Тараканы, 7

7
Падымаючыся  раніцаў з ложка, Іван Фаміч адчуў рэзкі боль у спіне, памацаў рукою бок — таксама балеў. У ванным пакойчыку сцягнуў майку і, зазірнуўшы паверх пляча, ледзьве разгледзеў без акуляраў у люстэрку чырвона-сіні пісяг ад міліцэйскай дубінкі: “Падонкі! — чартыхнуўся злосна, намыльваючы шчаку для галення, — я гэтага так не пакіну!”. Міліцэйскі бот, што раструшчыў акуляры, прайшоўся і па баку, быццам патаптаўся па жывым сэрцы, і цяпер болей балела душа, чым спіна і пабіты бок. Пагаліўся, успрыснуў твар адэкалонам і, пакрэктваючы ад болю, апрануў цеснаватую генеральскую форму.
— Вы куды, таварыш генерал? Разбірацца?
— Не твая справа! — буркнуў на жонку Іван Фаміч, — развялося свалаты. Трэба гэтае хамло на месца ставіць.
— Нічога ты ім не дакажаш. Сядзеў бы лепш за кніжкамі, толькі час змарнуеш.
Ён стаяў перад трумо і прыдзірліва разглядаў у люстэрку сваё адлюстраванне. У генеральскім кіцелі так і не паспеў паслужыць. Выцягнуў з кішэні насоўку і стаў праціраць металічныя кругляшы медалёў і баявых ордэнаў.
— Нагоніце страху на міліцыю чырвоным лампасамі, — упікнула Валянціна.
Іван Фаміч толькі нядобра зыркнуў у жончын бок, а пра сябе здзівіўся: гэта ж трэба, быццам думкі мае прачытала! Літаральна перад яе словамі ўвачавідкі ўбачыў: якога шораху наробіць у міліцэйскім участку генеральскай формай. Хлопнуў па нагруднай кішэні рукою: афіцэрскае падсведчанне было на месцы.
Спачатку з’ездзіў у “Оптыку”. Доўга падбіраў акуляры заместа раструшчаных. Выбраў з металічна-залацістай аправай. Як толькі прыстроіў іх на пераносіцу, адразу зрабіўся ячшэ больш упэўненым у сваіх дзеяннях.
Не атрымалася таго ўражання, якое спадзяваўся ўтварыць генерал-маёрскімі пагонамі у аддзяленні міліцыі. Дзяжурны маёр выслухаў казённа і абыякава. Скептычна пасміхнуўся ў вусы: “Ваша права, — сказаў, — можаце пісаць заяву. Але яны дзейнічалі ў рамках закона”.
— Я магу зняць пабоі.
— Ну і што? Гэта не зменіць сітуацыю. У вас сведкі ёсць? Можа самі напіліся і грымнуліся дзе-небудзь.
Івана Фаміча ад такога нахабства кінула ў чырвань, ледзь стрымаўся, каб не закрычаць на маёра. А той, быццам адчуўшы небяспечную мяжу, больш разважліва і памяркоўна пачаў тлумачыць: “Не магчыма будзе даказаць. Учора на Савецкай быў інцыдэнт: выламалі краты ў акенцы крамы. Гэта ж угалоўшчына, лічы, разбой. Выклікалі групу — і што яны павінны былі рабіць? Так, скруцілі аднаго-другога, разагналі натоўп. Радуйцеся, што ўсё так абыйшлося. Маглі б і на суткі аформіць, абавязкова штраф упаяць за ўтрыманне”.
Зусім іншай была рэакцыя на генеральскі кіцель у раённым ваенкамаце. Знаёмы падпалкоўнік выцягнуўся ў струнку і казырнуў, хаця і ведаў, што Іван Фаміч ужо колькі гадоў у адстаўцы. Запрасіў у кабінет. Прапанаваў кавы. Але спісы афіцэраў запаса і адстаўнікоў, якія раней прасіў падрыхтаваць Іван Фаміч, аддаваў не ахвотна, быццам рабіў вялікую пазыку.
— Толькі дзеля вас Іван Фаміч. І, калі ласка, не спасылайцеся на мяне. Самі ведаеце — парушэнне інструкцый. Яны для службовага карыстання, а вы цяпер прыватная асоба.
— Ды не бойся ты, Пятро Паўлавіч. Пераварот рабіць не будзем, — супакоіў яго нервацыю Іван Фаміч, — я табе казаў для чаго мне спатрэбіліся спісы: “Саюз афіцэраў” — стварыць грамадзянска-прававую арганізацыю па абароне сацыяльных правоў былых ваенных
— Я пазначыў чырвоным колерам тых, хто прайшоў баявыя кропкі, — дагаджаючы, паказаў ваенкам.
— Мяне, Пятро Паўлавіч, цяпер вось якая думка займае, — адкінуўся ў фатэлі Іван Фаміч, — калі ад нас патрабавалася служба, то краіна называлася Радзімай, а як толькі нам штосьці трэба ад краіны — яна адразу ж становіцца дзяржавай, у якой валадараць чыноўнікі.
— Не зусім разумею вашу іронію
— Апранеш цывільнае, паходзіш — і зразумееш. А пакуль пагоны цябе адмяжоўваюць ад многіх грамадзянскіх праблем.
* * *
Мацнейшага вызначаў паядынак. Так патрабаваў закон. Ніхто не помніў ужо, калі і кім быў заведзены такі парадак, але яго прытрымліваліся. Адзін раз на месяц два прэтэндэнты на трон спаўзаліся каля лямпачкі, абавязкова на столі (лапкамі ўверх), сыходзіліся і — пасля нядоўгай валтузні адзін з іх цопаўся  на падлогу, а той, хто ўтрымліваўся на столі, станавіўся паўнаўладным правіцелем Камуналкі.
Чарнавус і Пузан сядзелі на скарынцы хлеба, абсмоктвалі мякіш і, выкручваючы галовы, зыркалі ўверх, каб не прапусціць маючы адбыцца двубой.
— Не разумею, — выплюнуў Чарнавус хлебную крышку, якою ледзьве не падавіўся, — чаго яны так плюшчацца, каб дапасці да ўлады?
— Што тут разумець, — Пузан праглынуў адгрызеную порцыю і затупацеў лапкамі. — Чым болей улады, тым больш дарэмнага харчу. Улада — гэта сытасць!
— Хіба табе за кожны кавалак прыходзіцца плаціць? Усё і так  дарэмнае, жары — не хачу! А болей сябе яшчэ ніхто не з’еў.
— Дурань ты! — Пузан скрывіўся, нібы заглынуў лімоннай кіслаты з яйкавым жаўтком. — Улада — гэта яшчэ і павага, і ганаровае месца, і ўсякае такое іншае…
— А па мне, дык улада толькі лішні клопат, лепш бы яе зусім не было, а ўсё ішло як-небудзь само сабою.
— Што ты разумееш, цемрашал! Нельга без улады. Улада, — Пузан салажава прымружыў вачаняты, нібы падглядваў за кулісы ўяўляемай улады. — Ды што табе гаварыць? У цябе, вунь, адны вусы і засталіся. Хутка на скразняках будзе заносіць,  а ты бярэшся разважаць пра высокія  матэрыі.
Тупалом чакаў на арэне пад лямпачкай хвілін пяць. На паядынак ніхто не з’яўляўся. Раптам з куточку, дзе праходзіла труба паравога атаплення, стрымгалоў выбег Кішкаглот: няйначай  хмель яшчэ не выветрыўся? Разагнаўся і з усёй моцы ўрэзаўся Тупалому ў бок,  чатыры лапкі адарваліся са столі і бездапаможна засукалі ў паветры, намагаючыся знайсці апірышча, астатнія дзве  пакуль чэпка трымаліся. Тупалом павісеў імгненне ўніз галавою, сарваўся і паляцеў уніз. Кішкаглот натапоршчыў вусы, агледзеўся па баках, ці заўважылі яго перамогу, і прайшоўся некалькі ганаровых кругоў вакол  лямпачкі: “Няхай усе ведаюць: ад сёння — я  правіцель Камуналкі!” — з гонарам думаў ён.
 — Глядзі, — крыкнуў Чарнавус Пузану, — адзін застаўся. Адзін!
 — Хто ж там? Ага, я так і думаў — Кішкаглот. Слава Кішкаглоту! Слава!! Слава, законнаму правадыру Камуналкі!
Пераможца быццам увагі не звярнуў на вітанні, ці толькі выгляд паказаў, бо па ўсім было відаць, што яму прыемна: вітаюць Яго. Гонарам натапоршчыліся куцыя вусы Кішкаглота.
— Тупалому ганьба? — насцярожана запытаўся Чарнавус.
— Ганьба! Ганьба Тупалому! — як уджалены, закруціўся на месцы і закрычаў на ўсю глотку Пузан. — Ганьба!!!
— Яшчэ зусім нядаўна ты вітаў яго перамогу, а цяпер ганьбіш, —  здзівіўся Чарнавус, — калі ты быў шчырым: тады ці сёння?
— Дурата ты вясковая! Нічога не разумееш у вялікай палітыцы. Заўжды вітай уладу. У палітыцы няма шчырасці, ёсць толькі адчуванне патрэбнага моманта, — гэта істотнейшая неабходнасць: своечасова дагадзіць — тады, магчыма, заўважаць і цябе.
— Ну то спяшайся, а то раптам спознішся.
— І пабягу. Засведчу лаяльнасць Кішкаглоту. А ты сядзі, як дуралом. Першым паспею. Сёння будуць раздаваць пасады — тут не лаві варон. Ганьба, ганьба Тупалому!!
Пузан саслізнуўся са стала, знік на некаторы час з вачэй а затым паказаўся у кутку пакоя: ён бег насустрач Кішкаглоту, які з важнецкім выглядам, поўны гонару і задаволеннасці сабою, спаўзаў са сцяны. Чарнавус так і застаўся сядзець на скарынцы хлеба, зусім не разумеючы цяпер ні вялікай палітыкі, ні звергнутага Тупалома, ні новага правадыра Камуналкі Кішкаглота. Усе яго думкі абярнуліся раптам на Рыжуху: трэці дзень ён не мог яе адшукаць.


Рецензии