Бессмяротны Уступ

Вечарэла… На вуліцу лажыліся даўгія цені, паветра пакрысе астывала, даруючы даўгачаканую пасля спякотнага дня прахалоду. Сонца апускалася ўсё ніжэй за лес. Стомленыя працай людзі вярталіся з сенажацей, на якіх большасць з іх правяла цэлы дзень, бо надвор’е стаяла нядрэннае, і кожнаму хацелася нагатаваць як мага больш сена кароўцы ці каню. На лавачцы каля адной з хат сядзела некалькі пажылых жанчын, яшчэ дзве стаялі каля іх, апёршыся на плот.

Як і амаль што кожны вечар, падаіўшы кароў і наспех павячэраўшы, зляцеліся яны да Манькі, першай на вёсцы пляткаркі, пачасаць языкі і абмяняцца навінамі. Злажыўшы галовы, кабеты з захапленнем слухалі, як Верка Варывончыха распавядала пра сваіх маладых суседзяў, што жылі нядружна, як кот з сабакам.

— А ён кажа: “Лахудра ты…”, а яна яму: “Ад гультая, біла і алкаголіка чую…”. А тады ён мяне ўбачыў, а я ля бані шчавукі казе рвала, і давай крычаць: “Заткніся, абразіна, людзі слухаюць!” А яна яшчэ грамчэй яму: “А што мне людзі твае, апоўзлік ты недароблены, ці ведаюць яны, што ты ўжо трэці месяц зарплату прапіваеш…”. А Сашка раззлаваўся, ды біцца да яе…

Верка тэатральна вытрымала паўзу і працягнула:
— А яна, не доўга думаючы, схапіла шворан жалезны ды па галаве яму…
— Госпадзі… Што робіцца, — ад захаплення ў слухачоў сталі круглымі вочы і разінуліся раты.
— Гэта можа, яна ж здаровая кабыла, — з адценнем зайздрасці ўставіла свае пяць капеяк невысокая Манька.
— Сціхні ты, Манька, дай паслухаць… І што? — дзве незамужнія сястры, Надзя і Ларыса,  прагна лавілі кожнае слова Веркі.
— Што… Паваліўся Сашка, як падкошаны, і ляжыць — не кранецца. — Верцы падабалася быць у цэнтры ўвагі. — Я апудзілася, ледзь не самлела: думала, забіла дурніца чалавека, а мне цяпер сведкай у суд ідзі…
— Дык ці ачуняў жа ён хаця?
— Чорт яго не ўзяў, падняўся ды пайшоў. — Верка раптам сціхла, і штурханула Надзю локцем. — А во, гляньце, дзеўкі, Лідзя Пецюлькова… Бедная…

З-за паварота паказалася постаць жанчыны. Угнуўшы плечы і нізка апусціўшы галаву, у лахманах, яна паволі ішла, мармычучы нешта і калышучы завернутае ў анучку бярозавае палена. Сівыя валасы яе, збітыя ў каўтун, надавалі ёй выгляд старой, хоць твар быў яшчэ маладым, амаль без маршчын. Няўпэўнена ступаюча закарэлымі босымі нагамі, яна некаторы час ішла па вуліцы, спалохана азіраючыся па баках, а затым павярнула і зайшла ў калітку аднаго з дамоў, якая, жалобна скрыпнуўшы, зачынілася, і жанчыны, што моўчкі назіралі за няшчаснай вар’яткай, задумліва паглядзелі адна на адну, ўспамінаючы жудаснае здарэнне, што скалатнула вёску некалькі год назад.

— Божа, Божа, а была ж нічога дзеўка… Магла б замуж выйсці, жыць ды радавацца, а во на табе, што гэты нячысцік з ёю вытварыў. — Ларыса працяжна ўздыхнула, засмучона чапаючы галовой.
— Не ўспамінай ты яго, нанач гледзячы, — Верка баязліва азірнулася і таропка перахрысцілася, — жудасна. Кажуць, ён пасля пажару таго як скрозь зямлю праваліўся, невядома куды знік.
— А я даўно казала, што нешта з ім не тое было, дык хто ж мяне слухаў… — Манька перайшла на шэпт. — Далібог, Міхаіл гэты з нячыстай сілай знаўся, няйначай. Мой стары раз неяк спаў у лесе п’яны, з дарогі збіўшыся. Прачнуўся, а гэты д’ябал над ім стаіць, вочы ў цемнаце свецяцца, і рукі да яго працягнуў, на пальцах кіпцюры загнутыя, а як ўбачыў, што Федзя мой прачнуўся, дык заскрыгатаў зубамі, і знік у тумане, быццам прывід. Цяпер не п’е мужык ні грама, і з царквы не выцягнеш яго…
— Свят, свят, свят… — жанчыны ціснуліся адна да адной быццам апуджаныя авечкі.
— А я вам скажу — гэта Марыя вінавата. Навошта было дзяўчыну адну ў лес пускаць? Усе дзеўкі па дзве, па тры хадзілі, а гэта век адна цэлы дзень у гушчары, зёлкі нейкія збірала, я сама бачыла… Не проста так ён на яе вока палажыў, ой, не проста так… Пару сабе шукаў…— Верка мнагазначна падціснула вусны.
— Не плявузгай, Верка, абы што. Добрая яна была дзяўчына, працавітая. А калі ты бацьку яе, Пятру, дараваць неможаш, што не цябе, а Марыю ўзяў, дык гэта справа другая. —заступілася Надзя.
— Каб табе язык адсох! — Верка аж плюнула сабе пад ногі ад злосці. — Я сама за яго не пайшла, не ведаеш, дык маўчы лепш.
Яна рэзка ўскочыла і патупала дадому. Астатнія таксама адна за другой пачалі разыходзіцца.


Рецензии