замкі сваёй кватэры.
На кухні заварыў кавы. Выйшаў на лоджыю. Расчыніў насцеж створкі акна. Вечар выдаўся цёплы. Паблізу ў невялічкім азярцы квакалі жабы. Пахла жасмінам.
Прысмаліў цыгарэту з залатой акантоўкай на фільтры, доўга круціў у руках, разглядаючы інкрустацыю шыкоўнай запальнічкі, што каштавала каля пяцідзесяці долараў, а потым нечакана зашпурнуў яе ў цемру расчыненага акна: “Нехта знойдзе…” — падумалася абыякава.
Кава ахалодала… Ён любіў піць каву маленькімі глыточкамі, апякаючыся, цэдзіць праз зубы, раз-пораз дзьмуць на вусны, каб адчуваць разпараны водар. Але якая цяпер розніца? Праз некалькі хівілін яго зусім не стане…
Цягнуў гаркавата-салодкі і халодны напой, сплёўваў пад ногі прыліплыя да губ неразмолатыя драбочкі. Углядаўся ў ноч і думаў: “Дап’ю каву… Дакуру цыгарэту…” — зірнуў уніз, уявіўшы, што праз некалькі хвілін акрываўленым кавалакам мяса ў паласе святла будзе ляжаць яго цела. Нехта наткнецца на труп, спужаўшыся, ускрыкне і пабяжыць выклікаць міліцыю. Але будзе позна: дзевяты паверх… Прыедуць чужыя людзі, абмераюць халоднае цела, пашчоўкаюць фатаапаратамі і ўсё скончыцца назаўсёды.
Шкадавання не было. Страху — таксама. Было адчуванне завершанасці і непатрэбнасці, марнасці ўсяго, што было, ёсць і будзе. А яшчэ: кволае пачуццё цікаўнасці: “Што ж там, за мяжой?…” І адчужанасць ад самога сябе. Нібыта ўжо і не ён стаіць на лоджыі, а хтосьці іншы назірае збоку, і ў той жа час, быццам сам сочыць за сваімі думкамі, якія самахоць сплываюць кудысьці.
Дапіў каву. Прывычным жэстам пстрычкі выстраліў недакуркам. Доўга раздумваў, трымаючы ў руццэ фарфоравы кубак гжэль, узважваючы яго, а потым запусціў у расчыненае акно — кубак глуха жохнуў, стукнуўшыся аб асфальт і разляцеўся дзесьці ў цемрыве на дробныя асколкі.
Ухапіўся за раму, з сілай падцягнуў грузнае цела і ўскарабкаўся на падваконне. Падалося: поўня заззяла ярчэй, нібы падміргнула яму. Успомнілася, як калісьці ў дзяцінстве даваў нырца з высокай кручы — адштурхнуцца нагамі і жбурнуцца ўніз… Так проста. Падняў галаву, глянуў у прорву чорнага, асыпанага зоркамі неба і раптам памяць выдала мелодыю забытай песні: “Ты на свете одна, одна. Ты одна, как в ночи луна. І к тебе среди звёзд дорога…”, — адкуль яна ўсплыла і чаго раптам?
Даўно гэта было. Жыццё назад… Былога не ўваскрасіць, не вярнуць радасці. І ён некалі кахаў… Жаль камяком запяршыў у горле. Яшчэ хвіліна — і расплачацца…
— Хопіць! — сказаў услых, перасільваючы сябе. — Пара канчаць. Клічнік! Уніз галавою!
Прысеў на падваконні, развёў у бакі рукі, каб праз імгненнен скласці іх лодачкай, ужо адштурхнуўся нагамі і…
Бух!!! Ударыўся рукамі аб драўляныя рамы ў самы апошні міг. Хістнуўся, ловячы раўнавагу. Утрымаўся, устаяў на падвоконні.
Дзынкнула шкло… Шыбіна выскачыла з рамы і плюхнулася ўніз.
“Голая жанчына!” — токам ударыла і паралізавала думка. У доме насупраць зусім голая жанчына! Ён выразна ўбачыў яе стройнае, кранутае загарам пругкае цела: раскошныя белыя грудзі з цёмнамі плямкамі смочкаў падрыгвалі ў такт рухаў. Каля расчыненага акна ў асветленай кватэры танцавала голая жанчына. Паводзіла па-цыганску плячым то ў адзін, то ў другі бок, страсна выгіналася: пышныя грудзі важка пагойдваліся, як студзень, вабілі спакуслівай маладосцю і здаровым задорам.
У Чыбельмесава спёрла дух. Да слыху данесліся прыцішаныя гукі рытмічнай музыкі. Ён зпоўз з падваконня, мімаволі прыгнуўся, каб не заўважылі і, разявіўшы ад здзіўлення рот, утаропіўся у танцорку. Убіраў вачыма кожны рух, быццам паядаў вачыма і… Рытмічна падрыгваў у такт рухаў. Яна кружылася ў танцы то плаўна, то раптам ліха адкідвалася на спіну, ледзь не кранаючыся падлогі плячыма, то падала на калені, выкідваючы нечакана рукі ўперад, поўзала на карачках, цягнучы адвіслыя грудзі па падлозе; выгіналася мосцікам, бессаромна выстаўляючы перад ім самае інтымнае, нібы адчувала на сабе прагавіты мужчынскі позірк, знарок падстаўляючы пад яго сваю трапяткую, палкую і такую спакуслівую жаноцкую таемнасць.
Усякіх жанчын нагледзеўся ён за жыццё, а тут… Штосьці пракаветнае, прыцягальнае і забароненае было ў такім падглядванні, нешта ад дзяцінства, ад старажытнага табу. Зрабіласмя млосна.
Ён дастаў цыгарэту. Доўга шукаў усхваляванымі рукамі запальнічку. Успомніў, што выкінуў яе. Дрыготкімі пальцамі скамечыў цыгарэту, расцярушваючы тытунь на падлогу. У роце перасмагла. Сэрца тахкала ў горле, гарачая хваля раз-пораз абдавала ўсё цела: “Чаго гэта яна вытанцоўвае сярод ночы?”. І ўпіваўся прагнымі вачыма ў голае цела. Музыка раптам скончылася. Чыбельмесаў стаіў дыханне: яна знікла ў глыбіні пакоя. Праз хвіліну зноў пачуліся меладычныя рытмы. З цяжка-стрымліваемай радасцю ён адзначыў: вяр-та-ец-ца!
Акно танцоркі было на сёмым паверсе: “Пятае з левага боку” — прыкмеціў для сябе.
І тут толькі, быццам праз сон, узгадалася, што выйшаў на лоджыю з цвёрдым намерам: скончыць жыццё самагубствам! Думка гэтая адляцела рыкашэтам, як самая недарэчная і бязглуздая: “Залезе ж такая дурата ў галаву! — здзівіўся ён самому сабе і сплюнуў пад ногі, — быццам насланнё якое?!”
* * *
Жанчына танцавала кожны вечар. Уключала музыку, гулліва распраналася ў танцы і пачынала таямнічы рытуал ліхаманкавых рухаў. А ён кожны вечар заварожана прыліпаў позіркам да незразумелага відовішча, якое распальвала новыя пачуцці, думкі і жаданні. Праз некалькі тыдняў і забыўся, што быў блізкі да самугубства. Як можна самахоць пайсці з жыцця, калі ў доме насупраць штовечар вытанцоўвае голая жанчына, жанчына з неспасціжнай тайнай?
Неўзаметку наладзіліся справы. Адкуль толькі бралася энергія? Адкрыў новую фірму, выйграў два судовыя працэсы, разлічыўся з крэдыторамі і вярнуў даўгі. За ўсё браўся з патроенай энергіяй. Можа абставіны ўвогуле склаліся б выключна, калі б праз некалькі месяцаў кіпучай дзейнасці не ўгрызлася ў галаву навязлівая думка: пазнаёміцца з танцоркай і… Завалодаць ёю! Менавіта гэтым рухавым і гнуткім целам, з цяжкімі і пругкімі грудзямі (ён ужо ўяўляў палкія абдымкі: прагна абхоплівае грудзі далонямі, уцягвае ў сябе жаночыя пахі, завалодвае круглымі таўставатымі бёдрамі, бессаромным жыватом і тым самым месцам, што пацвельвае цемнаватым трохкутнікам мужчынскую сутнасць). Мроілася, яна аддасца на падлозе ў танцы. Іншага цела ён цяпер і ўявіць не мог у сваіх юрлівых мроях. Жанчына снілася начамі, а ён нават не ведаў: як жа яе завуць?
4.
Кампанія пад назвай “Плюс Полюс” была звычайным прыкрыццём. За “Плюс Полюсам” хавалася нейкая мацярынская Арганізацыя, канчатковыя планы і мэты якой мала хто ведаў. У многіх краінах у розныя часы Арганізацыя прыкрывалася ўсялякімі назвамі, але не ў назве справа, — у сутнасці! Арганізацыя была адной з найстаражытных на зямлі, вытокі губляліся ў глыбі тысячагоддзяў. Кіраўніцтва кампаніі было дынастычным, да вяршыні дапускаліся самыя абраныя, дзесяткі разоў пераправераныя.
Дзіўнае супадзенне, але і пластычны тэатр “Руах” (назва перакладалася са старажытнаарамейскай мовы — “Дух”), дзе раней працавала Аксана, таксама быў створаны прадстаўнікамі таямнічай Арганізацыі. У адной Беларусі яна заснавала дзесятакі дабрачынных, гуманітарных і асветніцкіх цэнтраў. І так было заўсёды і па ўсяму свету. Не было такой сферы дзейнасці, куды б не пранікалі ўсюдыісныя цікаўныя шчупальцы Арганізацыі, што аблытала павуцінай планету: усюды былі вочы і вушы, верныя служкі, якія часта нават не здагадваліся якой мэце служаць — былі толькі сляпымі, амаль бяздумнымі выканаўцамі.
Злыя языкі плявузгалі, што ў цяперашнія часы Арганізацыя займаецца прывядзеннем да ўлады Антыхрыста. Прадстаўнікі Арганізацыі не хавалі, што іх бліжэйшай мэтай з’яўляецца разбурэнне дзяржаўных межаў, зліццё народаў у пластычны кангламерат пад адзіным кіраўніцтвам.
Апошнім часам Арганізацыя выявіла ўзмоцненыя інтарэсы ў вобласці генетыкі, кланіравання, перасадкі органаў, паранармальных з’яў і іншых феноменах. Гэтыя інтарэсы прасочваліся фінансаваннем навуковых праектаў і падтрымкай канкрэтных вучоных. Грошай на зацікаўленыя справы не шкадавалася, бо сродкаў было не мерана і не лічана. “Адкуль?” — спытацца можа толькі не дасведчаны, які ніколі не задумваўся над магчымасцямі “суднага працэнта”.
Большасць людзей не ведае, як звалі прадзедаў. Ім не цікава: што было да іх нараджэння? Гэта і выкарыстоўвалася Арганізацыяй у сваіх планах, якія мэтанакіравана здзяйсняліся са стагоддзя ў стагоддзе.
Аксана была далёкай ад пералічаных ідэй: яна танцавала і ёй плацілі. А для чаго? — яна не задумвалася. Ёсць людзі, якім для жыцця дастаткова толькі імені або прозвішча. Чыбельмесаў увогуле не падазраваў, што нешта падобнае можа існаваць у прынцыпе.
* * *
Масіўныя дубовыя дзверы, узмоцненныя ўзорным каваным арнаментам, папярэджвалі: незнаёмка жыве бязбедна! Ён націснуў кнопку званка. Цішыня… Яшчэ раз!
Рыпнулі дзверы, зашоргалі крокі: “Хто там?” — пачуўся пявучы грудны голас.
— Ваш сусед, — хваляваўся ён, як перад першым спатканнем.
Яна доўга разглядала яго ў дзвярное вочка і праз нейкі час усё ж такі прыадчыніла дзверы, але прытрымала на ланцужку: “Прабачце. Хто вы? Я нікога не выклікала?”.
— Я прынёс кветкі! — працягнуў ён вялікі букет руж, завернутых у храбусткую каляровую паперу, — гэта вам.
Імгненне вагалася, нарэшце ўсміхнулася і зняла з дзвярэй ланцужок — адчыніла. Аберучкі ўзяла букет.
— Дзякуй! Але я не ведаю, з якой нагоды? — глянула прыветліва.
— Проста так. Хібы нельга? Я жыву па суседству. Сумна аднаму. Вось і вырашыў заглянуць на аганёк. — У яе вачах мільганула здзіўленне і лёгкае расчараванне; Чыбельмесаў адразу ж паправіўся: — Не хвалюйцеся. Я не проста так. Па справе.
— Ну тады праходзьце, — прапусціла яго ўперад, — вы з “Плюс Полюса”?
— Не… Не зусім. Хаця маю нейкае дачыненне, — схлусіў ён.
Пад тонкім шаўковым халатам прасвечвалася спакуслівае, так знаёмае яму, маладое цела: тугія бухматыя грудзі, здавалася, зараз так і вываляцца з-пад матэрыі; паўнаватыя крутыя сцёгны панеслі стройную фігуру ў глыб кватэры, вабячы за сабою. Прыблізна ў гэты час яна пачынала танцаваць. Ён знарок падгадаў час, спадзеючыся чамусьці, што застане яе на парозе голай.
— Ну? — спыталася яна. Села на табурэтку і артыстычна закінула нагу на нагу: — Што вас прывяло да мяне?
Ён не ведаў з чаго пачаць: утаропіўся вачыма ў рэдкія залатыя шарсцінкі на голенях, што пазбеглі эпіляцыі, і маўчаў, быццам пракаўтнуў мыш.
— Разумееце, — хвалюючыся, загаварыў нарэшце, — я жыву побач. У суседнім доме. Мае вокны насупраць вашых, — голас дрыжаў, — у мяне дзевяты паверх, а ваш — сёмы…
Ён хацеў сказаць гэтым, што не аднойчы бачыў, як яна танцуе, думаючы: такое паведамленне адразу ж перавядзе адносіны ў інтымны план. Так яму ўяўлялася, але яна нічога не зразумела. Ці яшчэ горш — не хацела разумець.
— Ну і… — паўтарыла і застыла ў чаканні: — У чым ваша справа? Вы сказалі, што маеце дачыненне да “Плюс Полюса”?
Чыбельмесаў зусім разгубіўся: адкуль яму ведаць, што такое нейкі “Плюс Полюс”? Яму здавалася, усё будзе значна прасцей: “Не! — гучна ўскрыкнуў і тут жа паправіўся, — так-так! Канешне, маю. Але ў мяне свой інтарэс, так сказаць, асабісты”.
Яна абапёрлася рукамі на падлакотнікі крэсла, збіраючыся ўставаць.
— Сядзьце, сядзьце! — перапужаўся ён, — я зараз усё растлумачу. І не хвалюйцеся.
— Я бачу, гэта вы чамусьці хвалюецеся? — яе вусны скрывіліся пагардлівай усмешкай, — з чаго б гэта? Што вам трэба? Ці мне выклікаць міліцыю? — голас загучаў раздражненнем і непрыязнасцю.
— Не трэба! Будзьце чалавекам. Дайце сказаць, — выцер насоўкай раптам узмакрэлы лоб. — Разумееце?
— Вас цяжка разумець…
— Вы ўратавалі мяне! Аднойчы…, — збіваючыся, пачаў Чыбельмесаў. — Я быў на мяжы… Не хацелася жыць. Разумееце? Нешта найшло такое…
— І вырашылі такім чынам аддзячыць мне? — уставіла яна.
— Я не тое… Зусім не тое гавару, — цяжка падбіраў патрэбныя словы: — Я… як бы сказаць? Ведаеце, я… Я бачыў, як вы танцавалі.
— Ну і што? — паціснула яна плячыма, — што з гэтага? Не разумею. Дзесяткі людзей кожны дзень бачаць мяне голай у танцы. Але нікому не прыходзіць у галаву заяўляцца ў маю кватэру і нечага там…
— Я не магу так. Не магу болей! Я хачу вас! — раптам выпаліў і спужаўся свайго прызнання. — Толькі вас і нікога! Я не магу жыць без вас. Я кожны вечар… Я кахаю, хачу вас…. Вы ўжо мне пачалі сніцца…
Словы сказаліся самі сабою. Але нейкім фальшам патыхнула ад іх, бо сказаны яны былі не патрабаваннем сэрца, а для іншай, больш канкрэтнай і прыпасцеленай мэты. Яна, як жанчына, адчула гэтага нутром.
Нястрымны рогат балюча ўдарыў па самалюбству. Сорам выбухнуў гранатай: ён такі нязграбны, тоўсты і не прыгожы, па прычыне залішняй сутулавасці — амаль калека, — і асмеліўся на ўзаемнасць; а яна, лічы што, — багіня! Нарэшце танцорка задушыла смех і абыякава паведаміла: “Гэта мая работа. Я танцую. Стрыптыз. У дзённым эратычным кафэ. А дома рэпіцірую. — лаканічна чаканіліся фразы. — Не падабаецца, — не глядзіце. Размова скончана. Усё. Вы пралятаеце!
— Але… — Чыбельмесаў адчуў: яшчэ хвіліну — і яна выставіць яго за дзверы: — Але, як жа я? Пачакайце! — і як тапелец за саломінку ўхапіўся за зусім недарэчную думку. — Мы маглі б дамовіцца. У мяне шмат грошай. Колькі?! — зусім страчваючы розум, спахапіўся ён.
І намагаўся зазірнуць ёй у вочы, лісліва, як маленькае сабачанятка. Але яна маўчала. Гнятлівы цяжар прыгнуў яму галаву: з сутулаватага ператварыўшы амаль у гарбуна.
— Вось і вось! — палез за партманэ, выхапіў адтуль пачак долараў і падскочыў да яе: — Я хачу цябе! Скажы колькі? Я заплачу.
Навісла цішыня. З хвіліну яна маўчала.
— Во-он… — ціха і працягла прагаварыла: ніводзін мускул не дрыгнуў на твары. І раптам раўнула на ўсё горла, быццам стрэліла: — Вон!!! — і паказала ўладным жэстам на дзверы. — Каб духу твайго тут не было.
— Доб-бра, — папярхнуўся словам Чыбельмесаў і, не ведаючы што з ім робіцца, кінуўся да яе, яшчэ імгненне — бухнуўся б тут жа на калені, поўзаў бы каля яе ног, маліў бы аб літасці — але гідліва перасмыкнуўся, скрывіўся, быццам расціснуў у руцэ баўтун: “На! Сука! — шпурнуў у твар пук долараў, што трымаў у руках, — гэта табе за турботы. Рэшта не патрэбна…”
Долары разляцеліся веерам і кружыліся, быццам апалае лісьце, падалі на падлогу.
— Ты яшчэ пашкадуеш! Пашкадуеш! — кінуў ужо з парога і ляснуў дзвярыма.
5.
Злосць распірала. З таго часу, як Чыбельмесаў пачаў круціць вялікімі грашыма, з ім, ці дакладней з усімі знаёмымі і незнаёмымі жанчынамі, адбылася метамарфоза: ніводная не магла яму адмовіць. А тут… Падсвядома ён разумеў, што сам жа і вінаваты: не трэба было браць нахрапам. Патрэбна было абставіць усё неяк па-іншаму, больш цывілізавана і далікатна. Але такое разуменне яшчэ болей раздражняла.
У гэты вечар на лоджыю ён не вышаў. Стрымліваў гонар. Быццам бы тым, што ён не будзе ва ўсе вочы зырыць на Аксану, можна было адпомсціць ёй за абразу. Сноўдаўся прывідам з пакоя ў пакой і не знаходзіў месца. Спрабаваў глядзець тэлевізар, слухаць музыку, нешта чытаць — усё марна: спакой не прыходзіў. Цэлую ноч круціла бясонне на мулкім ложку, здавалася, яна танцуе да гэтага часу. Танцуе на зло яму.
Заснуў толькі пад раніцу. Прачнуўся апоўдні. Выскачыў на лоджыю: стаяў, курыў цыгарэту за цыгарэтай і ўглядаўся ў вокны насупраць — нікога…
У прыхожай разрываўся тэлефон… Доўга не падыходзіў. Нарэшце са злосцю схапіў трубку. Званілі з яго фірмы.
— Разбірайцеся самі! — адрэзаў ён і бразнуў трубкай.
Зноў стаяў на лоджыі і курыў. Яна прыходзіла дахаты ў гадзін восем. Пасля сямі апрануўся, выйшаў на вуліцу і прысеў на лавачку каля пад’езда. Аксана з’явілася нечакана. Чыбельмесаў падняўся насустрач: “Добры дзень. Прабачце за ўчарашняе”.
Яна вытрымала доўгую паўзу. Занадта доўгую… Глядзела проста ў вочы. Яго падтыкала: заліхвацка крутнуцца і пайсці прэч. Але ў той жа момант нешта стрымлівала.
— Добра. Прабачаю, — вымавіла праз хвіліну. — Вы за доларамі прыйшлі?
— Не… Учора не хораша атрымалася. Даруйце.
— Я аддам іх. Мне дармовыя грошы не патрэбны. Ідзіце за мною, — не адварочваючыся, загадала, адчыняючы дзверы пад’езда.
Ён паслушна паплёўся следам. У ліфце маўчалі. Абоім было няёмка. Перад кватэрай яна доўга перабірала ключы. Ён адважыўся і спытаўся: як яе імя?
— Навошта вам? — паціснула плячыма.
Але ў кватэры ўсё ж такі назвалася: “Аксана”.
— Рэдкае… — прамямліў Чыбельмесаў, — а мяне завуць…
— Не цікавіць! — перапыніла яна, — мяне абсалютна не цікавіць, як вас завуць. Вашы зялёныя там, — махнула рукой, — на кухні. Я не чапала. Можаце пералічыць.
Чыбельмесава перасмыкнула. “Жартуе ці сур’ёзна?”. Прайшоў на кухню. Рассыпаныя ўчора долары валяліся на падлозе. “За адну такую паперчыну, — падумаў, — малодкі на “Стометроўцы” застаюцца на суткі, нават каля “Юлькі” з вопытнай прастытукай можна дамовіцца на вечарок. Тут каля двух грандаў!”. Стаяў разгублены пасярод пакоя, ніякавата крывіўся ўсмешкай, а яна разглядвала яго, змервала позіркам і ацэньвала, быццам збіралася купіць.
— Забірайце! — загадала яшчэ раз, — мне яны не патрэбны.
“Зноў здзекваецца!” — апякла думка, а ўслых сказаў: — Аксана! Ты жартуеш? — прагаварыў з паказным здзіўленнем. — Тут на год хопіць. Я не за імі прыйшоў. Лічы, што падарыў табе.
— Падарункі ў твар не шпурляюць. І я не прымаю дары ад незнаёмых.
— Гэта не цяжка выправіць. Маё прозвішча Чыбельмесаў.
— Грошы знявольваюць. А я — свабодная. І хачу ёй застацца.
— Толькі грошы і даюць свабоду, незалежнасць…
— Дарэмныя — бяруць у палон. Не заробленыя грошы губяць чалавека. Калі, з вашых слоў, грошы даюць свабоду, то чаму ж вы так прывязаны да сваіх долараў? Як такса на кароткім павадку.
— Гэта не праўда! Для мяне грошы — смецце!
— Хмг! Так я і паверыла. Смецце? Значыць, і свабода смецце? Бо толькі грошы даюць свабоду. Ноч не спалі — усё думалі: як бы вярнуць свае долары, або як купіць на іх сэксуальнае задавальненне.
— Ды замаўчы ты! Нічога я не думаў. Калі і думаў — то іншае, — ён пахітаў галавой, — а ты сцвярджаеш, што свабодная? Так? Як птах вольная? А чаму ж тады танцуеш? Ці не дзеля грошай? І дома, і на рабоце… Баішся страціць кваліфікацыю. Знойдуць лепшую і турнуць. Там табе, у тваім кафэ, грошы на блакітнай талерачцы падносяць?
Ён апусціўся на калені, назбіраў жменю долараў і на вачах Аксаны пачаў разрываць купюры на дробныя шматкі: “Вось! Вось мая залежнасць. Вось мая свабода. Смецце! Бруд і смецце! Гной… А ты… Ты ведаеш, хто ты? Курва! Шлюха!”
Яна ажно падскочыла на крэсле: “Ах, так?!” — падхапілася і пабегла ў суседні пакой. Праз хвіліну вярнулася:
— І перастань рваць грошы. Перастань здзеквацца з людской працы. Яны дастаюцца потам і крывёю. Добра… Я адпрацую. Зараз жа! — сказала рашуча.
Грукнулася аб кухонны стол металічным ланцужком дамская сумачка. Аксана знікла за дзвярыма. Праз хвіліну адтуль вырвалася знаёмая мелодыя. “Ідзіце сюды” — пачуў Чыбельмесаў і, стаіўшы дыханне, асцярожна пайшоў.
— Сёння танец будзе асабіста для вас. Вы заплацілі. Глядзіце! Сядайце! — загадала яна і Чыбельмесаў бухнуўся ў крэсла: ногі падрыгвалі.
Пачаўся танец…
Яна прайшлася раз-другі перад ім анёлападобнай, чыстай і беззаганай — сама нявіннасць, цнатлівасць і чысціня. Сціплая, сарамлівая дзяўчынка, празрыстая як крышталь. “Ці не ў школу спяшаецца?…” Нешта шукае… Рукі плаўна коўзаюцца па целу. Так і ёсць: згубіла! Шарыць вачыма… Знайшла! Хутка і неасцярожна нагнулася, агаліўшы фігурныя бёдры: паднялася, выпрамілася. Пужліва аглянулася. Зразумела: за ёю назіралі! Глядзеў мужчына! Засаромелася… Збянтэжана абсмыкнула спаднічку. Уздыхнула глыбока, супакоілася. Гуллівыя іскрынкі выбліснулі ў вачах. “Ох, ужо гэтыя мужчыны! Нідзе ад іх не схавацца! Хіба ж вінаватая я, што маладая, вабная і прыгожая?” — быццам сказалі вочы, нібыта прамовіў твар і следам за ім паўтарыла дзявоцкае гнуткае цела.
Зноў праплыла перад ім. Цяпер крыху іншай, больш сталай, смялейшай, амаль бессаромнай… Яна ўжо спазнала сваю пекнату: гуляецца целам сваім напаказ. Знарок прыадкрыла разрэз на сукенцы: “Табе падабаецца?” — моўчкі спыталася светлай усмешкай. Хочаш убачыць яшчэ? Ведаю: хо-чаш… Ты прагнеш заўсёды, баішся прызнацца. Вось я якая! Глядзі! А так падабаецца? Мне вельмі прыемна, калі ты глядзіш… Табе падабаюцца ножкі мае? Калені… А вышай?… Яшчэ? Рука да пляча…. А жывоцік? Ой! Яна ведае тайну: мужчыны жывуць насалодай пагляду, і п’юць яе прагна вачыма… Як воды жывыя… Як парастак сонца вясновае п’е… Я — казка, чароўная казка жыцця… Я — тайна і мара, любоў і жаданне…
Зноў круг. Усё паўтараецца. Мы зноўку прыходзімь туды, дзе калісьці ў дзяцінстве гулялі па цёплай зямлі басанож… Лавілі рукамі вясёлку, да сонца скакалі…
Жыццё цячэ… І не паўторыцца ніколі, ні гэты дзень, ні срэбныя аблокі, што ў небную сінечу адплываюць, ні лёгкі ветрык шэлестам лістоты… Аднойчы толькі бачаць вочы прыгажосць. Усё цячэ. Але — куды ж?… Адзін раз на вякі ўсміхнуцца можа шчасце чалавеку, што нават зоркі ў паднябессі па-іншаму заззяюць. Усё цячэ. Усё мяняецца нанова. Жынчына йдзе! О, не! Плыве як карабель пад ветразем самоты. О, гэткі боль! Адкуль? Як вытрымаць яго? І раптам — стогн!
Шалёны рытм. Паспець! Злавіць імгненне шчасця і водсвет радасці звычайнай, чалавечай. Іначай будзе позна. Адстанеш назаўсёды. Чакай! Куды спяшаешся жыццё? Спыніся! Стоп!
Прэч забабоны! Я — вольная, як вецер. Хачу лятаць крылатай чайкай над залівам. Хачу паспець за думкаю сваёю. Лятаць хачу: хачу, хачу… Хачу згарэць у полымі кахання. Хачу абдымкаў моцнага мужчыны, бо я — раба, твая рабыня. Нявольніца страсцей. Хачу любві! О, жарсці моцныя! Агонь пякельны! Вулкан душу бунтуе. Як можна вытрымаць такое? Адзеннее прэч! Вось цела палкае — бярыце! Бяры мяне, мяне бяры! Я ўся ў агні… Цябе хачу. Аддзінага цябе жадаю, прагну… Ідзі сюды, бліжэй, шчыльней… Бяры мяне: бяры, бяры…
Чыбельмесаў застагнаў і асунуўся з крэсла на падлогу.
Падпоўз да яе на карачках. Працягнуў тоўстыя вузлаватыя пальцы да такога вабнага, рухавага і крыклівага цела.
— Не ма-а-гу-у-у-у! — па-жывёльнаму застагнаў ён. — Ой, Аксана! Аксаначка! Пачакай! Хутчэй? Куды ж ты? Ну-ну-ну!… Ат, бляха муха!
Яна выключыла музыку. Паглядзела на яго зверху ўніз сурова і строга, злосна засмяялася. І хутка пачала апранацца.
— Канцэрт скончаны! — сказала, бы шухнула на галаву вядро ледзяной вады.
— І гэта ўсё? — разгубіўся Чыбельмесаў, — пачакай! Не апранайся… Я ж гэтае самае… Так і скончым?
— Ты ж кончыў?
— Ну, так. Але… Гэта неяк не па-людску. Можна паўтарыць. Калі ласка, — узмаліўся ён.
— Мы разлічыліся.
— Я не разумею цябе?
— Што тут разумець. Я адпрацавала зялёныя. Каб ты не здзекваўся з людской працы. Цяпер яны мае. Па закону.
— Мне пляваць на законы. Я хачу цябе! Ты разумееш?
— А я не хачу.
— Я магу і згвалтаваць! — пагрозліва прыўстаў ён.
— Па-першае, пасадзяць. А па-другое, жанчыну нельга ўзяць сілай, калі яна сама не хоча… Ты не ў маім гусце. І ўвогуле я ненавіджу мужчын.
— Ты што, бля, не баба?! Табе не хочацца?! — закрычаў ён.
— Не-а! Я да гэтых спраў драўляная.
— Ты прытваралася? Не можа быць! Так не бывае… Усё гэта, вось тут, толькі што — гэта прыкід? Іграла?
— Не-а. Гэта мастацтва. Прытваралася? Хмг! — гідліва хмыкнула Аксана. — А ці не тое ж самае робяць у пасцелі дзевяноста восем жанчын са ста? Ой! Гой! Не магу! Хутчэй-хутчэй! — змяніла яна тэмбр голаса немаведама каго перацвельваючы, — ой, не ма-гу-у! Любы мой! Харошы мой. Як мне з табой добра… Хіба ты не чуў такога? Пагадзіся, праўдападобна іграюць? У крайнім выпадку, я — шчырая! Само мастацтва абумоўлівае правілы гульні. У жыцці гуляюць без усялякіх правіл. У жыцці — гэта жорстка.
— Табе сапраўды не хочацца ніколі?
Яна адмоўна памахала галавой і выціснула з сябе, як з раны выціскаюць гной: “Усе мужыкі казлы!”
— Не могуць усе быць казламі… Няхай большасць і праўду заслугоўваюць таго, але ж павінен быць той адзіны, які…
— Такіх няма. Ні аднаго, — не дала яна даказаць да канца. — Некалі, яшчэ дзяўчом зялёным была, я верыла і чакала прынца. Ад цікаўнасці хіба. А цяпер — не! Няма мужчын. Усе казлы. А сэкс — гэта жывёльная патрэба.
Чыбельмесаў сядзеў агулушаны. Стала раптам брыдка і мярзотна ад яе слоў, ад яе прысутнасці. Ён упіваўся, як яму здавалася, гэтым страсным і прыгожым целам — а яно аказалася з халоднай крывёй рыбіны. Бясстраснае, без жаданняў і палкасці. Ён злавіў сябе на імкненні біць яе чым папала, рваць і шкамутаць на кавалкі, знявечваць і калаціць з асцярвеняннем — так, як б’юць дручком гадзюку. “Яна мёртвая. Яе прыгажосць трупная? Навошта тады яна такая? Мёртвае сярод жывога. Так не павінна быць…”
— Так. Слухай сюды, фрыгідная асобіна! — працэдзіў скрозь зубы: — Яшчэ раз убачу, што выкручваешся перад акном — станцуеш у белых пантофлях. Зразумела?
— Напужаў!
— Заб’ю!
— Ха-ха-ха! — пачуў ён у адказ, — хто ты такі, каб мне загадваць?
— Я сказаў. Павесь гардзіны ці шторы і танцуй, хоць да пасінення. Хоць загніся тут!
— Як танцавала, так і буду. Ты мне не ўказ. І ўвогуле, мне глядач патрэбен для рэпетыцый, — удакладніла яна.
— Што? — сціснуў Чыбельмесаў кулакі і рушыў на Аксану.
— Супакойся. Не адзін ты на балконе пасешся. Многа вас там, сексуальназаклапочаных казлоў. А без гледача я не магу раскрыцца. Калі вы зенькі вылупіце, тады і прыходзіць натхненне. Гэта ж мастацтва! Падагрэў патрэбен. Разумееш? Аднымі цыцкамі не возьмеш.
Чым больш ён слухаў, тым больш суровым рабіўся яго позірк — твар укамянеў і, здавалася, цяпер не жывы чалавек стаіць перад Аксанай — бяздушны каменны ідал.
— Я сказаў, — выціснуў на паследак, ужо стоячы ў дзвярах, — сказаў, а ты — думай.
6.
Пагроза не спужала Аксану. Не збіралася яна навешваць на вокны гардзіны ці спыняць рэпітыцыі. Больш за ўсё абурала тое, што мужчына квапіўся і замахваўся на яе свабоду, хацеў купіць жаданне за грошы, быццам меў на гэта права.
Штовечар яна ўключала музыку, распраналася і адшліфоўвала сюжэты танцаў. Кожны рух, пагляд, жэст ці ўсмешку па сотні разоў праігрывала перад люстэркам. Сама падбірала музыку, касцюмы, сама прадумвала і абыгрывала сюжэт кожнага танца. Трэба было спяшацца, каб паспець на танцавальны марафон у Лас-Вегасе, на які прэзідэнт кампаніі ўскладваў вялікія спадзяванні. Пасля перамогі ў міжнародным танцавальным конкурсе кампанія планавала перанесці дзейнасць у Еўропу, а затым і на іншыя кантыненты, на ўвесь свет.
Аднойчы ў офісе “Плюс Полюса” з Аксанай сустрэўся даволі непрыемны тып: апрануты ў доўгую тогу, з вялізнай кудлатай барадой-лапатай. Назваўся псіхолагам. Размова, што адбылася паміж імі, доўгі час здавалася Аксане не зразумелай.
— Скажыце, — быццам выплёўваў псіхолаг абсліняўленыя словы вільготным ртом, да таго ж замест літары “Чэ” выгаворваў “Цэ”, а “Ша” артыкуляваў як “эС”, атрымлівалася даволі смешная мешаніна, — сто адцуваеце вы ў цас танцу?
— Уздым, узнёсасць… Іншы раз даходзіць да экстазу.
— А арагазмаў, аргазмаў ніколі не было?
— Аргазмаў? — здзіўлена перапытала Аксана.
— Так-так, звыцайнага палавога аргазму.
Яна задумалася на хвіліну, затым, быццам нешта ўспомніўшы, устрапянулася: “Аднойчы, было штосьці… Вельмі падобнае да аргазму”.
— Ну і? — псіхолаг напружыўся, — інсых пабоцных з’яў у гэты цас не назіралася?
— Не. Нічога такога. А што павінна было назірацца?
— Ну сто-небудзь такое звыснатуральнае: прамень святла, голас… мроя ці відзежа.
— Ніякіх галасоў я не чула.
— А ці цаста яны здараліся, аргазмы гэтыя?
— Я ж казала: толькі адзін раз.
— А пры звыцайным палавым кантакце вы заўсёды дасягаеце аргазма?
— Калі захачу — заўсёды. Усё залежыць ад настрою і ад партнёра.
— Ага, гэта добра, — падхапіўся псіхолаг, — добра сто па жаданню. Вось сто я вам скажу: калі ясцэ раз міжвольна ў вас атрымаецца ў цас танцу стосьці падобнае, вельмі прасу, прыслухайцеся да сябе. Будзьце пільнымі. Гэта важна. Мы за гэта вам і гросы плацім. Раптам наступіць блізкасць.
— З кім!? — яшчэ больбш здзівілася Аксана. — Якая блізкасць? Што вы гаворыце?
— З высэйсай істотай, — спакойна і ўпэшнена сказаў госць. — Я хацу каб вы ведалі: калі такім цынам вы станеце цяжарнаю, то на вас рахунак у свейцарскім банку адразу ж пакладуць десяць мільёнаў долараў. Десяць мільёнаў вам і сэсцьсот пяцьдзесят сэсць мільёнаў на дзіцатка, калі яно народзіцца! Зразумелі?
— І самае галоўнае: аб насай размове ніхто не павінен ведаць. Ніхто! — паўтарыў ён, падняўшы угару указальны палец, — нават прэзідэнт “Плюс Полюса”. Як толькі здарыцца, сто ў вас прападуць месяцныя — вось вам тэлефонцык. Званіце. Мы ўсё возьмем пад кантроль. І ясцэ: ніякай блізкасці ні з кім і ні ўякім разе. Вам зразумела? Гэта вельмі сур’ёзна.
Ён працягнуў візітоўку. Аксана пакруціла маленькі прастакутнік паперкі з перламутравым пералівам і схавала ў сумачку. Псіхолаг, ці той хто назваўся ім, развітаўся і выйшаў. Больш яна яго ніколі не бачыла.
Але не аднойчы ўспамінала размову і ніяк не магла зразумець: як можна зацяжарыць без мужчыны? “Дзесяць мільёнаў долараў! — здзіўлялася Аксана, — няўжо такое рэальна?”. Прыгадалася размова з прэзідэнтам кампаніі ў рэстаране, калі яна збіралася працаваць у кафэ, урэзаліся ў памяць ягоныя словы: “І Анёлы спускаліся да дочак чалавечых… і любілі іх… Каб Багам у Эдэме зайздросна стала…” — і яна смутна пачала пра нешта здагадвацца…
7.
Праз некалькі месяцаў непрыемная сутычка з суседам забылася. Аксану цяпер турбавала зусім іншае: прапалі месячныя… Яна ні з кім не была ў пасцелі, строга прытрымлівалася пунктаў, абгавораных у кантракце. Ні з кім не ўступала ў сувязь, але мясечныя прапалі. Але перад тым некалькі разоў у танцы перажыла сапраўдны аргазм. Адзін раз гэта здарылася ў яе кватэры пад час рэпетыцыі. Тады яна і страціла прытомнасць… Паказаўся дзіўны сон… Пасля здарэння колькі разоў даставала візітоўку з тэлефонам псіхолага, але так і не адважвалася набраць яго нумар. Спадзявалася, што усё неяк абыйдзецца.
* * *
Пра сваю пагрозу Чыбельмесаў не забыўся. Хоць кожны вечар выходзіў на лоджыю і прыліпаў вачыма да акна на сёмым паверсе. Сэксуальныя мроі і юрлівыя фантазіі саступілі месца злобе і нянавісці. Ён быццам зараджаўся гневам ад відовішча танцоркі, жаданне помсты і расплаты цалкам завалодвала ім. Колькі разоў у парыве гневу шпурляў у прастору голага цяла, што вывіхвалася за шклом, усё, што траплялася пад руку.
Набліжалася восень. Лісце на дрэвах кранулася жаўцізной і чырванню. Зноў разладзіліся справы фірмы. З усіх бакоў зноўку абступілі даўгі. З таго злапомнага дня, як ён адважыўся завітаць да суседкі, усё пайшло стрымгалоў. Зноўку яго пацягнулі па судах…
Усё паўтаралася з д’ябальскай паслядоўнай метадычнасцю. Аднойчы Чыбельмесаў, як і некалькі месяцаў назад, закрыў фірму і разаслаў пісьмы... Выграб з сейфа наяўную валюту.
Праз гадзіну яго “шасцісотка” прыпынілася за горадам на кальцавой дарозе недалёка лесапасадкі. Ён выйшаў з машыны і знік у нізенькім хвойніку. Вярнуўся праз хвілін пятнаццаць. У руках нёс цяжкі футарал ад кантрабаса. Асцярожна паклаў футарал на задняе сядзенне, ціскануў на старцер і рвануўся з месца.
У сваю кватэры не зайшоў. Падняўся на ліфце на апошні паверх. Трымаючы ў руках усё той жа футарал ад кантрабаса і, перахопліваючы адной рукой папярэчкі, палез па жалезнай лесвіцы на дах. Там у прыцемку прысеў за вентыляцыйным люкам. Агледзеўся і адчыніў футарал. Не музычны ітнструмент выбліснуў у месячным святле, а разабраная на часткі вінтоўка з аптычным прыцэлам. З паўгадзіны прыладжваў і збіраў вінтоўку, усталёўваў яе на трыногу і, калі усё скруціў і зладзіў, панёс на край даху. Заглянуў у аптычны прыцэл. Навёў на вокны дома насупраць. Нервова курыў цыгарэту за цыгарэтай, але бычкі акуратна складваў ў невялічкі цалафанавы мяшэчак.
Час ад часу зноў прыпадаў вокам да прыцэла. Пасля гадзіны напружанага чакання цень Аксаны нарэшце хістнуўся ў акне. Чыбельмесаў падвёў перакрыжаванне прыцэла спачатку на галаву, потым на грудзі, доўга вагаючыся, у які момант націснуць на спускавы кручок.
Выстрал раздаўся нечакана і глуха, быццам побач пляснулі ў далоні (вінтоўка была з глушыцелем). Было чуваць, як у доме насупраць пасыпалася шкло. Чыбельмесаў прысеў на некалькі хвілін на ўколенцы і стаіўся. Ціха… Калі зноў зазірнуў у прыцэл, першае, што кінулася ў вочы — кроў… Яе было шмат, быццам шкельца прыцэла хтосьці засланіў чырвоным празрыстым фільтрам. Мёртвае цела ляжала ў лужыне, якая паволі расцякалася па падлозе. Ён адхіснуўся ад прыцэла і на момант заплюшчыў вочы.
Дастаў з кішэні беласнежную насоўку, флакончык з адэкалонам, змачыў насоўку вадкасцю і пачаў праціраць усё, за што браўся рукамі. Не забыўся і пра футарал ад кантрабаса, які выціраў занадта старанна.
Вінтоўку і футарал пакінуў на даху. Спусціўся па той жа лесвіцы, зайшоў у сваю кватэру і, не распранаючыся, стомлена бухнуўся ў ложак. Праваліўся ў чорную бездань. Праз некалькі хвілін пачуўся моцны храп.
Мінула тры дні. У яго кватэру зайшоў следчы. Тады і даведаўся Чыбельмесаў, што ў тую ж ноч, калі ён “дзяжурыў” на даху, з дома, у якім ён жыў, з акна выкінуўся дзядок-пенсіянер. Пра гэтага дзядка і распытваў следчы.
Справу хутка закрылі. Забойства спісалі на самазабойцу. Нейкай д’ябальшчынай пацягнула ад гэтых падзей. Калі следча-аператыўная група выязджала па выкліку на агляд трупа Аксаны — машына ў дарозе перавярнулася: для трох аператыўнікаў той выезд стаўся апошнім. Шафёр аператыўкі звар’яцеў. І яшчэ, калі ўрач паталага-анатам ускрыў труп танцоркі — яго схапіў інфаркт. Праз некалькі гадзін другі ўрач праводзіў ужо экспертызу яго смерці. Цела Аксаны крэміравалі.
* * *
…Лісце з дрэў адляцела… Накрапваў дробны восеньскі дождж. Чыбельмесаў стаяў на сваёй лоджыі каля прыадчыненага акана і глядзеў у цемень. Дапіў каву, выкінуў у цемру фарфоравы кубак гжэль. Дакурыў цыгарэту і пстрычкам зашпурнуў недакурак у дождж. Расчыніў насцеж створкі акна. Уварваўся пранізлівы халодны вецер, задуваючы ў лоджыю дробныя кроплі. Глянуў у вокны сёмага паверха насупраць — цёмна.
Уздыхнуў, бязвольна лёг на падваконне і раптам кульнуўся ў цемру расчыненага вакна, як мяшок з глінай. Ляцеў не болей імгнення. Ён не патрывожыў цішыню крыкам. Глухі удар аб зямлю абвясціў: Чыбельмесава не стала. Халоднае цела знойдуць толькі раніцай.
Свидетельство о публикации №210100800455