Скарбы Палесся

               

   Страчаны рай

    Прыгадваючы дзяцінства, цяпер амаль што не верыцца: вочы бычылі адвечнае хараство. Здавалася, Бог паказаў кавалачак казачнага царства: усё жыло, кудысьці плыло і ляцела, шчабятала і радавалася.
    Глыбінка Палесся. Невялікая вёска Толмачава, навокал алешнік, кусты вербалозу, дубовыя гаі... У азярынах і балотах крумкаюць жабы. На паплавах скергечуць чайкі. Пасярод вёскі драўляны мост праз невялікае, але даўгаватае возера Яцель. Жоўтыя гарлачыкі ў вадзе, лілеі, лотаць...
    Асабліва прыгожа і цікава было вясною, калі прыбывала вада, яна несла чысціню і ледзь адчувальную вусціш, а яшчэ таемную радасць азарта перад стыхіяй; затым паводка паступова сыходзіла, агаляючы амытую вадою і пасвяжэлую зямлю. Сады і лугі буялі зелянінай і квеценню. Ці існаваў на зямлі яшэ падобны куточак непаўторнай прыгажосці?
Але ў канцы шасцідзесятых прыродзе аб’явілі вайну: грымнула меліярацыя. Міфічнымі пачварамі ў пракавечную зямлю ўгрызліся экскаватары, зараўлі бульдозеры. Запаветную красу знішчылі літаральна на вачах.
    Яна засталася толькі ў сэрцах палешукоў: аднойчы ўбачыўшы, не магчыма забыцца на цуд. Прырода хавае тайны ад чалавека, каб падгледзець іх, трэба мець чуллівую душу: “Як калісьці Ісус Хрыстос ахвяраваў жыццём дзеля людзей, так сёння Прырода аддае сябе ў ахвяру дзеля чалавека” — лічыць Народны майстар Беларусі Івар Супрунчык.

    Ажываюць паданні
    Вёска Цераблічы ў васьмі кіламетрах ад маёй радзімы. Меліярацыя не зачапіла яе так жорстка, не вынішыла дашчэнту прыгажосць: паўз вёску цячэ рака Сцвіга — гэта і ўратавала. Кожны год на Вялікдзень мы прыязджалі ў Цераблічы да сваякоў на “Святок”, але Іван Супрунчык  выявіўся для мяне жывой легендай пазней, калі ў канцы семідзесятых у вёсках раёна пачалі з’яўляцца арыгінальныя драўляныя скульптуры.
    Некаторыя з’явы жыцця не паддаюцца вытлумачэнню чалавечым розумам: дата нараджэння і смерці, — месца і час з’яўлення душы застаюцца паза разуменнем, але відавочна, што не выпадкова выпадае пэўны час і канкрэтнае месца, дзе чалавек упершыню бачыць сонца.
Народны майстар Іван Супрунчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года, у самай глыбінцы Заходняга Палесся: вёска Цераблічы, тады яшчэ Давыд-Гарадокскага (цяпер Столінскага раёна) — у той самы дзень (як выявілася паводле “пахаронкі”) на фронце загінуў бацька. Маці адна гадавала чатырох дзяцей. З дзяцінства на сцяне роднай хаты напамінам пра бацьку вісела скрыпка, за струнамі якой тырчала пажоўклая “пахаронка”. Можа таму і першыя драўляныя скульптуры былі прысвечаны ваенай тэме, амаль кожнаму аднавяскоўцу, што не вярнуўся з вайны, была высечана асобная скульптура. Менавіта сякерай, асноўным інструментам майстра, які стварыў сваю школу драўлянай скульптуры, бракуе толькі вучняў.
 Колькі сябе помню, марыў стаць мастаком, успамінае Іван Піліпавіч, маляваў на чым прыйдзецца: на грубцы, на печы, на шпалерах... Першую скульптуру бюст “Сталіна” зрабіў у дзесяцігадовым узросце, выклаў з цэглы: “Адкуль мне было ведаць, як і з чаго робяцца тыя скульптуры?”
    Усё жыццё працуе сельскім бібліятэкарам у роднай вёсцы. Піша карціны, высякае сякераю скульптруы, а яшчэ збірае паданні, сказы, звычаі і абрады, многія з якіх даволі рэдкія, аўтэнтычныя, бо сустракаюцца толькі ў гэтым палескім краі. Ёсць у Івана Супрунчыка карціна “Развітанне з адным”: на балотным поплаве сабраліся перад далёкай вандроўкай буслы — туга і самота, журботныя фарбы. Сюжэт падказала сама прырода.

        Развітанне з адным
    За тыдзень да выраю птушкі становяцца сур’ёзнымі і засяроджанымі. Усё гаворыць пра тое, што хутка выправяцца ў палёт: збіваюцца ў зграі, ходзяць па балотах, або ўздымаюцца ў неба і выпісваюць кругі, быццам хочуць запомніць краявіды родных абшараў. А потым утвараюць нешта незразумелае. Мастак не аднойчы на свае вочы назіраў гэты дзіўны звычай: буслы штогод метадычна яго выконваюць. Пэўна, і арнітолагі не ведаюць адказу? Аднаго бусла пакідаюць на радзіме. Ці ў заклад, ці ў ахвяру? Ці сам адчувае, што не адолее пералёт, і застаецца: стары, ці нямоглы? Перад адлётам у вырай птушкі развітваюцца з ім: выстройваюцца жывым ланцужком у чаргу, кожны падыходзіць, кранаецца суродзіча дзюбай, узмахвае крыламі і падымаецца ў неба. Следам наступны: кранаецца і адлятае. Панура апусціўшы галаву, стаіць бусел, прымаючы развітальныя дотыкі: што ён думае, дзеля чаго застаецца на радзіме? Тужліва праводзіць крылатае брацтва позіркам. Хутка выпадзе снег і ён  будзе паміраць у  адзіноце.
    Аднойчы мужчыны з суседняй вёскі Мачуль злавілі такога бусла, зіму трымалі ў хаце, а вясною, калі птушкі вярнуліся, выпусцілі... Але буслы не прынялі “чужака”: наляцелі і задзяўблі да смерці.
* * *
    Многія паданні Іван Супрунчык пачуў ад маці і запісаў на тутэйшай мове, вось хоць бы гэты Сказ: “Коліся чоловек з жонкою поехаў у лес ораці, бо там було поле, да погубілі дне і не знаюць, які дзень, пачалі шчытаць: у понедзелок поехалі, а аўторок оралі, а ў сераду соху зломалі, а ў чацвер волы погубілі, а ў пятніцу нашлі, а ў суботу домоў прыйлшлі” — у этнаграфічным музеі Церабліч, якому ў 2001 годзе прысволі званне Народнага, гэты сказ праілюстраваны жывапіснай галярэяй карцін.  Народнаму майстру, мастаку, скульптару і краязнаўцу Івану Супрунчыку прэмія “За духоўнае адраджэнне” была прысуджана аднаму  з першых, яшчэ ў 2000 годзе, а нядаўна калі Прэзідэнт адкрываў новаю школу ў Цераблічах, майстар атрымаў у падарунак набор сякерак для работы.
Любы музей палічыў бы за гонар мець столькі аўтэнтычных экспанатаў: прылады працы, хатнія рэчы, абрадавыя касцюмы, народныя строі — усё любоўна сабрана рукамі Івана Піліпавіча ў роднай і навакольных вёсках. Але найболей адметная прыналежнасць музея — мастацтва майстра.
    Персанальныя выставы драўлянай скульптуры адбыліся ў многіх гарадах краіны і за яе межамі. Мастак вельмі шчыры чалавек, не абыякавы да сваіх каранёў, адным з галоўных святаў старажытнасці лічыць “Дзяды” — рытуалы і абрады пакланненя продкам: “Калі не будзем шанаваць дзядоў, і нас ніхто не будзе помніць, не прывучым дзяцей узгадваць у малітвах — ніхто і за нас не памоліцца”. (Дарэчы, майстар высек і падарыў суседняй Аздаміцкай царкве “Галгофу”, як некалі ў 1782 годзе з Цераблічскай царквы туды ж перадалі крыж, званы і дзве іконы).
   Усё паўтараецца, але ў саміх Цераблічах пакуль царквы няма.

   Церабліцкія Роды
   На Палессі і цяпер людзей вызначаюць і прывячаюць па роду. Вёска Цераблічы пачыналася з шаснадцаці радоў. Пачуў ад маці Легенду з гісторыі роднай вёсці і запісаў: “Даўно гэтэ було. Жыў у тэ врэмье ў Церэблічах чоловек молоды. Хорошы, моцно здоровы і вельмо розумны. Прозвалі яго Ліхван-Ліхвеня. І ось гэты Ліхван-Ліхвеня да забіў шчыколотком целя і ўсё чысто подзеліў по родох так, як бы даў кожному роду харакцерысьціку. Клубом — прысы, бо там Еўмен лысы. Кашэўскім — рогі, бо не ўступаюць з дорогі. Борысом — шкура, бо ў іх дурна натура... А собе оставіў туловец, бо вон — хлопец-молодзец”. Як толькі адчыняеш дзверы музея, цябе адразу і сустракаюць пералічаныя роды цераблюкоў, але майстар далікатна прамаўчаў пра тыя роды, якіх далёкі продак  надзяліў ганебнай характарыстыкай.

        “Лапаціна”
     Памяць апякае і праз стагоддзі. Вось хоць бы абрад “Лапаціна”, адгалоскі якога даляцелі ці не з каменнага веку? “Старыя людзі расказваюць, што коліся гэтэ було. Ек чловек стары становіўся невартым і быў абузою для рода, то старэйшына рода збіраў увесь род на семейны совет, бралі лопату, екою лопацілі  ў гумне зерно, ці лопату, якою саджалі хлеб у печ, і гэтою лопатою ўбівалі невартого старого по его просьбе”.
У многіх народаў свету, пачынаючы ад Спарты, і далей у глыб вякоў, існаваў абрад дабравольнай аўтаназіі. “Мы не горшыя і не лепшыя, быццам апраўдваецца мастак, воін паміраў ад мяча, а селянін павіннен быў памерці ад той прылады, якая звязана з хлебам”.
Вада, агонь і хлеб — тры рэчы, без якіх немагчыма жыццё і якія —сэрцавіна абрадавых культаў. Пакойніка абмывалі вадою, калі выносілі з хаты праз яго з парога “перадавалі хлеб”, каб хлеб назаўсёды заставаўся ў хаце, які потым ў выглядзе “патапцаў” крышылі ў падсалоджаную мёдам ваду, і елі на памінальнай трызне. Магілу запячатвалі знакам крыжа (сонца) і на досвітку ішлі на “пабудку”, запальвалі свечкі...
  На розных фестывалях і святах Іван Супрунчык праводзіць яшчэ і майстар-класы: па жаданню наведвальнікаў на вачах высякае сякераю скульптурныя партрэты. “За паўгадзіны зраблю. Яны мне і загатоўкі носяць. Ім цікава, як тапор з кавалка дрэва высякае знаёмыя абрысы твару. Аснова для мастака — гэта не тое, што і як ён робіць (тэхніцы любы можа навучыцца), аснова тое, што чалавек мысліць і аб чым думае”.

                Галоўчын востраў
     А думае Іван Супрунчык перш за ўсё пра запаветныя скарбы, назапашаныя продкамі-палешукамі, паспець бы сабраць і захаваць: “Усё пачуў ад людзей”.
    Гэта здарылася ў тыя часы, калі салдаты служылі па 25 гадоў. Два мужыкі ўцяклі ў лес і хаваліся, баяліся што іх выдадуць. А на Сцвізе быў востраў, на якім селянін трымаў кароў, зручна было: пакуль не сыйдзе паводка, каровы пасвяцца без дагляду. Ніякага клопату, толькі падаіць трэба ў час. І вось гэты востраў і ўпадабалі дзізерціры. Прыехаў на лодцы мужык з жонкаю даглядаць кароў. Толькі ступілі на зямлю, як злыдні накінуліся і давай яго душыць: “Жонко, поможы, забіваюць!” — крычыць ён, а жонка: “Хто акажацца дужэйшым, таму і дастануся”.
     — Жучка, ратуй! — закрычаў у роспачы селянін.
     Кінуўся сабака на губіцелей, а мужык сякеру выхапіў з лодкі і расправіўся з імі па чарзе. Сядзіць жонка, ні жыва ні мёртва. Падыйшоў моўчкі, накруціў валасы на руку і тою ж сякераю адсёк жонцы галаву, маўляў, лепш жучка, чым така сучка. З таго часу і завуць тое месца “Галоўчын востраў”.
    Шмат цікавых паданняў і легенд назбіраў Іван Супрунчык — яны тут, у мясцовым музеі, ажываюць то скульптурай, то жывапісным палатном: пра церабліцкіх “графоў” (як за сынам праз паўтары сотні гадоў “прыйшоў” у Цераблічы бацькаў надмагільны камень); пра палескага асілка “Далоню”, які судзіўся з панам за праўду, “на мядзьведзя ехаў, на воўка абапіраўся, вужом падперазаўся і нікога не баяўся” — і правучыў-такі пана, адстаяў гонар у судзе.
     Такое адчуванне, што многія паданні я калісьці чуў ці чытаў. І гэта не дзіўна, нашы вёскі побач, адны казкі расказвалі маці над калыскай, адны і тыя ж песні спяваліся. Але ўпершыню пачуў, што на Палессі бытаваў звычай, калі дзяўчына падрастала, бацька саджаў на воза, вазіў па сялу і крычаў: “Паспела! Паспела!” — людзі чулі і ведалі, што ўжо можна засылаць сватоў.
     Не простым быў шлях Івана Супрынчыка да прызнання. “Адхілялі, маўляў, прапорцыі не захаваны... Народнае масатцтва там, дзе ёсць душа. Майстар не глядзіць правільнасці. Калі я зраблю правільна чалавека — атрымаецца фотаздымак”.
     Надзвычай цкавыя і іншыя экспанаты музея. Вось драўлянае “вядзерца”, якім чэрпала ваду мележаўская Ганна ў фільме “Людзі на балоце” (здымаўся “Беларусьфільмам” у Цераблічах). А вось ручная мельніца, у якой ўсю вайну аздамцы малолі хлеб; “стуга” — тагачасный халадзільнік”. Вярэнька, ражка, гарнец, барыльца… “Сарпанак” — тонкая даматканая тканіна, накшталт вэлюму, якою пакрывалі маладую, а яна “калі непарочна, павінна была сыйсці на джяжу. Тады маці маладога частавала іх мёдам з гаршка, спачатку сына а потым нявестку, і прыглядалася, як маладая з гэтай жа лыжкі будзе есці мёд: калі з агідай, то не будзе любіць, а калі са смакам, то будуць жыць добра”.
У этнаграфічным музеі Церабліч, які стварыў Іван Супрунчык, сабраны каштоўныя скарбы Палесскага краю — спадчына продкаў, але каб увайсці ў наследаванне, трэба ехаць са сталіцы за трыста кіламетраў, бо музей не мае не толькі свайго сайта, але і звычайнага камп’ютара, а майстар працуе амаль што на голым энтузіазме, атрымліваючы палову стаўкі.


Рецензии