Адраджаецца духоунасць

Доўгачаканая радасная падзея адбылася ў суботу перад Вялікаднем для жыхароў аграгарадка Дрычын Пухавіцкага раёна і навакольных вёсак: упершыню за амаль 70 гадоў праваслаўным святаром быў праведзены малебен на асвячэнне пасхальных страў – пасхі, кулічоў, яек.  Аб тым, што плануецца яго правядзенне, сяльчане даведаліся за некалькі дзён да таго з расклееных абвестак, таму ў прызначаны час у скверы каля школы сабраліся каля 40 чалавек. 

Настаяцель прыхода ў гонар святой Еўфрасінні Полацкай з г.п. Рудзенск айцец Міхаіл звярнуўся да людзей са шчырай прамовай аб змесце вялікага свята Уваскрасення Хрыстова і яго значэнні  ў жыцці хрысціян, аб неабходнасці выканання хрысціянскіх запаветаў, прыняцця святых Хрыстовых Тайн. Бацюшка нагадаў і аб тым, што калісці ў Дрычыне існавала царква – цудоўны драўляны храм у гонар святога Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, пабудаваны ў канцы 18-га стагоддзя і разбураны ў 30-я гады мінулага…

Гучалі словы малітвы, гарэлі запаленыя свечкі, ззялі прасветленыя твары людзей.
Пасля малебна людзі падыходзілі да святара і прапаноўвалі дапамогу ў адраджэнні праваслаўнага прыхода ў Дрычыне.

Спадзяемся, што агеньчык веры, запалены ў сэрцах нашых землякоў, не згасне… І духоўнае жыццё, часова прыпыненае на доўгія дзесяцігоддзі, адродзіцца.

* * *
Паводле гістарычных звестак, царква ў гонар святога Іаана Прадцечы – твор народнага дойлідства – існавала ў сяле Дрычын з другой паловы XVIII стагоддзя і была пабудавана на сродкі мясцовага памешчыка Бурымскага з драўляных брусоў, у выглядзе выцягнутага крыжа з адным глухім купалам. Унутраная плошча храма складала каля 25 квадратных сажняў. У званіцы былі два званы. У царкоўным архіве за 1879 год захоўваліся метрычныя кнігі і спаведныя спіскі прыхаджан з 1844 года. Апрача Дрычына, у прыход уваходзілі яшчэ 5 вёсак (каля 2 тысяч прыхаджан).

Настаяцелямі Дрычынскай царквы ў розны час былі святары Васілій Беліновіч (узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені), Уладзімір Ржэцкі, Аляксандр Будзіловіч, Аляксандр Шалай. У 1900 годзе ў Свята-Іаанаўскай царкве служылі святар Павел Шыманоўскі (у чын быў узведзены ў 1879 годзе) і псаломшчык Васіль Костка.

У 1930-я гады царква была зачынена, а праз некалькі год, з пісьмовай згоды мясцовых жыхароў,  разабрана на будаўнічыя матэрыялы, з якіх пасля пабудавалі вясковую школу. У вёсцы Калінаўка, паблізу Дрычына, жыла бабуля вельмі сталага веку, сведка тых падзей, якая і распавяла падрабязнасці зачынення царквы святару айцу Міхаілу. Яна вельмі каялася, што хаця і была веруючай, але ж таксама, як і іншыя, паставіла свой подпіс пад згодай на разбурэнне царквы. Праз некалькі дзён пасля пакаяння ў гэтым граху бабуля памерла…

Цяпер на месцы святыні стаяць два дамы мясцовых жыхароў, а побач з імі – стары парк, высокія дрэвы якога – адзіныя сведкі існавання былога храма…

Святы ойча Іаане, Прароча, Прадцеча і Хрысціцель Гасподні, малі Бога за нас!


Рецензии