Тараканы, 5

5
Таракан вядзе скрытнае жыццё. Яму цяжка прызвычаіцца да дзённага святла. Кішкаглот прывыкнуў, ужо нават не баяўся сонца. Можа таму, што быў на падпітку: сядзеў сярод белага дня на донцы пустой бутэлькі і дэгуставаў кісла-салодкі, з гарчынкай нейкай хіміі, вінны напой. Віно хмяліла, падвясельвала розум. Хаця, які розум можа быць у таракана, ды яшчэ ў п’янага? Так сабе — убогі мізэрны разумочак.
Недалёка ад месца, якое аблюбаваў п’яны таракан, аблепленая людскім натоўпам, шумела шматгалоссем лікёра-водачная кропка. Чарга цяжка ўздыхала, вялізнай пачварынай раз-пораз прысмоктвалася да маленькага, перакрыжаванага жалезнымі кратамі акенца і выдыхала са сціснутых грудзей стогны, крыкі і лаянку, разбіраючыся паміж сабою: хто за кім стаяў?  Час ад часу пярэсты натоўп заціхаў на імгненне, насцярожваўся і, адступаючы назад, выплёскваў са свайго чэрава чарговага шчасліўчыка, які арудаваў лакцямі і праціскаўся на волю, а натоўп тым часам  з новай сілай напіраў да акенца. Рытмы рухаў людской гурме задавала загадчыца лікёра-водачнай кропкі, хударлявая жанчына з кірпатым носам і ярка нафарбаванымі вуснамі. Спрактыкаванымі рукамі ўвішна адлічвала грошы, зграбала іх у шуфлядку расчыненай касы, затым  шпурляла праз краты порцыю тавару: дзесяць пачкаў “Прымы”,  “Наступны!» — фальцэтам выкрыквала яна.
І ўсё зноў паўтаралася. Курыльшчыкі прыліпалі да яе прагавітымі і злымі вачыма — так, пэўна, глядзіць хворы на хірурга, які збіраецца яго рэзаць, даючы аперацыяй апошнюю надзею. На гэты раз у дэфіцыт трапілі цыгарэты. Гродзенская тытунёвая фабрыка працавала, як і раней, у тры змены, і прычын дэфіцыта ніхто не мог вытлумачыць. Цыгарэта зніклі  гэтак жа нечакана, як перад тым прапала шмат чаго іншага: зубная паста, мыла, шкарпэткі… Але ніхто яшчэ не памёр ад таго, што раніцай не пачысціў зубы; наконт мыла можна і пажартаваць: мядзьведзь ніколі не ўмываецца, але ўсе яго баяцца… Ну, што за дэфіцыт — шкарпэткі? Дзірынку можна зацураваць, а вось адну цыгарэту двойчы не выкурыш. Гэта дыфіцыт дык дэфіцыт! Але адкуль яны бяруцца? Дакладней, хто  арганізоўвае дыфіцыты? Бо яшчэ працуюць фабрыкі і заводы — і раптам: няма канкрэтнага тавару!! Знік! Выпарыўся!!! А ў лесе выпадкова знаходзяцца цэлыя цюкі новых шкарпэтак, або на складах  раптам выяўляюцца залежы тытунёвых вырабаў, якія чамусьці засталіся па-за ўлікам і не трапілі ў гандлёвую сетку.  Праблема з роду невырашальных.
Натоўп хваляваўся.
— Давайце па пяць пачкаў? Бо ўсім не хопіць, — крычаў нехта з сярэдзіны: — “Хаця б па тры, — папраўлялі з  канца, — а то загнулі, па пяць!”.
— Хопіць-хопіць! Не хвалюйцеся, — супакойвала касірка, якая раптам стала цэнтрам прыцягнення ўсяго мікрараёна і ад гэтага вырасла ва ўласных вачах, не зважаючы на заўвагі, яна  працягвала шпурляць за краты па дзесяць пачкаў — так было зручней лічыць грошы і адпускаць тавар: “А не хопіць — здаравейшымі будзеце. Хто не курыць і не п’е, той здаровенькім памрэ”.
Натоўп хістаўся, як халадзец. Людзі напіралі то з аднаго, то з другога боку. Прытрымліваючы рукой капялюш і папраўляючы на носе акуляры, Іван Фаміч у агульнай плыні праціскаўся да запаветнага акенца.  Уздыхнуў з палёгкай, калі злаўчыўшыся, двума пальцамі, быццам крукам, учапіўся за краты: цяпер ніякі націск не аддзярэ ад мэты — дастаіцца цыгарэт.
— Вучоныя сцвярджаюць, — набраў поўныя грудзі паветра Іван Фаміч, — існуюць паралельныя светы. Цікава, там таксама ёсць чэргі?               
— Паралельныя? Ха-ха-ха! — рагатнуў каржакаваты мужчына, што ўвесь час падпіраў плячуком Івана Фаміча да акенца, і да якога той паспеў пранікнуцца сімпатыяй. — Наш свет не можа быць паралельным іншаму. Наш — самы унікальны. Калі і ёсць нейкі іншы свет, населены людзьмі, то ён перпендыкульрны нашаму: паўтарыць тутэйшыя парадкі не магчыма.
 “Та-ак. Ён  вертыкальны! — падхапіў размову юнак з правага боку і тыцнуў пальцам у неба, — нябесная канцылярыя штосьці  пераблытала”;  “Ніжэй зямлі толькі чарвякі!” — даняслося злева;  “Усё правільна: рыба смярдзіць з галавы!”; “Там у Крамлі ўсе дэфіцытныя  сабакі і пазакапаны”; “А чаму ж іх вешаюць на нас?” ; “Ну трэба ж на когосьці вешаць!”.
— Я так скажу, — уліўся ў агульную гаману голас Івана Фаміча, — хто вязе, на таго і грузяць. Хто маўчыць — на таго і сабак вешаюць. Каб нам не падкладалі свінней, ды не навешавалі сабак, перадохлых за гісторыю, і штодня не падводзілі пад манастыры, — скажу:  шалёнаму сабаку трэба адсякаць хвост па самыя вушы!
 — Асабліва, калі гэты сабака сядзіць у Крамлі.   
Натоўп выбухнуў рогатам, а затым раптоўна сціхнуў.  У старамодным капелюшы з акулярамі на носе, што выблісквалі шкельцамі на сонцы, Іван Фаміч быў падобным да Берыі. Таму, напэўна, нехта і ўкруціў злосную фразу: “Няма на іх бацькі Сталіна! Ён бы хутка ў расход пусціў каго трэба”.
— О-о-о! Гэты ўзяў бы за шчэлепы, каго трэба і каго не трэба, усіх пад адну грабёнку: і дзяўчонку і яе рабёнка.
Смех зняў напругу, вочы людзей пасвятлелі і яны гатовы былі прастаяць яшчэ хвілін сорак: “Сабака — сябар чалавека”. — “Але дрэнна, калі сябры — сабакі!”. — “Асабліва шалёныя, з адсечанаю па вушы галавою”. — “З рыбнаю галавою, што смярдзіць ад шалёнага хваста, які адсякаецца па самыя вушы”, — практыкаваўся натоўп у мастацтве абсурдна-філасофскага дыялога, — такім штукарскім стылістычным выкрунтасам  пазайздросціў бы і сам Платон. Чаго толькі не наслухаешся ў чэргах! Але раптам з расчыненага акенца прагрымела: “Апошнія!” — і ўсе замаўчалі. Сям-там у вачах бліснуў недавер: “Жартуе?”
— Сёння тавару не будзе! — даняслося яшчэ раз з відавочным здзекам і гаваруны прыкусілі языкі. — Прашу разыходзіцца. Чаго дарэмна стаяць, — крычала загадчыца, — сёння цыгарэт не будзе! Мой працоўны дзень скончаны.
Акенца з лязгатам зачынілася перад самым носам Івана Фаміча. А ён гэтак удала прыпадняў усім настрой, са шкадобай падумалася яму: “І вось, на табе — не хапіла нейкай хвіліны…”.
Гурма загудзела, як асінае кубло, у якое тыцнулі гарачай галаўнёй, а затым  выбухнула абурэннем: “Што за парадкі  такія!?” — “Гэта ж здзек над людзьмі!” — “Мы таксама з працы!” — крычалі гнеўныя галасы: “Чаму раней маўчалі!?” — “Казалі ж табе: даваць па пяць пачкаў!”, і тут нехта не вытрымаў:
— Ану, курва, адчыняй акенца!! Зараз праверым, ці ёсць тавар? Адчыняй!!
Некалькі пар жылістых мазолістых рук ухапіліся за жалезныя пруткі кратаў і пачалі тузаць і торгаць іх, спрабуючы сарваць з цвікоў.
За акенцам цішыня, дрыжачыя пальцы хутка набіраюць нумар тэлефона.
Праз колькі хвілін аднекуль наляцеў нарад міліцыі. Над галовамі замільгалі чорныя гумавыя дубінкі, якія нядаўна ўвялі ў экіпіроўку ахоўнікаў парадку. Пачуліся глухія ўдары, крыкі і стогны. Людзі кінуліся ўрассыпную. Некалькі чалавек затрымалася каля сметніцы, страціўшы цярпенне і сорам, яны занырнулі  рукамі ў зеўру разяўленай сметніцы і вывуджвалі адтуль недакуркі, тут жа прысмальвалі дрыжачымі ад хвалявання рукамі і  з аглядкай пыхкалі шызым тытунёвым дымам.
Іван Фаміч не чакаў такога развароту падзей. Былы ваенны, ён імгненна ацаніў сітуацыю,  рвануўся да тэлефоннай будкі і набраў 02: “Алё! Алё, міліцыя?.. Тут каля лікёра-водачнай кропкі беспарадкі. Адрас? Савецкая 41. Што? Што вы гаворыце? Дык тыя, што прыехалі і б’юць грамадзян. Людзей  лупяць дубінамі. Якая ж гэта міліцыя?”.
— Дзякуем за званок. Ваш сігнал прыняты, — суха і казённа гучаў голас у трубцы, — усё робіцца ў рамках закона.
— Якія гэта законы!! Пляваў я на такія законы! — абураўся ў трубку ўгневаны Іван Фаміч. — Людзей дубінамі! Дзікунства!! Я буду скардзіцца. Я да самой Масквы дайду. Прабачце, а з кім я размаўляю?…
Але на тым канцы ўжо даўно не слухалі, трубка пішчала кароткімі гудкамі. Гэта яшчэ больш абразіла Івана Фаміча: злостна бразнуў трубку на рычаг аўтамата, але ў наступны момант глухі  ўдар дубіны па спіне прымусіў узвыць ад болю.
Кішкаглот глядзеў на незразумелае відовішча асалавелымі ўжо вачыма, ён добра-такі паспеў насмактацца: “Яшчэ чаго добрага затопчуць!” — са страхам падумалася таракану і лапкі, коўзаючыся па шкле, хуценька зашкрабалі. Не адразу ўдалося выбрацца з сярэдзіны бутэлькі. Нарэшце ён  ускарабкаўся-такі на рыльца і кульнуўся ў траву. Смешна віхляючы з боку ў бок задам,  пасунуўся  да інтэрната.  Дарога была не блізкай. Пад вечару таракан дабярэцца да сцяны, праз гадзіну-другую ўспаўзе па ёй і праз адчыненую фортачку ўлезе на кухню, пастаяннае месца свайго жыхарства. Саслізнецца па шкле, упадзе дагары нагамі і, як гавораць алкаголікі, вырубіцца.
Сон Кішкаглота
І прысніўся Кішкаглоту сон. Стаяіць ён пасярэдзіне вялізарнага стала на нейкім узвышшы, а вакол увіваюцца самкі: паўзуць  рыжыя і чорныя тараканіцы, тоўстыя і худыя, бязвінна-юныя і старыя развалюхі, падпаўзаюць і выстройваюцца вакол яго ў некалькі змеепадобных жывых ланцужкоў. А ён адзін усіх павінен апладняць! Такі гонар давераны яму аднаму. І так хораша яму, так добра: наесца даатвалу і апладняе ўсіх па чарзе… І такое шчасце ўбачылася Кішкаглоту ў такім жыцці, што  ажно праслязіўся ў сне.
Прачнуўся — ажно ляжыць на падваконні дагары нагамі, і ніводнай тараканавай душы побач. Лямпачка ззяе ва ўсю моц і на кухні топчуцца людзі. Спужаўся Кішкаглот, што разлёгся на  бачным месцы, хмель даўно выпетрыўся з бязглуздай галоўкі. Жах авалодаў ім, лапкамі бедны засучыў, сяк-так перавярнуўся, адштурхнуўшыся ад фіранкі, ускочыў на тры пары і задаў лататы ў самы цёмны куточак.


Рецензии