Воблака-чарапаха

     Жнівень – асабалівы летні месяц. У жніўні ёсць грушы. Вялікія і смачныя. Можна зрываць іх з галін. А можна забыцца пра грушы і імчацца да ракі, забегчы ў ваду, пырскацца і жмурыцца ад сонца. А як весела паліваць са шланга гарод і самому вырашаць, дзе з’явіцца вясёлка. Такі жнівень у вёсцы. Са збітымі дзіцячымі каленкамі і стракозамі-верталётамі.
     А ў горадзе таксама нядрэнна. На вуліцы – быццам хтосьці разліў кісель. Жнівень у горадзе – густы, хоць рукой чэрпай. Плывеш пад пякучым сонцам… А ўначы – выратавальны халадок.
     Маленькі Данік вельмі любіў жнівень. Іншыя месяцы таксама былі добрыя. І не толькі летнія. Вось у студзені можна было катацца з гары за домам. А ў траўні – лавіць майскіх жукоў і пужаць імі дзяўчатак. Але жнівень быў самым любімым месяцам хлопчыка. Апошнія дні канікул – самыя каштоўныя.
     У жніўні Данік выпрасіў у мамы спаць на балконе. Там было прасторна і добра. Перад сном хлопчык заўсёды мог бачыць Вялікую Мядзведзіцу. А калі шанцавала, то загадваў жаданні знічкам. А раніцай, як толькі прачнецца, ён бачыў, як неба падае. Так імкліва аблокі ляцелі над дахам яго дома.
     Адной раніцай сядзеў Данік на сваім утульным балкончыку і піў гарбату з любімым сунічным бісквітам. Раптам ён заўважыў, што адно невялікае воблачка не ляціць з усімі, а прысела на краёчак дома. Хлопчык здзівіўся і высунуў галаву з адкрытага акна. Воблака паглядзела на яго, уздыхнула і адвярнулася. Тады Данік вырашыў быць ветлівым і павітацца.
     - Добры дзень, Воблака!
     - Угу, - буркнула яно ў адказ.
     - Скажыце, вы стаміліся? Таму вырашылі адпачыць і сесці на дах майго дома? Ці зручна вам?
     - Ха! Адпачыць! Я зачапілася! Хто толькі прыдумаў гэтыя дахі…
     Хлопчык зусім разгубіўся. Як жа так? Ён заўсёды лічыў, што аблокі добрыя і мяккія, а не такія незадаволеныя буркуны. Данік так і сказаў Воблаку. А яно не прыдумала, што адказаць і зноў адвярнулася.
     - Ведаеце, Воблака, а вы падобнае да чарапахі.
     Воблака толькі хмыкнула і зрабілася тыграм. Яно хацела напужаць хлопчыка, але той толькі засмяяўся і папрасіў паказаць слана.
     - Ох, ніколі мне не сустракаліся такія надакучлівыя хлопчыкі!
     Воблака павярнулася да Даніка і зрабілася сланом. Ды і наогул, здаецца, падабрэла.
     А хлопчыку ўсё было цікава:
     - Вы, напэўна, былі ў многіх гарадах, так?
     - Вядома. Быць воблакам – цудоўна. Загадзя я ніколі не ведаю, куды палячу. Гэта ўсё вецер. Куды яму пажадаецца, туды і ляцім усе. І дзе мы толькі ні былі! Аднойчы нас занесла ў Фінляндыю. Ты сабе і ўявіць не можаш, як там добра. З вышыні мы бачылі мноства азёр-люстэркаў. А ў іншы раз нам пашчасціла палятаць над акіянам.
     Данік слухаў амаль не дыхаючы.
     - Мы бачылі, як рыбы імкнуліся выскачыць з вады, каб паляцець у далёкія краіны з намі. А ў Галандыі – вельмі прыгожыя цюльпаны. Ты, напэўна, чуў пра іх. А ў Грэцыі – мілыя белыя домікі з добрымі жыхарамі, якія ўсміхаліся нам з вокнаў…
     Раптам падзьмуў моцны вецер і воблака вызвалілася.
     - Куды ж ты? – запытаўся Данік.
     - Мне трэба ляцець. Я яшчэ столькі ўсяго не бачыла!
     - А ты яшчэ прыляціш да мяне?
     На балкон зайшла мама.
     - Данік, хутка зачыні акно! Які моцны вецер.
     Хлопчык зрабіў, што загадала мама і стаў выглядаць воблака, але яго ўжо і след прастыў.
     Але з таго часу Данік кожны жнівень спіць на балконе і часто глязіць праз акно на краечак даху. Раптам воблака-чарапаха зноў зачэпіцца.

На рускай мове: http://www.proza.ru/2011/10/21/51


Рецензии