Вечная цаглiна


              ВЕЧНАЯ ЦАГЛІНА
                (памфлет)

“Балванаўск – невялічкі гарадок Прыдураўскай вобласці Таўкачынскага раёна. Знаходзіцца ў стадыі станаўлення” – так можна было прачытаць у энцыклапедыі яшчэ зусім нядаўна, але сучаснасць настолькі бурапеная, нават дзяржаўныя сцягі мяняюцца, як пальчаткі, што ўжо гаварыць пра адпаведнасць звестак энцыклапедыі, выдадзенай пры цару гароху? Зараз і горада з такой назвай няма. Ён мяняў сваё найменне разам з каштоўнасцямі разоў пяць, шэсць, сем…

Так што паспрабуем распавесці гісторыю Балванаўска сваімі словамі з таго, што чулі на вуліцы і ў тэле бачылі.

Сабакі, народжаныя ў год заснавання,  здохлі яшчэ не ўсе. Горад,  у параўнанні з іншымі — падлетак. Аднойчы прыйшло рашэнне Прыдураўскага АбылВЫКАТХАМА: “Збудаваць Горад Парадку!” І з усіх канцоў і сярэдзін краіны на ўдарную будоўлю хлынула моладзь. Моладзь любіць крутнуцца на кароткай назе за доўгім рублём. Увогуле, калі трэба што-небудзь хуткатэрмінова збудаваць, неабходна толькі гучна, а галоўнае — своечасова кінуць кліч: “Усе на будоўлю веку!”. Кінутае абавязкова паднімуць, а рэха людскога натоўпу падхопіць і панясе: “Плацяць добрыя грошы! Плацяць добрыя грошы!”. Збудуюць хоць самога д’ябла, абы разлічваліся наяўнымі.

Калісьці на месцы сённяшняга горада стаяла вёсачка. На  высокім пагорку — цэркаўка. Раніцай і вечарам званілі званы і склікалі людзей на малітву. Праз  царкоўныя перазвоны вяскоўцы размаўлялі з Небам. Астатнім часам яны аралі зямлю, сеялі і жалі, пасвілі жывёлу і касілі сена, жаніліся і выходзілі замуж, а калі жыццё пачынала надакучаць, задаволеныя і шчаслівыя адыходзілі ў іншы свет.  Так было з году ў год.

 Але вось па дзяржаўнаму прызыву панаехалі СТАКАНАЎЦЫ БРЫГАДЫ КАМУ НЯСЦІ АПАХМЯЛЯЦЦА і дашчэнту разбурылі старэнькія хаты. Нічога дзіўнага — чаго толькі не зробіш з перапою ды з вялікага будуна? Пачалося будаўніцтва светлага будучага. Дарэчы, з нядаўняга часу павялася звычка, каб збудаваць светлае будучае, абавязкова трэба дашчэнту разбурыць цёмнае сучаснае і напляваць на змрочнае мінулае. Так лічылі зверху. Так выхоўвалі ударнікаў і стаканаўцаў з маленства.

Спачатку новабудоўлю назвалі Горадам Парадку, (такая назва фігурыравала ў дырэктыве), але потым старшыня гарадской думы Балванаў Багор Зубілавіч вынес на паседжанне прапанову: даць гораду новую назву. Аднагалосна падтрымалі і зацвердзілі назву Балванаўск. Да гонару гаражан, усе рашэнні прымаліся толькі аднагалосна, што сведчыла аб правільным кірунку развіцця.

Адметнай рысай балванаўцаў лічыўся парадак. Ён уладараў усюды. Пра парадак і расказваць трэба заладом. Значыць так:  уставалі балванаўцы толькі з левай нагі пад першыя гукі гімна — такі пад’ём быў заведзены для ўсіх, ён строга рэгламенаваўся і скрупулёзна выконваўся, спецыяльныя службы сачылі за парушэннямі і бралі парушальнікаў на асобы ўлік. Пілі жыхары гарбату і спяшаліся на працу. “Лепш не нарадзіцца, чым на працу спазніцца!” — улюбёная прыказка балванаўцаў. На рабоце ўсе наводзілі парадак у паперах, якія адлюстроўвалі парадак іншых фаліянтаў, а ў тых у сваю чаргу улічвалі і падбівалі парадак паперак і бумажэнцый, што атабражалі ўсеагульны парадак. Парадак арганізоўваўся дзеля парадку: павіна ж насельніцтва чым-небудзь займацца, а то атрымаецца пэўны кавардак, калі ім не будзе за што плаціць грошы, і ўсе яны выйдуць на якую-небудзь плошчу мяняць заведзеныя парадкі, а заадно і быка на індыка, ці шыла на мыла.
Фотакарткі парушальнікаў вывешваліся на дошку ганьбы, якая  была ўсталявана на цэнтральнай плошчы. Лічылася, лепш трапіць кату пад хвост, ці самому нячысціку ў пастку, чымся пад надпіс: “Яны цягнуць назад!”. У жыхароў Балванаўска меўся яшчэ і адметны рытуал: кожную раніцу па завядзёнцы яны заходзілі на плошчу, станавіліся перад дошкай ганьбы  і гучна выкрыквалі:

— Так рабіць не трэба. Ганьба! Не рушце парадак. Пакайцеся, бо наблізілася светлая будучыня. Ганьба! Ганьба!! І яшчэ раз ганьба!!! — пры апошніх словах трэба яшчэ было прытопнуць нагою на зганьбаваных і памахаць пальцам. І толькі затым, аддаўшы пашану помніку Балванава Багра Зубілавіча, ісці на працу. І кожны, хто сустракаў “зганьбаванага” на вуліцы павінен быў замест “дабрыдзень” паўтарыць апісаны вышэй рытуал.
Да парушальнікаў  адносілі тых, хто пераходзіў вуліцу на чырвонае святло, або прачынаўся пасля гімна, хто размаўляў (словы рытуалаў не лічыліся размовай) ці кашляў на вуліцы, хто не аддаваў знакаў павагі галоўнаму помніку горада і г.д. і д.т.п. На дошку ганьбы траплялі нават фатаздымкі тых, хто асмельваўся хварэць у неадведзены для гэтага час. Захварэць балванаўцы маглі толькі ў панядзелак па цякучаму графіку. Строіліся яны па ранжыру, курылі і кашлялі ў адведзеных для гэтага месцах, складалі спісы па алфавіту а ў гарадскі транспарт заходзілі па маладзьству: спачатку дзеці, потым школьнікі, дарослыя і апошнімі – старыя. Так спраўджвалася  палітычная зарыентаванасць: “Маладым дарога ўсюды!”. Асноўны лозунг сістэмы “УЧОТ, УЛІК І СПРАВАЗДАЧА — АСНОВА АСНОЎНАГА ПАРАДКУ” красаваўся чырвонымі транспарантамі на ўсіх хмарачосах горада. А на галоўнай плошчы  ля помніка Багру Зубілавічу гарэў вечны агонь, запалены ў гонар навядзення развітога парадку. Кожны жыхар Балванаўска для падтрымання агульнага парадку на грудзях насіўх шыльдачку, на якой адзначаўся яго рост, ўзрост, вага, імя, прозвішча і імя па бацьку, і іншыя фізіялагічна-псіхасэксуальна-ідэалагічныя дадзеныя. На справе гэта выглядала так: на стужачцы даўжынёў чвэрць метра вісеў прамавугольнік 60 на 40, на якім можна было прачытаць:  Шнобель Шнапак Падносавіч 1917 г. н., вага 91 кг. разам з чаравікамі, рост 1,5 м. з капелюшом, нацыянальнасць, юрыст, жанаты, імпатэнт, мае трое дзяцей (ад розных суседзяў), лаяльны да парадку і ўладаў, партыйны бес… і г.д. Ці мала чаго магло быць выпісана на такой своеасаблівай анкеце? Дзякуючы такім пашпарт-шыльдачкам балванаўцы цалкам адмянілі пашпартную сістэму. Другі год у гарадской управе ішлі дэбаты: пакінуць шыльдачкі ці замяніць іх татуіроўкамі на лбе — апошняе абяцала вяліку эканомію. Аргшкло, што ўжывалася для вытворчасці шыльдачак, можна было б пусціць на манументы ідыёлагаў развітога парадку.

Карацей, усё ў балванаўцаў было спланавана. Хто і дзе складаў для іх планы, жыхарам было не вядома. Раз на тыдзень тэлефанавалі з вялікага горада і даводзілі да ведама, давалі ўдакладненне, ці, як гаварылі балванаўцы, спускалі план. Планы не абмяркоўваліся, — выконваліся, у лепшым выпадку — перавыконваліся. Рапартаваць пра датэрміновае выкананне — найвялікшая асалода гарадскога начальства. Напрыклад, калі зверху спусцілі загад спланаваць нараджаемасць, балванаўцы спланавалі і смяротнасць — гэта значыць, што паміраць абавязваліся ў строгам абумоўлены час і фармаце заведзеных правіл: пішы заяву на імя Балванава, заказвай дамавіну, выкапай магілу на могілках і, калі ласка, кладзіся і памірай згодна узгодненай даты і часу, але самае галоўнае не парушай парадак! Бо, “лепш на свет не з’явіцца, чым з парадкам пасварыцца” — другая ўлюбёная прыказка. Але… Тое, што пойдзе за гэтым злучнікам, лучыць нас з навейшай гісторыяй горада.

Але аднойчы ў строга абумоўлены час загадчык балванаўскай планавай канторы Цюканаў ішоў на працу. І тут здарылася нешта непрадбачнае, ну  ні ў якім разе не спланаванае. Загадчык, як і належыць галоўнаму заканадаўцу, ішоў па ўсіх заведзеных правілах: каля кашляніц ён прыпыняўся і адкашліваўся, каля чухальніц — чухаў месца, якое свярбела, і крочыў далей. Але неўзабаве з вышыні дзевяціпавярховага дома сарвалася цагліна, праляцела за паверхам паверх і цюкнула загадчыку  ў цемя. Цюканаў адкінуў лапці, якія і выклікалі грамадскія беспарадкі.

 Пярэпалах пачаўся адразу ж. На экстранным паседджані гарадской управы аднагалосна зацвердзілі рэзалюцыю, што гэта зусім не парадак, калі звычайная цагліна выклікае пазапланавую смерць. Цюканаў, якога забіла цагліна, быў аб’яўлены ахвярай парадкавага рэжыму. Горад тэрмінова пераіменавалі ў Цюканаўск, дзеля ўвекавечвання славутага загадчыка ў памяці пакаленняў. Дошка ганьбы пераўтварылася ў дошку гонару з надпісам: “Яны завуць наперад!”, а прозвішчы былых зганьбаваных рэабілітаваны з выплатай грашовай кампенсацыі. Парадак горада аб’яўляўся старарэжымным і пачалося будаўніцтва новага дэмакратычнага парадку. Помнік Балванаву сцягнулі з пастамента і скульптары тэрмінова праводзілі конкурс па стварэнню помніка Цюканаву.

Усё ў горадзе пасля таго пачало рабіцца шыварат навыварат: жыхары пачалі мяняць шыла на мыла, і быка на індыка;  кашляць і чухацца там, дзе каму ўздумаецца. І будзе працягвацца такі стан рэчаў да той самай пары, пакуль з нябеснай вышыні выпадкова не сарвецца яшчэ якая-небудзь цагліна… І ўсё зноў тады перакруціцца наадварот, ці надварот адвароту, або вернецца на самы пачатак: “Цюканаўск — невялічкі гарадок Прыдураўскай вобласці Таўкачынскага раёна. Знаходзіцца ў стадыі станаўлення”, — змогуць прачытаць нашчадкі ў энцыклапедыі.

             




   
   
    


Рецензии