Тараканы, 3

3
Тэрэза лічыла сябе шляхцянкай, была каталічкай, а па пашпарту запісана полькай (з тых беларусаў, якія ў стагоддзі семнадцатым, а то і пазней, прынялі каталіцтва, і якіх ксянзы пазапісвалі палякамі). Чамусьці ёй здавалася, што быць полькай значна ганаровей, чым беларускай. А ў палякаў, вядома, гонар — асноўная рыса нацыянальнага характару, не дарэмна кажуць пра іх: “Хоць грыб, ды на талерачцы!”.
Цесць Браніслаў будучага зяця адразу ўпадабаў, а цёшча Станіслава доўгі час касавурылася: “Для дачкі можна было б падабраць і добрага каталіка” —  думала яна.
Не аднойчы сваталіся да Тэрэзы жаніхі, але, на здзіўленне бацькам, дачка ўсім адмаўляла. Спачатку чакала нейкага заморскага прынца ў белым “Ягуары”, а потым, калі гады пачалі браць сваё і за вочы сёй-той мог назваць перастаркам, хоць і не выглядала на свае трыццаць, — увогуле вырашыла ні за кога замуж не пойдзе, а  на роспыты  знаёмых і сябровак адказвала жартам, маўляў, не знаходзіцца пакуль годнага шляхетнага кавалера… “Вось бы дзіцятка завесці, — закралася аднойчы  ў свядомасць думка, — як бы песціла яго і любіла… І чаму  дзяцей нельга  нараджаць без мужчын?”.
— Мамуся, — па прыездзе з Мінска звярнулася да маці — хачу я нарадзіць дзіцятка. Трэба і мне паспрабаваць мацярынскага шчасця.
— Ты што гэта, дурніца, плявузгаеш абы што. — У Станіславы нораў круты, характар жарсткаваты і ўладалюбівы, гэта не татусь — душа чалавек, хоць і старэйшы за маці на 13 гадоў, але падмяла яго пад сябе Станіслава: усё жыццё так і праездзіла верхам ну мужу, незадаволена паганяючы, — а як жа іначай, нарадзіла ажно сямёра: шэсць хлопцаў і дачку.
Вось гэтая адзіная дачка чамусьці больш за ўсіх і раздражняла маці: то апранецца не так, як людзі, то індуляцыю не такую зробіць, як  суседчына Вераніка — усё ў яе Тэрэзы неяк сікась-накась. “Ну чаму замуж не бяруць? — разважала з прыкрасцю, — бо не так сябе дачка паводзіць.  Не ўмее паказаць тавар тварам. Адмовіла і адным, і другім, і трэцім  сватам? Людзі, як людзі — а ёй усё не дагодзіш”.
Але змякчылася маці, адчула на гэты раз: дачка ўсур’ёз вырашыла абзавесціся дзіцём, ды яшчэ без бацькі… Што яна можа разумець?
— Э-э, не! Дочачка, — (ці не ўпершыню ласкава  прамовіла да Тэрэзы?). — Не, дзіцятка. Надумала жыць адна — жыві. Тваё табе будзе. Якою Бог доляю надзяліў, такую і зведаеш. Я  шасцярых на ногі падняла, а сёмы ў зямельцы парыцца. Усяк прыходзілася. Думаеш дзіця — цацка? Клопат на клопаце: а колькі бяссонных начэй? Дык мы ж — удваіх, а ты… Выкінь з галавы! Нат і не думай без бацькі! Людзі будуць у вочы пароць: “Вунь, Дасіневічаў байструк пабег”, — сораму не абярэшся. Не, Тэрэзачка, хоць раз паслухай мяне: не рабі  гэтага. А народзіш — не паказвайся ў Дзертнікі, — сарвалася пад  канец Станіслава, збіваючыся на  загадны тон. — І ўнукам яго не прызнаю, і ад цябе адракуся. Гэта ж стыдоба несусветная! Во ўдумала, галоўка як макоўка, а розуму…
     Паслухалася Тэрэза маці, хоць часта рабіла наперакор бацькам. А доля сапраўды не размінулася з  ёю, зведае і яна шчасце мацярынства.
     Калі справа дайшла да вяселля, бацькі Тэрэзы асцярожна пачалі схіляць маладых, каб узялі шлюб у касцёле.
 — Жонка за мужам ідзе, — адказаў на захады Раман.
 — Ну, дык вядома, але якая розніца? Абы пад шлюбам сям’я была, — стаяла на сваім Станіслава.
— Я ж і кажу: я праваслаўны! Калі ў царкве — хоць сёння пад вянец,  а ў касцёле не буду.
Станіслава прыводзіла шматлікія прыклады, якія на яе думку павінны былі пераканаць Рамана, што шлюб патрэбна браць менавіта ў касцёле: “Вунь, хлопец з Гальшан узяў рускую дзеўку і павянчаліся ў касцёле”.
— Самі сказалі “хлопец узяў”, дык і я ж бяру вашу Тэрэзу: дзеўка ідзе за хлопцам.
— Але ж вы і ўпарты. Галоўнае шлюб узяць.
— Дык я ж і кажу, калі шлюб — галоўнае, то вянчаемся ў царкве. Жонка ідзе за мужам, бярэ яго прозвішча і прымае мужнюю веру.
— Не! Не пойдзе Тэрэза ў царкву, — цвёрда заяўляла Станіслава, — чаго яна будзе веру ламаць? Не бываць гэтаму.
— Тады ўвогуле нідзе не будзем вянчацца. Я не хачу гвалтам. Раней не вянчаліся і жылі. І мы  пражывем.
— А што? — уставіла слова Тэрэза, — гэта цяпер мода пайшла шлюб браць, быццам здурэлі ўсе. Раней распісваліся і ніякага шлюбу не бралі.
— Калі сабака ср..., а калі пара йшла? Гэта нядаўна пры саветах так стала, а даўней людзі Бога баяліся ды адзін аднаго стыдаліся, — не здавалася маці, — а без шлюбу так жывуць: дзяцей настругаюць і разбегліся.
— Па-ўсякаму жывуць і са шлюбам, і без шлюбу, — падытожваў бацька, — хаця, канешне, са шлюбам яно неяк лацвей і надзейней.
Ён баяўся, што жонка сваёй упартасцю можа няўзнак парушыць шчасце любімай дачкі. А тое, што Тэрэза ўжо адчувае сябе шчасліваю, бацька прыкмеціў адразу. І будучы зяцёк яму падабаўся, хоць і не п’е (сам Браніслаў любіў падняць з якой-небудзь нагоды, а то і без дай прычыны чарку), хоць і не вялікага расточку, але спрытны і скоры да працы, хвацкі. Так ласкава глядзіць на яго дачку, ажно сэрца радуецца ў старога, ды ўсё “Тэрэзка, Тэрэзачка…” — а іншы раз і афіцыйна, як да сапраўднай пані звернецца: “Тэрэза Браніславаўна”.
Як ні намагалася Станіслава зрабіць з Рамана каталіка, жаніх са свайго не сыходзіў: “Або ў царкве, або нідзе! Распішамся ў Загсе і досыць.” Апошнім аргументам стала цытата Дабравесця: “Да убоиться жена мужа своего, яко Бога… Ибо муж — глава смьи, а мужу глава — Христос.”
— Во! Чуеш, які разумны ў нас зяць, — падхапіў Браніслаў, — як па-пісанаму гаворыць
На тым і сыйшліся: шлюб пакуль нідзе браць не будуць, а далей — як Бог дасць. 
Тэрэза з Раманам жылі ў Мінску. На выхадныя  наведваліся да бацькоў дапамагчы  што-небудзь па гаспадарцы. Любілі Дасіневічы ўсё перакручваць на свой манер, пэўна, іначай паступаць не дазваляў той самы славуты гонар, якога ў апошняга басаногага шляхцюка хапае па самыя вушы.
Дзіўна  было Раману спазнаваць адносіны ў новым сямействе. Усім верхаводзіла Станіслава, панукаючы Бронькам,  вечна незадаволеная і  капрызная. Дагадзіць цешчы было амаль не магчыма, што ні зробіш, усё не па ёй: сем пятніц на тыдні. Але была яна сабе на ўме, мела не жаночы розум, хоць і пасмяяўся  аднаго разу з яе Раман.
 Аднойчы з цесцем майстравалі карыта для свінней. А Станіслава навісла над двума мужыкамі, глядзіць і камандуе: вучыць як трэба дошку прыставіць, куды цвік  забіваць.
— Пачакайце, баце, — перапыніў Раман цесця. —  Дайце сюды, — узяў малаток і працягвае Станіславе са словамі: — Маці, калі вы лепш за нас можаце зрабіць карыта, то, калі ласка, вось інструмент і пакажыце як гэта робіцца, а мы пастаім і паглядзім на ваш спрыт.
Усміхнулася цешча і адыйшла ў бок. Але з таго часу не лезла пад  рукі.
А яшчэ здзіўляла Рамана, як збярэцца ў бацькоўскую хату вялікая сям’я Дасіневічаў, то абавязкова ўспыхне сварка. Іншы раз і да бойкі дойдзе. Не абыходзілі скандалы вялізны сямейны стол: знай сабе, пачынаюць дзеці выхваляцца адзін перад адным, або падджыгорваць адзін другога, кпіны і насмешкі строяць, пакуль да кулакоў не дойдзе. І ўсё гэта не напрамую дзеяцца, а з нейкім вывертам, быццам нячысцік  накручвае кожнага паасобку і сутыкае лбамі. Заўсёды кукіш ў кішэні трымаюць: паказвацімуць пальцам на таго, хто дрэнна робіць, а ў кулачок пасмейваюцца: “Паглядзі, маўляў, які дурань!”.  У вочы зазірне, быццам рублём  адорыць,  адвернешся — зноў смяшкі ды кепікі. Быццам не жывуць людзі, а ў нейкую гульню іграюць, нібы вечна давядзецца іграць…
І аднойчы за сямейным сталом не ўстрымаўся Раман і выпаліў праўду-матку: “Што вы ўсё пра шмаццё ды пра багацце?! Падколкі ды падкавыркі адны. Нават з бацькамі сур’ёзна не пагаворыце. Не ў клуб на пасядзелкі, да бацькоў прыехалі. Можа, апошні раз бачыце, а ўсё — смешкі ды гулі… Абрыдла!  З бацькамі пра сур’ёзнае гавораць. Яны ўпэўнены павінны быць, што сапраўдных людзей пакідаюць, што паміж вамі згода і лад застанецца. Маўляў, не дарэмна і яны жыццё пражылі, ім перад Богам адказ трымаць…
Так расчулілі тады цесця Раманавы словы, што ажно праслязіўся стары. Сказаць да месца, увесь род Дасіневічаў быў  хуткім на слёзы. Тут плачуць, а праз хвіліну — смяюцца. Раману для таго каб заплакаць, патрэбна была надта сур’ёзная прычына. Можа таму быў сухі на слёзы, што змалку вучылі: “Мужчыне сорамна паказваць слёзы!”.


Рецензии