Тараканы, 8

8
Нацярпеўся з-за свайго прозвішча Барыс Курвагін, дзесяткі ганебных мянушак прыйшлося знесці ў дзяцінстве. Колькі разоў, пачынаючы з дзіцячага садка і малодшых класаў школы, са слязамі крыўды папракаў бацькоў: “Навошта мне такое прозвішча?!” — бацькі толькі рукамі разводзілі, маўляў, якое ёсць: “Перапішыце на бабуліна, Варакса! — патрабаваў сын”.
— І чым яно лепшае? — смяяўся бацька, паглядваючы на маці.
— Не будуць “курвай” цвяліць.
— Ну, дык іншае знойдуць: “ваксу” ці “сраксу” якую-небудзь, — даводзіў бацька і малы на хвіліну задумваўся. — І цвеляць не таму, што прозвішча такое, а таму што пастаяць за сябе не можаш. Хто цябе цвеліць? — дапытваўся бацька.
І малы з прыхліпваннем пажаліўся, што не дае праходу Мечык з чацвёртага класа, як убачыць, так і дражніцца.
— І ты не ведаеш, што рабіць? — здзіўленне бацькі было такім натуральным, што Борыска ажно рот разявіў: няўжо нешта такое можна зрабіць, каб гадкі Мечык адліп ад яго. — Гэты здыхляк цябе цвеліць і ты баішся даць здачы?
— Дык ён жа з чацвёртага класа… На цэлы год старэйшы.
Бацька толькі грамчэй рассмяяўся: “Здыхляк неўмірушчы! Пстрычку ў лоб, і ён адразу скукожыцца”, — Барыска як уявіў скукожанага ад пстрычкі Мечыка і на слёзы свае забыўся, смешна стала. Умеў яго бацька павярнуць справу так, што яна задавалася вельмі простай. І навучыў сына, што зрабіць: “Дагоніш яго, паваліш на зямлю, ты ж нашмат дужэйшы за гэтага здохліка, і як толькі ён упадзе — скачы на грудзі і тапчыся нагамі, ды яшчэ і прыгаворай: “А гэта табе за “курву”! Яшчэ раз пачую, зусім галаву адкручу!”. Тое, што Мечык сапраўды аказаўся хіляком, Барыс у хуткім часе змог пераканацца: на ўроку фізкультуры ўбачыў, як яго люты вораг лівернай кілбаскай цялёпкаўся на турніку, ледзьве здолеўшы адзін раз, дрыгаючы ўсім целам, дацягнуцца падбародкам да перакладзены. Гэта надало смеласці, бо сам ён разоў сем лёгка мог падцягнуцца, а калі пастарацца праз сілу, то і ўсе дзесяць. Доўга чакаць не прыйшлося. Калі ў чарговы раз даўгавязы Мечык пачаў цвяліцца, без канца паўтраючы адно і тое ж, Барыска скокнуў да яго, даў па назе падсечку, паваліў на зямлю перапужанага мальца, усцерабіўся на грудзі і давай таптацца, прыгавораючы: “Гэта табе за Курву! Гэта табе… Яшчэ раз пачую такое, галаву адкручу і выкіну”. Дружна смяяліся багданавічскія школьнікі. Бацька правільна прадбачыў: адвучыў Мечыка здзеквацца — за вярсту цяпер абыходзіў, каб не трапляць лішні раз на вочы. Так што прозвішча прывучыла Барыса Курвагіна змалку бараніць свой гонар, і паказала: не ўсякі, каго ты баішся, дужэйшы. Пазней бацька растлумачыў, што не такое ўжо і ганебнае іх прозвішча: магчыма, іх продак скупляў у ваколіцах кур і ўсякую птушку, гэта значыць быў купцом, паважаным чалавекам. Таму і празвалі нашчадкаў Кур-вагіны, бо купляючы птушку, перад тым як разлічыцца, узважвалі на бязмене, на спецыяльных вагах — адсюль і пайшло “вагін”, “Кур-вагін”. Тлумачэнне Барысу спадабался і, стаўшы дарослым, прадстаўляючыся і называючя сябе, ён рабіў моцны націск на першым складзе, як бы разломваючы прозвішча папалам: “Кур-вагін” — і благое гучанне сгладжвалася.
Ужо працуючы загадчыкам агульнага аддзела Райкама камсамола, зразумеў Курвагін, што не заўсёды тое, што называецца прыстойным словам, бывае такім па сутнасці. Узяць хоць бы курс “галоснасці” аб’яўляны нядаўна партыйным кіраўніцтвам. Колькі мярзотнага павыпаўзала на свет божы, прыкрываючыся добрымі намерамі. Вядома, яно было і раней, усе ведалі, але адмоўчваліся ў анучку, глядзелі на недахопы скрозь пальцы, а тут, калі людзям дазволілі гаварыць, патрабавалі нават, каб яны нічога не хавалі, быццам з ланцуга пазрываліся.  І пайшла пісаць губернія: кляўзы, даносы… Скаргі ў райкам пісалі і раней, часцей ананімна, без подпісаў, цяпер жа пры галоснасці сігналы прыходзілі іншы раз за подпісам дзесяткаў незадаволеных ці пакрыўджаных. Прыйшла ананімка, кладзі пад сукно і нікога не бойся, а на калектыўны данос-скаргу з подпісамі трэба рэагаваць і прымаць меры. Але якія там меры, абы агонь патушыць, каб далей не распаўсюдзіўся.
Дык вось саслужыла Барысу Курвагіну ўласнае прозвішча і яшчэ адну добрую службу, меў бы іншае — невядома як бы ўсё выкруцілася. 
Клаўдзію Патоцкую прыслалі сакратаркай да першага сакратара па вялікай паратэкцыі. Яна адразу ж вызначыла, што з усіх маладых кіраўнікоў аддзелаў найбольш перспектыўны — Барыс Курвагін. І хаця зазвычай было, што пасля павышэння або паніжэння першага, яго месца займаў адзін з намеснікаў, або другі сакратар  райкама, Клаўдзія пачала інтрыгаваць з дасведчаным выглядам, што ёсць, маўляў, думка, што першым будзе Курвагін. І пры адной з сустэч з Барысам без сведкаў сказала проста ў лоб:
— Зраблю цябе першым, калі замуж возьмеш, — быццам бы і пажартавала, але глядзела занадта шматзначна і сур’ёзна.
— Я згодны і на другога, абы толькі, — шматзначна акінуў яе фігуру поглядам, — атрымаць доступ да цела.
— Але ж ёсць яшчэ адна ўмова. — Барыс чакальна глянуў, маўляў, што яшчэ? — Прозвішча не мяняю, застаюся на сваім, Патоцкая — усё ж такі старажытны шляхетны род, — Барыса крыху непрыемна рэзанула, але яна працягвала, — раблю цябе першым і болей ніколі не працую.
Вядома ж — звычайны жарт. Але Барыс стаў па-іншаму глядзець на саму Клаву. Спачатку кветкі, падарункі, прэзенты з камандзіроўкі. Потым паходы ў кіно, тэатр і на канцэрты. Але не болей таго. Нейкую мяжу, якую акрэсліла Клава, да часу не мог пераступіць. Неўзабаве яго сапраўды прызначылі першым сакратаром райкама. Ці прыклала да павышэння руку Патоцкая, ці ў яго крысць збегліся абставіны і яго здольнасці сапраўды заўважылі зверху, Барыс ніколі так і не даведаўся. Але ж у першы дзень на новай пасадзе Клава Патоцкая шматзначна нагадала Курвагіну размову гадовай даўнасці:
— Барыс Львовіч, са свайго боку я дамову выканала. Вам трэба падумаць пра новую сакратарку.
— Згодзен, — адказаў па-дзелавому, — заўтра можаце на працу не прыходзіць. Не! Заўтра ячшэ прыйдзіце. Трэба дарабіць адну справу. Заяву можаце сёння напісаць, я дам ход.
Ён гаварыў суха і будзённа, Клава нават падумала: ад яе проста пазбаўляюцца, тым больш, калі яна сама аб гэтым папрасіла. Але назаўтра Курвагін павёз яе прама ў ЗАГС, нават не робячы паўторнай прапановы, быццам справа гэтая даўно ўжо вырашана. На пытанне, якое прозвішча хочаце ўзяць, Клава ўпэўнена адказала: “Вядома ж пакінуць сваё — Патоцкая”.
Барыс Курвагін быў дзелавым чалавекам.  Толькі ў сур’ёзнай і рызыкоўнай справе, лічыў ён, можна памацаць жыццё голымі рукамі і адчуць, што сапраўды — жывеш! Напружаны рытм прыносіў асалоду, хоць і стамляў да чорцікаў, але пры нагодзе Курвагін умеў адпачыць і паберагчы сябе. Галоўнае, упільнаваць зручны момант, калі ўсё само просіцца ў рукі — тут ужо не шкадуй сіл, не спі ў шапку — і ўдача не абміне, яна любіць дужых, смелых і рызыкоўных — шампанскае ж адкаркоўваюць толькі апошнія. Такі стыль жыцця і д’ябальскі рытм прыносіў задавальненне, самапавагу і гонар: іншыя не змаглі — а ў мяне атрымалася!
Ці думаў-гадаў ён, выдатнік савецкай школы, камсамольскі актывіст, што лёс укруціць у такія віражы? Звычайная тыповая біяграфія, якіх тысячы: школа, інстытут, камсамольская праца…  Ён заўсёды быў упэўнены ў заўтрашнім дні, дасягнуў галавакружнай кар’еры, забяспечыў стабільнасць сямейнага дабрабыту. Хоць Бог і не надзяліў паставай і прыгажосцю, але рана зразумеў хлопец, што для мужчыны галоўнае не дэлонаўскі твар, а нешта іншае… Чэпкі вываротлівы розум і моцная хватка давяршылі характар, ён сам яго і вылепіў, як скульптар, адсякаючы лішняе, пазбаўляўся слабасцяў і таго, што лічыў заганай. А з мараллю Курвагін не асабліва цацкаўся: мог, як кажуць, і па трупах прайсці, калі вымагалі абставіны і інтарэсы справы. А справа, лічыў ён,  — галоўнае, што павінна быць у мужчыны.
Яшчэ на камсамольскай раборце, хуценька сцяміў і зарыентаваўся: ёсць дзве маралі — адна для нізоў, другая для вярхоў. У залежнасці ад абставін навучыўся выкарыстоўваць то адну, то другую мараль, патрэбную ў дадзены момант начальству. І пры савецкім ладзе можна было прыстроіцца Хрысту за пазуху, але пры саветах Барыс не паспеў разгарнуцца. Яго зорны час наступіў пазней.
Усё абрушылася раптам. У адзін момант. Сістэма дала крэн і людзі пасыпаліся, як мухі. Хто чапляўся за старое, — быў раструшчаны махавіком новага часу і выкінуты на сметнік жыцця. Усё загрукацела, затрашчала па швах і палопалася, як мыльныя бурбалкі. Дзе-нідзе пачалі нават пастрэльваць. Курвагін своечасова скумекаў, куды падзьмуў ветрык перамен і выбраў чуллівы флюгерны напрамак. Тут і сыграла на руку тое, што жонка засталася на дзявочым прозвішчы, бо па дакументах не ўсякаму ў знакі кідалася сваяцтва. Аформіў на Клаўдзію Патоцкую фірму і пачаў па розных схемах пераганяць сродкі з дзяржаўнай казны ў прыватную.
Не таму, што ён ад прыроды быў такі двудушны і карыслівы, маўляў, з самага пачатку не верыў у савецкія ідэалы. Безумоўна, верыў і працаваў самааддана. У любой справе, каб дасягнуць добрых вынікаў, патэбна вера і саматдача. Барыс быў чалавекам амбітным і ўпэўненым у сабе. А цяпер, калі на вачах усё развальвалася, калі сістэма сама сябе паядала і расхіствала, знічтажаючы ўласны падмурак — адчуў сябе падманутым. Ён верыў савецкай сістэме, звязваў будучы дабрабыт толькі з сацыялістычным ладам жыцця, а сістэма ў асобе Генсека выракалася і адцуралася  сваіх ідэалаў. А значыць, здрадзіла і яму. Таму без дакору сумлення пачаў Барыс помсціць сістэме за сваю знявагу, за няздзейсненыя мары. Апетыт прыйшоў потым, у выніку чаго неклькі мільёнаў долараў змянілі свайго гаспадара, перавандраваўшы з дзяржаўных рахункаў на рахунак фірмы “Патоцкія і К”.
Умела выкарыстаўшы службовае становішча і інфармацыю, якая куруцілася ў колах раённай улады, скалаціў першапачатковы капіталец. А затым, калі запахла палёным, і сам дымку паддаў: прылюдна спаліў партыйны білет, не цураючыся пры гэтым больш матэрыяльнага, партыйнай касы, якую часткова і прысвоіў.


Рецензии