Споведзь адной паэтки
Вельмі кідка люблю апранацца,
Хоць гадкоў (і калі праляцелі?!.)
Мне, скажу вам, ужо не семнаццаць.
Пяцьдзесят мне –
ды й з хвосцікам пышным –
Ёсць і хлеб у мяне, і да хлеба,
Муж цвярозы і ўнучкі, бы вішні,
Ды не гэткае шчасце мне трэба.
На душы маёй слота і хмары,
Свет нямілы і сонца не грэе:
Пра пунсовыя ветразі мару
І пра юнага, палкага Грэя…
Стала ежы і сну выракацца,
Нават посуд мо тыдзень не мыла…
Ой, хутчэй бы яго дачакацца!
Дзе ж ты, Грэй мой жаданы і мілы?!
Не пяе мая ліра – галосіць:
“Ой, ты, долечка, доля ліхая!”
… Ну, а сёння сказала мне: “Досыць!
Вунь чытач твой з нуды пазяхае”.
__________
Свидетельство о публикации №212052600840