Тараканы, пралог

Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
                Т  а р а к а н ы
                ( р  а  м  а  н – а л е г о р ы я )
                ПРАЛОГ
Апоўдні вуліца Савецкая заліваецца сонцам. Цені ад аўтамабіляў і будынкаў робяцца карыкатурна-маленькімі, нават пацешнымі: мінакі акурат наступаюць на галовы сваіх ценяў. У адзін з такіх ясных дзён, калі хмурынкі на небе  з’ядаюцца сонечнымі промнямі, па Савецкай крочыў Выпадковец Іван Фаміч: суразмяраў такт мелодыі з маршавым крокам, насвістваючы на  хаду мелодыю “Свяшчэннай вайны”; на скрыжаванні павярнуў на Новарайскую, дайшоў да палавіны і раптам мелодыя захлынулася, быццам спатыкнуўся  аб штосьці нябачнае, занёс нагу для чарговага кроку, ды так і знерухомеў!
Шырачэзнай калонай тратуар перапаўзалі тараканы. Тысячы насякомых жывой лавінай сунуліся ў адным напрамку: шыбавалі напрасткі праз дарогу, па праезджай частцы, дзе ліха праносіліся аўтамабілі, утвараючы чатыры паласы жывога шэрападобнага месіва, якое пузырылася і кішэла, падрыгвала  ў  сутаргах лапкамі і стрыкала крыламі. Не зважаючы на смерць пад калёсамі, насякомыя паўзлі далей: перасякалі аўтастраду і заварочвалі за вугал  “Макдональса”. Дзесьці  там, сярод акуратна стрыжаных газонаў, іх след губляўся ў клумбавых кусціках.
Іван Фаміч здзіўлена пакруціў галавой, зняў акуляры,  старанна працёр шкельцы насоўкай і ўгняздзіў на пераносіцу: тараканы выпаўзалі з двара дома № 17. Ён рушыў насустрач рудаватай паласе, ступаючы  проста па  спінах незлічонай калоны, — насякомыя лопаліся пад падэшвамі чаравікаў, выстрэльвалі смятанкавай вадкасцю, але не разбягаліся ў жаху, —  былі нейкімі самнамбулічнымі, быццам загіпнатызаванымі. Падыйшоўшы ўшчыльную да будынка, ажно прысвіснуў ад нечаканасці і абхапіў галаву рукамі: процьма тараканаў, абляпіўшы сцены пяціпавярховіка, мітусілася туды-сюды і, здавалася, варушыліся сцены: дом уяўляўся жывым і хадзіў ходырам. Сотні жвавых стварэнняў зрываліся са сценаў і падалі далоў, але з-пад дзвярэй выпаўзалі новыя і новыя: паказваліся з дзірак і шчылін, вывальваліся з фортачак і  балконаў  — цопаліся на зямлю і кружыліся вакол дома, выкручваліся вакол сваёй асі — усё адно як  нешта шукалі.  Яны збіраліся ў асобныя кучкі, якія шыраліся на вачах, зліваючыся ў невялікія лужыны і паблісквалі на сонцы безліччу лашчоных крыльцаў; лужыны сцякаліся ў  ручаіны, утвараючы  на выхадзе з двара шырачэзную рухавую раку, якую і сустрэў Іван Фаміч, ідучы па вуліцы.
Дзіўна, але людзі, што насялялі Новарайскую, тараканаў не заўважалі, нават вокам не вялі, не здзіўляліся неверагоднаму нашэсцю паразітаў. Быццам аслеплі. Выпадковец  пастаяў каля дома  хвілін дваццаць, назіраючы за плоймамі членістаногіх, крута развярнуўся, нібы выканаў каманду “кругом”, і пайшоў прэч. Зноў пачуўся посвіст мелодыі, праз колькі хвілін з якога вычляніліся выразныя словы:
                Вста-вай, стра-на ог-ром-ная!
                Вста-а-вай на смертный бой!…
Хутка яго голас ужо звінеў на вуліцы Быліннай: “Не смеют крылья черные
над родиной летать”, — даносілася скрозь гарадскі шум, а яшчэ праз якую хвіліну на словах “пусть ярость благородная” песня цалкам захлынулася.
Ён так і не зразумеў,  чым тлумачылася дзіўнае відовішча, якога ніхто, акрамя яго, так і не заўважыў? Разгадка прыйшла пазней…
Праз некалькі гадоў мясцовае тэлебачанне паведаміла: “Згарэў дом № 17 па вуліцы Новарайскай!”. Прайшло яшчэ два-тры гады і згаданы будынак разбурылі дашчэнту. Падмурак зраўнялі з зямлёй. Ніхто не прыдаў асаблівай увагі гістарычнам зменам. І калі пазней Выпадковец расказваў каму-небудзь пра  загадкавае здарэнне з тараканамі, —  усе толькі смяяліся, ніхто не даваў яго словам веры: “Па такому адрасу нават дома няма!” — гаварылі адны. З часам аргументы зрабіліся  зусім неаправяргальнымі, а само відовішча бяздоказным: “Брахаць брашы, ды меру знай. У нашым горадзе і вуліцы з такой назвай няма!” — абрывалі яго на паўслове.
І Іван Фаміч замаўкаў. А што ён мог адказаць, і сам цяпер сумняваўся: “Ці  не  прыснілася ўсё гэта? Ці не прымроілася?” — пытаўся  ў самога сябе і  — не знаходзіў адказу.
Але дзесьці на антрысолях валяліся паношаныя афіцэрскія чаравікі, як гразёю, аблепленыя мёртвымі і высахлымі цельцамі тараканаў.
                Першы сон Рамана               
І сніўся Раману Радзівонавічу сон. Родная вёска, а ў падвале бацькоўскай хаты вырасла вялізная Яблыня. Не можа даўмецца Раман, адкуль узялася Яблыня, ды яшчэ пад хатай? Раптам аднекуль, як часам бывае ў снах, з’явілася маці з тлумачэннем: “Глядзі, сынку, вунь яблыня на гародзе расце, кожную восень лісьце на ёй аблятае, а ў гэтай Яблынькі, што пад нашай хатай  узыйшла, лістота не мяняецца з тае пары,  як пераехалі з Люсіна. Трыццаць тры гады таму  цвіла Яблынька, яшчэ бацька быў жывы, а плады толькі сёння паказваюцца…”.
І далей уяўляецца Раману: ёсць пад хатай вялізнае возера, глыбачэзнае такое, а  вада ў ім на дзіва чысцюткая — дно прасвечваецца. А ў тым возеры здаравенныя шчупакі плаваюць, старыя, ажно мохам абраслі. Спрабаваў пералавіць тых шчупакоў Раман, ды перасмажыць на патэльні, але ніяк тое не ўдавалася…
А потым нехта яму паказаў: пад хатай у глыбокім лёху расце яшчэ і Бульба… Штогод новыя плады родзіць, толькі з кожным годам бульбіны ўсё меньшыя вырастаюць і нейкія празрыстыя. “Вядома ж, — падумалася Раману, — не даходзяць сонечныя промні ў скляпенне, таму і пасынкі старая бульба кожны год усё больш кволыя  выпускае”.
Падзівіўся ўбачаннаму Раман. Там жа пад хатай, аказваецца, стаіць яшчэ і карова...
А потым адкрыўся склад марожанага мяса: ляжаць штабялямі ўледзянелыя тушы.

І апошняе, што ўбачыў: ёсць там і склад адзення.  Перабірае адзежыны ў вялізнай гурбе, разглядваючы розныя швэдры і курткі, быццам штосьці апрануць на сябе хоча, ды ніяк не дабярэ нічога.
Прачнуўся. Усё напружваўся  разгадаць сон — адно толькі і зразумеў: нейкі шматузроўневы ён, шматзначны  і  шматпланавы… Але ўсё чамусьці зводзіцца пад родную хату…


Рецензии