Надзея

Я бачыла яе ўпершыню. Худая, нязграбная дзяўчынка гадоў чатырох у шэрай, ад бясконцых сцірак, але акуратнай кашульцы, у пунсовай спаднічцы, сандалях не па памеру… На нашай пляцоўцы я не сустракала яе раней, аднак падалося, што нават ведаю, што яна зараз скажа. І яна сказала: "У цябе чаравікі прыгожыя…", — і са шчырай дзіцячай наіўнасцю паглядзела на мяне вялікімі блакітнымі вачамі. Я паймала сябе на думцы, што заўсёды марыла пра такія доўгія, густыя вейкі. І схамянулася, калі зразумела, што яна чакае адказу.
— Ты адкуль тут, прынцэса? — запыталася я.
— З прыгожага замку, дзе мы жывём з каралевай, у нас шмат грошаў і служак, і машын, і ўколаў няма, і… і…
Тут адчыніліся дзверы і на пляцоўку выйшла мая суседка, заўсёды хмурая, самотная, скупая на размовы жанчына гадоў 60-ці на выгляд. Яна ніколі не хадзіла збіраць плёткі па суседках і не лушчыла семкі каля пад’езда. Проста знікала некуды раніцай, вечарам вярталася, час ад часу ўвогуле не з’яўлялася па некалькі дзён, тыдняў...
— Што, задурыла Вам галаву мая страказа? — неяк незвычайна ветліва спытала яна. — Бяжы на вуліцу, сонейка, там з дзецьмі пагуляй.
І дзяўчынка знікла, пераскокваючы адразу праз адну, а то і дзве прыступкі.
— Унучка, — пачала размову мая маўклівая суседка. — Адна яна цяпер у мяне засталася. І тое, ледзь выцягнулі з таго света. Хварэла доўга, сур’ёзна, нават выгаварыць цяжка хваробу тую, я да іх у госці ездзіла, дапамагала. Бацькі яе як ляльку песцілі, усе грошы на лекі ды аперацыі трацілі. І калі пачаўся чарговы прыступ, а хуткая ўсё  не прыязджала… — яна змоўкла. А я адчувала, як нацягнуўся яе голас: да дрыготы, да слёз, да зрыву. — Сынок мой, Саша, папрасіў машыну ў суседа і з Нюрай павезлі малую ў лякарню. Не давязлі. Патрапілі ў аварыю. П’яны вадзіцель. Толькі Надзейка выжыла. Паўтара гады жыла ў лякарні: аперацыі, працэдуры, рэабілітацыя і зноў аперацыі…
Яна змоўкла. А я не ведала, што сказаць, бо, як усе, заўсёды лічыла яе чэрствай старой дзевай. І ніколі не разумела, што за маўчаннем — вялікі, невыносны, чалавечы боль…
— Спачуваю… я… калі трэба штосьці… Вы звяртайце…
— Дзякуй за прапанову. Не хвалюйцеся. І прабачце, што я вось так, на пляцоўцы Вам праблемы свае выліла, проста цяжка, аказваецца, іх насіць, а Надзейка малая яшчэ, каб з ёю падзяліцца. Яна ж усё верыць, што бацькі вернуцца за ёю…
— Бабуля!!! — пачулася з пад’езду і маленькая рудая Надзея, хутка ўзляцеўшы па прыступках, кінулася ёй на шыю.  — Я нагулялася, есці хачу, толькі можна таго, што ты не дазваляеш?
— Толькі адзін раз. Выбачайце, — азірнулася мая суседка і пайшла ў кватэру следам за малою.
А я не магла ссунуцца з месца. Стаяла і моўчкі, бяздумна глядзела на свае пунсовыя чаравікі.


Рецензии