Тараканы, 9

9
Пасловіца — не дарэмна мовіцца, а людзі кажуць: жанчыну паслухай і зрабі наадварот. Ёсць тут свая жыцейская абазнанасць:  жаночая псіхалогія адваротная мужчынскай.
Праца на будоўлі, — мокры бетон, холад і скразнякі, акрамя добрых заробкаў аплочваецца яшчэ і частымі хварабомі. А хочацца знайсці час і для душы: пасядзець за чыстым аркушам паперы, напісаць верш, ці хаця б артыкул. Таму надумаў Раман звальняцца з будоўлі, тым больш, што прапіска болей не трымала. А Тэрэза і раіць мужу: “Хто ж так робіць? Спачатку работу знайдзі, а потым ужо звальняйся”.
— Як жа я знайду новае месца, — абураецца Раман, — увесь тыдзень працую, а ў выхадныя ў любой канторы толькі замок пацалуеш!
Узяў і звольніўся. Тыдзень прабегаў безвынікова па розных установах у пошуках работы, а ў пятніцу зайшоў у “Саюз Пісьменнікаў” (прасіў неяк знаёмага празаіка пасадзейнічаць, той абяцаў, але так няпэўна прагучала, што Раман  падумаў: дзеля прыліку). Заходзіць у адзін з кабінетаў — і вось дзіва: “Вас Алесь Герасімавіч накіраваў сюды?” — спытаўся мужчына.
— Ды не. Я сам па сабе прыйшоў, працу шукаю. — “Вы што жартуеце?”. — Якія  тут жарты, тыдзень хаджу і нікуды не бяруць.
— Пачакайце, — схамянуўся мужчына, — тут штосьці не так. Як вы сказалі ваша прозвішча? — “Родасветаў я, Раман Радзівонавіч”. — Ну дык вось жа, — тыцнуў пальцам у нейкую паперчыну, — так і ёсць. Родасветаў Раман Радзівонавіч. У мяне запісана. — Нічога не разумеючы, Раман паціснуў плячыма. — Мне пра вас Алесь Герасімавіч гаварыў, ён і рэкамендаваў вас.
— А-а-а! — здагадаўся Раман, — не паспеў папярэдзіць: тэлефона няма, а літаб’яднанне збіраецца толькі па пятніцах.
— Гэта ж трэба! Цуд нейкі, — у сваю чаргу цяпер здзівіўся мужчына, які ў хуткім часе і стане новым начальнікам Рамана. — Тады гэта вашае месца.  Вы ў яго з двух ствалоў стрэлілі, так сказаць — выстрал дуплетам. Значыць, сам Бог паслаў.
Работа ў Бюро прапаганды мастацкай літаратуры пры Саюзе Пісьменікаў была для Рамана новай, спачатку нават струхнуў: а ці справіцца? Патрэбна было арганізоўваць сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя чытанні, вечарыны і канцэрты, словам — нясці прыгожае пісьменства ў масы, ды і яшчэ і за грошы. Перад першай паездкай ухапіўся за моднага на той час Карнегі, каб павучыцца ў заакіянскага псіхолага як сябе паводзіць з людзьмі (лічыў сябе сціплым і сарамлівым: крыху што не па ім — адразу ж кідала ў чырвань). Карнэгі не адкрыў для яго Амерыкі, — усё, што прапаведаваў амерыканец, Раман ведаў з жыцця і ўласнага досведу, а многае ўвогуле лічыў для сябе непрыдатным. Моцна хваляваўся перад першай камандзіроўкай, а Тэрэза супакойвае: “Не перажывай так. У цябе ўсё цудоўна атрымаецца, павер маёй інтуіцыі, яна мяне рэдка падводзіць”.
І сапраўды новая праца палюбілася і цалкам захапіла. У незнаёмы горад едзеш, нібы ў разведку выпраўляешся, ці на спецзаданне якое: арганізаваць за тыдзень каля дваццаці выступленняў пісьменнікаў.
Прыязджаў звычайна ў нядзелю вечарам, уладкоўваўся ў гасцінніцу, а раніцай наступнага дня даставаў у выканкаме спіс прадпрыемстваў з тэлефонамі, адрасамі і прозвішчамі і садзіўся за тэлефон; або — ногі ў рукі, і бягом наладжваць асабістыя кантакты. У залежнасці ад настрою і мясцовых умоў, выбіраўся той ці іншы стыль працы. Галоўнае — ведаць чалавечую псіхалогію, умець абыходзіцца з людзьмі, пераконваць у неабходнасці такіх сустрэч, не навязваць, а менавіта зацікаўліваць. Праз некалькі месяцаў у Рамана выпрацавалася свая метода: тэлефонам карыстацца толькі пасля абеда,  пад’еўшы, людзі становяцца дабрэйшымі і лягчэй ідуць на кантакт. Больш за ўсё адмаўленняў чуецца раніцай, а пад вечар звычайна: “Пазваніце заўтра”. У кожным канкрэтным выпадку выбіраўся і стыль паводзін. Лягчэй дамаўляцца на сустрэчу, калі тэлефонная размова разбурае стэрэатыпы паводзін, руйнуе межы паміж людзьмі — гэта добра зробіць дасціпны жарт, гуллівы пікантны камплімент (асабліва спрацоўвае з жанчынамі); прывязка да мясцовасці, або да земляка-паэта. Галоўнае — адчуваць чалавека на супрацьлеглым канцы провада і загадзя любіць яго. Ужо сам факт, што да іх едуць пісьменнікі — выключная падзея мясцовага жыцця. Раман мог заявіцца ў якую-небудзь установу з гітарай за плячыма, расчахліць яе і  праспяваць песню, і толькі потым, калі інтрыга праглыналася, як рыбалоўны кручок, растлумачыць прычыну візіта. Такія нечаканыя хады спрацоўвалі. Усё ж такі насельніцтва Савецкага Саюза лічылася самай адукаванай і чытаючай публікай свету. Добра разумелі ролю пісьменніка, яго выключнасць ў выхаванні грамадства  ідэолагі камуністаў: не падмануліся ўлады ў спадзяваннях, калі па ініцыятыве Сталіна Горкім быў арганізаваны Саюз Пісьменнікаў, які верай і праўдай служыў дзяржаве, а значыць і свайму народу. Большасць празаікаў і паэтаў людзі неардынарныя, а лепшыя прадстаўнікі — увогуле выбітныя асобы. Многім было цікава сустрэцца ўжывую з пісьменнікамі, якіх яшчэ зусім нядаўна лічылі “інжынерамі чалавечых душ” і якіх яны ведалі завочна са школьнай праграмы.
Звычайна ў панядзелак вечарам прыязджала  брыгада з двух-трох чалавек, перад імі клаўся прыблізны расклад працы на тыдзень. Першая сустрэча праводзілася раніцай у якім-небудзь “Горгазе”, апошняя — позна вечарам дзе-небудзь у студэнцкім інтэрнаце. За дзень ад чатырох да шасці сустрэч: столькі пераменіцца твараў, столькі пачуццяў і перажыванняў, што іншым разам, здавалася, пераганяўся сам час. Колькі свежых думак і адкрыццяў нараджалася ў такіх экстрымальных умовах.
І што самае радаснае — бачыўся плён літаратурнай працы, важнасць і карысць работы, яе неабходнасць і запатрабаванасць. На хвалі нацыянальнага адраджэння такія сустрэчы для некаторых былі культуралагічным шокам: “Аказваецца, ёсць беларуская літаратура, у родным слове жыццёсцвярджаецца высокая паэзія, ажыўляючы душы, выціскае з беларускай душы салодкія слёзы самаўсведамлення”. Словы ўдзячнасці, кветкі і падарункі… Усё гэта яшчэ раз пераконвала: не хлебам адзіным і не толькі дзеля хлеба жыве чалавек.
Тыдзень у камандзіроўцы, а за другі — набіраешся сіл для новага рыўка. Раман і дамаўляўся на такія сустрэчы, адкрываў і закрываў іх, быў гідам па незнаёмай мясцовасці, і афармляў неабходныя дакументы… Спатрэбілася і яго захапленне гітарай — аўтарская песня ажыўляла сустрэчы. І гаварыць навучыўся без падрыхтоўкі, і выходзіць бліскуча з розных складаных сутуацый.
На розных пісьменікаў паспеў нагледзецца і зрабіў для сябе цвёрдую выснову: шчырае слова заўсёды знаходзіць водгук у чалавечым сэрцы. У такі напружаны час, калі распісана кожная хвіліна,  паспяваў яшчэ і вершы пісаць, і новыя песні складаць. Вось жа парадокс: чым меньш вольнага часу мае творца, тым больш плённа выкарыстоўвае той час, які дастаецца. Усю Беларусь аб’ездзіў з пісьменніцкімі брыгадамі.
Цудоўны быў час. Але пачало ліхаманіць эканоміку. Усё часцей арганізацыі, у якіх праходзілі выступленні, не пералічвалі грошы. Патрэбна была падтрымка Бюро на дзяржаўным узроўні. Час патрабаваў новых адносін, але грамадскія арганізацыі, як і сам чалавек — схільны да інэртнасці. Звоніць неяк Раман аднаму дэпутату: “Добры дзень, шаноўны спадар дэпутат! Вас турбуе Родасветаў. Я працую ў Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Звяртаюся да вас, як да народнага выбранніка: тэрмінова патрэбен закон аб мецэнатах і спонсарах. Культура задыхаецца,  ратуйце становішча!”.
— Шаноўны, — чуецца ў адказ, — вось вы і распрацуйце гэты закон. І дашліце на мой адрас.
— Прабачце, ці я штосьці не разумею, ці вы. Я — не дэпутат! Законы распрацоўваюць і прымаюць у Вярхоўным Савеце. Калі б я распрацоўваў законы, то сядзеў бы на вашым месцы. — “Але ж выбралі мяне, а не вас”. — Вось і дрэнна, што выбіраюць такіх. Да пабачэння!
Дзяржаўныя чыноўнікі засталіся глухімі да многіх грамадскіх і сацыяльных праблем, куды ім было турбавацца праблемамі літаратуры, культуры і духоўнасці? Нацыянальная палітыка праводзілася тапорна і груба. Чалавек супраціўляецца дыктату сілы, бо заўсёды хоча мець выбар і адчуваць свабоду ў выбары. Трэба было выгадаваць цэлае нацыянальна свядомае пакаленне, пачынаючы з дзіцячых садочкаў, а не прымушаць пенсіянераў вучыць мову. На вялікі жаль, нацыянальную ідэю выкарысталі палітыканы, якія яшчэ жорстка паплацяцца за гэта: народ не даруе вольнага абыходжання са святынямі, хоць не заўсёды і разумее дакладна: што ёсць яго святыня, але прыходзіць пэўны час — і разуменне з’яўляецца.
Бюро прапаганды развалілася, як разваліліся многія арганізацыі, якія не змаглі засвоіць новыя прынцыпы работы. Раман пакінуў Бюро і перайшоў працаваць рэдактарам на тэлебачанне.
А ў саюзным маштабе за гэты час таксама змянілася шмат. Прайшоў агульны рэферэндум, вынікі якога перакрэслілі “белавежскія зубры”: Ельцын, Краўчук і Шушкевіч; адбыўся путч 91-а года, які многіх прымусіў на нейкі час сціснуцца ад жаху;  растралялі расійскі Вярхоўны Савет, празваны “Белым Домам”, а народ, як звар’яцелы, бегаў глядзець на відовішча. Пачаліся забастоўкі, гадамі не выплочвалі заробленых грошай. Інфляцыя, дэнамінацыя, абнуленне, грашовыя рэформы — на простай мове: народ абабралі да ніткі, абрабавалі некалькі разоў запар. Але ён цярпеў і маўчаў. Народ маўчаў, як і ва ўсе часы агульнасусветных смут, маўляў, што ён будзе апускацца да размовы з нейкімі там гнідамі, ці тараканамі, якія, страціўшы душу — ні Бога не баяцца, ні людзей не саромеюцца. Але народ усё запомніў, бо народ — катэгорыя вечная, а ў вечнасці вельмі шмат часу і калісьці ўсё ўспамінаецца.


Рецензии