Памяць на людзей

 

               

Адмысловыя бліскуючыя формачкі запаўняюцца здобным цестам для печыва, затым выстаўляюцца на процівень шчыльнымі радочкамі і адпраўляюцца ў духоўку. Праз колькі часу адтуль дастаюцца гатовыя пячэнікі-звераняты: “мядзьведзік”, “зайчык”, “рыбка” “пеўнік” — і дзецям каштаваць такія ласункі цікавей, і гаспадыні ахвотней займацца справай.

Так і з людзьмі. За плячыма кожнага стаіць лёс. Жыццё лепіць чалавека на свой капыл, фармуе яго, прыпасаючы адмысловую формачку кожнаму, якая адбіваецца не толькі ў знешнасці — у схільнасці душы, у характары і духоўных асаблівасцях.  Паглядзіш у вочы незнаёмцу і, часам, пачынаеш здагадвацца, якую судзьбіну зведаў чалавек, якімі віхлястымі сцежкамі пуцявіны-долі прыйшоў да цябе. Твар чалавека, погляд вачэй — як застылы стоп-кадр кінастужкі, а прамовіць чалавек слова, дуругое скажа — і пайшла-паехала раскручвацца ў мінулае кінастужка яго жыцця. Сустракаюцца людзі-загадкі — заўжды дэманструюць перад субяседнікам “стоп-кадр”, яны нікому не паказваюць “уласнае кіно”. Такіх мала. Ёсць яшчэ фантазёры, або лгуны — прыдумляюць і транслюць “чужое, іншае кіно”, гэтакія баевікі і блокбастары, героямі якіх ім хацелася б быць. Што  б не распавядалі такія — ім чамусьці не даеш веры, нават калі яны жывапісуюць дробязямі фактаў. Большасць жа ахвотна дзеліцца сваім вопытам, пражытым і перажытым (успомніце выпадковых папутчыкаў), шчыра распавядаюць пра сябе, калі адчуваюць непадробную цікаўнасць і спачуванне субяседніка. Але ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей — пісьменнікі, якія зрабілі роспавед пра жыццё сваёй прафесійнай справай.

Чалавек такі, як склалася яго жыццё. А жыццё складваецца ў прамой залежнасці ад людзей, што трапіліся на шляху. Людзі, што сустракаюцца па жыцці, падобны да верставых слупоў лёсу. Калі гаворым: “Жыццё лепіць чалавека” — бачым за “жыццём” людзей, якія трапляліся, аказалі ўплыў, выхавалі і навучылі… Без людзей не было б чалавека, чаму сведчанне —  не літаратурны “Маўглі”. Мы іменна такія, якіх людзей напаткалі, якіх помнім, а помнім тых, хто пакінуў засечку на памяці, або на носе…

Гадоў пятнаццаць таму, у мамант вялікага паэтычнага адкрыцця- узрушэння ў маю душу настойліва грукаліся радкі паэмы, я назваў  яе “Памяць пра людзей”. Старонак дзесяць адгрукаў на клавіатуры шумлівай “Ятрані”. І не тое, што паэма далей не пайшла (яе можна было пісаць кіламетрамі) — але я адчуў, патрабуецца нейкая іншая форма. Я адчуваў прысутнасць чагосьці значнага, што спрабавала выказацца, сцвердзіцца, ці акрэсліць сябе паэтычнымі радкамі. Дзесяткі, сотні, тысячы людзей, добра знаёмых і мала, з якімі сябраваў, або перасёкся выпадкова і на кароткі час, але якія пакінулі на сэрцы ці то апёк, ці то шнар — сваю засечку — захацелі раптам прарвацца з мінулага, з маёй памяці сэрца ў сапраўднае, каб такім чынам паўплываць на будучае, што ўжо прывідам вымалёўвалася ў тумане часу. Як жывыя стаялі яны каля мяне і хацелі, каб я не толькі ўспомніў іх, але і знак падаў напісаным словам. Так бывае, калі не можаш доўга заснуць: круцішся на мулкім ложку з боку на бок, варочаеш сваё бяссоне,  а ўсё таму, што ў свядомасць гуртам лезуць успаміны. Быццам ты вінен гэтым людзям штосьці, нібыта абавязаны аддаць нешта.

Праз колькі часу я вярнуўся да аддрукаваных аркушаў паэмы. І расчараваўся: суцэльны паток свядомасці… Ні акрэсленага сюжэту, ні лагічнага развіцця — толькі асацыяцыі па гукавому і семантычнаму прызнаку, нейкае расчапленне і распыленне ўласнага “Я”, драбленне яго на сотні дзеючых персанажаў, а менавіта людзей, якіх я сустракаў па жыцці.

Але чаму ж тады ў час пісання паэмы мне падавалася такім важным і значным: усіх успомніць і адзначыць, з усімі разлічыцца і нікога не забыць, быццам бы яны былі сведкамі таго, што адбываецца са мною цяпер і маглі папракнуць пасля, што я забыўся пра іх — людзі, якіх ведаў і якія ведалі мяне, стаялі за спінай і чакалі ўваскрэслыя ў маёй памяці, як жывыя чакалі.

Я не ведаю чаму, але тут прысутнасць нейкай тайны: у час высокіх духоўных памкненняў трэба быць вольным, вызваленым ад якіх бы то не было абавязкаў — трэба сплаціць пазыкі, разлічыцца з усімі, аддаць усе даўгі. І па вялікім рахунку: што ёсць літаратура, як не памяць пра людзей? Мы ўсе задаўжалі адзін аднаму, загрузлі ў пазыках і, рана ці позна, павінны аддаць усё да пошняга шэлега. Паэт, празік, драматург — усе сплачваюць даўгі, аддаюць даніну памяццю тым, каго сустрэлі на шляху жыцця. І пра каго б не пісаў пісьменнік, якіх бы герояў і персанажаў не выводзіў на кніжныя старонкі — заўсёды піша спачатку пра сябе,  а далей — пра людзей, з якімі звёў лёс і якіх ён ажыўляе са сваёй памяці, каб потым удыхнуць дух жыцця ў літаратурных герояў.

Для рэвізіі сваёй душы імпульсіўны і экспрэсіўны паэтычны радок — не надта зручны інструмент, тут больш падыходзіць спакойная, разважлівая і аналітычная проза


Рецензии