Тараканы, 2

2
 Рыжуха цяжка ўскарабкалася на брудную вышчарбленную талерку, што завалілася калісьці за кухонную шафу, і перакулілася на спіну. Выпростваючы скураныя надкрыллі і час ад часу пстрыкаючы крыламі, церабіла лапкамі і адпіхвала ад сябе кокан, намагаючыся адарваць ад цела змазаную тлушчам абалонку. Заграбаючы трыма парамі лапак, быццам вёсламі, тараканіца крутнулася вакол сваёй асі і раптам, рэзка адштурхнуўшыся, падскочыла ўверх,  лоўка перавярнулася ў паветры і цопнулася на лапы. Кокан лёгка саслізнуў і адкаціўся ў бок. Некалькі разоў Рыжуха скокнула ад радасці, адчуваючы забытую лёгкасць цела, стаілася на імгненне, нібы задумалася, і раптам  з усіх ног задала стрыкача. Пэўна, спужалася, што кокан прыклеіцца да  цела і зноў будзе смактаць  сокі.
Адбегшы крыху, яна адразу ж забылася пра сваё патомства, як некалі забыліся пра яе. І ніколі болей  не вярталася на месца народзінаў: адправілася шукаць Чарнавуса, адзінага таракана сярод безлічы, з якім добра пачувалася. Але на прасторах  Камуналкі іхнія шляхі доўгі час не маглі перакрыжавацца.
* * *
Іншы раз здаецца, што газеты, радыё і тэлебачанне наўмысна прыдуманы, каб тлуміць людзям галовы. Вось узяць “свабода слова” — лашчыць слых і цешыць самалюбства, але гэта вельмі небяспечная рэч, калі пераходзіць ва ўседазволенасць, без цара ў галаве і без маральных тармозоў, нейкае заклінанне стыхіі. У сярэдзіне васьмідзесятых сродкі масавай інфармацыі гэтак р’яна пачалі ўкручваць у людскія галовы новыя паняцці “паскарэнне”, “галоснасць”, “антыалкагольная кампанія”, што складвалася ўражанне чарговай кампаніі “дагонім і перагонім”, “пяцігодку за тры”. І нарэшце, як гром сярод яснага неба грымнула “Перабудова”, а затым выбухнуў і “Чарнобыль”.
Масква клякатала грамадскімі жарсцямі. Усё мянялася, як у калейдаскопе. Спачатку паэты-дысідэнты з аглядкай пачытвалі на Арбаце крамольныя вершы, сям-там з’яўляліся сціплыя пратэсты, пікеты ці транспаранты, часцей жа — скручвалася тоўстая дуля ў кішэні; але потым, набіраючыся смеласці, пікеты і пратэсты станавіліся больш шматлюднымі і нахабнымі, а транспаранты — крыклівымі і шакіруючымі. На людскія галовы ў адзін момант выпліснуўся бруд “сакрэтнай” інфармацыі: развенчваліся некалі недатыкальныя і бясспрэчныя аўтарытэты, кагосьці выводзілі на чыстую ваду і выкрывалі, кагосьці рэабілітавалі, а большасць — проста збэшчвалі і шэльмавалі; адкрываліся невядомыя дагэтуль пікантныя гістарычныя факты — чацвёртая ўлада, шалеючы ўседазволенасцю, пусцілася ва ўсе цяжкія. Знаходзіць і паказваць станоўчыя бакі жыцця стала дрэнным тонам, маветонам, чым горш — тым лепей. На Цэнтральным Тэлебачынні з’явіліся амаль усенародныя праграмы: “Прожектор Перестройки” і “Взгляд”  — а трансляцыі паседжаняў Вярхоўнга Савета СССР ператварыліся для плебсу ў самае займальнае відовішча. З блакітных экранаў пачалі ашаломваць то “філіпінскімі хіллерамі”, то “раскашперованымі чумакамі”; амаль адначасова па гарадах і весях Саюза ў сцены загрукалі “барабашкі”, а ў небе з’явіліся “лятаючыя талеркі”; штодзень вяшчалі кантакцёры, місцікі і тэосафы ўсякіх масцей, знаходзіліся нават жывыя сведкі, якія сустракаюцца з іншапланецянамі і амаль што рукаюццца з усялякай нечысццю, не гаворачы ўжо, пра шматлікіх “месій”, якія адзін за адным аб’яўляліся і абвяшчалі канец свету: “Белае брацтва”, “Аум-Сінрыкё”, “Багародзічны цэнтр”, “Вісарыёнаўцы”… І гэта адбывалася ў краіне, у якой семдзесят сем гадоў слова Бог пісалася з маленькай літары.
Праз сто-дзвесце гадоў сумленны гісторык (або крыміналіст,  ці ўвогуле — псіхіатр), захацеўшы дакапацца да ісціны і выясніць, чаму раптам абрушваюцца імперыі, магчыма, усё раскладзе па паліцах і высветліць, што зрабілася само сабою праз фатальны збег абставін, а якія дзеянні былі наўмысна справакаваны зацікаўленымі сіламі. З працы гэтага гісторыка (думаецца, адной гістарычнай адукацыі для такога опуса будзе бракаваць, патрэбна яшчэ дасведчанасць у крыміналістыцы і псіхіатрыі) — з пункту гледжання такога трыдыстыплінарнага даследавання ўсё стане зразумела. Калі на той час тыя, што захапілі ўладу ў смутны перабудоўчы час, не выштукуюць чарговы гераічны міф, як тое зрабілі камуністы з “кастрычніцкага пераварота”, схаваўшы пад крысо праўдзівую інфармацыю.
Вынікі інфармацыйнай аблавы пісучых журналістаў перараслі ў  шматтысячныя акцыі грамадскага непадпарадкавання, мітынгі і шэсці з вулічнымі беспарадкамі… І скончылася ўсё вялікай “белавежскай папойкай”, стральбой па “Белым доме” і парадам сувенірных суверэнітэтаў, а гэтак жа і пакалечанымі лёсамі мільёнаў людзей, якія аказаліся раптам без ідэалаў і грошай, без базавых светапоглядаў, а многія —  увогуле без радзімы.
* * *
Пакруціўся Раман у сталічнай літаратурна-журналісцкай багеме і зразумеў, што з Давыд-Гарадокскай Замкавай гары на Парнас не ўзбярэшся. Атрымаў дыплом, пераехаў у Мінск, якая ні ёсць, а ўсё ж такі  сталіца, цяпер ужо, параўда, незалежнай дзяржавы.
Без прапіскі на працу нікуды не бралі. На маскоўскі дыплом  увогуле касавурыліся. Раман не надта і перажываў, бо якраз у гэты час да слова журналіст пачалі дадаваць абавязковы эпітэт: “прадажны”. Плюнуў і пайшоў на будоўлю. Днём цяжкая праца, а ноччу — творчасць. Яшчэ да паступлення на журфак пачаў пісаць вершы, цяпер яго лірычны герой лічыў сябе сасланым на галеры за прынцыповую пазіцыю.
Заводзіць сям’ю Раман не збіраўся. Многія  дзяўчаты яму падабаліся і быў ён чалавекам улюбчывым, але каб звязаць з кімсьці лёс? Не, даруйце, гэта не для яго! Ды і навошта паэту жонка? Яму патрэбна Муза, тым больш,  журналісцкай працай не надта і пракорміш сям’ю. Пісаць вершы і артыкулы — вось яго абавязак, а дзяцей гадаваць і так ёсць каму. Але часта жыццё збягае зусім не ў тую каляіну, якую прымеркаваў  чалавек, а выкручваецца так, як павядзе доля ды пакіруе Бог.
Са сваёй будучай жонкай пазнаёміўся выпадкова ў сваім жа будаўнічым інтэрнаце. Седзячы на бальнічным, вырашыў зрабіць новыя кніжныя паліцы, не аказалася пад рукой нажоўкі, — заглянуў да суседа: “Алесь, у цябе выпадкова нажоўкі няма?”.
А ў суседа  госці: тры незнаёмыя жанчыны святкуюць з гаспадаром наваселле.
— Ёсць! — задаволена прагаварыў Алесь, — але зусім не выпадкова. У гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца: трымаю на такі вось выпадак.
Раман агледзеў імправізаваную “паляну”: ажно занадта сціпла. Павеяла сумам: “Ні музыкі, ні танцаў”, — падумаў пра сябе. Накрыты стол і пусчэзны пакой: госці цесняцца на адным ложку, гаспадар сядзіць на табурэтцы — вось і ўся абстаноўка. Чамусьці зрабілася іх шкада: “А давайце я вам на гітары сыграю”, — нечакана для самога сябе прапанаваў Раман.
 — О! Гэта было б цудоўна! — ажывілася бяседа.
Праз якую хвіліну ён сядзеў пасярэдзіне кампаніі і спяваў  песні. На той час спіртнога ён прынцыпова не ўжываў, трымаўся правіла успрымаць  жыццё толькі на цвярозую галаву. Праспяваў некалькі песен і (зноў жа нечакана для астатніх) абвясціў: “Прашу прабачэння, мяне  работа чакае”, — устаў і выйшаў.
— Чаго ён прыходзіў? Не выпіў нават. Колькі не прапаноўвала — адмаўляецца. Дзіўнаваты нейкі хлопец, — дала завочную характарыстыку невялікая ўкормленая кабета.
 Але літаральна праз хвіліну  Раман зноў паказаўся ў дзвярах, паставіў на падваконе магнітолу і паклаў побач стосік  касет: “Вось вам заместа гітары”, — і выйшаў. Следам выскачыў гаспадар пакоя:
— Чаму гэта ты збег? — спытаўся.
— Ды вось,  глядзі, ўсё параскідана. Паліцы трэба дарабіць...
— А дзяўчаты падумалі, чым-небудзь пакрыўдзілі цябе?
— Ды не, усё нармалёва. Я выйшаў з таго ўзросту, каб крыўдзіцца на людзей.
— Дык пайшлі да мяне! Весялей будзе. Даробіш заўтра свае паліцы.
—  Не магу, — паспрабаваў аднекацца, але цікаўнасць пераважыла, — а што за дзяўчаты ў цябе?
Алесь расказаў каго і як завуць, папярэдзіў, што “старэйшая — мая,  а  дзве астатнія — свабодныя”. Адна жыве ў інтэрнаце, а ў другой — аднапакаёвая кватэра. Усе працуюць на тэлебачанні.
— Дык ты прыйдзеш? — не цярпелася яму, — яны прасілі і чакаюць.
— Добра,  — здаўся Раман,— разграбуся і зайду. Праз гадзінку, калі  да яны не збягуць.
— О! Яны будуць чакаць. Ты ім спадабаўся.
І вось Раман зноў сядзіць сярод вясёлай бяседы і спявае песні.
— Паўтарыце, калі ласка,  “Пра незамужнюю жанчыну” — папрасіла адна, а ў самой —  вочы сінія-сінія, чыстыя, як нябёсы амытыя дажджом, так і глядзяць  прама ў сэрца…
(Хто ж ведаў, што тымі вачыма глядзела  на яго будучая жонка Тэрэза, быццам  глыбіню душы яго вымярала).
— А вось яшчэ, паслухайце пра перабудову, — сказаў і пальцы ўдарылі па струнах:
                “Москва не сразу строилась,
                Не сразу перестроится,
                И доллар не братается с рублём!
                Прёт на рубли инфляция:
                Чернобыль — радиация,
                Нальём и как-нибудь переживём!
                Ты, постойка, перестройка,
                Ты постой-ка, погоди!
                Наливай, браток, по стопке —
                Что там будет впереди?…
 — Вот жа, які народ наш таленавіты, — прамовіла старэйшая, — я чула гэтую песню. — Раман падняў здзіўленыя вочы. — Так-так, па радыё, здаецца, Розэнбаўм спявае.
 Раман здзівіўся яшчэ болей: “Хіба мой голас падобны да Розэнбаўма? Хоць нос і гарбінкай, але не таго кагала і дадаў сур’ёзней, — вы не маглі чуць гэтай песні”.
— А я кажу, што чула. Гатова біцца ў заклад, — не здавалася жанчына, — літаральна тыдзень таму па радыё Расіі.
Раман засмяяўся: “Вы не маглі чуць гэтай песні, па ўзросту лічыць — немаўля. Пазаўчора напісалася”.
— Дык гэта вы напісалі? — разгубілася жанчына, —  і словы вашыя?
— Адзінае, за што магу паручыцца, дык гэта за словы. Мелодыя наплывае аднекуль з сусвету.
— О! Тады вы малайчына. Вас трэба па тэлебачанні паказваць. Гэта ўжо наш клопат. А можаце напісаць песню для маёй перадачы? — спрабавала рэабілітавацца жанчына. — Раман паціснуў плячыма. — Там пра дзяцей перадача: дзеці на дарогах… Дзеці гінуць пад коламі аўтамабіляў…
— Не ведаю. Ніколі не пісаў на заказ. Часцей для душы.
— Кіньце набіваць цану. Паспрабуйце! У вас  атрымаецца, я  адчуваю гэта.
— Ну, хіба што паспрабаваць. Але нічога не абяцаю. Увогуле, не люблю абяцаць. Абяцанкі-цацанкі заводзяць у залежнасць.
З усёй кампаніі Раман выдзяліў Тэрэзу: смяялася яна адкрыта і шчыра, а з куточкаў сініх вачэй пры ўсмешцы разбягаліся танюсенькія маршчынкі, нібы сонечныя праменьчыкі. Вызваўся правесці яе дахаты. Пагадзілася. Усю дарогу Тэрэза нешта весела шчабятала пра сваіх братоў, якіх налічвалася ажно пяць, і ўсе жылі ў Мінску. Неяк адразу яна даверылася яму, і здалося Раману, цэлую вечнасць ехалі да яе “абшчагі”, як потым аказалася — толькі пяць прыпынкаў.
— Вот моя деревня, вось мой родны дом. Мой інтэрнат. Тут я і жыву, — паказала на высокі чырвоны дом.
 Раман абняў яе, прыхінуў да сябе,  правёў рукой па валасах… і пацалаваў. Яна не супраціўлялася, пад канец толькі выслізнулася з абдымкаў і звонка засмяялася: “Не так хутка”, — прашаптала загадкава.
— А валасы ў цябе пахнуць вясною і мёдам, — дадаў задумліва.
Тэрэза зноў засмяялася. І штосьці ў яе смеху было такое дзіцячае, безабароннае, чыстае і наіўнае. Такую боязна пакрыўдзіць. Раман усміхнуўся, пакутліва шукаючы зачэпку, па якой можна было б напрасіцца ў госці, і раптам: “У мяне ідэя! — сказала яна, — давайце зойдзем да мяне? І пап’ём кавы”.
— З вялікім задавальненнем, — узрадаваўся, што ўсё вырашылася так звычайна.
Зайшоў у госці… За размовай і піццём кавы час праляцеў хутка, і не заўважылі, як пераваліла за поўнач. Нейкая яскарка прыязнасці праскочыла паміж душамі, ім было добра. Не ведаў ён, што ў рабочым інтэрнаце дзверы ніколі не зачыняліся, меркаваў, калі ўжо на першую гадзіну перайшло, значыць, яна не супраць, каб ён застаўся. І калі Тэрэза выйшла з пакоя чысціць зубы, скінуз з сябе адзенне і разлёся на ложку. А яна зайшла ў пакой і — убачыла прыткага кавалера новага ў сваёй пасцелі. Разгубілася. З такой неверагоднай напорыстсцю і нахабствам ячшэ не сутыкалася. Не ведаючы што рабіць, — ухапіла шклянку з халоднай вадой і забегала па пакоі, паліваючы сярод ночы вазоны, але ён падыйшоў зздаду, абняў яе... Так і застаўся на цэлую ноч. А затым на другую, і трэццюю…
Вяселле згулялі праз тры месяцы. Яму было 29, ёй — 32. Розніца ва ўзросце, хоць і не вялікая, але наклала на сямейныя адносіны адбітак многіх непаразуменняў. А можа, вельмі рознымі яны былі людзьмі  — Тэрэза і Раман?


Рецензии