Алинина драма

Прачытала ў рэкламцы Аліна,
Што мужчына, паглядны і гожы
Ды з кішэнямі, поўнымі грошай (!)
Пазнаёміцца хоча з жанчынай,

Маладой і прыгожай, вядома,
Ды каб звычак не мела заганных,
Каб ласкавай была і адданай –
Каралевай заможнага дома.

“Ён шукае мяне, несумненна! –
Падміргнула люстэрку Аліна. –
Ну а я? Я ж – такая феміна! –
Здуру ледзь не пайшла за яўгена!

Ну, кахае, казаў… Ды з кахання
Ці ж пашыеш шыкоўнае футра?”, –
Так Аліна разважыла мудра
І адклала з Яўгенам спатканне.

Пазваніла яму з аўтамата:
“Выбачай і бывай! Мы не пара:
У мяне неабсяжныя мары,
А ў цябе – інжынера зарплата”.

Тыдні тры у чаканні сустрэчы
Палымнела-трымцела Аліна,
І нарэшце жаданы мужчына
Ёй прызначыў сустрэчу пад вечар.

Не ішла, а на крылах ляцела.
А душа і цвяла, і спявала:
“Лімузіны, Канары, Гаваі –
Свята духу і грэшнага цела!”

Прыляцела… А ён жа – О Божа!
Недарослы, пузаты і лысы!
Шчокі, нібы ў бульдога, абвіслі…
Вось табе і прыглядны, і гожы!

“Не, ні тысячы тысяч даляраў,
Ні яго, ні яго лімузінаў
Не хачу! – прашаптала Аліна. –
Хай гарыць гэта шчасцейка гарам!

Да Яўгена! Хутчэй да Яўгена!”
… Але дома паштоўка чакала:
На вяселле яе запрашалі
Маладыя – Яўген і Алена.

Вось такая жыццёвая драма
У маёй у знаёмай Аліны…
Ой, не верце, не верце, “феміны”,
Нават самай прывабнай рэкламе!
                __________


Рецензии