Тараканы, 1

1
     Гавораць, пакорнага доля вядзе, а ўпартага — цягне за валасы. Зведаў Раман Родасветаў і таго і другога. Да дваццаці шасці гадоў  біўся ў жыццё галавою, быццам аб сцяну мураваную, але не выходзіла нічога ні ў асабістым жыцці, ні ў грамадскім. А тут яшчэ і бацька загінуў у аварыі. Пачала маці жаліцца ў пісьмах, каб кідаў працу на чужыне і вяртаўся дамоў, бо здурэе яна адна ў чатырох сценах: “Старшыня абяцаў на пахаванні, — пісала ў лісце, — калі вернешся ў калгас, то знойдуць работу па спецыяльнасці”. 
     Звольніўся з ранейшага месца, прыехаў дахаты. Сустракае неяк старшыню (едзе на сваім “козліку“), махнуў рукою — прыпыніўся “козлік”.  Паціснуў Раман працягнутую руку, залез у  кабіну і пытаецца: “Вы абяцалі працу… Можа, ёсць што канкрэтнае?”, — і чуе раптам у адказ:
     — Няма пакуль свабодных вакансій...
     — Яно не гарыць, магу месяц-другі і пачакаць. Нешта ж павінна з’явіцца? — асцярожна выпрабоўвае Раман, а  старшыня  (і не чужы зусім чалавек: далёкі сваяк) так прама і выпаліў: “Калі ж яно з’явіцца?! — ды яшчэ з нейкай злосцю, быццам Раман у яго грошай напазычаў, — можа, хто ў дэкрэт пойдзе, або памрэ».
      Што адказаць на такія словы. Вылез з машыны і пайшоў сваёй дарогай. Зашчыміла крыўда на сэрцы: “Сарваў з месца, а цяпер —  я ж і вінаваты, бо праз мяне лішні клопат яму”.
      Не пайшоў болей да старшыні. Паклаў свой ветэрынарны дыплом пад сукно, і дзядзька Васіль, бацькаў брат, уладкаваў слесарам па рамонту сельскагаспадарчых машын. “Круціць гайкі на сеялках, ды баронах — дыплома не трэба”, — адзначыў дзядзька. Работа не складаная, хоць часам прыходзілася і выцягваць жылы, але Раман змалку навучыўся да ўсяго прызвычайвацца.
     Толькі на душы было маркотна. Стрэмкай засела ў памяці апошняя  сустрэча з бацькам, усяго за тры дні да гібелі. Быццам нейкую віну адчуваў Раман цяпер за бацькаву смерць. Маці тады лячылася ў санаторыі, а бацька ўпраўляўся па гаспадарцы. Вырваўся Раман на выхадныя дамоў на падмогу, цэлы дзень разам складалі ў стажок дровы. За работай і задаў бацьку,  як думалася пазней, тыя ракавыя пытанні… Доўга потым дакараў сябе, што спытаўся. Зусім не так, як чакалася, адказаў бацька: ці душой пакрывіў, ці няшчырым быў? Тыя адказы, на думку Рамана,  і вырашылі яго далейшы лёс. Таму і адчуваў сябе вінаватым — хто ведае: не спытайся нічога, дык можа бацька і сёння быў бы жывы?
     — Тато, а што такое сумленне? — бацька толькі плячыма паціснуў. — А любоў? Ведаеце, што такое любоў? — не адступаўся Раман. — І другі раз прамаўчаў бацька.
     — Тато, а ці быў на зямлі Ісус Хрыстос? — спытаўся пра галоўнае.
     — Не! — раптам злосна закрычаў бацька, — не было ніякага Бога!!! Усё гэта прыдумкі, міф. Рэлігія — опіум для народа, — паўтарыў зацяганую па партыйных сходах фразу.
     Праз некалькі дзён і здарылася злашчасная аварыя…
     Ішоў 1984-ы год. І хаця слова Бог пісалі яшчэ з маленькай літары, Раман  паспеў прачытаць Дабравесце і ў глыбіні сэрца адчуў: штосьці такое таемна-прыцягальнае ёсць у гэтай кнізе! Нешта вельмі істотнае, блізкае і шчымліва-роднае, але чамусьці забытае. Пакрыўдзіў яго бацькаў адказ, нават абразіў — ён так спадзяваўся на бацькаву дапамогу і падсвядома чакаў зусім іншага.
     — А вы хоць чыталі  Евангелле?
     Рэдка  асмельваўся звяртацца да бацькі “на ты”: так было заведзена ў іх сям’і, — мог “тыкнуць” толькі ў момант вялікай узрушанасці або злосці.
     — Не, я не чытаў. Але з другіх крыніц ведаю, што ўсякая рэлігія трымаецца на міфалогіі. Такой гістарычнай асобы як Хрыстос — не было.
     — То і не гаварыў  бы, калі не чытаў! — з крыўдай абарваў бацькавы разважанні Раман. — А я сцвярджаю: быў Хрыстос! Такое — не прыдумаеш, чатыры розныя чалавекі пісалі, — і ўсе аб адным і тым жа.
     — Ну і няхай сабе, — усміхнуўся бацька, паглядваючы з цікавасцю на сына, — ці мала што могуць людзі панапісваць. Дык хіба ўсяму, што напісана, верыць?
     — Вы ж верыце сваім камуністам?…
     — Ідэя камунізма — непазбежны вынік развіцця чалавецтва: ад феадалізма да капіталізма, затым — сацыялізм і камунізм. Вучэнне камунізма ёсць адзіна правільнае вучэнне, таму што яно вернае, бо сцвердзілася самім жыццём.
     «Ат!” — скрывіўся, быццам ад болю Раман. На тым і скончылі. А вечарам размова выплыла зусім нечаканым рэчышчам. Раман збіраўся на танцы і наводзіў перад люстэркам апошні марафет, успрыснуўшы твар адэкалонам «Кіеўскія каштаны», і тут парог пераступіў бацька, вінавата “закхекаў”, як заўсёды рабіў, калі быў п’янаватым — мелькам кінуўшы позірк, Раман адразу вызначыў: прыняў дозу. А бацька сеў на табурэт і нечакана строга загадаў: “Сядзь! Пагаворым з табой!”, — і паказаў насупраць сябе. Дзіўным было Раману пачуць запрашэнне да сур’ёзнай размовы: быццам не заўважаў раней, што сын ужо дарослы.
     Прысеў на ўскрайчык табурэткі, — няўсцерп яму, нібы на голках сядзіць: ужо апрануты, у клубе хутка пачнуцца танцы, і так нязвыкла настройвацца на сур’ёзнае. І слухае, і не можа даўмецца, што хоча бацька, да чаго ўвогуле ўся гаворка. А той як і не заўважае  сынавай нервознасці,  назідальна-павучальным тонам настаўляе і вучыць як жыць патрэбна:
     — Глядзі, Раман! Ты цяпер кватаруеш у чужых людзей, пакой здымаеш. Прыглядвай за сабою. Каб не сказалі, што нейкі шахварост... Адкуль, маўляў, прыехаў такі? Дзе выхоўваўся? Людзі ўсё прыкмячаюць. Вось ты пытанні  розныя задаеш, на якія і філосафы не могуць знайсці адказу… Навошта? Глядзі на жыццё прасцей. Навошта такія складанасці? У чужых людзях жывеш, насмяціў — прыбяры за сабою. І з людзьмі трэба асцярожна абыходзіца… Пакрыўдзіў каго — папрасі прабачэння, нават калі і не адчуваеш сябе вінаватым, першым і папрасі — карона не зваліцца. Як у лес гукнеш — так і адгукнецца. Хаця, жыць між людзей, — гэта табе не па лесе блукаць…
     Праз тры дні бацькі не стала. Загінуў у аўтамабільнай аварыі. І  “сур’ёзная” і такая неспадзяваная для Рамана размова стала апошняй.
     Вясна буяла квеценню, трэці дзень Пасхі. “Хрыстос воскресе” — віталі людзі адзін аднаго, а радню Родасветавых абляцела жудасная вестка: «Радзівон Мікалаеў загінуў!”. Да канца жыцця ў памяці Рамана быццам калёным таўром высмаліліся словы: “смерць” і “уваскарсенне”, — трагічны выпадак і Пасха Храстова звязаліся ў адзін заблытаны вузел лёсу. Зразумеў ён пазней, успамінаючы апошнюю размову, што нейкім містычным чынам прадчуваў бацька свой канец, а тыя апошнія настаўленні былі яго запаветам.
      Не прыехаў Раман на пахаванне бацькі, не праліў, як таго патрабуе жывая душа, неабходных слёз на магілу, не сказаў развітальных слоў… Літаральна за два дні да бацькавай гібелі сам трапіў у аварыю, ледзьве выкарабкаўся. Месяц праляжаў у рэанімацыі. Родныя хавалі ад яго сямейнае гора: даведаўся пра ўсё толькі перад выпіскай. Доўга не мог паверыць, што бацькі няма, здавалася — з’ехаў кудысьці ў працяглую камандзіроўку і абавязкова калі-небудзь вернецца.
     Толькі праз некалькі месяцаў трапіў на бацькаву магілу. І не змог заплакаць. Боль скамянеў, прысох да горла і доўга не мог выйсці слязамі. І яшчэ адно зразумеў Раман: ёсць словы, пытанні і думкі, нават душэўныя памкненні, якія крута  мяняюць чалавечы лёс. Толькі падумаў міжвольна пра нешта, варухнуліся кволыя пачуцці, а недзе там, пэўна, у высокіх нябёсах, гэты зрух ужо зафіксаваўся, уключыўся ў неспасціжны ланцуг вялікай работы і пачаў уплываць на будучыню, на тваё жыццё і на цябе самога. Нічога ў свеце не здараецца выпадкова! Усё нясе сэнс і ўсё звязана паміж сабой. І хто ведае, не задай ён такіх небяспечных пытанняў бацьку, можа ўсё скалалася б іначай?… Але нічога ў тым, што адбылося, нельга паправіць, усё ёсць, як ёсць — і так будзе заўсёды.
               

                *     *     *
    Пэўна, яшчэ ў дагістарычныя часы пячорнага веку і першабытна-абшчыннага ладу, калі дзікія чалавечыя статкі блукалі ў пошуках спажывы а двухногія, як усё жывое, баяліся агню, не навучыліся яшчэ яго выкарыстоўваць, і нічым асаблівым не вылучаліся з жывой прыроды, — тараканы аблюбавалі чалавечае жытло і прыляпіліся да людзей бяскрыўдным сімбіёзам. З боку двухногіх такое суседства не заўсёды было бескарыслівым, бо ў часы насцерпнай голадухі, чалавек не грэбаваў і паядаць суседзяў, каб зберагчы сілы і дацягнуць да лепшай пары. Як бы там не было, але таракан зрабіўся вечным спадарожнікам чалавека. Магчыма, калі-небудзь выявіцца прамая залежнасць паміж тараканамі і развіццём чалавечай цывілізацыі, як выяўляецца цяпер, што за колькі дзён да землятрусу горад раптоўна пакідаюць усе кошкі, або пачынаюць нервова мітусіцца ў акварыуме асобныя пароды рыбак,  так і тараканы, за колькі гадоў да сацыяльных катаклізмаў, ужо падаюць чалавеку сігнальныя знакі, якія ён пакуль не навучыўся чытаць і расшыфроўваць. Так было і на пачатку Перабудовы, — тараканаў распладзілася вялікая безліч, яны былі ўсюды: у жылых дамах, у школах і шпіталях, на вакзалах і грамадскіх установах, але ніхто не надаваў гэтаму значэння, не спрабаваў вытлумачыць.
     Хітонавы кокан кішэў жыўнасцю. Набрыялы малакападобнай вадкасцю, ён разбухнуў і, здавалася, вось-вось вылузнецца з-пад перапончатых крылаў. Цягнучы  кокан на сабе, пузатая рыжая тараканіца выціналася ад напругі: ажно лапкі падрыгвалі ды тарчком станавіліся вогнутыя вусікі... Яна шукала ўтульнае месца, дзе можна было б выпусціць у свет новае патомства.

          *   *   *            
    Тры гады Раман працаваў дома. Амаль штодня, ідучы на калгасны механізаваны двор, заходзіў на вясковыя могліцы. Быццам хацеў пачуць з бацькавай дамавіны адказы на свае пытанні… Але маўчала гранітная пліта. Ды зноў і зноў, быццам важная неабходная справа, але так і не даробленая, заварочвала яго хаду на клады. Заплакаць змог нарэшце толькі тады, калі з маленькай дачкой магілу наведала родная сястра Надзея. Не дачакаўся Радзівон Мікалаевіч унукаў, у сорак пяць гадоў паехаў у незваротную камандзіроўку,  і вось цяпер — гуляецца дзіцятка ў пясочку на магілцы і пытаецца раптам: “Мама, а што гэта за дзядзя?”.
    — Гэта не дзядзя, дачушка, — скрозь слёзы адказвае сястра, — твой дзед… І мой тата.
    — Мой дзед? — здзіўляецца малеча, — а чаму ён мой? Мне яго ніхто не даваў, — сястра ў слёзы, а малая супакойвае, — не плач, мама!  Я ж не супраць. Няхай  будзе мой, калі ты  так хочаш.
    Тут  і дрыгнула Раманава сэрца. І зыйшоў боль слязамі…
Вялікае гора лягчэй пераносіцца ў чужых людзях. Многія аднавяскоўцы пры сустрэчы з Раманам чамусьці лічылі сваім абвязкам суцешыць яго і пашкадаваць. З таго часу і набылася ў яго звычка: не выказваць услых спачуванняў. Сапраўднае гора маўклівае, як гранітная пліта, і без’языкае, як цішыня, не дарэмна гавораць, што чалавек знямеў ад гора. Лепш памаўчаць, чым выказваць абавязковае, ды часам няшчырае спачуванне. Па-сапраўднаму баліць толькі сваё.

* * *
     У сярэдзіне васьмідзесятых моладзь рвалася ў горад, раз’язджаліся хто куды, абы хутчэй збегчы ў свет. З Раманавых аднагодкаў дома амаль ніхто не застаўся, сягды-тагды наведваўся друг дзяцінства Слава — астатні час Раман заставаўся ў адзін. Узяць вялікія вёскі, разважаў Раман, такія як Альшаны ці Малешаў, або Рубель, там хоць весялей. А ў яго Родастветаве на сотню хат — туга зялёная і самота. Пачало здавацца раптам, што так ён можа і  размінуцца з сапраўдным жыццём, якое пройдзе міма — буяе недзе там, за светам, толькі не дома. Надумаў і ён з’ехаць: “Не хвалюйся, буду дапамагаць па гаспадарцы, — угаворваў  маці, каб адпусціла, — дваццаць пяць кіламетраў — усяго паўгадзіны язды. Сенакос, дровы і бульба — уся цяжкая работа будзе на маіх плячах. Давыд-Гарадок — не за гарамі. Буду прыязджаць амаль на кожныя выхадныя”.
     Маці пагадзілася. І Раман уладкаваўся на Давыд-Гарадокскі Электрамеханічны завод слесарам. А праз год вырашыў паступаць у  Маскоўскі Дзяржаўны Універсітэт, на факультэт журналістыкі. Чамусьці захацелася вучыцца менаваіта ў Маскве (такі ж  факультэт быў  у Мінску), але ўцемяшылася ў галаву: “Толькі ў Маскву!” — і нічога тут не паробіш. Цэлы год рыхтаваўся да экзаменаў, штудзіраваў начамі школьныя і вузаўскія падручнікі і паступіў-такі з першага разу, хоць пагаворвалі: конкурс па творчаму адбору быў каля сямідзесяці чалавек на месца. З гэтага моманту Нябёсы ўсё адно як літасць праявілі: узяла доля, нібы дзіцятка за руку, і павяла ў далей у жыццё,  хоць часам і біла тварам аб асфальт, але рукі болей не адпускала. Адчуў Раман над сабою нейкае таямнічае апекаванне, абярэг ад параз і непадзевак, з чаго зрабіў выснову, што нарэшце ўзбіўся-такі на сваю дарогу.
    Так ён і жыў. А зусім побач, усё адно як у паралельным свеце, жылі сваім жыццём тараканы.


Рецензии