Тараканы, 4

4.
У сярэдзіне кокана, пакінутага тараканіцай, варушкалася дробязь. Абсмоктваючы рэшткі спажывы, малеча набіралася моцы. Праз некалькі дзён тараканчыкі  прагрызлі хітонавы покрыў і высыпалі праз дзірачку на божы свет. Два чортавыя тузіны налічвалася іх у вывадку, дваццаць шэсць малюпасенькіх, як макавыя зярняткі, тараканчыкаў. Іх празвалі Талеркавічамі. Выжылі не ўсе. Каля палавіны так і не адважыліся адпаўзці ад кокана, не навучыліся жыць самастойна, не пераадолелі адлегласць, якую неабходна было прайсці да самастойнага жыцця.  Іх паўпразрыстыя  высахлыя  трупікі  ляжалі тут жа ў талерцы: месца народзінаў стала для іх і месцам пахавання. 
Першым наважыўся пакінуць абсмоктаную мацярынскую абалонку і пусціцца ў невядомае падарожжа — Шустрыканчык. Цяжка быць першым, нават сярод тараканаў, але так быў пакладзены пачатак бясконцай міграцыі.
Таракан не мае радзімы. У гэтым плане ён — касмапаліт і падобны да  цыгана ці яўрэя: ашываецца там, дзе ёсць ежа, дзе можна чым-небудзь пажывіцца, дзе болей харчу — там для яго і  айчына. Не выключэннем з агульнага правіла стаў і  Шустрыкан Талеркавіч.
Таракан — дзіця цывілізацыі. У вёсках, калысках культуры і духоўнасці, таракан чамусьці не прыжываецца, аблюбаваным месцам пражывання становіцца мегаполіс, сярод урбаністычнага ланшафту таракан знаходзіць трывалую прапіску.
Колькасць тараканаў павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі ў залежнасці ад чалавечага роду — такую выснову зрабіў для сябе Раман Радзівонавіч Родасветаў, — а род чалавечы лепш за ўсё пазнаецца ў Камуналцы, куды і пасялілі сям’ю пасля нараджэння Тэрэзай першага сына.
                *       *       *
Сходзяцца два розныя чалавекі, два разнастайныя лёсы сплятаюцца пачуццямі, душамі і характарамі каб жыць аднымі клопатамі. Лічыцца, што ў маладосці характары прыціраюцца лягчэй. Але ж ці мала памыляліся людзі за гісторыю?  Бясспрэчна адно, калі паруюцца два немаладыя ўжо чалавекі з нажытымі, як балячкі, прывычкамі,  — аднаму Богу вядома, як складуцца  сямейныя адносіны. Так сыйшліся пад адным дахам Раман і Тэрэза, каб жыць адзінай сям’ёй.
Перавёз Раман рэчы у Тэрэзін інтэрнат — і пачалося сумеснае жыццё. А заадно, адразу ж пасля вяселля, пачаліся і сваркі, безпадстаўныя і неспадзяваныя спрэчкі.
Раман меў характар цярплівы, але мог трываць толькі да пэўнай мяжы, калі раптам цярпенне лопалася,  у адзін момант выбухаў вулканам, вывяргаючы з тэктанічнай глыбіні душы немаведама што, і доўга затым шукаючы супакоенасці. Тэрэза, наадварот, была ўспышлівай, загаралася, як сухая запалка, ад  аднаго чырку, але хутка адыходзіла: праз хвіліну магла забыцца  на прычыну сваркі, змушаючы Рамана да раніцы варочаць з боку на бок сваё бяссонне.
Дабіцца  чаго-небудзь ад Рамана можна было толькі ласкай і добрым словам, загаднага  тону на дух не пераносіў. Тэрэза ж, пэўна, з малаком маткі ўсмактала ісціну: у сям’і верхаводзіць жонка, а муж — зарабляе грошы і забяспечвае ўсім неабходным. Па ўсім відаць намервалася завесці такія парадкі і ў сваёй сям’і. Рамана гэта раздражняла. Калі ён пярэчыў і адстойваў цвёрдую пазіцыю гаспадара — яе кідала ў злосць і біла  ў трасучцы: ад бяссілля зрабіць па-свойму часта прыбягала да самых моцных аргументаў, — горкіх слёз або  вострых кіпцюроў. Колькі разоў  крывавыя пісягі заставаліся на мужавым твары, як узнагароды непаразуменняў. Раман цярпеў, дараваў жоночую нястрыманасць. І спакойна рабіў так, як лічыў патрэбным. Гаварыў толькі сягды-тагды з адчувальнай ноткай  пагрозы ў голасе: “Тэрэза! Не скачы. А то вазьму рэмень,  зацісну галаву паміж ног, задзяру спадніцу і адхвашчу па мяккім месцы, як малое дзіця”.
Яна ж і вухам не вяла на пагрозы, відаць, належала да людзей, што не чуюць слоў, пакуль слова не стане дзеяннем. І вось аднойчы здарылася. Прычынай сутычкі на гэты раз паслужыў тэлевізар. Раман глядзеў літаратурную перадачу пра Цютчава, свайго любімага паэта. Зайшла Тэрэза і, не пытаючы нават, пераключыла на іншую праграму.
— Тэрэза! Ты што не бачыш: я гляджу! Нельга так бесцырымонна, як быццам мяне тут няма. Тым болей, што мне трэба паглядзець гэтую перадачу.
 Падыйшоў да тэлевізара і пераключыў на літаратурную праграму.
— А я буду глядзець кіно! — падбегла і  злостна пстрыкнула каналамі.
Раман паціснуў плячыма, устаў і моўчкі зноў пераключыў; а яна — яшчэ больш закіпаючы, вярнула экран на кіно. Яшчэ раз шчоўкнулі каналы — і тут жонку, як звычайна, затрэсла: кінулася  з кіпцюрамі да Раманавага твару. Але ён, доўга не думаючы, ухапіў за валасы, нагнуў галаву, заціснуў яе паміж ног, вышмаргнуў са штаноў рамень і задраў спадніцу: “Я цябе навучу!”. Доўга хвастаў у гарачцы рамнём, ажно рука стамілася. Тэрэза ашаломленая не прамовіла ні гуку. Паднялася пасля экзэкуцыі, бліснула вачыма, выціснула з сябе толькі: “Ніколі табе гэтага не дарую!”.
Маўчалі сутак трое. Раман вырашыў: справа скончыцца разводам. Але праз які тыдзень усё ўбілася ў звычайную каляіну. Цяжка сказаць, навучыў ён жонку ці не? Але пазней кіпцюрыкі пры сварцы не выпускала: хоць і задрыжыць бывала, і кінецца, як кошка да твару, ды толькі натыкнецца, быццам на нябачную сцяну, укалоўшыся аб  халодны позірк Рамана.
Сям’я — жывы арганізм: адзін орган забаліць — усё цела пакутуе і хварэее. Муж і жонка, як двухкамернае сэрца гэтага арганізма, у кожнага свой круг кровазвяртання, і адзін не можа існаваць без другога. Магчыма, разважаў Раман, у сямейным жыцці я выбраў не правільную лінію паводзін? Інакш чаму Тэрэза правакуе на бескантрольныя выбухі? А можа ёй падабаецца дэманстрацыя грубай мужчынскай сілы. Або ў нашых характарах ёсць рысы, ад якіх трэба пазбаўляцца? І ці не выходзіць вонкі праз выбуховыя канфлікты схаваная хвароба? Звычайнай гарачкай арганізм ратуе сябе ад смерці, такім жа чынам прарываецца і гнойны абсцэс, бо калі прарвецца ў сярэдзіну — адбудзецца заражэнне крыві і немінучая смерць.
Раман успамінаў, што на пачатку сумеснага жыцця, пры крыўдзе Тэрэза занурвалася ў маўчанне, слова не выцягнеш: “Тэрэза, чаму ты маўчыш?” — дапытваўся бывала, а яна, як вады ў рот набраўшы, быццам аглухла ад крыўды. Колькі разоў тады пераконваў яе: “Тэрэза! Нельга маўчаць. Па-першае, не трымай зло ў сабе! Яно разарве знутры, лепш выплюхнуць яго, а, па-другое, я ж не чытаю думкі, адкуль мне ведаць: што цябе пакрыўдзіла, ці што я зрабіў не так? А не дакапаешся да прычын, не выкарчуеш крыўды — маўчаннем непаразуменне толькі разрасцецца. Не знойдзем суладдзя: кожны дзень аддаляціме нас адзін ад аднаго — увогуле станем чужымі. Гэта не выхад! Таму не адгароджвайся сцяной маўчання. Мы — сям’я, адзінае цэлае, і я табе не вораг. Набалелае трэба выказваць услых. Лепш накрычы на мяне, калі штосьці зрабіў не так, калі цябе нешта злуе — і тады палягчэее. Толькі не маўчы”.
Напэўна, тады ён упершыню пераканаў жонку, бо цяпер яна ахвотна карысталася дазволам выкрыкваць УСЁ! І ўвогуле неяк вельмі частымі і дробязнымі сталі  прычэпкі: то не туды чаравікі паставіў, то рушнік не на сваё месца павесіў, а то, смех адзін, — не так кашляеш…
Ёсць у Рамана дробязная загана: кашаль… Нешта кшталту своеасаблівага нервовага ціку, не зусім і кашаль, бо нейкі непаўнавартаснны ён, так сабе — запяршыць пры хваляванні ў горле і міжвольна атрымаецца: “Кхе-кхе!”. З дзяцінства набылася такая прывычка, пазбавіцца ад такой — тое ж самае, што пазбавіцца заіканна. Яшчэ дзед Мікалай бывала падсмейваўся: “Што ты кхекаеш, як качка, ці гусак які: кхе-кхе, кхе-кхе… Будзь мужчынам, кашляні адзін раз так, каб адно сцены паразляталіся!”. І што самае дзіўнае (як выявілася пазней) у Тэрэзы таксама быў такі ж недахоп і старэйшы брат часта пацвельваў яе, нават здзекваўся. Можа такое кашлянне было звязана з непрыемнымі ўспамінамі дзяцінства, ці іншае што? Карацей — суцэльная псіхалогія. Да ўсяго сказанага, жонцы часта здавалася, што муж, што ні робіць — абы наперакор ёй.
Ляглі аднойчы спаць, вось ім і авалодаў стан адвольнага кашляння. Раз-пораз начную цішыню парушае такое ненавіснае для Тэрэзы “кхе-кхе!”.
— Перастань! — “Што перастань?”. — Перастань кашляць!
— Тэрэза! Як я магу перастаць? Кхе-кхе, — зноў кашлянуў ён, быццам падцвердзіў словы. —  Гэта ж кашаль! Само  сабою робіцца. — “А я сказала перастань кашляць!”. — Добра-добра. Паспрабую, кхе-кхе…
А тут такая хітрая пятрушка атрымліваецца, чым больш сканцэнтроўваеш увагу на кашлі, тым больш адвольным і не падкантрольным для цябе ён становіцца.
— Кхе-кхе! Прабач, — пакашляе Раман, а праз хвіліну зноў кашляне.
— Ты што здзекваешся нада мною? Я ж прасіла!!!
— Тэрэза, ды зразумей ты! Кхе-кхе! Гэта як дыханне. Калі я скажу табе не дыхай, ласкава так папрашу — зможаш выканаць такую просьбу? Кхе-кхе! Зможаш не дыхаць? Так і тут. Кхе-кхе, кхе-кхе!..
— Яшчэ раз так зробіш, — заяўляе раптам жонка, — і я выкінуся ў акно.      
— Ды ну цябе! — мацюгнуўся Раман, ускочыў з ложка і пайшоў курыць.
Паўночы праседзеў на агульнай кухні, чакаючы пакуль яна засне.
Вось такая яна была Раманава жонка. І здаецца ж, не проста так ажаніўся? Магчыма, і любіў яе? У крайнім выпадку паверыў, пераканаў сябе, што менавіта такая яму і патрэбна. Яны былі антыподамі. Кажуць, розныя палюсы прыцягваюцца, а аднолькавыя — адштурхоўваюцца, дык чаму тады яны такія розныя, але з такой сілай адштурхоўваюцца? Законы фізікі не заўсёды спрацоўваюць у чалавечых адносінах. Аднаму Богу вядома, якія законы дзейнічаюць у чалавечых адносінах. Даўно прыкмеціў Раман, напрыклад, што  жанчыны-псіхолагі, якія паўсюдна раздаюць ўрокі шчаслівага  сямейнага жыцця і гарманічнага выхавання дзяцей, як правіла, самі ніколі замужам не былі і звычайна дзяцей не маюць. Парадокс. Прыцягнула, як магнітам іхнія два лёсы і звязала ў адзін вузел. Вось так і жылі. І яшчэ верыў Раман, і Тэрэза пазней прыняла такую думку: калі Бог звёў іх разам у  даволі сталым узросце, то так і патрэбна, менавіта яны і створаны адзін для аднаго.
У Тэрэзіным інтэрнаце Раман упершыню ў жыцці і ўбачыў тараканаў: “Што гэта за жучкі такія бегаюць па кухні?” —  спытаўся аднойчы.
— Хіба ты не ведаеш? — здзівілася Тэрэза, — гэта ж тараканы.
— Хмг! Ніколі не бачыў.
— Гэта яшчэ паўбяды. Тут раней клапы жылі… Вось дзе гадасць дык гадасць! Насмокчуцца і сядзяць сабе, пазабіваўшыся ў шчыліны. Прачнешся раніцай — прасцірадла чырвонае ад крыві.
— Цьфу! Мярзоцце якое!
       А праз год, калі нарадзіўся сын, сям’ю перасялілі з халасцяцкага інтэрната ў Камуналку, пра якую асобы роспавед. Дарэчы, неабходна сказаць, што любая сям’я пачынае адлік новага існавання толькі з  нараджэннем дзіцяці.               


Рецензии