Выбар 2011

Узьляцець не атрымліваецца, а ехаць замінаюць. На дурных ста дзевяноста дзьвюх баварскіх конях можна сабе шмат чаго дазволіць, але ўсё адно, пакуль у корак не ўвапрэсься. Бэнзін падаражэў, а на вуліцах машын меней не стала. У гэтай краіне ўсё падаражэла сама меней утрая. Праз тры месяцы апасьля леташніх “выбараў”. Тады, як заўжды, з выбарам не памыліўся: мой кандыдат пайшоў на самы вялікі тэрмін – на шэсьць год. Іншыя на меншыя, а то і ўвогуле на ўмоўныя, хтосьці зусім уцёк.
Яна мне казала, год таму, што на могілкі належыць хадзіць у першай палове дня. Гэта кімсьці для некага прынята так. І на гэты выпадак і сэнс і тлумачэньні адпаведныя прыдуманыя ў межах “прававога поля” іх кашэрнае праваслаўнасьці ды іншых сыстэмнасьцяў. Людзі жывуць з такімі вось прыкладнымі ведамі. Гэтыя веды для яе лепей за мяне жывога. Альбо  пераважней. Альбо больш звыклыя. Ну, неяк так.
У другой палове дня не пайду. Паеду. Таму што холадна і далёка. Паеду. Пад вечар. Фары ёсьць. Усё адно зараз прыцемкі ўвесь дзень.
Буду ганяць там ў прыцемках па алеях. Адзін. Адгарадзіўшыся гэтым шклом ды жалезам, што пакрыта эмаллю колеру “шварц-2” ад жывых і ад мёртвых, ад халоднага паветра і ад волкасьці, ад цемры. Раздольле: пешаходаў няма, трафіку няма. Усё ж лепей, чым звонку за агароджай тупа ў пробках стаяць. Калі ўзьляцець не атрымліваецца.

20.11.11
Belarus
©  Dobry dziad;ka


Рецензии