Коця на белорусском языке

Светлай памяці бацькі 
Мікалая Ягоравіча Кадзетава


     Рыгор з задаволенай усмешкаю ўручыў радаснаму Сашку новую самаробную цацку – драўляны караблік з бялюткімі, бы першы снег, ветразямі – і пачаў ужо месці падлогу, калі за акном пачуліся гулкія крокі: ягоная Наста, хоць і хударлявая і ўсё яшчэ па-маладому зграбная, ніколі не магла пахваліцца лёгкасцю хады. Рыгор насцярожыўся: Насціна “бух-бух-бух” гучала не мерна і паважна, як звычайна, а паспешліва і бязладна, а гэта ніколі дабра не зычыла. Унук спачувальна зірнуў на дзеда і слізгануў за дзверы. Рыгор паімкнуўся следам, але выйсці на вуліцу не паспеў: на парозе твар у твар сутыкнуўся с жонкаю. Задыханая і спацелая, яна шпурнула пад ногі мужу аброць з лейцамі і загадала:
-- Запрагайся! Хуценька! Чаго вочы вылупіў, пісака?!.
-- Што за фокусы? – паспрабаваў абараніцца ад грознага наступлення Рыгор. – Навошта гэтыя прычындалы ў хату прывалакла?
     Ён адразу зразумеў, што тут і да чаго, бо ўчора Яўхім сустрэў яго на выгане, патрос здаравенным, ці не з конскую галаву кулаком перад Рыгоравым носам і, сказаўшы нямала не вельмі прыгожых слоў пра ўсіх ягоных продкаў і нашчадкаў, на развітанне крыкнуў: “Ты яшчэ да мяне прыпаўзеш, вершаплёт паршывы!”
     Зразумець – Рыгор усё зразумеў, але вырашыў давесці ролю пакрыўджанага да канца, таму зноў паўтарыў:
--Што за фокусы, пытаюся?
     Наста аж узвілася:
--“Фокусы”?! Скажы лепш, калі ты свае фокусы вырабляць перастанеш? Мне ўжо нікуды не паткнуцца праз цябе! Хутка ўсе людзі ад нас адвернуцца. Пайшла да Яўхіма каня на выхадныя прасіць, а ён… Я ж табе колькі разоў казала: не чапай ты хоць брыгадзіра!
     “Не іначай як Маслюк паспеў ужо да Яўхіма збегаць, – разам з запозненым раскаяннем пранеслася ў Рыгоравай галаве, – данесці пастараўся. Ніяк не можа дараваць той даўняй крыўды”.
     Маслюк усё сваё жыццё гандляваў самагонкаю. А Рыгор аднойчы надоўга падшкодзіў ягонай камерцыі.
     Сабраліся яны неяк у Ігната Канцавога: Ігнат, Хвядос, Рыгор і Павел. Вырашылі адзначыць майскія святы. Бутэльку “Маскоўскай” выпілі – здалося малавата. Ігнат збегаў да Маслюка. Прынёс у паўлітровым слоіку, зняў накрыўку і зморшчыўся:
-- І чаго ў гэтага Маслюка гарэлка заўсёды такая смярдзючая?
-- А якая яна павінна быць? – азваўся Рыгор. – Ён жа яе, не за сталом кажучы, з дзярма варыць. Што вы так глядзіцё? Са звычайнага дзярма ў самым што ні ёсць прамым сэнсе!
-- Ну, ты, Рыгор, і скажаш! – засмяяўся Ігнат. – Не слухайце, хлопцы! Гэта ж Коця. Ён заўжды што-небудзь выдумляе.
-- А ты, Ігнат, нібы ўчора на свет нарадзіўся! –  Зусім натуральна загарачыўся Рыгор. – Ды яшчэ ж немцы палонныя з… таго самага самагонку ўпотайкі гналі. А Маслюк падгледзеў. Ён жа – памятаеце? – разам з немцамі вакзал Гомельскі адбудоўваў. За начальніка там быў. Ну, пагледзеў і пераняў нямецкую тэхналогію. А што? Гарэлка, кажуць, моцная атрымліваецца. Праўда, мне піць не даводзілася. Налівай, Ігнат!
     Але Ігнат чамусьці не спяшаўся наліваць. Не тое каб паверылі тады Рыгору, але піць Маслюкову гарэлку не захацелі. І потым у яго купляць пазбягалі.
     Маслюк нямала дзівіўся, што пакупнікоў у яго раптам паменела, даводзілася нават свой тавар у Кісялёўшчыну да знаёмых насіць, каб там прадалі.
     Рыгор уздыхнуў. Сапраўды, не трэба было пакуль пра Яўхіма пісаць. А цяпер улагоджвай брыгадзіра. Ды яшчэ пасля ўчарашняй сустрэчы.
     Ён неахвотна пасунуўся з двара.
     Застаўшыся ў хаце, Наста рашуча падышла да шафы, выхапіла з ніжняй шуфляды стос сшыткаў, спісаных дробным Рыгоравым почыркам і сярдзіта прамовіла:  “Вось зараз вазьму і спалю ўсё!” Але далей намераў справа не пайшла, бо Наста ведала: увогуле спакойны, Рыгор станавіўся чалавекам непрадказальным, калі справа даходзіла да ягонай “пісаніны”.
     Яшчэ на пачатку іх сямейнага жыцця, перабіраючы пажыткі мужа, Наста знайшла два тоўстыя сшыткі ў аднолькавых чорных вокладках. Разгарнула адзін з іх. Там былі вершы. Вершаў Наста не любіла. Другі сшытак яе зацікавіў.
     “Апошні раз я бачыў свайго бацьку, калі мне было сем гадоў, але памятаю яго вельмі добра. Быў ён высокі, шыракаплечы, светлавалосы. Бацька чытаў Біблію, верыў у нябеснае царства, шкадаваў жабракоў, прымушаў нас з сястрою маліцца Богу. Калі яго забіралі, яму было ўсяго дваццаць дзевяць гадоў. Ён абураўся, крычаў, чапляўся рукамі за дзверы, але яго сілком кінулі ў машыну. Потым мы даведаліся, што ў тую ноч у нашай вёсцы арыштавалі яшчэ пецярых: Банкара, Конана, Корбу, Антона і Федарка”.
     Наста прысела на канапу і так захапілася чытаннем, што не заўважыла, як у хату зайшоў Рыгор. Ён неяк дзіўна пачырванеў, выхапіў з жончыных рук сшытак, і першы раз (дарэчы, і апошні) Наста пачула ад яго брыдкае слова.
     Сшыткаў у чорных вокладках Наста больш ніколі не бачыла. І ўсё тое, што ён пісаў (а пісаў часта, асабліва зімовымі вечарамі), хаваў ад жонкі даволі ўмела.
     Зрэдку на Рыгорава імя прыходзілі пісьмы-бандэролі – тоўстыя, у вялікіх нестандартных канвертах. Ён вельмі хваляваўся, калі разразаў нажніцамі край канверта. Потым даставаў змесціва, адсоўваў яго ўбок, пакідаў у руках толькі невялічкі лісток, ўважліва чытаў яго, пахмурнеў, збіраў са стала спісаныя лісты, кідаў у грубку і запальваў. Невідушчым позіркам глядзеў на агонь, і ў ягоных вачах Наста заўважала  вільготны бляск.
     Яна тады немаведама што думала, нават – смешна цяпер! – у здрадзе падазравала. А што? Ездзіць у цягніках, працуе ў горадзе. Можа, і завялася якая.
     А аднойчы, выграбаючы з грубкі попел, знайшла абпалены лісток. “Паважаны Рыгор Мікалаевіч! Вашы апавяданні выклікаюць пэўную цікавасць. Адчуваюцца неблагія творчыя здольнасці. Але, на жаль, вы звяртаецеся да сітуацый, нетыповых для нашай савецкай рэчаіснасці. Трэба быць больш аптымістычным, бачыць добрае вакол сябе.
     Нялішне будзе папрацаваць і над арфаграфіяй.
     З павагай: літкансультант Барысенка”.
     Рэўнасць знікла, затое  з’явілася незадаволенасць: навошта гэта яму?
     І калі нарэшце пісьмы-бандэролі перасталі  прыходзіць, Наста ўзрадавалася. Можа, кіне сваю “пісаніну”.
     Толькі зарана яна ўсцешылася. Праўда, Рыгор радзей садзіўся за стол, але “пісанінай” займацца не пераставаў. Горш за тое – ён вершы пачаў складаць. Ды не якія-небудь, а сатырычныя. І ўсё пра суседзяў ды знаёмых. Тыя ж крыўдзяцца і з Настай лаюцца. А яна хіба вінаватая?
     Цяпер вось і да брыгадзіра дабраўся. Яно, вядома, Яўхім – паганы чалавек. Апошнім часам зусім сорам згубіў. Толькі і глядзіць, каб ухапіць дзе на дурніцу. Усю вёску ў руках трымае. Жывот раз’еў на чужых харчах – хутка ўжо і ногі насіць не будуць. Дрэнь чалавек. Але што зробіш? Брыгадзір. На кожным кроку да яго звяртацца трэба.
     Наста паклала сшыткі ў шуфляду і не зусім шчыра сказала: “Прынесла ж цябе некалі ліхая гадзіна на маю галаву”.
     Урэшце “ліхая гадзіна” прынесла ёй не такога ўжо благога мужа, і Наста разумела гэта.
     Прыехаў Рыгор у Плесавічы вясною пяцідзесятага. У ладным сінявокім мужчыне ніхто адразу не пазнаў Грышку Збароўскага, сына раскулачанага ў трыццаць трэцім годзе Мікалая Збароўскага, які разам з братамі быў некуды сасланы.
     Рыгор пасяліўся ў старэнькай “нічыёй” хаціне і адразу ж пачаў будаваць уласны дом.
     Вяскоўцы дзівіліся з таго будаўніцтва.
     Спачатку Рыгор, запрогшыся ў самаробны вазок, нацягаў з Галага слупоў і жэрдак, тарчма паставіў слупы ў загадзя выкапаныя ямкі, абабіў іх з двух бакоў жэрдкамі і пачаў капаць гліну.
     “Ды гэта ж ён мазанку робіць, як у хахлоў у Дзеравінах”, – здагадаўся нехта.
     Дабудоўвалі мазанку ўжо з Настаю. Разам жалі на дах чарот на Ржаёўскім балоце.
     Так гадоў пятнаццаць і пражылі ў той мазанцы. Дочкі ўжо падлеткамі былі, калі нарэшце перасялілася сям’я Збароўскіх у вялікі драўляны дом. А ў старым забілі дошкамі вокны, і стала мазанка прасторным жытлом для цялушкі і парасят.
     Наста ўвесь час працавала ў калгасе, а Рыгор, якога вельмі абуралі калгасныя парадкі, уладкаваўся на завод у Гомелі.
     “Дзе ж гэта бачана, каб чалавек за нейкія “палачкі” працаваў ды яшчэ і свае інструменты  на тую працу насіў?! – гаварыў ён, калі Наста, ідучы на калгаснае поле, даставала з дрывяніка граблі ці вілы – Ну, уяві сабе, што я еду на свой завод і цягну з дому станок, працую на ім з рання да вечара, а мне за гэта – дулю з макам! І чым бы мы тады жылі? “
     І праўда, калі б не Рыгорава зарплата, то ці бачылі б дзеці белы хлеб? Ды і да хлеба што-нішто мець здаралася. Не так, як у сем’ях, дзе ніхто з дарослых не працаваў  “на прайзвостве”, а тлуміўся  ў “калектыўнай гаспадарцы”.
     Рыгор і цяпер, на пенсіі, не сядзіць склаўшы рукі. А тады сад пачаў садзіць. Бадай, першы ў вёсцы сапраўдны сад. Раней плесаўчане па яблыкі на Украіну ездзілі. А цяпер сад за кожным домам. І мала дзе без Рыгоравых рук абышлося: некалі адзін ён умеў прышчэпкі рабіць. І гадавальнік уласны завёў, з зярнятак дрэўцы вырошчваў. Потым калонкі для вады зрабіў, спачатку ў двары, а пазней і ў садзе. Да гарэлкі ніколі не кідаўся. Майстра на ўсе рукі: і слесар, і сталяр. Зямлю любіць і, відаць, сакрэты нейкія ведае, бо ў ягоным агародзе раней, чым у іншых, выспяваюць агуркі і памідоры. Нават кавуны ўхітраўся кожнае лета вырошчваць. І не абы якія: вялікія, сакавітыя, салодкія.
      Толькі была ў Рыгора адна загана, праз якую назваць яго сапраўдным вясковым гаспадаром язык не паварочваўся. Ён баяўся коней. Як толькі Наста ні ўшчувала Рыгора, як ні лаялася – Рыгор да каня ані блізка. І цяпер яшчэ, калі надарыцца куды з жонкаю на кані ехаць, садзіцца на воз з вялікай асцярогаю, абавязкова ззаду і нізавошта, нават на хвіліну, не возьме ў рукі лейцы.
     Вось і даводзілася Насце і запрагаць самой, і аратага наймаць. Гэта потым, як старэйшая дачка замуж пайшла, дык зяць ужо араць пачаў.
    Зяць пасміхаўся з Рыгоравага дзівацтва, называў гэта “сіндромам страхаканізму” і ўсё абяцаў здабыць для цесця лекі.
--Во-во, Кастусёк, пастарайся, – падтрымлівала зяця Наста. – А то зірні на яго – з катамі вунь няньчыцца, бы дзіцё малое. Хаця б за стол з сабою не браў брыдоту гэтую. Апсік! – замахвалася яна ручніком на вялікага пярэстага ката, што звычайна прыладжваўся ў Рыгора на каленях.
--Ну-ну! – Рыгор, які і сапраўды вельмі паважліва ставіўся да катоў (праз гэта ён і атрымаў сваю мянушку – Коця), абедзвюма рукамі засланяў свайго любімца. – Гэта ж табе не конь!
--Эге ж! З канём працаваць – не ката на каленях гушкаць і не анекдоты ды вершыкі пра людзей складаць. Ты што там такое пра Зяміху сплёў? Гаварыла, каб на вочы ёй не трапляўся, бо пакажа табе сала на матузку!
--Ды я ж пахваліць яе хацеў за ашчаднасць. Каб прыклад з яе бралі. А яна, бач ты, пакрыўдзілася, – нібыта шчыра дзівіўся Рыгор і тлумачыў: Быў я неяк у іх на тым тыдні. Зяміха ля пліты стаяла якраз, калі я зайшоў. Ну, стаіць яна ля пліты і матузок над каструляй трымае. А ў каструлі варыва булькае. Побач Зяма сядзіць і на гадзіннік пазірае. У яго гадзіннік з секунднай стрэлкаю, дарагі, відаць. Вось зірнуў ён яшчэ раз на гадзіннік і рукой Зямісе махнуў. Тая вышмаргнула матузок з каструлі і на цвік каля пліты павесіла. А на канцы матузка сала шматок прывязаны. Заправа, значыць, такая ў іх для супу. Шматразовага ўжывання. Зяма на тое сала паглядзеў і галавой паківаў скрушліва: “ На тыдзень, відаць, не  хопіць”.
     Наста чмыхнула незадаволена, а Рыгор усміхнуўся:
--А як, ты думала, людзі багацеюць?
--Я пра другое думала: праўду кажуць, што гарбатага магіла выправіць. Так і цябе. Спадзявалася, што пад старасць дурыкі свае кінеш, а ты…
     Яна пачынала расказваць зяцю пра шматлікія Рыгоравы “выбрыкі”, не заўважаючы, як сур’ёзны яе твар мякчэў і паступова асвятляўся ўсмешкай.
--От зрабіў ён у двары калонку. Такой яшчэ ні ў каго ў вёсцы не было, і людзі сышліся паглядзець, як і што.
     Уключыў ён калонку, набраў вядро вады, паспытаў і кажа: “Ну і цуд! Салодкая, што той бярозавік!” І даў паспытаць суседзям. Тыя аж зазіхалі: ой, праўда, салодкая! Хто бліжэй жыў, за вёдрамі пабеглі. Чарга стварылася. Але праз некалькі хвілін з калонкі пачала цячы звычайная, зусім не салодкая вада. А Рыгор мой так ужо перажывае, так засмучаецца разам з усімі! Не мог жа ён сказаць, што сахарын, які ён паціхеньку ў кожнае вядро падсыпаў, скончыўся.    
     А то яшчэ што прыдумаў. Позняй восенню, недзе перад замаразкамі ўжо, начапляў на яблыню з дзесятак нейкіх… забылася, як яны завуцца. Ён іх у Маскве на базары купіў. З выгляду да памідораў падобныя. На смак салодкія. Я такую садавіну раней ніколі не бачыла. Дык вось, начапляў ён іх на яблыню, а потым Гэльку Рацыю пачаставаў. Яна бычка з пашы вяла, а ён яе паклікаў, сарваў той адзін… ну, памідор той, і даў Гэльцы. І сказаў, што гэта ён сам такі гатунак яблыкаў вывеў. Маўляў, да яблыні памідоры прышчапіў. Гэлька і паверыла. У нас вунь і цяпер амаль на кожным дрэўцы па некалькі розных гатункаў яблыкаў. Ну а Гэльку Рацыяй нездарма празвалі: праз гадзіну ўжо ўсе ведалі, што Рыгор нейкую смакату на звычайнай яблыні выгадаваў.
     Было тады гора: тыдзень мо па начах у сад лазілі, голле на яблынях паламалі – шукалі тую смакату…
*          *          *
     Яўхім спачатку фанабэрыўся, але перад бутэлькай “Сталічнай” палагаднеў, і Рыгор вяртаўся дадому супакоены. Заўтра прыедуць Зіна с Кастусём. Можа, і малодшая са сваім надумаецца. Праўда, на тых спадзявацца… Гэта калі агарод сеяць альбо бульбу капаць, дык ім і часу няма, і з работы не адпускаюць. А на свежыну заўсёды прыязджаюць. Наста ім тады тэлеграму дае, нібы захварэў хто: яна ці Рыгор. Яны ўмомант з’яўляюцца. І каб хоць дапамаглі што. Дзе там! Пакуль парсюка смаляць ды разбіраюць, Ігар па садзе ходзіць. Маўляў, крыві баіцца. А потым, як кумпяк адсякуць, ён падыходзіць ужо, адразае ладны кавалак, малаточкам па ім паляпае (адбіўную сабе робіць) – і на патэльню. Перад Калядамі Наста зноў “захварэла”. Паслала Рыгора на пошту. Ён узяў бланк тэлеграмы і напісаў: “Прыязджайце біць кабана”.
     Каця-паштарка засмяялася, але тэлеграму ўзяла.
-Ты б, тата, хоць па-другому неяк напісаў, – ушчувала яго потым Маня. – Мы ж з Ігарам не ў калгасе працуем.
-Добра, іншым разам напішу, што бацька памёр, – прабурчаў Рыгор.
     Рыгор павярнуў у свой завулак і ўбачыў, што да ягонага дома кіруецца паштальёнка. Ён захваляваўся і крыкнуў: “Максімаўна, пачакай”. Падышоў і амаль выхапіў з Каціных рук вялікі блакітна-шэры канверт з буйнымі чырвонымі літарамі ўверсе.
*          *          *
     Аднойчы палез Рыгор на гарышча і там, сярод пажоўклых газет і часопісаў, знайшоў невялікі папяровы скрутак, перавязаны суравымі ніткамі. Гэта быў рукапіс ягонага апавядання. Аднаго з тых, самых першых, што рассылаў ён некалі па рэдакцыях. І як ацалеў? Здаецца ж, усё папаліў, калі страціў надзею надрукаваць хоць адзін радок з напісанага.
     Перачытаў апавяданне і здзівіўся, што некалі яшчэ спадзяваўся на гэта. Ды ў той час і сапраўдным пісьменнікам крылы падразалі, не тое што вясковаму дзіваку, які асмеліўся разважаць пра падзеі трыццатых гадоў.
     Але ж цяпер час іншы. Дык, можа, паспрабаваць гэтае апавяданне даслаць куды-небудзь?
     Ён бы так і не набраўся смеласці, але ўнук, сам таго не ведаючы, падштурхнуў. Прынёс аднойчы часопіс і з гонарам паказаў Рыгору старонку, дзе быў надрукаваны верш. Віцькаў верш!
--Ну малайчына, унучак! Так і далей трымаць! – сказаў Рыгор і пачаў перапісваць сваё апавяданне.
     Амаль месяц прайшоў, пакуль перапісаў: нешта выкінуў, нешта дадаў. Ды яшчэ на машынцы надрукаваць трэба было, а машынка з беларускім шрыфтам толькі адна ў раёне знайшлася – у рэдакцыі “Ленінца”, раённай газеты.
     Паслаў нарэшце. Чакаў-чакаў – адказу няма. Ён ужо і рукой махнуў. І вось нарэшце дачакаўся.
     Рыгор схаваў канверт за пазуху і чамусьці крадком, праз агароды, пайшоў да гары-пусткі, што пачыналася за крайняй, цяпер ужо абязлюдзелай, як і дзесятак плесавіцкіх сядзіб, хатай.
     На гары гадоў дваццаць таму яшчэ стаяў стары вятрак, і дзятва бегала туды гуляць у хованкі і гушкацца на ягоных крылах. Старыя расказвалі: калі Рыгораў бацька разам з братамі Іванам і Яфімам будавалі той вятрак, падышла да іх дурнаватая жабрачка Варка і крыкнула: “Во дзе смерць сабе будуюць”. Людзі, вядома, маглі і прыдумаць тое Варчына прароцтва, цяпер хіба праверыш? Але каб не гэты пракляты вятрак, можа б, і не зачапілі Збароўскіх. Бо якія ж яны кулакі былі? Толькі што ў калгас не ўступалі. Можа, счакаць хацелі, прыгледзецца?
     Прыгледзецца не далі…  Што сталася з Рыгоравым бацькам, ягонымі братамі і тымі пецярмі маладымі плесавіцкімі мужчынамі, ніхто не ведаў.
     … Толькі гадоў праз дзесяць пасля свайго прыезду ў родныя Плесавічы Рыгор атрымаў з абласнога суда такую вось паперу:
    “ 23. 09. 61 Зборовскому Егору Николаевичу
Справка
     Дело по обвинению Зборовского Николая Михайловича пересмотрено Президиумом областного суда 12 сентября 1960 года.
     Постановление Тройки при ППОГПУ по БССР от 23 ноября в отношении Зборовского Н. М. отменено и дело производством прекращено.
     Зборовский Н. М. реабилитирован.

Председатель областного суда                Н. Пшенников»

     Тады ў Рыгоравай душы прачнулася трапяткая надзея: а можа, жывы бацька? Ён жа і не стары яшчэ… Аж трыццаць пяць гадоў жыў Рыгор той надзеяй. Да таго часу, пакуль не атрымаў яшчэ адну афіцыйную паперу, якая канчаткова разбурыла Рыгоравы спадзяванні на сустрэчу з бацькам. Рыгор столькі разоў перачытваў яе, што вывучыў на памяць.

                Справка
« 22 января 1996 г.
     В соответствии с постановлением Верховного Совета Республики Беларусь от 18 октября 1994 г. № …. – Х11 Зборовский Григорий Николаевич 1926 г. р., уроженец д. Плесовичи Тереховского района, признан потерпевшим от политиче-ских репрессий как сын расстрелянного по постановлению судебной Тройки при ППОГПУ по БССР от 28 февраля 1933 г. (обвинялся по ст. ст. 72, 76 УК БССР) Зборовского Николая Михайловича.
     Зборовский Николай Михайлович реабилитирован посмертно Президиумом Гомельского областного суда 12 сентября 1960 года.
     Основание: архивное дело № … в архиве УКГБ Гомельской области.
     Начальник подразделения УКГБ:               И. В. Метёлкин»

     Рыгор і цяпер памятае той шэры восеньскі ранак, калі прыйшлі да іх у хату чужыя людзі. Адчайна крычала маці. Плакалі суседзі.
     А потым яны з маці ехалі ў рыпучым вазку па гразкай дарозе, а ззаду цягнуў яшчэ адзін такі вазок вялікі чорны конь. Ён здаваўся сямігадоваму Рыгорку казачнай пачварай, якая вось-вось дагоніць яго, схопіць сваімі буйнымі жоўтымі зубамі і схрумстае, як нядаўна схрумстала качан у іхнім агародзе.
     Пра чалавечае жыццё кажуць, што якім яно “складзецца з рання, такім і будзе да змяркання”.
     Невясёлым было Рыгорава ранне. І пазней лёс не вельмі ашчаджаў яго. У  чужой далёкай вёсцы, у чужой хаце памерла спачатку яго маці, а потым і сястра Маша.
     Тады Рыгор упершыню адчуў сябе па-сапраўднаму адзінокім. Што было потым? Быў дзіцячы дом. Была нялёгкая праца на тарфяных кар’ерах. Быў фронт (прызвалі яго ў сорак чацвёртым). Адно што з вайны жывым вярнуўся. Вярнуўся… Вяртацца не было куды. Некалькі гадоў бадзяўся ён бы непрыкаяны па свеце.
     Дзе б ні быў, што б ні рабіў, жыло ў сэрцы непазбыўнае пачуццё няпэўнасці і палыновага смутку. А аднойчы нечакана нават для сябе склаў у фанерны куфэрак небагаты свой скарб, асцярожна паклаў на дно два сшыткі ў аднолькавых чорных вокладках і праз некалькі дзён быў у невялічкай беларускай вёсачцы Плесавічы, на далёкай сваёй радзіме, якую і памятаў ужо нібы ў цьмяным сне.
     Толькі тут, сярод сваіх (як аказалася, шматлікіх) блізкіх і далёкіх родзічаў, упершыню за доўгія гады прыйшла да Рыгора дзіўная супакоенасць. І ён раптам адчуў, што ўсё добрае яшчэ наперадзе: будзе ў яго дом, будзе сям’я і будзе, абавязкова будзе кніга. Кніга, якую ён напіша пра сваё жыццё. Урэшце яму яшчэ няма і трыццаці…
     І вось жыццё Рыгорава на схіле. Ёсць у яго дом, ёсць сям’я. Ёсць трое унукаў. Няма толькі кнігі. У гэтым вось канверце ягоная апошняя надзея. Зірнуць, што там? А мо дома?
     Ён асцярожна распячатаў канверт. У вачах замітусілася. З цяжкасцю прачытаў ніжнія радкі пісьма: “Улічыце нашы заўвагі, дапрацуйце рукапіс, і ў наступным годзе рэдакцыя прапануе ваша апавяданне да друку”.
     “Прапануе да друку”? Ды гэта ж азначае, што… Але чаму няма ў душы радасці? Толькі стомленасць. Бясконцая стомленасць і крыўда. Позна… Цяпер позна ўжо. Няма ні сілы, ні жадання перапісваць, дапрацоўваць і чакаць, зноў чакаць!
     Рыгор павольна разарваў адзін, другі, трэці… сёмы ліст. І вось ужо няма ніякага рукапісу. Толькі дробныя папяровыя шматкі. Яны кружыліся ў паветры, чапляліся за ссохлыя галінкі малінніку і разляталіся па здзічэлым, таксама Рыгорам некалі пасаджаным садзе.
     … Была нядзеля. Вяскоўцы ўсё пасадзілі і пасеялі. Каля хат сядзелі прыбраныя кабеты. Шчабяталі і корпаліся ў цёплым пяску дзеці.
     Насупраць магазіна сабралася купка мужчын. Адтуль чуўся гучны смех і даносіліся воклічы: “Малайчына, Коця! А цяпер давай пра старшыню!”
     Коця чытаў свой новы верш…
__________


Рецензии