Вы парайце мне!

(непрыдуманая гісторыя)

З працы я вярнуўся рана,
Думаў, рада будзе Ганна,
А на кухню як зайшоў,
Дык схапіў нервовы шок.

За сталом вусаты дзядзька
З апетытам еў аладкі
І у ёмісты жывот
Ліў любімы мой кампот!

І на гук пачутых крокаў
Ўзняў брыво над левым вокам
І ўладарна крыкнуў ён:
“Дзе смятана і булён?!

Шлындаць недзе маеш моду,
А мужык сядзіць галодны!
Ад такога харчавання
Будзе мне не да кахання!”

Анямеў я ад здзіўлення…
А праз нейкае імгненне
Стала мне зусім пагана,
Бо сказаў ён: “Чуеш, Ганна,
Дзе смятану ты схавала?
Ды й аладак нешта мала!”

Не паспеў падаць я голас,
Як той дзядзька, ўзняўшы голаў,
У сваю чаргу здзівіўся:
“Хто? Чаму ты тут з’явіўся?!

Можа, злодзей? Не? Не злодзей?
А-а-а! Дык ты да Ганны ходзіш!!!
Пераб’ю табе я ногі,
Каб забыў сюды дарогу!

А каб баб чужых не зводзіў,
Макіяж зраблю… па модзе!”
Потым тоўсты той нахабнік
Згроб мяне ўсяго ў ахапак.
І з маёй – ма-ёй! – кватэры
Груба выштурхнуў за дзверы.

Ох, і даў яму б я здачы!
Ды душа зайшлася плачам:
“Ах ты, Ганна, жонка Ганна!
Я ж кахаў цябе аддана,
Ты ж маё разбіла сэрца…
І куды цяпер падзецца?”

У такім настроі змрочным
Я хадзіў да самай ночы,
Нават думка бліскавіцай
Мільганула: “Мо, ўтапіцца?”

Раптам (бачу, бы ў тумане)
Да мяне імчыцца Ганна.
І на шыю мне. І плача:
“Што ж ты, любы мой, дзівачыш?

То ж сантэхнік Боб напіўся
І пад’ездам памыліўся.
Ты успомні: Боб Раманаў,
Ну а жонку клічуць Ганнай!”

Дык парайце ж мне: паверыць
Ці мяняць замкі і дзверы
Ды ключы насіць з сабою,
Каб не зведаць шок той болей?..
               __________


Рецензии