Мiлая мая бярозка

Калі вясною покаўкі ў бярозкі набрыняюць, а ствол перапаўняецца празрыстым і чыстым як сляза сокам, дрэва ажывае, і маладзенькія лісточкі, якія выглянулі з покавак, радасна глядзяць на свет, быццам кураняты, што вылупіліся з яек. Яны хутка растуць, шамацяць і нясмела трапечуць, пазiраючы вакол сябе – такія маладзенькія, ліпкія, пахкія. Белая бярозка тым часам выглядае незвычайнай прыгажуняй, нібы  стройная дзяўчына ў зялёным бліскучым шаўковым уборы. Ёй прыемна дыхаць свежым вясновым паветрам, сагравацца ў цёплых прамянях яркага сонейка, спаталяць смагу халаднаватай вільгаццю зямлі і з задавальненнем слухаць радасны спеў птушак, якія вярнуліся з поўдня на родную зямлю.
Але вось ужо лісце ў бярозкі выраслі, абветрыліся і пацямнелі, насычыўшыся сонечным святлом і цяплом, яе вясновыя “завушніцы” абсыпаліся. Улетку бярозка падобная на сталую жанчыну, якая спазнала ўсё хараство жыцця. Яна умываецца пад струменямі моцных ліўняў і навальніц, трохі пакутуе ад гарачых сонечных прамянёў. Аднак гэта не бяда – бо цяпер лета, i таму ёй цёпла і добра. Жыццё бярозкі ў гэтую  пару года мернае і спакойнае.
Непрыкметна надыходзіць восень. Пачынаюцца халады і знясільваючыя восеньскія дажджы. Бедная бярозка ўжо не падобная на нядаўнюю прыгажуню. Вецер абтрапаў яе галінкі-косы, сарваў пажоўклае лісце, дождж прамачыў ледзяной вадой яе тонкую гнуткую постаць. 
Такая крохкая на выгляд, белая бярозка вытрымае і восеньскі дождж і зімовы мароз. Яна жывучая і цярплівая, таму з жалезным спакоем будзе чакаць вясну, бачыць яе ў сваіх доўгіх зімовых снах і абавязкова дачакаецца цяпла, каб ізноў ажыць і ўсцешыцца незвычайна цудоўным жыццём на Зямлі.

 
p.s. бярозкi ля Камсамольскага возера. Фота аўтара.

мае казкi i апавяданнi  http://domarenok-t.narod.ru/belarusian.html
(на русском языке эта сказка http://proza.ru/2008/10/20/33)


Рецензии