Каза адпушчэння

  Каза адпушчэння
                (замалёўка з натуры)
          Не заўсёды казлом адпушчэння бывае істота мужчынскага роду. Аднойчы гэтую ролю выдатна згуляла   каза і той дзед, што пасвіў яе каля чыгуначнага пераезду.
         Дзед Апанас пасвіў казу і ўсё бачыў…
         Шлагбаўм апусціўся перад самым носам матацыкліста, ледзьве паспеў прытармазіць, бедалага. За матацыклам прыстроілася падвода, а праз хвіліну ў хвасце невялікай пакуль чаргі віскатнуў тармазамі “наўячы”, але патрыманы да гэтага ў чужа-замежных руках, “Мэрсэдэс”.
          Цягніка доўга няма. Усе чакаюць. Нервуюцца таксама ўсе. Асабліва матацыкліст, цыганаваты мужчына ў паласатым трыко і нацягнутым па самыя вочы чорным шлеме з чырвонай стралой-маланкай: час ад часу “цыганчук” пакручвае ручку экселератара – дым  вырываецца з выхлапной трубы, нібы з сапла рэактыўнага самалёта. “Няйначай, перадаў бензіну! Таму і баіцца, каб тэхніка не заглохла”, -- падумаў дзед Апанас, паторгваючы казу за вяроўчыну.
 Чарга расце хутка. Шлагбаўм паласатаю зебраю перакрывае дарогу, міргае чырвоным вокам семафор – а цягніка ўсё няма…
     Усе гараць нецярпеннем. Апанаса разбірае сверб і злосць на чыгуначныя службы:”Гэта ж колькі чаду вымушана заглынуць яго каза Параска!”. Надакучае чаканне і каню: фурманка паволі пасоўваецца і гняды, ці то ад цікаўнасці, ці то ад уедлівага дыму, штурхае пысай у чырвоную стралу-маланку на шлеме матацыкліста. Цыганчук, аглянуўшыся, пужаецца і замахваецца на каняку:”Ух, ты! Здыхляціна!!”. Конь задзірае галаву, ад нечаканасці становіцца дыбкі  і адступаецца назад. Цэнтральная  вось фурманкі з трэскам уразаецца ў фару Мэрсэдэса. Звініць раскрышанае шкло. Дзед Апанас смыкае  за матузок Параску і падыходзіць бліжэй. Разгневаны шафёр, добра апрануты карапуз з пляшывай галавой, мячыкам выкульваецца з кабіны, забягае наперад аўтамабіля і агалошвае прастору крутымі мацюгамі.
-- Так-так! Ушчэнт! Хто будзе плаціць?! – па-дзелавому аглядае пашкоджанне і звяртаецца да ездавога: -- Гэтая штука каштуе пяцьдзесят баксаў. Плаці, галубок!
-- А-га! Здароўце, прыехалі! Пяцьдзесят сраксаў! – нахлабучвае ездавы шапку на вочы, -- прычым тут я? Няхай ён плаціць. Ён майго каня ўдырыў.
-- Яшчэ чаго! – азваўся матацыкліст, -- ездзяць тут здыхляцінамі рознымі па дарозе, у твар лезуць! Чаму каня не трымаеш? Пусціў лейцы і храпеш у шапку – вось і плаці!
-- Як бы не так?! Здароўце, прыехалі! – ездавы саскаквае з воза і па-заліхвацку збівае шапку на патыліцу, -- а мне хто заплаціць? Вунь, вось пагнулася… Га? Ты ведаеш, колькі сёння каштуе вось? Куды там хфара на тваёй гаргары!
         -- Да такая  тачка, старик,  на сто телег твоих потянет.
         -- Я на тачцы гной важу. А каб новую вось у кузні заказаць, можа цэлых сто  тваіх баксаў-шмаксаў патрэбна, -- не звярнуў ён  увагі на рэпліку мэрсэдэсаўца, -- Здароўце, прыехалі! Чаго ён прыляпіўся ў хвост майго каня?! – накінуўся на матацыкліста, -- ты парушыў дыстанцыю, не вытрымаў інтэрвал.
-- Хто, я парушыў? Я першы стаю, -- зняў цыганчук шлем з галавы, адкрываючы рыжыя пасмы.
-- І ты, і ты парушыў! – не здаваўся ездавы, насоўваючы шапку на вочы, -- раз”ездзіліся тут, панімаіш!
-- Зараз звякну ў міліцыю, яна мігам разбярэцца, хто  і што парушыў. Нічога не ведаю, братаны! Плаціце, пакуль не позна абое… Па дваццаць пяць даляраў!
І ездавы і матацыкліст, які зноў усцерабіў на галаву шлем  сустрэлі  заяўленне грабавым маўчаннем.
Шафёр-калабок плюнуў пад ногі і дастаў з кабіны тэлефонную трубку:“Зараз тут хутка разбяруцца!” – чмыхнуў ён,  націскаючы кнопачкі. Ездавы ўсміхнуўся, збіў шапку на патыліцу і, падміргнуўшы матацыклісту, уздыхнуў:”Пужае, хе-хе! Дурняў знайшоў, бач ты яго, здароўце, прыехалі! Плаці яму, хе-хе!”.
-- Чаго ты зубаскаліш, стары хрыч! Зараз тэлефоны такія, і правадоў не трэба. Вялікая, відаць, шышка, гусь гэты!
Ездавы  замаўчаў, нібы  папярхнуўся, каўтаючы мыш.
Тут і падыйшоў дзед Апанас… І казу Параску за сабою прывёў на павадочку:”Пачакайце! Навошта міліцыя? Я ўсё бачыў…Я растлумачу, хто вінаваты!” – зашмаргнуў матузок на шлагбаўме і заладом пачаў тлумачыць:
-- Пасу гэта я казу, і вось пад”язджае на сваім драндулеце вот гэты спартмэн…
-- Гэта не драндулет, стары, гэта Чэзэт! – агрызаецца матацыкліст.
-- Няхай сабе і клазет, якая розніца – усё роўна драндулет!
-- Ты асцярожней, дзед!
-- Вось, бачыце, які нервовы? Акурат як мой сусед… Усё газаваў – зачадзіў усё наўкола сваім клазетам. Я ж бачыў! – заявіў Апанас з такім відам, быццам ён адзіны глядзеў, а астатнія на момант пазаплюшчвалі вочы, --я усё бачыў! Ажно конь не вытрымаў дымішчы такое. Капля нікаціна лошадь убівает, а ты быццам параход які са сваім клазетам: вядро гары!
-- Што гэтага дурня слухаць! З розуму выжыў.
-- Сам такі! Акурат, як мой сусед: раскачагарыць сваю лазню, хоць ты ў лес уцякай. А гэны тожа. Яшчэ і каня па храпе! Конь жа мог і капыты адкінуць.
-- Як піць даць! – уставіў ездавы, яго шапка зноў сядзела на патыліцы.
-- Гэто ж нешчотне пудкая жывёліна. А ек понёс бы? Забіў бы чоловека. Бедны аж задыхаўся, шыю гэтак выцягнуў, шчоб хоць крыху продыхнуць, а гэны клазет яго по мусіне, по мусіне… Ён вінаваты!
-- Правільна! Ад яго ўсё пайшло, -- падтрымаў ездавы, -- у мяне ж конь далікатны. Мог бы і панесці! Ек піць даць, здароўце, прыехалі! Гэто добрэ, шчо я ўтрымаў. Додумацца: жывёліну біць!.. Няхай плаціць!
Мэрсэдэсавец неяк бачком падкаціўся да матацыкліста і, ненатуральна вывернуўшы руку, злаўчыўся і вырваў ключ зажыгання:
-- Плаці пяцьдзесят баксаў! – загадаў ён.
-- Яшчэ чаго?! Аддай ключ! Ключ аддай. Чаго гэта ты вытвараеш?! Круты знайшоўся.
-- А вось зараз прыедзе міліцыя, яна і разбярэцца чаго!  Хто з нас круты, а хто ўсмятку звараны.
-- Ну, прычым тут я? – спакойна развёў рукамі матацыкліст. -- Хіба я разбіў табе фару? Не. Дык чаго ты ад
мяне хочаш? У мяне самога інфаркт мог здарыцца: паварочваюся – а тут лезе нейкая здыхляціна ў твар… Чаго ён спаў на возе? Каня пусціў самаходам, а сам храпе ў шапку…
-- Нічога не ведаю, плаці! – гнуў сваё шафёр.
--Пачакайце! Па-справядлівасці ж трэба! – утыкнуўся ў размову дзед Апанас, -- і то праўда… Хмг! Сапраўды, выехаў на тракт – глядзі за дарогай. А то як мой сусед  выпусціць свінней – увесь гарод перарылі траншэямі. Парадак ва ўсім павінен быць. Напраўду, калі б ездавы трымаў каня, ён не пайшоў бы да мацатыкліста… Ці спаў ён, ці не – лгаць не буду, не бачыў. Далёка было. А тое, што знянацку  інкхфарту можна схапіць, як піць даць,  праўда! Вунь у мяне сусед… Сталінград жа на маім гародзе! Не вытрымаў я аднойчы, дастаў стрэльбу, як пальнуў паверх яго свінчука (усё ж перарыла поскудзь гэтая!), дык ён адразу за сэрца: мікраінкхфарт! Што ты ржэш? Не ў свінчука, у суседа. Вось як! Так што ездавы вінаваты… Ездавы! Трэба ж заснуць на пераездзе. Пэўна ж, заснуў! Калі б трымаў каня, той не пайшоў бы, гэны не спужаўся б, не падвяргаўся б інкхфаркту, і каняку не трэба было б біць, і хфара была б цэлая…Ён вінаваты!
-- А што, дзед, жалезная логіка. Ты мне пачынаеш падабацца. Няхай плаціць ездавы.
-- Плаці! – прыступіў шафёр да ездавога, які зноў насунуў шапку на вочы.
-- Ага, здароўце, прыехалі! Знайшлі дурня. Майго каня пабілі! Маю вось пагнулі! І мне яшчэ плаціць?! Во, выкусіце вы ў мяне. Разумнікі! Ты ведаеш, колькі сёння каштуе вось? Можа цэлых сто даляраў і магарыч зверху. Дзе ж справядлівасць? Здароўце, прыехалі!  З усіх бакоў мяне пакрыўдзілі, і мне ж аплочвай уласную ганьбу далярамі! Дзе ж гэта бачна! Чаго ты сам прыклеіўся пад хвост майго каня? Чаму не захоўваеш паложаную дыстанцыю за гужавым транспартам? Га? Сам вінаваты!
-- І то праўда! – зноў устраў у спрэчку дзед Апанас, -- ён такскама пастрадаў. І каня пабілі, і вось пагнулі… А ўсё ад таго, што ты не захоўваеш дыстанцыю за гужавым транспартам. Вось так! Якая павінна быць дыстанцыя? Ну! Не ведаеш. Сам вінаваты. Так што плаці!
-- Каму гэта я буду плаціць?
-- Як каму? Яшчэ пытаецца. Каму хфару разбіў, таму і плаці!
-- Дык мне ж разбілі фару! Мне! Вы зусім звіхнуліся тут?! Мне разбілі фару!! – стукаў у свае грудзі мерсэдэсавец, -- мне павінны заплаціць пяцьдзесят даляраў! Мне!!!
Дзед Апанас спачатку разгубіўся, не разумеючы, што тут заблыталася, а потым, глянуўшы на Мэрсэдэс, спакойна дадаў:”Вось і заплаці сам сабе за хфару далярамі, грошай хапіла на гэту кашару, знойдзеш і на хфару!
Шафёр агідна пасміхнуўся, схаваў матацыклетны ключ у кішэню, і зноў палез у кабіну за тэлефоннай трубкай.
Ужо даўно праехаў цягнік. Ніхто з-за спрэчкі і не заўважыў гэтага, а дзед Апанас адстойваў гонар Феміды, узважваючы аргументы, абвінавачваў і прысуджаў штраф то аднаму, то другому, то трэццяму… Даўно зачыніўся шлагбаўм -- і вадзіцелі, што абміналі падсудную тройцу з абаронцам справядлівасці, параўноўваючыся з імі, неяк дзіўна перакручваліся і браліся за жываты, быццам у іх знянацку хапалі кішэчныя колікі; сёй-той падджыгорваў Апанаса, маўляў, давай-давай, дай ім чосу… Пакуль адзін з іх не высунуўся з кабіны самасвала і, паляпаўшы дзеда па плячы, сказаў:”Стары, назад паглядзі!”.
Дзед Апанас аглянуўся і… О, Божа!! На шлагбаўме, узнятая высока над зямлёй, ў апошніх сутаргах падрыгвала нагамі, прывязаная ім каза Параска.
-- Ай, людцы, каза!! – залямантаваў дзед, -- плаці, сука! Казаў я табе! Плаці за казу! 
Быццам пісталетам тыцнуў ён пальцам у грудзі мэрсэдэсаўца, а той, скруціўшы вялізарную дулю, падпёр ёю чырвоны нос Апанаса. І тут жа  атрымаў ад Апанаса звонкую поўху. Ездавы ў гэты момант з крыкам:”Я табе пакажу, клазет, як біць майго гнядога!” – чвікае пугай матацыкліста, а той, сарваўшы шлем са сваёй галавы, лупіць у пысу беднага канякі. Конь зноў адскоквае назад. І другая фара высыпаецца шклом на дарогу.
“Плаці! Плаці!! Плаці!!!” – чуецца з усіх бакоў.
-- Плаціце ўсе трох. А ты, мэрсэдэсавец, скнара ты гэтакая, буржуй недароблены, больш за ўсіх плаці! А то раскалачу тваю гаргару! – разлаваным мядзведзем роў дзед Апанас і калашмаціў дохлаю казою па лабавым шкле Мэрсэдэса.
Тут і прыехала міліцыя…
 Казу таксама забралі ва ўчастак. Як рэчавы доказ. Што там адбывалася, не вядома. Але верагодна, што дзед Апанас і там даказваў, што, калі б міліцыя прыехала своечасова, то Параска была б жывая…
-- Няхай плаціць і міліцыя!


Рецензии