Белы конь

     Хвядос Калдыркін прачнуўся з такім адчуваннем, быццам нехта добра настукаў яму па галаве, а ў рот укінуў гарачых вугалёў. Да таго ж у пакоі чулася незадаволенае сапенне: значыць, зараз жонка зноў пачне яго “выхоўваць”. Хвядос уздыхнуў, неахвотна разляпіў цяжкія павекі і здрыгануўся ад нечаканасці: насупраць канапы, дзе ён спаў, стаяў… белы конь.
     “Ды ну?!” – Хвядос шмаргануў сябе за вуха, заплюшчыў і зноў расплюшчыў вочы. Конь прыветна заржаў і, як здалося Хвядосу, па-сяброўску падміргнуў: маўляў, пакатаемся, браток?..
   --М-маня! – гучна крыкнуў Хвядос. – Дзе ты, Маня?
   --Што табе? – зазіраючы ў пакой, спыталася жонка. – Расолу?
   --М-маня, чаму тут конь?
     Жонка здзіўлена ўзняла бровы:
   --Які конь?
   --Б-белы.
   --Дзе?
   --Ды во, ля канапы!
   --Што за жартачкі? – засердавала Маня. – Табе рабіць няма чаго? Ці ж можа конь таптацца ў хаце?
     Хвядос падхапіўся з канапы, дакануўся да конскай шыі:
   --Манечка, няўжо ты не бачыш?! Вось жа ён! І цёплы.
     Жонка спуджана войкнула і раптам загаласіла, бы па нябожчыку:
   --А божа ж мой! А горачка ж якое! А прасіла-малмла я цябе, каб піць кідаў! А ты ж мяне не слу-у-хаўся!
     На матчын голас прыбеглі сыны Алесь і Алег:
   --Што здарылася, мама? Чаму ты плачаш?
   --Дапіўся ваш татка, – выціраючы вочы рукавом халата, прамовіла Маня, – кажа, што белы конь ля яго стаіць.
   --Белы конь?! – у адзін голас усклікнулі хлопцы. – Супакойся, татачка! Гэта табе мроіцца. Захварэў, відаць. Да ўрача трэба. А можа, “хуткую” выклікаць?
   --Не, я сам, – стараючыся суняць дрыжыкі, азваўся Хвядос, – я сам…. Да ўрача. Манечка, дай бялізну чыстую. Калі ў нас аўтобус?
   --Не трэба аўтобуса, Хвядоска, – занепакоілася Маня, – раптам зусім блага стане. Я Віцьку Лусікава папрашу, каб на машыне адвёз. І я з табой паеду.
     … Чырвоны Віцькаў “жыгуль”, на заднім сядзенні якога ўладкаваліся Хвядос з Маняй, схаваўся за паваротам. Сыны, захапіўшы з сабою дзве пляшкі гарэлкі (плату брыгадзіру Бурбалкіну за “пракат”), вывелі з хаты і пагналі на калгасны двор прыгожага белага каня па клічцы Туман…
__________


Рецензии