Час аудио

Час аўдыёкніг, або ці знойдзецца бізнесмен.

                Перадгісторыя праблемы
У сярэдзіне 90-х мінулага стагоддзя, працуючы ў літаратурнай рэдакцыі Беларускага радыё, стаў сведкам інтрыгуючай, але на той час не зусім зразумелай мне гісторыі: адпраўлены на пенсію рэжысёр прыхапіў плёнакі з пастаўленымі ім жа самім спектаклямі. Гісторыя скончылася “палюбоўна”: выявілі прапажу і спектаклі вярнуліся ў фонды. Але болей за ўсё мяне здзіўляў факт крадзяжу: навошта рэжысёру спатрэбіліся плёнкі спектакляў? “Як ты не разумееш? — у сваю чаргу здзіўляўся заслужаны артыст Беларусі Ігар Лапцінскі і даводзіў. — Вялікія грошы можна зарабіць! Растыражыраваў і пускай у продаж”. Ня гледзячы на раэльны факт, ідэя абагачэння “праз тыражыраванне і продаж радыёспектакляў” уяўлялася сумніўнай: хто будзе купляць касеты ці кружэлкі са спектаклямі, каму яны патрэбны?

    Жыццё бярэ сваё
Пазней, калі лічбавыя тэхналогіі шалёна ўварваліся ў жыццё, а на паліцах крам з’явіліся мультымедыйныя дыскі, электронныя і аўдыёкнігі, ідэя, што “такі тавар” знойдзе пакупніка, убачылася не толькі магчымай, але і прыцягальнай. Я стаў гарачым прыхільнікам запісаў радыёспектакляў на дыскі. І гады чатыры таму зайшоў з гэтай прапановай да галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі вытворчасці радыёпраграм Беларускага радыё Пятра Раманчука. Гаварылі больш гадзіны. Але далей размоў справа не зрушылася.
 Беларускае радыё за 85 гадоў працы назбірала каштоўнейшы скарб: сотні радыёспектакляў, тысячы запісаў праграм з удзелам беларускіх і рускіх пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў і вучоных, галасы народных пісьменнікаў: Купалы, Коласа, Караткевіча, Мележа, Брыля…  У фондах пакідалася самае лепшае, што магло зацікавіць нашчадкаў.
Жыццё не стаіць на месцы. Цяпер у кожнай кватэры адзін, а то і два камп’ютэры, дзівідзі-плэеры, мабільныя тэлефоны з магчымасцю праслухоўвання файлаў МП-З… Добрыя аўдыёкнігі не залежваліся б у крамах. Зададзімся пытаннем: колькі ў краіне сярэдніх школ, СПТВ, каледжаў і ВНУ? Статыстыка простая, вось дакладныя лічбы, прадастаўленыя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь: СШ — 3583, СПТВ — 233, СНУ — 195 і ВНУ — 53, усяго — 4064 навучальныя установы. Лічбу можна памнажаць на два ці тры (па сярэдняй колькасці настаўнікаў беларускай і рускай моў) і атрымліваецца каля дзесяці тысяч. Няўжо знайшоўся б выкладчык беларускай літаратуры, які не захацеў бы разнастаіць урок “жывым” голасам Купалы ці Коласа? Няхай такую статыстыку выяўляюць і падсумоўваюць бізнесмены, якія возьмуцца лабіраваць і ажыццяўляць падобны праект. Само жыццё падказвае, што аўдыёкніга зойме значнае месца ў нашым жыцці і будзе карыстацца попытам. Ідэя  лунае ў паветры. У пацвярджэнне — зусім свежы прыклад.

Максім Гарэцкі
“На імперыялістычнай вайне” (Запіскі салдата 2-ой батарэі N-скай арытылерыйскай брыгады Лявона Задумы) — такую аўдыёкнігу падарыў мне рэжысёр радыё, артыст Алег Вінярскі. Праект зроблены да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Восем гадзін і трынаццаць хвілін агульнага гучання, твор Максіма Гарэцкага прачытаны да апошняга радка, акрамя дакументальна-мастацкай аповесці ў кружэлку ўвайшлі два апавяданні “Рускі” і “Літоўскі хутарок”. Скапіраваў дыск на тэлефонную карту памяці, слухаўкі ў вушы — і цяпер мяне паўсюль суправаджае цудоўная мова Максіма Гарэцкага. Гэта не проста мастацкае чытанне, а паўнавартасны монаспектакль, з шумавымі і акустычнымі эфектамі, артысту і рэжысёру ўдалося настолькі па-мастацку вымаляваць вобразы, што складваецца ўражанне жывой прысутнасці, становішся як бы непасрэдным сведкам падзей, што адбываюцца ў рамане. Адным голасам так змадуляваны сітуацыі, што, падаецца, працуе цэлы акцёрскі калектыў. Розныя персанажы, розныя героі, розныя характары і тэмпарытмы падзей — і ўсё гэта Алегу Вінярскаму ўдалося перадаць па-майстэрску, праявіўшы лепшыя свае акцёрскія здольнасці і рэжысёрскі талент.
Чытаць звычайную кнігу можна толькі пры святле, а слухаць аўдыё — нават заплюшчыўшы вочы.
Пацікавіўся ў Алега Вінярскага: “Як табе ўдалося ажыццявіць падобны праект?”. “Вельмі проста, — адказаў ён, — знайшоўся бізнесмен, Кастусь Антановіч, якога захапіла ідэя, уклаў грошы і выдаў тыражом у тысячу асобнікаў. За год тыраж цалкам разышоўся”.
Няхай задумаюцца бізнесмены. Сабекошт тыражыравання аўдыёдыскаў (лічба не ўяўляе камерцыйнай тайны) усяго адзін долар, без улікаў выдаткаў на запіс арыгінала. А прадаваць такую аўдыёкнігу можна за 4 ці 5 долараў. Вось няхай і падлічаць, наколькі прыбытковы такі бізнес. Залатыя фонды Беларускага радыё ляжаць мёртвым грузам — а гэта агульнанацыянальны набытак, фонды належаць усяму народу. Амаль злачынства — не скарыстаць такую магчымасць: прадаць патэнцыльнаму бізнесмену эксклюзіўнае права на выкарстанне фондаў для тыражыравання і распаўсюджвання аўдыёкніг.
А такія кнігі неабходны. Любая маці купіла б для свайго дзіцяці “Казку на кожны дзень” — дыск, запісаны з фондаў “Калыханкі”. Тэматычна падобныя аўдыёкнігі можна выдаваць вельмі разнастайнымі: “Галасы класікаў беларускай літаратуры”, “Вершы” і “Проза”, “Спектаклі” і “Публіцыстыка”…

Думка чыноўніка
Нядаўна сустрэўся з Навумам Гальпяровічам, дырэктарам радыёстанцыі “Беларусь”, не ўтрымаўся, каб не задаць пытанне, якое мяне турбавала: “Навум Якаўлевіч, любы праект сутыкаецца з праблемай фінансавання. Далі грошы на спектакль — зрабілі раёпастаноўку, не даюць грошай — няма спектакля. Але ж Беларускае радыё  само сядзіць на золаце, маю на ўвазе — фонды. Радыё магло б зарабляць грошы, наладзіўшы выпуск аўдыёкніг”.
— Я не зусім упаўнаважаны пра гэта гаварыць. У нас ёсць старшыня Белтэлерадыёкампаніі, але хачу зазначыць: Белтэлерадыёкампанія камерцыяй не займаецца. Мы існуём на дзяржаўнай датацыі і самаакупнасць ажыццяўляецца за кошт рэкламнай дзейнасці, у нас і ліцэнзіі няма на распаўсюджванне…
— Але ж схема тут вельмі простая. Бізнесам займаўся б бізнесмен: заключыў бы з Беларускім радыё дамову на выкарыстанне фондаў, яшчэ і грошы адлічваў бы з продажу, а вы іх выкарыстоўвалі б для пастаноўкі новых спектакляў.
— Раю з гэтым пытаннем звярнуцца да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Мы такой практыкай не займаемся. Хаця сама ідэя цікавая: выпуск аўдыёкніг! У прынцыпе гэта можа ажыццяўляцца. Цяпер вельмі актыўна распаўсюджваецца аўдыёлітаратура, у нас ёсць гатовыя спектаклі, маецца акцёрскі патэнцыял, ёсць, як вядома, сімфанічны аркестр і хор Беларускага радыё.
* * *
Здаецца, усё проста. Ёсць свежая ідэя. Ёсць магчымасці. Бракуе толькі чалавека з грашыма, які прыйшоў бы і ажыццявіў праект. І зрабіў бы добрую справу не толькі для беларускай культуры.


Рецензии
Анатолий! Откликнитесь. Потерял телефоны Ваши. Домашний не отвечает
Звонил Винярскому и в пару редакций.

Владимир Мурашов   15.11.2010 17:48     Заявить о нарушении
Написал письмо.

Анатоль Кудласевич   16.11.2010 18:34   Заявить о нарушении
Не доходит. Надо merkur-007@tut.by

Владимир Мурашов   17.11.2010 13:46   Заявить о нарушении
Владимир, все твои камешки в церковном киоске давно разошлись. Неси еще

Анатоль Кудласевич   03.08.2011 10:35   Заявить о нарушении
Как здоровье?

Владимир Мурашов   03.08.2011 23:53   Заявить о нарушении