Тараканы. главы рамана 1-4

Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
                Т  а р а к а н ы
                ( р  а  м  а  н – а л е г о р ы я )
                ПРАЛОГ
Апоўдні вуліца Савецкая заліваецца сонцам. Цені аўтамабіляў і будынкаў робяцца карыкатурна-маленькімі і пацешнымі: мінакі акурат наступаюць на галовы сваіх ценяў. У адзін з такіх ясных дзён, калі хмурынкі на небе  з’ядаюцца сонечнымі промнямі, па Савецкай крочыў Выпадковец Іван Фаміч: суразмяраў такт мелодыі з маршавым крокам, насвістваючы на  хаду мелодыю “Свяшчэннай вайны”, на скрыжаванні павярнуў на Новарайскую, дайшоў да палавіны і раптам мелодыя захлынулася. Быццам спатыкнуўся  аб штосьці нябачнае, занёс нагу для чарговага кроку, ды так і знерухомеў!
Шырачэзнай калонай тратуар перапаўзалі тараканы. Тысячы насякомых жывой лавінай сунуліся ў адным напрамку: шыбавалі напрасткі праз дарогу, па праезджай частцы, дзе ліха праносіліся аўтамабілі, утвараючы чатыры паласы жывога шэрападобнага месіва, якое пузырылася і кішэла, падрыгвала  ў  сутаргах лапкамі і стрыкала крыламі. Не зважаючы на смерць пад калёсамі, насякомыя паўзлі далей: перасякалі аўтастраду і заварочвалі за вугал  “Макдональса”. Дзесьці  там, сярод акуратна стрыжаных газонаў, іх след губляўся ў клумбавых кусціках.
Іван Фаміч пакруціў ад здзіўлення галавой, зняў акуляры,  старанна працёр шкельцы насоўкай і ўгняздзіў на пераносіцу: тараканы выпаўзалі з двара дома № 17. Ён рушыў насустрач рудаватай паласе, ступаючы  проста па  спінах незлічонай калоны, — насякомыя лопаліся пад падэшвамі чаравікаў, выстрэльвалі смятанкавай вадкасцю, але не разбягаліся ў жаху, —  былі нейкімі самнамбулічнымі, быццам загіпнатызаванымі. Іван Фаміч падыйшоў да будынка і абхапіў галаву рукамі, ажно прысвіснуў ад нечаканасці: процьма тараканаў, абляпіўшы сцены пяціпавярховіка, мітусілася туды-сюды і, здавалася, варушыліся сцены: дом уяўляўся жывым і хадзіў ходырам. Сотні жвавых стварэнняў зрываліся са сценаў і падалі далоў, але з-пад дзвярэй выпаўзалі новыя і новыя: паказваліся з дзірак і шчылін, вывальваліся з фортачак і  балконаў  — цопаліся на зямлю і кружыліся, кружыліся вакол дома, усё адно як  нешта шукалі.  Яны збіраліся ў асобныя кучкі, якія шыраліся на вачах, зліваючыся ў невялікія лужыны і паблісквалі на сонцы безліччу лашчоных крыльцаў; лужыны сцякаліся ў  ручаіны, утвараючы  на выхадзе з двара шырачэзную рухавую раку, якую і сустрэў Іван Фаміч, ідучы па вуліцы.
Дзіўна, але людзі, што насялялі Новарайскую, тараканаў не заўважалі, іх не здзіўляла неверагоднае нашэсце паразітаў: “Не аслеплі ж яны?!”. Выпадковец  пастаяў каля дома  хвілін дваццаць, назіраючы за плоймамі тараканаў, крута развярнуўся, нібы выканаў каманду “кругом”, і пайшоў прэч. Зноў пачуўся посвіст мелодыі, а праз колькі хвілін са свісту вычляніліся выразныя словы:
                Вста-вай, стра-на ог-ром-ная!
                Вста-а-вай на смертный бой!…
Хутка яго голас ужо звінеў на вуліцы Быліннай: “Не смеют крылья черные
над родиной летать”, — даносілася скрозь гарадскі шум, а яшчэ праз якую хвіліну на словах “пусть ярость благородная” песня цалкам захлынулася.
Ён так і не зразумеў,  чым тлумачылася дзіўнае відовішча, якога ніхто, акрамя яго, так і не заўважыў? Разгадка прыйшла пазней…
Праз некалькі гадоў мясцовае тэлебачанне паведаміла: “Згарэў дом № 17 па вуліцы Новарайскай!”. Прайшло яшчэ два-тры гады і згаданы будынак разбурылі дашчэнту. Падмурак зраўнялі з зямлёй. Ніхто не прыдаў асаблівай увагі нечаканым зменам. І калі пазней Выпадковец расказваў каму-небудзь пра  загадкавае здарэнне з тараканамі, —  усе толькі смяяліся, ніхто не даваў яго словам веры: “Па такому адрасу нават дома няма!” — гаварылі адны. З часам аргументы зрабіліся  зусім неаправяргальнымі, а само відовішча бяздоказным: “Брахаць брашы, ды меру знай. У нашым горадзе і вуліцы з такой назвай няма!” — абрывалі яго на паўслове.
І Іван Фаміч замаўкаў. А што ён мог адказаць, і сам цяпер сумняваўся: “Ці  не  прыснілася ўсё гэта? Ці не прымроілася?” — пытаўся  ў самога сябе і  — не знаходзіў адказу.
Але дзесьці на антрысолях валяліся паношаныя афіцэрскія чаравікі, як гразёю, аблепленыя мёртвымі і высахлымі цельцамі тараканаў.
                Першы сон Рамана               
І сніўся Раману Радзівонавічу сон. Родная вёска Родасветава, а ў падвале бацькоўскай хаты вырасла вялізная Яблыня. Не можа даўмецца Раман, адкуль узялася Яблыня, ды яшчэ пад хатай? Раптам аднекуль, як часам бывае ў снах, з’явілася маці і тлумачыць: “Глядзі, сынку, вунь яблыня на гародзе расце, кожную восень лісьце на ёй аблятае, а ў гэтай Яблынькі, што пад нашай хатай  узыйшла, лістота не мяняецца з тае пары,  як пераехалі з Люсіна. Трыццаць тры гады таму  цвіла Яблынька, яшчэ бацька быў жывы, а плады толькі сёння паказваюцца…”.
І далей уяўляецца Раману: ёсць пад хатай вялізнае возера, глыбачэзнае такое, а  вада ў ім на дзіва чысцюткая — дно прасвечваецца. А ў тым возеры здаравенныя шчупакі плаваюць, старыя, ажно мохам абраслі. Спрабаваў пералавіць тых шчупакоў Раман, ды перасмажыць на патэльні, але ніяк тое не ўдавалася…
А потым нехта яму паказаў: пад хатай у глыбокім лёху расце яшчэ і Бульба… Штогод новыя плады родзіць, толькі з кожным годам бульбіны ўсё меньшыя вырастаюць і нейкія празрыстыя. “Вядома ж, — падумалася Раману, — не даходзяць сонечныя промні ў скляпенне, таму і пасынкі старая бульба кожны год усё больш кволыя  выпускае”. Падзівіўся ўбачаннаму Раман.
Там жа пад хатай, аказваецца, стаіць яшчэ і карова...
А потым адкрыўся склад марожанага мяса: ляжаць штабялямі ўледзянелыя тушы.
І апошняе, што ўбачыў: ёсць там і склад адзення.  Перабірае ён адзежу ў вялізнай гурбе, разглядваючы розныя швэдры і курткі, быццам штосьці апрануць на сябе хоча, ды ніяк не дабярэ нічога.
Прачнуўся. Усё напружваўся  разгадаць сон — адно толькі і зразумеў: нейкі шматузроўневы ён, шматзначны  і  шматпланавы?… Але ўсё чамусьці зводзіцца пад родную хату…
                1
Гавораць, пакорнага доля вядзе, а ўпартага — цягне за валасы. Зведаў Раман Родасветаў і таго і другога. Да дваццаці шасці гадоў  біўся ў жыццё галавою, быццам у сцяну каменную, але не выходзіла нічога ні ў асабістым жыцці, ні ў грамадскім. А тут яшчэ і бацька загінуў у аварыі. Пачала маці жаліцца ў пісьмах, каб кідаў працу і вяртаўся дамоў, бо здурэе яна адна ў чатырох сценах: “Старшыня абяцаў на пахаванні, — пісала ў лісце, — калі вернешся ў калгас, то знойдуць работу па спецыяльнасці”. 
Звольніўся з ранейшага месца, прыехаў дахаты. Сустракае неяк старшыню (едзе на сваім “козліку“), махнуў рукою — прыпыніўся “козлік”.  Паціснуў Раман працягнутую руку, залез у  кабіну і пытаецца: “Вы абяцалі працу… Можа, ёсць што канкрэтнае?”, — і чуе раптам у адказ:
— Няма пакуль свабодных вакансій...
— Яно не гарыць, магу месяц-другі і пачакаць. Нешта ж павінна з’явіцца? — асцярожна выпрабоўвае Раман, а  старшыня  (і не чужы зусім чалавек: далёкі сваяк) так прама і выпаліў: “Калі ж яно з’явіцца?! — ды яшчэ з нейкай злосцю, быццам Раман у яго грошай напазычаў, — можа, хто ў дэкрэт пойдзе, або памрэ».
Што адказаць на такія словы. Вылез з машыны і пайшоў сваёй дарогай. Зашчыміла крыўда на сэрцы: “Сарваў з месца, а цяпер —  я ж і вінаваты, што ствараю праблемы”.
Не пайшоў болей да старшыні. Паклаў свой ветэрынарны дыплом пад сукно, і дзядзька Васіль, бацькаў брат, уладкаваў слесарам па рамонту сельскагаспадарчых машын. “Круціць гайкі на сеялках, ды баронах — дыплома не трэба”, — адзначыў дзядзька. Работа не складаная, хоць часам прыходзілася і выцягваць жылы, але Раман змалку да ўсяго ўмеў прызвычаіцца.
Толькі на душы было цяжка. Стрэмкай засела ў памяці апошняя  сустрэча з бацькам, усяго за тры дні да гібелі. Быццам нейкую віну адчуваў Раман цяпер за бацькаву смерць. Маці тады лячылася ў санаторыі, а бацька ўпраўляўся па гаспадарцы. Вырваўся Раман на выхадныя дамоў на падмогу, цэлы дзень разам складалі ў стажок дровы. За работай і задаў бацьку,  як думалася пазней, тыя ракавыя пытанні… Доўга потым дакараў сябе, што спытаўся. Зусім не так, як чакалася, адказаў бацька: ці душой пакрывіў, ці няшчырым быў? Тыя адказы, на думку Рамана,  і вырашылі яго далейшы лёс. Таму і адчуваў сябе вінаватым — хто ведае: не спытайся нічога, дык можа бацька і сёння быў бы жывы?
— Тато, а што такое сумленне? — бацька толькі плячыма паціснуў. — А любоў? Ведаеце, што такое любоў? — не адступаўся Раман. — І другі раз прамаўчаў бацька.
— Тато, а ці быў на зямлі Ісус Хрыстос?
— Не! — раптам злосна закрычаў бацька, — не было ніякага Бога!!! Усё гэта прыдумкі, міф. Рэлігія — опіум для народа, — паўтарыў зацяганую па партыйных сходах фразу.
Праз некалькі дзён і здарылася злашчасная аварыя…
Ішоў 1984-ы год. І хаця слова Бог пісалі яшчэ з маленькай літары, Раман  паспеў прачытаць Дабравесце і ў глыбіні сэрца адчуў: штосьці такое ёсць у кнізе! Нешта вельмі істотнае, блізкае і шчымліва-роднае, але чамусьці забытае. Пакрыўдзіў яго бацькаў адказ, нават абразіў — ён так спадзяваўся на бацькаву дапамогу і падсвядома чакаў зусім іншага.
— А вы хоць чыталі  Евангелле?
 Рэдка  асмельваўся звяртацца да бацькі “на ты”: так было заведзена ў іх сям’і, — мог “тыкнуць” толькі ў момант вялікай узрушанасці або злосці.
— Не, я не чытаў. Але з другіх крыніц ведаю, што ўсякая рэлігія трымаецца на міфалогіі. Такой гістарычнай асобы як Хрыстос — не было.
— То і не гаварыў  бы, калі не чытаў! — з крыўдай абарваў бацькавы разважанні Раман. — А я сцвярджаю: быў Хрыстос! Такое — не прыдумаеш, чатыры розныя чалавекі пісалі, — і ўсе аб адным і тым жа.
— Ну і няхай сабе, — усміхнуўся бацька, паглядваючы з цікавасцю на сына, — ці мала што могуць людзі панапісваць. Дык хіба ўсяму, што напісана, верыць?
— Вы ж верыце сваім камуністам?…
— Ідэя камунізма — непазбежны вынік развіцця чалавецтва: ад феадалізма да капіталізма, затым — сацыялізм і камунізм. Вучэнне камунізма ёсць адзіна правільнае вучэнне, таму што яно вернае, бо сцвердзілася самім жыццём.
«Ат!” — скрывіўся, быццам ад болю Раман. На тым і скончылі. А вечарам размова выплыла ў зусім нечаканым рэчышчы. Раман збіраўся на танцы і наводзіў перад люстэркам апошні марафет, успрыснуўшы твар адэкалонам «Кіеўскія каштаны», і тут парог пераступіў бацька, вінавата “закхекаў”, як заўсёды рабіў, калі быў п’янаватым — мелькам кінуўшы позірк, Раман адразу вызначыў: паспеў прыняць дозу. А бацька сеў на табурэтку і нечакана строга загадаў: “Сядзь! Пагаворым з табой!”, — і паказаў насупраць сябе. Дзіўным было Раману пачуць запрашэнне да сур’ёзнай размовы: быццам не заўважаў раней, што сын ужо дарослы.
 Прысеў на ўскрайчык табурэткі, — няўсцерп яму, нібы на голках сядзіць: ужо апрануты, у клубе хутка пачнуцца танцы, і так нязвыкла слухаць сур’ёзную размову. І слухае, і не можа даўмецца, што хоча бацька, да чаго ўвогуле ўся гаворка. А той як і не заўважае  сынавай нервознасці,  назідальна-павучальным тонам настаўляе і вучыць як жыць патрэбна:
 — Глядзі, Раман! Ты цяпер кватаруеш у чужых людзей, пакой здымаеш. Прыглядвай за сабою. Каб не сказалі, што нейкі шахварост... Адкуль, маўляў, прыехаў такі? Дзе выхоўваўся? Людзі ўсё прыкмячаюць. Вось ты пытанні  розныя задаеш, на якія і філосафы не могуць знайсці адказу… Навошта? Глядзі на жыццё прасцей. Навошта такія складанасці? У чужых людзях жывеш, насмяціў — прыбяры за сабою. І з людзьмі трэба асцярожна абыходзіца… Пакрыўдзіў каго — папрасі прабачэння, карона не зваліцца. Як у лес гукнеш — так і адгукнецца. Хаця, жыць між людзей, — гэта табе не па лесе блукаць…
Праз тры дні бацькі не стала. Загінуў у аўтамабільнай аварыі. І  “сур’ёзная” і такая неспадзяваная для Рамана размова стала апошняй.
 Вясна буяла квеценню, трэці дзень Пасхі. “Хрыстос воскресе” — віталі людзі адзін аднаго, а радню Родасветавых абляцела жудасная вестка: «Радзівон Мікалаеў загінуў!”. Да канца жыцця ў памяці Рамана быццам калёным таўром высмаліліся словы: “смерць” і “уваскарсенне”, — трагічны выпадак і Пасха Храстова звязаліся ў адзін заблытаны вузел. Зразумеў ён пазней, успамінаючы апошнюю размову, што нейкім містычным чынам прадчуваў бацька сваю смерць, а тыя апошнія настаўленні былі яго запаветам.
Не прыехаў Раман на пахаванне бацькі, не праліў, як таго патрабуе жывая душа, неабходных слёз на магілу, не сказаў развітальных слоў… Літаральна за два дні да бацькавай гібелі сам трапіў у аварыю, ледзьве выкарабкаўся. Месяц праляжаў у рэанімацыі. Родныя хавалі ад яго сямейнае гора: даведаўся пра ўсё толькі перад выпіскай. Доўга не мог паверыць, што бацькі няма, здавалася — з’ехаў кудысьці ў працяглую камандзіроўку і абавязкова калі-небудзь вернецца.
Толькі праз некалькі месяцаў трапіў на бацькаву магілу. І не змог заплакаць. Боль скамянеў, прысох да горла і доўга не мог выйсці слязамі. І яшчэ адно зразумеў Раман: ёсць словы, пытанні і думкі, нават душэўныя памкненні, якія крута  мяняюць чалавечы лёс. Толькі падумаў міжвольна пра нешта, варухнуліся кволыя пачуцці, а недзе там, пэўна, у высокіх нябёсах, гэты зрух ужо зафіксаваўся, уключыўся ў неспасціжны ланцуг вялікай работы і пачаў уплываць на будучыню, на тваё жыццё і на цябе самога. Нічога ў свеце не здараецца выпадкова! Усё нясе сэнс і ўсё звязана паміж сабой. І хто ведае, не задай ён такіх небяспечных пытанняў бацьку, можа ўсё было б іначай?… Але нічога ў тым, што адбылося, нельга паправіць, усё ёсць, як ёсць — і так будзе заўсёды.
                *     *     *
Пэўна, яшчэ ў дагістарычныя часы пячорнага веку і першабытна-абшчыннага ладу, калі дзікія чалавечыя статкі блукалі ў пошуках спажывы а двухногія, як усё жывое, баяліся агню, не навучыліся яшчэ яго выкарыстоўваць, і нічым асаблівым не вылучаліся з жывой прыроды, — тараканы аблюбавалі чалавечае жытло і прыляпіліся да людзей бяскрыўдным сімбіёзам. З боку двухногіх такое суседства не заўсёды было бескарыслівым, бо ў часы насцерпнай голадухі, чалавек не грэбаваў і паядаць суседзяў, каб зберагчы сілы і дацягнуць да лепшай пары. Як бы там не было, але таракан зрабіўся вечным спадарожнікам чалавека. Магчыма, калі-небудзь выявіцца прамая залежнасць паміж тараканамі і развіццём чалавечай цывілізацыі, як выяўляецца цяпер, што за колькі дзён да землятрусу горад раптоўна пакідаюць усе кошкі, або пачынаюць нервова мітусіцца ў акварыуме асобныя пароды рыбак,  так і тараканы, за колькі гадоў да сацыяльных катаклізмаў, ужо падаюць чалавеку знакі, якія ён пакуль не навучыўся чытаць і расшыфроўваць. Так было і на пачатку Перабудовы, — тараканаў распладзілася вялікая безліч, яны былі ўсюды: у жылых дамах, у школах і шпіталях, на вакзалах і грамадскіх установах, але ніхто не надаваў гэтаму значэнне і не спрабаваў вытлумачыць.
Хітонавы кокан кішэў жыўнасцю. Набрыялы малакападобнай вадкасцю, ён разбухнуў і, здавалася, вось-вось вылузнецца з-пад перапончатых крылаў. Цягнучы  кокан на сабе, пузатая рыжая тараканіца выціналася ад напругі: ажно лапкі падрыгвалі ды тарчком станавіліся вогнутыя вусікі... Яна шукала ўтульнае месца, дзе можна было б выпусціць у свет новае патомства.
          *   *   *            
Тры гады Раман працаваў дома. Амаль штодня, ідучы на калгасны механізаваны двор, заходзіў на вясковыя могліцы. Быццам хацеў пачуць з бацькавай дамавіны адказы на свае пытанні… Але маўчала гранітная пліта. Ды зноў і зноў, быццам важная неабходная справа, але так і не даробленая, заварочвала яго хаду на клады. Заплакаць змог нарэшце толькі тады, калі з маленькай дачкой магілу наведала родная сястра Надзея. Не дачакаўся Радзівон Мікалаевіч унукаў, у сорак пяць гадоў паехаў у незваротную камандзіроўку,  і вось цяпер — гуляецца дзіцятка ў пясочку на магілцы і пытаецца раптам: “Мама, а што гэта за дзядзя?”.
— Гэта не дзядзя, дачушка, — скрозь слёзы адказвае сястра, — твой дзед… І мой тата.
— Мой дзед? — здзіўляецца малеча, — а чаму ён мой? Мне яго ніхто не даваў, — сястра ў слёзы, а малая супакойвае, — не плач, мама!  Я ж не супраць. Няхай  будзе мой, калі ты  так хочаш.
Тут  і дрыгнула Раманава сэрца. І зыйшоў боль слязамі…
Вялікае гора лягчэй пераносіцца ў чужых людзях. Многія аднавяскоўцы пры сустрэчы з Раманам чамусьці лічылі сваім абвязкам суцешыць яго і пашкадаваць. З таго часу і набылася ў яго звычка: не выказваць услых спачуванняў. Сапраўднае гора маўклівае, як гранітная пліта, і без’языкае, як цішыня, не дарэмна гавораць, што чалавек знямеў ад гора. Лепш памаўчаць, чым выказваць абавязковае, але часам і фальшывае спачуванне. Па-сапраўднаму баліць толькі сваё.
* * *
У сярэдзіне васьмідзесятых моладзь рвалася ў горад, раз’язджаліся хто куды, абы хутчэй збегчы ў свет. З Раманавых аднагодкаў дома амаль ніхто не застаўся, сягды-тагды наведваўся друг дзяцінства Слава — астатні час Раман заставаўся ў адзін. Узяць вялікія вёскі, такія як Альшаны ці Малешаў, або Рубель, там хоць весялей. А ў яго Родастветаве на сотню хат — туга зялёная і самота. Пачало здавацца, што  размінецца ён з сапраўдным жыццём, яно пройдзе міма — буяе недзе там, толькі не дома. Надумаў і ён з’ехаць: “Не хвалюйся, буду дапамагаць па гаспадарцы, — угаворваў  маці, каб адпусціла, — дваццаць пяць кіламетраў — усяго паўгадзіны язды. Сенакос, дровы і бульба — уся цяжкая работа будзе на маіх плячах. Давыд-Гарадок — не за гарамі. Буду прыязджаць амаль на кожныя выхадныя”.
Маці пагадзілася. І Раман уладкаваўся на Давыд-Гарадокскі Электрамеханічны завод слесарам. А праз год вырашыў паступаць у  Маскоўскі Дзяржаўны Універсітэт, на факультэт журналістыкі. Чамусьці захацелася вучыцца менаваіта ў Маскве (такі ж  факультэт быў  у Мінску), але ўцемяшылася ў галаву: “Толькі ў Маскву!” — і нічога тут не паробіш. Цэлы год рыхтаваўся да экзаменаў, штудзіраваў начамі школьныя і вузаўскія падручнікі і паступіў-такі з першага разу, хоць пагаворвалі: конкурс па творчаму адбору быў каля сямідзесяці чалавек на месца. З гэтага моманту Нябёсы ўсё адно як літасць да яго праявілі, быццам узяла доля, нібы дзіцятка за руку, і павяла жыццёвай дарогай,  хоць часам і біла тварам аб асфальт, але рукі болей не адпускала, адчуў Раман над сабою нябеснае апекаванне.
Так ён і жыў. А зусім побач, усё адно як у паралельным свеце, жылі сваім жыццём тараканы.
2
 Рыжуха цяжка ўскарабкалася на брудную вышчарбленную талерку, што завалілася калісьці за кухонную шафу, і перавярнулася на спіну. Выпростваючы скураныя надкрыллі і час ад часу пстрыкаючы крыламі, церабіла лапкамі і адпіхвала ад сябе кокан, намагаючыся адарваць ад цела змазаную тлушчам абалонку. Заграбаючы трыма парамі лапак, быццам вёсламі, тараканіца крутнулася вакол сваёй асі і раптам, рэзка адштурхнуўшыся, падскочыла ўверх,  лоўка перавярнулася ў паветры і цопнулася на лапы. Кокан лёгка саслізнуў і адкаціўся ў бок. Некалькі разоў Рыжуха скокнула ад радасці, адчуваючы забытую лёгкасць цела, стаілася на імгненне, нібы задумалася, і раптам  з усіх ног задала стрыкача. Пэўна, спужалася, што кокан прыклеіцца да  цела і зноў будзе смактаць  сокі.
Адбегшы крыху, яна адразу ж забылася пра сваё патомства, як некалі забыліся пра яе. І ніколі болей  не вярталася на месца народзінаў: адправілася шукаць Чарнавуса, адзінага таракана сярод безлічы, з якім добра пачувалася. Але на прасторах  Камуналкі іхнія шляхі доўгі час не маглі перакрыжавацца.
* * *
Іншы раз здаецца, што газеты, радыё і тэлебачанне наўмысна прыдуманы, каб тлуміць людзям галовы. Свабода слова — прыгожае паняцце, але вельмі небяспечнае, калі ажыццяўляецца без цара ў галаве, вльмі часта “сама свабода” выкарыстоўваецца для заклінання натоўпа. У канцы васьмідзесятых сродкі масавай інфармацыі пачалі ўкручваць у людскі розум новыя паняцці: “паскарэнне”, “галоснасць”, “антыалкагольная кампанія”, і нарэшце, як гром сярод яснага неба грымнула “Перабудова”, затым выбухнуў і “Чарнобыль”.
Масква клякатала грамадскімі жарсцямі. Усё мянялася, як у калейдаскопе. Спачатку паэты-дысідэнты з аглядкай пачытвалі на Арбаце крамольныя вершы, сям-там з’яўляліся сціплыя пратэсты, пікеты ці транспаранты, часцей жа — скручвалася тоўстая дуля ў кішэні; але потым, набіраючыся смеласці, пікеты і пратэсты станавіліся больш шматлюднымі і нахабнымі, а транспаранты — крыклівымі і шакіруючымі. На людскія галовы ў адзін момант выпліснуўся бруд “сакрэтнай” інфармацыі: развенчваліся некалі недатыкальныя і бясспрэчныя аўтарытэты, кагосьці выводзілі на чыстую ваду і выкрывалі, кагосьці рэабілітавалі, а большасць — проста збэшчвалі і шэльмавалі; адкрываліся невядомыя дагэтуль пікантныя гістарычныя факты — чацвёртая ўлада, шалеючы ўседазволенасцю, пусцілася ва ўсе цяжкія. Знаходзіць і паказваць станоўчыя бакі жыцця стала дрэнным тонам, маветонам, чым горш — тым лепей. На Цэнтральным Тэлебачынні з’явіліся амаль усенародныя праграмы: “Прожектор Перестройки” і “Взгляд”  — а трансляцыі паседжаняў Вярхоўнга Савета СССР ператварыліся для плебсу ў самае займальнае відовішча. З блакітных экранаў пачалі ашаломваць то “філіпінскімі хіллерамі”, то “раскашперованымі чумакамі”; амаль адначасова па гарадах і весях Саюза ў сцены загрукалі “барабашкі”, а ў небе з’явіліся “лятаючыя талеркі”; штодзень вяшчалі кантакцёры, місцікі і тэосафы ўсякіх масцей, знаходзіліся нават жывыя сведкі, якія сустракаюцца з іншапланецянамі і амаль што рукаюццца з усялякай нечысццю, не гаворачы ўжо, пра шматлікіх “месій”, якія адзін за адным аб’яўляліся і абвяшчалі канец свету: “Белае брацтва”, “Аум-Сінрыкё”, “Багародзічны цэнтр”, “Вісарыёнаўцы”… І гэта адбывалася ў краіне, у якой семдзесят сем гадоў слова Бог пісалася з маленькай літары.
Праз сто-дзвесце гадоў сумленны гісторык (або крыміналіст,  ці ўвогуле — псіхіатр), захацеўшы дакапацца да ісціны і выясніць, чаму раптам абрушваюцца імперыі, магчыма, усё раскладзе па паліцах і высветліць, што зрабілася само сабою, праз фатальны збег абставін, а якія дзеянні былі наўмысна справакаваны зацікаўленымі сіламі. З працы гэтага гісторыка (думаецца, адной гістарычнай адукацыі для такога опуса будзе бракаваць, патрэбна яшчэ дасведчанасць у крыміналістыцы і псіхіатрыі) — з пункту гледжання такога трыдыстыплінарнага даследавання ўсё стане зразумела. Калі на той час тыя, што захапілі ўладу ў смутны перабудоўчы час, не выштукуюць чарговы гераічны міф, як тое зрабілі камуністы з “кастрычніцкага пераварота”, схаваўшы пад крысо праўдзівую інфармацыю.
Вынікі інфармацыйнай аблавы пісучых журналістаў перараслі ў  шматтысячныя акцыі грамадскага непадпарадкавання, мітынгі і шэсці з вулічнымі беспарадкамі… А скончылася ўсё растрэлам выбранага Парламента і стральбой па “Белым доме”, парадам сувенірных суверэнітэтаў, і пакалечанымі лёсамі мільёнаў людзей, якія аказаліся раптам без ідэалаў і грошай, без базавых светапоглядаў, а многія —  увогуле без радзімы.
* * *
Пакруціўся Раман у сталічнай літаратурна-журналісцкай багеме і зразумеў, што з Давыд-Гарадокскай Замкавай гары на Парнас не ўзбярэшся. Атрымаў дыплом, пераехаў у Мінск, якая ні ёсць, а ўсё ж такі  сталіца, цяпер ужо, параўда, незалежнай дзяржавы.
Без прапіскі на працу нікуды не бралі, а на маскоўскі дыплом  увогуле касавурыліся. Раман не надта і перажываў, бо якраз у гэты час да слова журналіст пачалі дадаваць абавязковы эпітэт: “прадажны”. Плюнуў і пайшоў на будоўлю. Днём цяжкая праца, а ноччу — творчасць. Яшчэ да паступлення на журфак пачаў пісаць вершы, цяпер яго лірычны герой лічыў сябе сасланым за прынцыповую пазіцыю.
Заводзіць сям’ю Раман не збіраўся. Многія  дзяўчаты яму падабаліся і быў ён чалавекам улюбчывым, але каб звязаць з кімсьці лёс? Не, даруйце, гэта не для яго! Ды і навошта паэту жонка? Яму патрэбна Муза, тым больш,  журналісцкай працай не надта і пракорміш сям’ю. Пісаць вершы і артыкулы — вось яго абавязак, а дзяцей гадаваць і так ёсць каму. Але часта жыццё збягае зусім не ў тую каляіну, якую прымеркаваў  чалавек, а выкручваецца так, як павядзе доля ды пакіруе Бог.
Са сваёй будучай жонкай пазнаёміўся выпадкова ў сваім жа будаўнічым інтэрнаце. Седзячы на бальнічным, вырашыў зрабіць новыя кніжныя паліцы, не аказалася пад рукой нажоўкі, — заглянуў да суседа: “Алесь, у цябе выпадкова нажоўкі няма?”.
А ў суседа  госці: тры незнаёмыя жанчыны святкуюць з гаспадаром наваселле.
— Ёсць! — задаволена прагаварыў Алесь, — але зусім не выпадкова. У гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца: трымаю на такі вось выпадак.
Раман агледзеў імправізаваную “паляну”: сціпла, ажно занадта — павеяла нейкім сумам: “Ні музыкі, ні танцаў”, — падумаў пра сябе. Накрыты стол і пусчэзны пакой: госці цесняцца на адным ложку, гаспадар сядзіць на табурэтцы — вось і ўся абстаноўка. Чамусьці зрабілася іх шкада: “А давайце я вам на гітары сыграю”, — нечакана для самога сябе прапанаваў Раман.
 — О! Гэта было б цудоўна! — узрадавалася бяседа.
Праз якую хвіліну ён сядзеў у цэнтры ўвагі і спяваў  песні. “Падумаюць, што на халяву набіваюся” — мільганула  думка. На той час спіртнога ён прынцыпова не ўжываў, трымаўся правіла: успрымаць  жыццё толькі на цвярозую галаву. Праспяваў некалькі песен і (зноў жа нечакана для астатніх) абвясціў: “Прашу прабачэння, мяне  работа чакае”, — устаў і выйшаў.
— Чаго ён прыходзіў? Не выпіў нават. Колькі не прапаноўвала — адмаўляецца. Дзіўнаваты нейкі хлопец, — дала завочную характарыстыку невялікая ўкормленая кабета.
 Але літаральна праз хвіліну  Раман зноў паказаўся ў дзвярах, паставіў на падваконе магнітолу і паклаў побач стосік  касет: “Вось вам заместа гітары”, і выйшаў, следам выскачыў гаспадар пакоя: “Чаму гэта ты збег?” — спытаўся.
— Ды вось,  глядзі, ўсё параскідана. Паліцы трэба дарабіць...
— А дзяўчаты падумалі, чым-небудзь пакрыўдзілі цябе?
— Ды не, усё нармалёва, — яму было прыемна, што яны там абмяркоўвалі яго паводзіны. — Я выйшаў з таго ўзросту, каб крыўдзіцца на людзей.
— Дык пайшлі да мяне! Весялей будзе. Даробіш заўтра свае паліцы.
—  Не магу, — паспрабаваў аднекацца, — а што за дзяўчаты ў цябе? — забрала яго цікаўнасць.
Алесь паведаміў, што “адзначаюць наваселле”, расказаў каго і як завуць, папярэдзіў, што “старэйшая — мая,  а  дзве астатнія — свабодныя, да таго ж — халасцячкі, жаніхоў шукаюць. Адна жыве ў інтэрнаце, а ў другой — аднапакаёвая кватэра. Усе працуюць на тэлебачанні”.
— Дык ты прыйдзеш? — не цярпелася яму, — яны прасілі і чакаюць.
— Добра,  — здаўся Раман,— разбяруся  з бардаком і зайду. Праз гадзінку, калі  да гэтага часу не збягуць.
— О! Яны будуць чакаць. Ты ім спадабаўся.
І вось Раман зноў сядзіць сярод вясёлай бяседы і спявае песні.
— Паўтарыце, калі ласка,  “Пра незамужнюю жанчыну” — папрасіла адна, а ў самой —  вочы сінія-сінія, чыстыя, як нябёсы амытыя дажджом, так і глядзяць  прама ў сэрца…
(Хто ж ведаў, што тымі вачыма глядзела  на яго будучая жонка Тэрэза, быццам  глыбіню лёсу заглядвала).
— А вось яшчэ, паслухайце пра перабудову, — сказаў і пальцы ўдарылі па струнах:
                “Москва не сразу строилась,
                Не сразу перестроится,
                И доллар не братается с рублём!
                Прёт на рубли инфляция:
                Чернобыль — радиация,
                Нальём и как-нибудь переживём!
                Ты, постойка, перестройка,
                Ты постой-ка, погоди!
                Наливай, браток, по стопке —
                Что там будет впереди?…
 — Вот жа, які народ наш таленавіты, — прамовіла старэйшая, — я чула гэтую песню. — Раман падняў здзіўленыя вочы. — Так-так, па радыё, здаецца, Розэнбаўм спявае.
 Раман здзівіўся яшчэ болей: “Хіба мой голас падобны да Розэнбаўма? Хоць нос і гарбінкай, але я не таго кагала. Вы не маглі чуць гэтай песні”.
— А я кажу, што чула. Гатова біцца ў заклад, — не здавалася жанчына, — літаральна тыдзень таму па радыё Расіі.
Раман засмяяўся: “Вы не маглі чуць гэтай песні, яна толькі нарадзілася, і па ўзросту, лічы — немаўля. Пазаўчора напісалася”.
  — Дык гэта вы напісалі? — разгубілася жанчына, —  і словы вашыя?
—Адзінае, за што магу паручыцца, гэта за словы. Мелодыя наплывае аднекуль з сусвету.
— О! Тады вы малайчына. Вас трэба па тэлебачанні паказваць. Гэта ўжо наш клопат. А можаце напісаць песню для маёй перадачы? — спрабавала рэабілітавацца жанчына. — Раман паціснуў плячыма. — Там пра дзяцей перадача: дзеці на дарогах… Дзеці гінуць пад коламі аўтамабіляў…
— Не ведаю. Ніколі не пісаў на заказ. Часцей для душы.
— Кіньце набіваць цану. Паспрабуйце! У вас  атрымаецца, я  адчуваю гэта.
— Ну, хіба што паспрабаваць. Але нічога не абяцаю. Увогуле, не люблю абяцаць. Баюся трапіць у залежнасць.
З усёй кампаніі Раман выдзяліў Тэрэзу: смяялася яна адкрыта і шчыра, а з куточкаў сініх вачэй пры ўсмешцы разбягаліся танюсенькія маршчынкі, нібы сонечныя праменьчыкі. Вызваўся правесці яе дахаты. Пагадзілася. Усю дарогу Тэрэза нешта весела шчабятала пра сваіх братоў, якіх налічвалася ажно пяць, і ўсе жылі ў Мінску. Неяк адразу яна даверылася яму, і здалося Раману, цэлую вечнасць ехалі, як потым аказалася —  усяго толькі пяць прыпынкаў.
— Вот моя деревня, вось мой родны дом. Мой інтэрнат. Тут я і жыву, — паказала на высокі чырвоны дом.
 Раман абняў яе, прыхінуў да сябе,  правёў рукой па валасах… і пацалаваў. Яна не супраціўлялася, пад канец толькі выслізнулася з абдымкаў і звонка засмяялася: “Не так хутка”, — прашаптала загадкава.
— А валасы ў цябе пахнуць вясною і мёдам, — дадаў задумліва.
Тэрэза зноў засмяялася. І штосьці ў яе смеху было такое дзіцячае, безабароннае, чыстае і наіўнае. Раман усміхнуўся, пакутліва шукаючы зачэпку, па якой можна было б напрасіцца ў госці, і раптам: “У мяне ідэя! — сказала яна, — давайце зойдзем да мяне? І пап’ём кавы”.
— З вялікім задавальненнем, — узрадаваўся, што ўсё вырашылася так звычайна.
Зайшоў у госці… За размовай і піццём кавы час праляцеў хутка, і не заўважылі, як пераваліла за поўнач. Нейкая іскра прыязнасці праскочыла паміж душамі, ім было добра. Не ведаў ён, што ў рабочым інтэрнаце дзверы ніколі не зачыняліся, меркаваў, калі ўжо на першую гадзіну перайшло, значыць, яна не супраць, каб ён застаўся. І калі Тэрэза выйшла з пакоя чысціць зубы, скінуз з сябе адзенне і разлёся на ложку. А яна зайшла ў пакой, убачыла новага знаёмага ў сваёй пасцелі і разгубілася, з такой напорыстсцю і нахабствам ячшэ не сутыкалася: не ведаючы што рабіць, — ухапіла шклянку з халоднай вадой і забегала па пакоі, паліваючы сярод ночы вазоны, але ён падыйшоў зздаду, абняў яе... Так і застаўся на цэлую ноч. А затым на другую, і трэццюю…
Вяселле згулялі праз тры месяцы. Яму было 29, ёй — 32. Розніца ва ўзросце, хоць і не вялікая, але наклала на сямейныя адносіны адбітак многіх непаразуменняў. А можа, вельмі рознымі яны былі людзьмі  — Тэрэза і Раман?
3
Тэрэза лічыла сябе шляхцянкай, была каталічкай, а па пашпарту запісана полькай (з тых беларусаў, якія ў стагоддзі семнадцатым, а то і пазней, прынялі каталіцтва, і якіх ксянзы пазапісвалі палякамі). Чамусьці ёй здавалася, што быць полькай значна ганаровей, чым беларускай. А ў палякаў, вядома, гонар — асноўная рыса нацыянальнага характару, не дарэмна кажуць пра іх: “Хоць грыб, ды на талерачцы!”.
Цесць Браніслаў будучага зяця адразу ўпадабаў, а цёшча Станіслава доўгі час касавурылася: “Для дачкі можна было б падабраць і добрага каталіка” — пэўна, думала яна.
Не аднойчы сваталіся да Тэрэзы жаніхі, але, на здзіўленне бацькам, дачка ўсім адмаўляла. Спачатку чакала нейкага заморскага прынца ў белым лімузіне, а потым, калі гады пачалі браць сваё і за вочы сёй-той мог назваць перастаркам, хоць і не выглядала на свае трыццаць, — увогуле вырашыла ні за кога замуж не пойдзе, а  на роспыты  знаёмых і сябровак адказвала жартам, маўляў, не знаходзіцца пакуль годнага шляхетнага кавалера… “Вось бы дзіцятка завесці, — закралася аднойчы  ў свядомасць думка, — як бы песціла яго і любіла… І чаму  дзяцей нельга  нараджаць без мужчын?”.
— Мамуся, — па прыездзе з Мінска звярнулася да маці — хачу я нарадзіць дзіцятка. Трэба і мне паспрабаваць мацярынскага шчасця.
— Ты што гэта, дурніца, плявузгаеш абы што. — У Станіславы нораў круты, характар жарсткаваты і ўладалюбівы, гэта не татусь — душа чалавек, хоць і старэйшы за маці на 13 гадоў, але падмяла яго пад сябе Станіслава: усё жыццё так і праездзіла верхам ну мужу, незадаволена паганяючы, — а як жа іначай, нарадзіла ажно сямёра: шэсць хлопцаў і дачку.
Вось гэтая адзіная дачка чамусьці больш за ўсіх і раздражняла маці: то апранецца не так, як людзі, то індуляцыю не такую зробіць, як  суседчына Вераніка — усё ў яе Тэрэзы неяк сікась-накась. “Ну чаму замуж не бяруць? — думала з сумам, — бо не так сябе дачка паводзіць.  Не ўмее паказаць тавар тварам. Адмовіла і адным, і другім, і трэцім  сватам? Людзі, як людзі — а ёй усё не дагодзіш”.
Але змякчылася маці, адчула на гэты раз: дачка ўсур’ёз вырашыла абзавесціся дзіцём, ды яшчэ без бацькі… Што яна можа разумець?
— Э-э, не! Дочачка, — (ці не ў першыню ласкава  прамовіла да Тэрэзы?). — Не, дзіцятка. Надумала жыць адна — жыві. Тваё табе будзе. Якою Бог доляю надзяліў, такую і напаткаеш. Я  шасцярых на ногі падняла, а сёмы ў зямельцы парыцца. Усяк прыходзілася. Думаеш дзіця — цацка? Клопат на клопаце: а колькі бяссонных начэй? Дык мы ж — удваіх, а ты… Выкінь з галавы, нават і не думай без бацькі! Людзі будуць у вочы пароць: “Вунь, Дасіневічаў байструк пабег”, — сораму не абярэшся. Не, Тэрэзачка, хоць раз паслухай мяне: не рабі  гэтага. А народзіш — не паказвайся ў Дзертнікі, — сарвалася пад  канец Станіслава, збіваючыся на  загадны тон. — І ўнукам яго не прызнаю, і ад цябе адракуся. Гэта ж стыдоба несусветная! Во ўдумала, галоўка як макоўка, а розуму…
     Паслухалася Тэрэза маці, хоць часта рабіла наперакор бацькам. А доля сапраўды не размінулася з  ёю, зведае і яна шчасце мацярынства.
     Калі справа дайшла да вяселля, бацькі Тэрэзы асцярожна пачалі схіляць маладых, каб узялі шлюб у касцёле.
 — Жонка за мужам ідзе, — адказаў на захады Раман.
 — Ну, дык вядома, але якая розніца? Абы пад шлюбам сям’я была, — стаяла на сваім Станіслава.
— Я ж і кажу: я праваслаўны! Калі ў царкве — хоць сёння пад вянец,  а ў касцёле не буду.
Станіслава прыводзіла шматлікія прыклады, якія на яе думку павінны былі пераканаць Рамана, што шлюб патрэбна браць менавіта ў касцёле: “Вунь, хлопец з Гальшан узяў рускую дзеўку і павянчаліся ў касцёле”.
— Самі сказалі “хлопец узяў”, дык і я ж бяру вашу Тэрэзу: дзеўка ідзе за хлопцам.
— Але ж вы і ўпарты. Галоўнае шлюб узяць.
— Дык я ж і кажу, калі шлюб — галоўнае, то вянчаемся ў царкве. Жонка ідзе за мужам, бярэ яго прозвішча і прымае мужнюю веру.
— Не! Не пойдзе Тэрэза ў царкву, — цвёрда заяўляла Станіслава, — чаго яна будзе веру ламаць? Не бываць гэтаму.
— Тады ўвогуле нідзе не будзем вянчацца. Я не хачу гвалтам. Раней не вянчаліся і жылі. І мы  пражывем.
— А што? — уставіла слова Тэрэза, — гэта цяпер мода пайшла шлюб браць, быццам здурэлі ўсе. Раней распісваліся і ніякага шлюбу не бралі.
— Калі сабака ср..., а калі пара йшла? Гэта нядаўна пры саветах так стала, а даўней людзі Бога баяліся ды адзін аднаго стыдаліся, — не здавалася маці, — а без шлюбу так жывуць: дзяцей настругаюць і разбегліся.
— Па-ўсякаму жывуць і са шлюбам, і без шлюбу, — падытожваў бацька, — хаця, канешне, са шлюбам яно неяк лацвей і надзейней.
Ён баяўся, што жонка сваёй упартасцю няўзнак парушыць шчасце любімай дачкі. А тое, што Тэрэза ўжо адчувае сябе шчасліваю, бацька прыкмеціў адразу. І будучы зяцёк яму падабаўся, хоць і не п’е (сам Браніслаў любіў падняць з якой-небудзь нагоды, а то і без дай прычыны чарку), хоць і не вялікага расточку, але спрытны і скоры да працы, хвацкі. Так ласкава глядзіць на яго дачку, ажно сэрца радуецца ў старога, ды ўсё “Тэрэзка, Тэрэзачка…” — а іншы раз і афіцыйна, як да сапраўднай пані звернецца: “Тэрэза Браніславаўна”.
Як ні намагалася Станіслава зрабіць з Рамана каталіка, жаніх са свайго не сыходзіў: “Або ў царкве, або нідзе! Распішамся ў Загсе і досыць.” Апошняй кропляй стала цытата з Дабравесця: “Да убоиться жена мужа своего, яко Бога… Ибо муж — глава смьи, а мужу глава — Христос.”
— Во! Чуеш, які разумны ў нас зяць, — падхапіў Браніслаў, — як па-пісанаму гаворыць
На тым і сыйшліся: шлюб пакуль нідзе браць не будуць, а далей — як Бог дасць. 
Тэрэза з Раманам жылі ў Мінску. На выхадныя  наведваліся да бацькоў дапамагчы  што-небудзь па гаспадарцы. Любілі Дасіневічы ўсё перакручваць на свой манер, пэўна, іначай паступаць не дазваляў гонар, якога ў апошнягя басаногага шляхцюка хапае па самыя вушы.
Дзіўна  было Раману спазнаваць адносіны ў новым сямействе. Усім верхаводзіла Станіслава, штодзень панукаючы Бронькам,  вечна незадаволеная і  капрызная. Дагадзіць цешчы было амаль не магчыма, што ні зробіш, усё не па ёй: сем пятніц на тыдні. Была яна сабе на ўме і мела не жаночы розум, але пасмяяўся  аднаго разу з яе Раман.
 Аднойчы з цесцем майстравалі карыта для свінней. А Станіслава навісла над двума мужыкамі, глядзіць і камандуе: вучыць як трэба дошку прыставіць, куды цвік  забіваць.
— Пачакайце, баце, — перапыніў Раман цесця. —  Дайце сюды, — узяў малаток і працягвае Станіславе са словамі: — Маці, калі вы лепш за нас можаце зрабіць карыта, то, калі ласка, вось інструмент і пакажыце як гэта робіцца, а мы пастаім і паглядзім на ваш спрыт.
Усміхнулася цешча і адыйшла ў бок. Але з таго часу не лезла пад  рукі.
А яшчэ здзіўляла Рамана, як збярэцца ў бацькоўскую хату вялікая сям’я Дасіневічаў, то абавязкова ўспыхне сварка. Іншы раз і да бойкі дойдзе. Не абыходзілі скандалы вялізны сямейны стол: знай сабе, пачынаюць дзеці выхваляцца адзін перад адным, або падджыгорваць адзін другога, кпіны і насмешкі строяць, пакуль да кулакоў не дойдзе. І ўсё гэта не напрамую дзеяцца, а з нейкім вывертам, быццам нячысцік  накручвае кожнага паасобку і сутыкае лбамі. Заўсёды кукіш ў кішэні трымаюць: паказвацімуць пальцам на таго, хто дрэнна робіць, а ў кулачок пасмейваюцца: “Паглядзі, маўляў, які дурань!”.  У вочы зазірне, быццам рублём  адорыць,  адвернешся — зноў смяшкі ды кепікі. Быццам не жывуць людзі, а ў нейкую гульню іграюць, нібы вечна давядзецца іграць…
І аднойчы за сямейным сталом не ўстрымаўся Раман і выпаліў праўду-матку: “Што вы ўсё пра шмаццё ды пра багацце?! Падколкі ды падкавыркі адны. Нават з бацькамі сур’ёзна не пагаворыце. Не ў клуб на пасядзелкі, да бацькоў прыехалі. Можа, апошні раз бачыце, а ўсё — смешкі ды гулі… Абрыдла!  З бацькамі пра сур’ёзнае гавораць. Яны ўпэўнены павінны быць, што сапраўдных людзей пакідаюць, што паміж вамі згода і лад застанецца. Маўляў, не дарэмна і яны жыццё пражылі, ім перад Богам адказ трымаць…
Так расчулілі тады цесця Раманавы словы, што ажно праслязіўся стары. Сказаць да месца, увесь род Дасіневіча быў  хуткім на слёзы. Тут плачуць, а праз хвіліну — смяюцца. Раману для таго каб заплакаць, патрэбна была надта сур’ёзная прычына. Можа таму быў сухі на слёзы, што змалку вучылі: “Мужчыне сорамна паказваць слёзы!”.
4.
У сярэдзіне кокана, пакінутага тараканіцай, варушкалася дробязь. Абсмоктваючы рэшткі спажывы, малеча набіралася моцы. Праз некалькі дзён тараканчыкі  прагрызлі хітонавы покрыў і высыпалі праз дзірачку на божы свет. Два чортавыя тузіны налічвалася іх у вывадку, дваццаць шэсць малюпасенькіх, як макавыя зярняткі, тараканчыкаў. Іх празвалі Талеркавічамі. Выжылі не ўсе. Каля палавіны так і не адважыліся адпаўзці ад кокана, не навучыліся жыць самастойна, не пераадолелі адлегласць, якую неабходна было прайсці да самастойнага жыцця.  Іх паўпразрыстыя  высахлыя  трупікі  ляжалі тут жа ў талерцы: месца народзінаў стала для іх і месцам пахавання. 
Першым наважыўся пакінуць абсмоктаную мацярынскую абалонку і пусціцца ў невядомае падарожжа — Шустрыканчык. Следам з талеркі разбегліся і  астатнія. Цяжка быць першым, нават сярод тараканаў, але так быў пакладзены пачатак вечнай міграцыі.
Таракан не мае радзімы. У гэтым плане ён — касмапаліт і падобны да  цыгана ці яўрэя: ашываецца там, дзе ёсць ежа, дзе можна чым-небудзь пажывіцца, дзе болей харчу — там для яго і  айчына. Не выключэннем з агульнага правіла стаў і  Шустрыкан Талеркавіч.
Таракан — дзіця цывілізацыі. У вёсках, калысках культуры і духоўнасці, таракан чамусьці не прыжываецца, аблюбаваным месцам пражывання становіцца мегаполіс, сярод урбаністычнага ланшафту таракан знаходзіць трывалую прапіску.
Колькасць тараканаў павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі ў залежнасці ад чалавечага роду — такую выснову зрабіў для сябе Раман Радзівонавіч Родасветаў, — а род чалавечы лепш за ўсё пазнаецца ў Камуналцы, куды і пасялілі Рамана пасля нараджэння Тэрэзай першага сына.
                *       *       *
Сходзяцца два розныя чалавекі, два разнастайныя лёсы сплятаюцца пачуццямі, душамі і характарамі каб жыць аднымі клопатамі. Лічыцца, што ў маладосці характары прыціраюцца лягчэй. Але ж ці мала памыляліся людзі за гісторыю?  Бясспрэчна адно, калі паруюцца два немаладыя ўжо чалавекі з нажытымі, як балячкі, прывычкамі,  — аднаму Богу вядома, як складуцца  сямейныя адносіны. Так сыйшліся пад адным дахам Раман і Тэрэза, каб жыць адной сям’ёй.
Перавёз Раман рэчы у Тэрэзін інтэрнат — і пачалося сумеснае жыццё. А заадно, адразу ж пасля вяселля, пачаліся сваркі і спрэчкі.
Раман меў характар цярплівы, але трываў да пэўнай мяжы, калі раптам цярпенне лопалася, мог у адзін момант выбухнуць вулканам і вывяргнуць з тэктанічных глыбінь душы немаведама што, і доўга затым шукаць супакоенасці. Тэрэза, наадварот, была ўспышлівай, загаралася, як сухая запалка, ад  аднаго чырку, але хутка адыходзіла: праз хвіліну магла забыцца  на прычыну сваркі, змушаючы Рамана да раніцы варочаць з боку на бок сваё бяссонне.
Дабіцца  чаго-небудзь ад Рамана можна было толькі ласкай і добрым словам, загаднага  тону на дух не пераносіў. Тэрэза ж, пэўна, з малаком маткі ўсмактала: у сям’і верхаводзіць жонка, а муж — зарабляе грошы і забяспечвае ўсім неабходным. Намервалася завесці такія парадкі і ў сваёй сям’і. Рамана гэта раздражняла. Калі спрабаваў пярэчыць і настойваць на сваім — яе кідала ў злосць і біла  ў трасучцы: ад бяссілля зрабіць па-свойму часта прыбягала да самых моцных аргументаў, — горкіх слёз або  вострых кіпцюроў. Колькі разоў  крывавыя пісягі заставаліся на мужавым твары, як узнагароды непаразуменняў. Раман цярпеў, дараваў нястрыманасць. І спакойна рабіў так, як лічыў патрэбным. Гаварыў толькі сягды-тагды з адчувальнай ноткай  пагрозы ў голасе: “Тэрэза! Не скачы. А то вазьму рэмень,  зацісну галаву паміж ног, задзяру спадніцу і адхвашчу па мяккім месцы, як малое дзіця”.
Жонка і вухам не вяла на пагрозы, відаць, належала да людзей, што не чуюць слоў, пакуль слова не стане дзеяннем. І вось аднойчы здарылася: прычынай паслужыў тэлевізар. Раман глядзеў літаратурную перадачу пра Цютчава, свайго любімага паэта. Зайшла Тэрэза і, не пытаючы нават, пераключыла на іншую праграму.
— Тэрэза! Ты што не бачыш: я гляджу! Нельга так бесцырымонна, як быццам мяне тут няма. Тым болей, што трэба паглядзець гэтую перадачу, —сказаў, падыйшоў да тэлевізара і пераключыў на літаратурную праграму.
— А я буду глядзець кіно! — падбегла яна і  злостна пстрыкнула каналамі.
Раман паціснуў плячыма, устаў і моўчкі пераключыў; а яна — яшчэ больш закіпаючы, вярнула экран на кіно. Яшчэ раз шчоўкнулі каналы — і тут жонку затрэсла, кінулася  з кіпцюрамі да Раманавага твару. Але ён, доўга не думаючы, ухапіў за валасы, нагнуў галаву, заціснуў яе паміж ног, вышмаргнуў са штаноў рамень і задраў спадніцу: “Я цябе навучу!”. Доўга хвастаў у гарачцы рамнём, ажно рука стамілася. Ад Тэрэзы — ні гуку.  Адкінуў у бок рамень, паднялася, бліснула вачыма, выціснула з сябе толькі: “Ніколі табе гэтага не дарую!”.
Маўчалі сутак трое. Раман вырашыў: справа скончыцца разводам. Але праз які тыдзень усё ўбілася ў звычайную каляіну. Цяжка сказаць, навучыў ён жонку ці не? Але цяпер кіпцюроў пры сварцы не выпускала: хоць і задрыжыць бывала, і кінецца, як кошка да твару, ды толькі натыкнецца, быццам на нябачную сцяну, укалоўшыся аб  халодны позірк Рамана.
Сям’я — жывы арганізм: адзін орган забаліць — усё цела пакутуе і хварэее. Муж і жонка, як двухкамернае сэрца гэтага арганізма, у кожнага свой круг кровазвяртання, і адзін не можа існаваць без другога. Магчыма, разважаў Раман, у сямейным жыцці я выбраў не тую лінію паводзін? Інакш чаму Тэрэза правакуе на бескантрольныя выбухі? Можа ёй падабаецца дэманстрацыя грубай мужчынскай сілы. А можа ў саміх характарах ёсць рысы, ад якіх трэба пазбаўляцца? І ці не выходзіць вонкі праз выбуховыя канфлікты схаваная хвароба? Звычайнай гарачкай арганізм ратуе сябе ад смерці, такім жа чынам прарываецца і гнойны абсцэс, бо калі прарвецца ў сярэдзіну — адбудзецца заражэнне крыві і немінучая смерць.
Раман успамінаў, што на пачатку сумеснага жыцця, пры крыўдзе Тэрэза замаўкала, слова не выцягнеш: “Тэрэза, чаму ты маўчыш?” — дапытваўся бывала, а яна, як вады ў рот набраўшы, быццам аглухла ад крыўды. Колькі разоў тады пераконваў яе: “Тэрэза! Нельга маўчаць. Па-першае, не трымай зло ў сабе! Яно разарве знутры, лепш выплюхнуць яго, а, па-другое, я ж не чытаю думкі, адкуль мне ведаць: што цябе пакрыўдзіла, ці што я зрабіў не так? А не дакапаешся да прычын, не выкарчуеш крыўды — маўчаннем непаразуменне толькі разрастаецца. Не знойдзем суладдзя: кожны дзень аддаляціме нас адзін ад аднаго — увогуле станем чужымі. Гэта не выхад! Таму не адгароджвайся сцяной маўчання. Мы — сям’я, адзінае цэлае, і я табе не вораг. Набалелае трэба выказваць услых. Лепш накрычы на мяне, калі штосьці зрабіў не так, калі цябе нешта злуе — і тады палягчэее. Толькі не маўчы”.
Напэўна, ён пераканаў жонку, бо цяпер яна ахвотна карысталася дазволам выкрыкваць УСЁ! Неяк вельмі частымі і дробязнымі сталі  прычэпкі: то не туды чаравікі паставіў, то рушнік не на сваё месца павесіў, а то, смех адзін, — не так кашляеш…
Ёсць у Рамана нязначная загана: кашаль… Нешта кшталту своеасаблівага нервовага ціку, не зусім і кашаль, бо нейкі непаўнавартаснны ён, так сабе — запяршыць пры хваляванні ў горле і міжвольна атрымаецца: “Кхе-кхе!”. З дзяцінства набылася такая прывычка, пазбавіцца ад такой — тое ж самае, што пазбавіцца заіканна. Яшчэ дзед Мікалай бывала падсмейваўся: “Што ты кхекаеш, як качка, ці гусак які: кхе-кхе, кхе-кхе… Будзь мужчынам, кашляні адзін раз, каб адно сцены паразляталіся!”. І што самае дзіўнае (як выявілася потым) у Тэрэзы таксама была такая ж загана і старэйшы брат часта пацвельваў яе і здзекваўся. Можа такое кашлянне было звязана з непрыемнымі ўспамінамі дзяцінства, ці іншае што? Да ўсяго сказанага, Тэрэзе часта здавалася, што Раман, усё што ні робіць — абы наперакор.
Ляглі аднойчы спаць, а ім і авалодаў стан адвольнага кашляння. Раз-пораз начную цішыню парушае ненавіснае для Тэрэзы “кхе-кхе!”.
— Перастань! — “Што перастань?”. — Перастань кашляць!
— Тэрэза! Як я магу перастаць? Кхе-кхе, — зноў кашлянуў ён, быццам падцвердзіў свае словы. —  Гэта ж кашаль! Яно само  сабою робіцца. — “А я сказала перастань кашляць!”. — Добра-добра. Паспрабую, кхе-кхе…
А тут такая хітрая пятрушка атрымліваецца, чым больш сканцэнтроўваеш увагу на кашлі, тым больш адвольным і не падкантрольным для цябе ён становіцца.
— Кхе-кхе! Прабач, — пакашляе Раман, а праз хвіліну зноў кашляне.
— Ты што здзекваешся нада мною? Я ж прасіла!!!
— Тэрэза, ды зразумей ты! Кхе-кхе! Гэта як дыханне. Калі я скажу табе не дыхай, ласкава так папрашу — ты зможаш выканаць такую просьбу? Кхе-кхе! Зможаш не дыхаць? Так і тут. Кхе-кхе, кхе-кхе!..
— Яшчэ раз так зробіш, — заяўляе раптам жонка, — і я выкінуся ў акно.      
— Ды ну цябе! — мацюгнуўся Раман, ускочыў з ложка і пайшоў курыць.
Паўночы праседзеў на агульнай кухні, чакаючы пакуль жонка засне.
Вось такая яна была Раманава жонка. І здаецца ж, не проста так ажаніўся? Магчыма, і любіў яе? У крайнім выпадку паверыў, пераканаў сябе, што менавіта такая жонка яму і патрэбна. Яны былі антыподамі. Кажуць, розныя палюсы прыцягваюцца, а аднолькавыя — адштурхоўваюцца, дык чаму тады яны такія розныя, але з такой сілай адштурхоўваюцца? Законы фізікі не заўсёды спрацоўваюць у чалавечых адносінах. Аднаму Богу вядома, якія законы дзейнічаюць у чалавечых адносінах. Даўно прыкмеціў Раман, што  жанчыны-псіхолагі, якія паўсюдна раздаюць ўрокі шчаслівага  сямейнага жыцця і гарманічнага выхавання дзяцей, як правіла, самі ніколі замужам не былі і звычайна дзяцей не маюць. Парадокс. Прыцягнула, як магнітам іхнія два лёсы і звязала ў адзін вузел. Вось так і жылі. І яшчэ верыў Раман, і Тэрэза верыла: калі Бог звёў іх разам у  даволі сталым узросце, то так і патрэбна, менавіта яны і створаны адзін для аднаго.
У Тэрэзіным інтэрнаце Раман упершыню ў жыцці і ўбачыў тараканаў: “Што гэта за жучкі такія бегаюць па кухні?” —  спытаўся аднойчы ў жонкі.
— Хіба ты не ведаеш? — здзівілася Тэрэза, — гэта ж тараканы.
— Хмг! Ніколі не бачыў.
— Гэта яшчэ паўбяды. Тут раней клапы жылі… Вось дзе гадасць дык гадасць! Насмокчуцца крыві і сядзяць сабе, пазабіваўшыся ў шчыліны. Прачнешся раніцай — усё прасцірадла чырвонае.
— Цьфу! Мярзоцце якое!
       А праз год, калі ў іх нарадзіўся сын, сям’ю перасялілі з халасцяцкага інтэрната ў Камуналку, пра якую асобы роспавед. Дарэчы, любая сям’я пачынае адлік новага існавання толькі з  нараджэннем дзіцяці.               


Рецензии