Тараканы, 10

10.
Хто ніколі не жыў у камуналцы, ці хаця б у інтэрнаце, як ніжэйшай ступені камунальнага побыту — той не ведае: па чым фунт ліха? Не ведае ён і сапраўднага жыцця. І зусім цмянае ўяўленне мае пра сэнс існавання. Сказаў жа нехта: чалавек — жывёліна грамадская… Дзе ж яшчэ, як не ў камуналцы, знайсці чалавеку статак сабе падобных? Таму Камуналка — вышэйшая школа жыцця, яго універсітэт!
На людзях і сярод людзей — асноўны яе прынцып. Тут няма месца самоце, нудзе і апатыі, не дазваляюць абставіны, бо ніколі не канчаюцца вяселлі, хрэсьбіны, дні нараджэння, імяніны, прафесійныя і сямейныя святы — адным словам, усякія пірушкі ды пагулянкі. А жывуць у Камуналцы людзі навідавоку, адной вялізнай сям’ёй. Напрыклад, ноччу муж нашэпча нешта на вушка сваёй жонцы, а ўжо раніцай гаспадыні на кухні, як на форуме, перабіваючы адна адну, расказваюць: “Дзеванькі, ведаеце? Рэвізія на завод прыязджае”.
— А я думаю-гадаю, чаго гэта ўся кантора на вушах стаіць?
Або: “Чулі? Гавораць, Нэля зацяжарыла-такі ад Івана!”.
— Дык вось чаго яна летам вязаным швэдрам ахутвалася?
— А што ж яна сабе думала: дзеці ад сонейка, як рабацінне выскокваюць?
— Ага! Хацела пагульваць, то мусіш цяпер і палюльваць.
— А то ў нашым сяле було. Баптыстачка адна прыдбала сабе байструка, а маці: “Прызнавайся, сука! З кім нагуляла?”, а яна: “Далібог, мамко, ні з кім не була. Мо, хіба ветром якім надуло”.
— Заквахталі! Каму якая справа? Захацела, — і панясла, захоча, — і народзіць! Не вашым сынам прынясе ў падоле, — абрывала пляткарак якая-небудзь строгая гаспадыня.
Ці яшчэ: “Мой учора навіну прынёс: Уладзік разыйшоўся-такі з Рэняй”.
— Вось табе і на! А такое каханне дэманстравалі — цырк на дроці, я ў самоці: пабраўшыся за ручкі, як дзеткі, хадзілі.
 — От, кабель пракляты! І дзяцей не пашкадаваў.
— А што яму дзеці?… Сам у дзетдоме выхоўваўся, адкуль таму разуменню брацца? Але я так скажу: сучка не схоча — кабель не скоча.
Жанчыны бразгалі посудам, мылі па чарзе талеркі і каструлі, перастаўлялі на агульнай пліце, чыгункі, міскі і патэльні. І зусім нечакана пераскоквалі на іншую тэму:
—Здымаюць-такі Кручонага! — паведамляла адна, распальваючы духоўку.
— Авохці! — пляскала ў ладкі другая, — “даскакакаўся”, канёк-гарбунок, пакуль не абкакаўся. Так яму і трэба!    
— Ужо і загад падпісаны.
— Будзем чакаць новага начальства. Можа нешта пераменіцца да лепшага.
— Нашаму брату ад начальства лацвей падалей трымацца, каб не відно было з кабінета. Скажу вам, ці хрэн ці рэдзька — а ўсё адно ў роце горка.
— А во, слухайце! Заходжу гэта я ўчора ў краму…
І гэтак далей: з навіны на навіну, з тэмы на тэму… Усё гэта — Камуналка! Тут людзі жывуць камунай, нават асабістыя справы становяцца здабыткам грамадскасці. Нідзе не схаваешся ад людскіх вачэй, хіба толькі ў прыбіральні, ды і там у хуткім часе дастануць: “Не вы адзін тут! Вылазьце! — пачне нехта грукатаць у дзверы. — Сумленне мець патрэбна! Гэта ж столькі часу чакаю”.
І сорамна пасля становіцца паказвацца з прыбіральні, бо на грукат і крык абавязкова збяжыцца некалькі цікаўных, каб прасачыць: хто ж так доўга асмельваецца займаць агульнае месца?
Камунальная кватэра, куды пасялілі Родасветавых пасля павялічэння сям’і, і, чаго грэх хаваць, дзе ўсе мы з вамі жылі да нядаўняга часу, знаходзілася па вуліцы Новарайскай 17. Цяжка такі вужоўнік і кватэрай называць, язык не паварочваецца, так сабе — інтэрнат казарменнага тыпу: пятнаццаць пакойчыкаў з агульнай кухняй, прыбіральняй і ванным закуточкам. Адным словам, часовае прыстанішча з пастаяннай прапіскай і вечнай неўладкаванасцю. Хаця, некалі і адкрываліся зманлівыя перспектывы, але папера не чырванее, панапісаць усякае можна, а вось увасобіць напісанае — задача не кожнаму па плячы. Бракавала ў Камуналцы людзей з перспектыўным зрокам. Усім хацелася жыць тут і цяпер. І жыць добра. А добра жыць усім — не магчыма. Бо і лодыр хоча есці хлеб з маслам. Трэба было цярпець. А людзей, здольных да цярплівасці, скажу вам, у любы час і пры любых умовах нараджаецца катастрафічна мала.
Энергія — аснова  цывілізацыі. Даўно пара ўвясці энергастандарт, прывязаць джяржаўную валюту да энерганасычанасці краіны (залаты ж эквівалент адмянілі!), але тыя, хто ведае — не займаюцца адукацыяй невучаў, бо ў каго ж тады “дасведчаныя” будуць скупаць багацце за звычайныя паперкі? Нават прадукты харчавання, што спажываюцца тараканамі — гэта перапрацаваная сонечная энэргія. З-за карыстання агульнай электраэнергіяй і перасварыліся жыхары пятнаццаці пакояў. Энэргітычная сварка змяніла Камуналку да непазнавальнасці. Дайшло да абсурду. Ну, скажам, забыўся нехта выключыць на кухні святло — не канец жа свету! З кім не бывае?  Тым болей, што плаціць будуць усе пакрыху роўным долямі. Таму і не шкада...
Спачатку самыя сквапныя (яны лічылі сябе найбольш ашчаднымі) — паставілі на кухню, прыбіральню і ванны пакой свае выключальнікі і лямпачкі, а ў калідоры з’явіліся асобныя лічыльнікі электраэнэргіі. Не захацелі яны плаціць за іншых. Дурны прыклад заразны. У хуткім часе  на агульнай кухні з’явілася пятнаццаць лямпачак і пятнаццаць выключальнікаў, а на калідоры — пятнаццаць новенькіх лічыльнікаў.  Быццам пачварны павук-мутант аблытаў сцены павуцінай-праводкай. Цяпер было дзе разгуляцца і тараканам! Пад кожным выключальнікам з’явілася шыльдачка з прозвішчам уладальніка. Але і гэта не дапамагло. Насельнікі Камуналкі, хоць і лічыліся пагалоўна адукаванымі, мелі звычай блытаць свае выключальнікі з чужымі. Успыхвалі новыя скандалы, да судоў даходзіла. А канчаліся спіранні тым, што паверх кожнага выключальніка з’яўляліся арыгінальныя скрынкі з замкамі. Такое ж скрынкавае відовішча адкрывалася каля прыбіральні і душавой кабіны. І ўсюды, як гірлянды пад новы год, звісалі лямпачкі, лямпачкі, лямпачкі… Кожны жыхар хадзіў цяпер, пабразгваючы вагавітай звязкай ключоў і адмычак. Калі ж вечарам на кухні збіраліся гаспадыні некалькіх пакояў, то ўсё памяшканне было асвечана, як хірургічная палата: ніхто не хацеў плаціць за іншых, і прынцыпова запальваў прыватную лямпачку. У выніку — дом па Новарайскай значна перавысіў сумарны расход электраэнергіі. Святла спальвалася болей і болей, і ўсё больш утульных закуткоў знаходзілася цяпер для тарканаў. А яны, знай сабе — пладзяцца і размнажаюцца. Вось такая яна была, Камуналка. Хаця бывала і яна рознай і ўсякай:  злой і добрай,  шчырай і бязлітаснай, мужнай і баязлівай, жорсткай і спачувальнай — была такою, якія людзі яе насялялі.
Няма ліха без дабра, бо для кулінарнай фантазіі Камуналка адкрывала нераспрацаваны Кландайк. Чаго толькі не рыхтавалася на пліце! Суцэльны  гастранамічны інтэрнацыянал. Сустракаліся і цалкам экзатычныя блюды, напрыклад, “беларускі суп па-флоцку”, або “рускія пельмені па-армянску”. Не жыццё — малінавы рай для хатніх гаспаднь і… тарканаў! Менавіта гэтым насельнікам Камуналкі, што прысмоктваліся да чалавечага жыцця — рай у шостай ступені. Днём гаспадарылі жанчыны, а начою — тараканы, якія па праву лічацца бессмяротнымі жыхарамі Камуналак. Знішчыць іх не магчыма. За гісторыю цывілізацыі такое яшчэ нікому не ўдавалася.  На першай стаянцы якога-небудзь неандартальца ці пяцікантрапа яны і з’явіліся, застаючыся з таго часу нязменнымі спадарожнікамі двухногіх. Як бы не рупіліся некаторыя хатнія гаспадыні, колькі б не расыпалі атруты  — усё адно, знойдзецца адна неахайная, якая будзе вясці вайну з насякомымі толькі фармальна (у яе пакойчыку тараканы і перачакаюць аблаву, каб потым пусціцца з гэтага плацдарма, нібы з інкубатара якога, па ўсёй плошчы пятнаццаці пакояў, а там і на суседнія дамы перакінуцца). Таму і няма збаўлення ад іх. Каб вынішчыць тараканаў, трэба звесці пад корань самога чалавека Камуналкі. Інакш пакуль не атрымлівалася. Хіба што нашы дзеці вынайдуць дзейсны сродак, ад якога ўсе гэтыя паразіты лопнуць у адзін момант і болей ніколі не ўваскрэснуць.
Жыццёвыя праблемы гартуюць характар. Быццам прырастаем мы да ўласных бедаў, неяк адцяняюць яны рэдкія хвіліны радасці. Па асобных кватэрах раз’язджацца цяжка, лічы — паўжыцця прайшло ў абшарпаных сценах з выцвілымі шпалерамі. Нібы зрастаешся з тараканавай кухняй, з бяседамі пад шклянку гарэлкі, калі ўяўляецца часам: вось ён — зорны час, дзе за кухонным сталом вырашаюцца планетарныя лёсы чалавецтва. Да таго ж,  прывычка і натура — родныя  сёстры.
Аднойчы пасля пажара да пяціпавярховіка, які даўно знаходзіўся ў аварыйным стане, нагналі замежных бульдозераў, кранаў ды іншай імпартовай тэхнікі і разбурылі дом дашчэнту. Вельмі часта тое, што патрабуе капітальнага рамонту, абрушваюць да падмурка. Ламаць — усе майстры, а вось збудаваць з нулявога цыклу — тут спецыялістаў мала. “Самасційнікі” нават цэглу расцягнулі на ўласныя фазэнды. А былыя жыхары атрымалі новыя пашпарты, новую прапіску і дэкларуемую незалежнасць. Наіўныя людзі! Так і не зразумелі: ад чаго перасталі залежаць? Верагодна, ад чаго заўгодна, толькі не ад уласных тараканаў. А яшчэ гавораць: хто не хоча карміць сваіх тараканаў, той будзе карміць чужых. Мудра іншы раз гавораць людзі, ды не кожны тую мудрасць спасцігае.
Пагаворвалі, што на месцы Камуналкі хутка адбудуюць ультрасучаснае жыллё па еўрастандарту на інвестыцыі ачмурэлых капіталістаў, якія толькі і чакаюць: куды ж убухаць свае шалёныя мільярды? Як быццам бы ім не патрэбна карміць уласных тараканаў? Але ці мала што баюць людзі, ды ўсё бабуліны казкі…


Рецензии