Тараканы, 6

6
Раман Родасветаў паспеў узяць свае дзесяць пачкаў “Прымы” да пабоішча, таму дахаты ішоў шчаслівы. Заглянуў у гастраном, купіў пляшку ліманаду і прысеў на лавачку да знаёмага грузіна, які пацягваў з бутэлькі піва. Грузін адразу ж стральнуў цыгарэту.
— Спасіба, дарагой. Вэк не забуду. Раней курыў “Ахтамар” і  “Мальбара”,  а цяпер перайшоў на японскія “Цузія” — рады ўсяму, што дыміць.
— Ты б паглядзеў, што ў чарзе рабілася, жах! Звар’яцелі людзі, — падзяліўся Раман.
— І нэ кажы… У Тбілісі сапёрнымі лапаткамі па галовах… Звяры гэта, нэ чалавэкі. У снэ такое не прысніцца.
 — А ты верыш у сны?
Грузін зыркнуў на Рамана такімі непрабіваемымі вачыма, што той зразумеў: каўказец не дапетрыў пра што гаворка: “Сон мне сёння прысніўся” — удакладніў Раман.
— А-а-а, расказвай, дарагой. Гавораць сны — гэта іншае жыццё.
Другі сон Рамана
— Слухай, значыцца, — пачаў Раман: — Свет дзіўным чынам змяніўся. Так было ў сне. Змяніўся сам чалавек. Разумееш? Спачатку быццам ехаў я кудысьці на падводзе. Што такое падвода? Арба, па-вашаму, значыцца, фурманка. І раптам дарога раздвойваецца.
— Пачакай, дарагой, анэкдот слухай. Высыт дарожны знак: два яйца і мужчынскі прычэндал. Пытаюцца, што гэта за знак? Адказваюць: дарога раздваяяйца, ха-ха-ха!
— Не перабівай! Вось, і ў сне, значыць, дарога раздвойваецца: адна ўлева пайшла, а другая — управа. Я ведаю, што мне  трэба ехаць улева, туды ж бытта паехаў мой дзед Мікалай, але павярнуў управа. Разам са мною едзе Валера Халімонаў (хлопец з нашай вёскі, з аула, значыцца). Едзем на возе з сенам, наперадзе мост, а перад ім дарога адходзіць  управа. Трэба выгружацца, усе рэчы адразу ў рукі не ўзяць, а гэта — нейкія сумкі, валізы, мяхі і, добра запомніў, яблыкі, звычайныя чырвонабокія яблыкі, складзеныя на сене пірамідкай. Раптам каля воза бачу дзеда Валеры Халімонавага, Змітра. Ён і дапамог выгрузіцца: я падаваў зверху, а ён прымаў і складваў рэчы на зямлі. Помню: яблыкі ўсе парассыпаліся па сене і не ведаю, узяў іх з сабою, ці не?…
Потым  аказваюся раптам, ці то ў гасцінніцы, ці то ў  інтэрнаце нейкім. Гулянка, многа людзей навокал. Мне штосьці патрэбна тут, быццам шукаю некага … Добра помню: горача даказваю аднаму чалавеку сваю ісціну, а ён успрымае мае словы холадна і скептычна, амаль што варожа — не верыць! Быццам мая ісціна нейкім чынам крыўдзіць і абраджае яго. Прыгледзеўся і пазнаю Ваню Чырука (жылі ў адным пакоі, калі вучыўся ў тэхнікуме), не бачыліся  ажно з 1981-га года: атрымалі дыпломы і пайшлі служыць ў войска. Дарэчы, я служыў у Закаўказзе, Ахалкалакі ведаеш?
— Канэшна. Ахалцых, Ахалкалак…
— Дык вось, слухай далей. Побач з намі аказваецца яго жонка, Валя Шут (на трэцім курсе яны і пажаніліся). Я здзіўляюся нечаканай сустрэчы і кажу Івану: “Калі б не Валя, дык я  і не прызнаў бы цябе”. Хочацца шмат чаго расказаць ім пра сябе і сваю сям’ю… Але далей сніцца зусім іншае. Усё раптам некуды знікае. Сон перакідваецца на другое.
Я пакутліва шукаю нешта вельмі істотнае для сябе. Нібыта ўжо ведаю: як знайсці, і радуюся такому веданню. Засталося адшукаць самую дробачку, рэальна ўпэўніцца. Аказваецца, шукаю не каго-небудзь — самога Бога. Ён ніяк не дазваляе адчуць Сябе. Быццам бы дзеля спасціжэння Бога раскалыхваюся на гушкалцы. Ці хто падказаў мне, ці сам дадумаўся да такога, але нібыта Бога можна знайсці толькі такім чынам: гайдаючыся на арэлях:  уперад — назад, уніз — уверх... Гушкаюся і гушкаюся, ды ўсё безвынікова: Бог не прыходзіць. Надзея знайсці такім чынам Усявышняга слабне, але я ўсё адно ўпарта разгойдваюся і адначасова малюся, каб Бог паказаўся. Хтосьці невідушчы, усё роўна як унутранны голас, пераконвае, што ТАК Бога яшчэ ніхто не знаходзіў. Але я чамусьці перакананы, што знайду. Хаця з кожным хістаннем вера слабее. Раскалыхваюся на арэлях, вышэй і вышэй, ажно сэрца сціскаецца. Трэба хутчэй паспець. І калі раптам спінай адчуваю  найвышэйшую кропку разгону і, падаючы ўніз, імкліва нясуся ўперад, нечакана заўважаю: лячу ўжо неяк незвычайна, па-асабліваму. Як потым аказалася — зляцеў з гушкалкі, бо апынуўся пасля на перакладзіне, на якой былі замацаваны вяроўкі  арэляў. Здзіўленне і радасць! І прадчуванне: “Зараз адчую Бога! Здабуду Яго так уяўна, што адпадуць усякія сумненні”. І зноў думка: а ці можна знайсці Бога ТАК, каб ніколі не сумнявацца? “Якаў жа барукаўся з Богам і застаўся кульгавым,  займеў бясспрэчны доказ. Значыць, можна!” — вырашаю, ці то ўжо на перакладзіне, ці то крыху пазней. І тут пачаў яшчэ і клікаць: “Прыйдзі! Прый-дзі!”. Перад тварам узвіўся сноп іскраў. Выразна бачу: лётае вакол мяне, выпісваючы вогненны вобад — я крычу нешта прызыўнае, кшталту: “Увайдзі ў мяне!” — і сноп іскраў-полымя знікнуў. “Вось, — падумалася, — зноў буду сумнявацца, ці была яскравая іскрамётнасць, ці толькі прымроілася? Не! Прэч сумненні! Полымя іскраў увайшло ў мяне, ЯНО — усярэдзіне!». У грудзях распальваецца агонь, сэрца палае жарам — цяпер Бог заўсёды будзе ўва мне… Вось тут, здаецца, і падумалася пра Якава: калі ён змагаўся з Богам і  стаў кульгавым — значыць, Бог быў звонку? Нельга ж перабіць нагу з сярэдзіны? Якая мне справа да таго, што было з біблейскім Якавам і як ён знайшоў Бога? Галоўнае — Бог цяпер у маім сэрцы, у грудзях заўсёды будзе гарэць Агонь Боскай Любові. Нарэшце-такі я пазбавіўся вечных сумненняў. Прыйшоў час дзейнічаць! Прыйшоў Мой Час.
Нейкім чынам аказаўся ў доме, дзе шмат людзей. І ведаю, дзесьці ў іншым месцы ёсць другі падобны Дом — там сабраліся мае родныя і блізкія. Бо ў гэтым Доме, дзе я апынуўся цяпер, людзі мне чужыя, але ўсіх аб’ядноўвае агульнасць пошуку. Таму і сабраліся сюды. Мэта дамоў нібыта аднолькавая, але ў гэтым, куды трапіў, адносіны паміж людзьмі  жорсткія, усе хочуць аднаго: перамагчы! Ідзе зацятая барацьба. Павінен перамагчы хтосьці адзін, тады ўсім будзе добра. Такое правіла. Здаецца, патрэбна знайсці выхад — тут і палягае сутнасць барацьбы: хто першы адшукае?! Такі закон. Тады і таму, іншаму Дому, будзе добра, дзе адбываецца аналагічнае па мэце суперніцтва, але там усё неяк лягчэй, ці што?… Яшчэ трэба сказаць, што дом, у які патрапіў, адначасова з’яўляецца домам майго дзеда Мікалая, а з дзедам я раз’ехаўся на першай развілцы дарогі перад мастом.
І вось усе людзі шукаюць выхад. Лазяць па сценах, поўзаюць па падлозе — кожны імкнецца выперадзіць астатніх і знайсці выхад першым. Я вельмі блізка да мэты. Мне трэба толькі ўзабрацца па лесвіцы, яна перада мною, — ведаю: выхад там. Лесвіца на Усход, хаця ў жыцці ў дзедавай хаце яна заўсёды стаяла на Поўдзень. Падымаюся па лесвіцы, пераадольваю прыступку за прыступкай: вось-вось і канец пакутам. Але тут зверху  спускаецца жанчына, характарам і знешнасцю нагадвае адну знаёмую, якая заўсёды бегала па модных сектах: то ў вісарыёнаўцы запішацца, то стане паклоннікам Анастасіі, то акунецца ў палонку разам з аптымалістамі. Мне трэба падымацца ўверх, засталося некалькі прыступак, але знаёмая не пускае, бо ёй патрэбна уніз. Яна лічыць, што і выйце — унізе. Ніяк не размінуцца нам. І што яна робіць?! Злазячы, абломвае за сабою прыступкі, драбіна трымаецца ўжо на адных трэсках. Не разумее: і сама далоў зваліцца і мяне загубіць. Падскоквае на лесвіцы, як  кенгуру, расхіствае з боку ў бок, усё адно як малпа гойдаецца на ліянах, трымаючыся за поручні драбіны. У самы апошні момант адшурхоўваюся, падскокваю і  чапляюся рукамі за сцяну. Усе з палёгкай уздыхаюць. Гэта і ёсць выхад. Перамог — я!
…У людзей свята. Усе радуюцца. Падыходзіць да мяне прыгожая маладая  жанчына, вітаецца і гаворыць, што яна перамагла ў маім родным доме, маўляў, там было значна лягчэй, а тут (яна моцна здзіўляецца) — вельмі цяжка. Там было ўсё проста  і зразумела. У нас жа — жорстка і катастрафічна, усё трымалася на танюсенькім валаску. Хоць і лічыцца яна пераможцам, але жанчына сцвярджае, што ТАМ перамаглі УСЕ РАЗАМ І АДНАЧАСОВА. Перамога ёсць і тут і там. Яна штосьці распавядае пра адносіны ў іхнім доме, а я выхваляюся перад ёю, як цяжка мне дасталася перамога. Яна здзівілася і спыталася: “А ты піў?”, —“Пакуль што не хачу” — адказваю. Але яна паўтарае пытанне: “Ці піў ты?” — і тут пачынаю разумець, што пасля напружанай барацьбы  я павінен вельмі хацець піць. Пагаджаюся, што сапраўды хачу піць, і адчуваю: паліць смага, язык, як наждачка шкрабае па небе... Быццам узнагороду, падносіць нейкі напой: “Што гэта?” — пытаюся.
 — Светаянскія Дары, — адказвае жанчына і падае ў крыштальнай вазе жаўтаватую вадкасць, якая нагадвае сабою ці то квас, ці то медавуху, ці нейкую закваску.
Я выпіваю палавіну. Усе радуюцца. Ва ўсіх — свята!  А я няўзнак падумаў пра сябе: “Вось яна, біяграфія Бога”. І тут з’яўляецца жонка і стрэдняя сястра Святлана. Тэрэза скардзіцца Святлане, што, маўляў, я казёл… А тая ўсміхаецца так з хітрынкай і загадкава шэпча Тэрэзе ў самае вуха: “Не хвалюйся, Раман гаварыў мне, што ты таксама каза”.
І пасля гэтага нашага сына, Уладзіслава, не стала: ляжыць гурба ласкутоў на месцы, дзе ён толькі што спаў. У той самы момант, калі прачынаўся, няўзнак падумаў: “Што за канібалізм такі?! Чаму мы з Тэрэзай з’елі яго?”. Прачнуўся і запісаў сон.
Грузін загадкава пахітаў галавою: “Дзіўныя табе сны сняцца. Доўгія. А мне ўвогуле нічорга не сніцца. Сплю, як забіты напавал. А яны ў цябе каляровыя?”
— Так каляровыя. А што гэта значыць?
— Чытал когда-то, что цветныя сны снят творческие личности…
Раман паціснуў плячыма. Дастаў яшчэ цыгарэты, пачаставаў грузіна, папыхкаў з ім за кампанію і пайшоў дахаты.


Рецензии