Як дзве свацци сямъю ратавали

     Вольга Маслючыха падаіла карову, кінула лычатаму кабанчыку ладны абярэмак бацвіння, пералічыла курэй і стомлена патэпала ў хату.
  Зірнуўшы на гадзіннік, войкнула і кінулася да тэлевізара: вось-вось пачнецца чарговая серыя! Над учарашняй, сто дваццаць дзевятай, Вольга так наплакалася, так наперажывалася, што мусіла заспакойваючыя таблеткі піць. Надта ж шкада гэтую... як яе?.. Во, Алянору! Вельмі ж яна замуж хоча, а яе ніхто не бярэ. Толькі абяцаюць, а самі увесь час подла падманваюць. Няўжо няшчасніца так і застанецца ў дзеўках? От жа горачка! А можа, у гэтай, сто трыццатай серыі хто-небудзь возьме?
  Вольга з хваляваннем у сэрцы ўключыла тэлевізар і толькі паспела прысесці на канапу, як пад вокнамі пачуліся гулкія крокі, і ў хату ўскочыла задыханая Зіна Піскуніха, Вользіна свацця:
— Сядзіш тут, бы дзежка з цестам, кіны выглядаеш, а Валодзька твой...
  Вольга ўсхапілася з канапы:
— Што?! Што з маім сыночкам?! Хутчэй гавары! ЁН жывы?
— Яшчэ б не жывы! — свацця скрывіла твар. — Вельмі нават жывы, калі ўпрочкі сышоў, жарабец стаенны! Сорак гадоў нягодніку, хоць бы людзей пасаромеўся!
— Дык можа, няпраўда гэта,— прамовіла крыху паспакайнелая Вольга.— Плёткі, можа.
— Ага ж, плёткі! Вунь Верка, дачушка мая бедная, з дзеткамі
прыехала. Сядзіць, слязьмі абліваецца. Хадзем, яна табе ўсё
раскажа.
* * *
— Так і сказаў? — мо ў дзесяты раз перапытвала Вольга заплаканую нявестку.
— Так і сказаў: "Я пакахаў другую. Да цябе больш не вярнуся".
— А як жа дзеці? — Вользіны вочы павільгатнелі.— ЁН жа любіў дзяцей.
  Вера безнадзейна махнула рукой:
— Што яму дзеці? Яму даражэй за ўсё верціхвостка гэтая ды машына.
— Дык ён машыну забраў?! — абурана ўсклікнула Піскунь: ха.— Авоечкі! А мы ж з тваім бацькам пяць гадоў на яе грошы збіралі! Дзвюх кароў здалі, прадалі каня... А кабаноў колькі выкармілі! I ўсё гэта для таго, каб ён нейкую шалашоўку вазіў?!
— Сваццейка,— умяшалася Вольга,— ці ж толькі вы са Сцяпанам? А я ды Пятро мой хіба не дапамагалі?
— Ну, і вы,— неахвотна кіўнула галавой Піскуніха,— і вы таксама.
  Яна з хвіліну памаўчала і павярнулася да дачкі:
— А дзе ж той блуднік атабарыўся? Ці далёка?
— Каб жа далёка,— усхліпнула Вера,— можа б, мне крыху лягчэй было, а то ж на нашай вуліцы, праз чатыры дамы ўсяго. Кожны дзень перад вачыма маімі мільгаюць то ён, то яна. I машыну нашу ля яе пад'езда ўвесь час бачу. Гаража, відаць, у маладзёнкі ягонай няма.
  Вольга ўстрапянулася:
— А ад вашага гаража ключы дзе? Валодзя не забраў іх?
Не. Не забраў. Ні ад гаража, ні ад кватэры, і ад машыны запасныя не забраў, пакінуў. Сказаў, што яму чужыя ключы непатрэбныя.
— Вось што, сваццейка,— Вольга рашуча ўзнялася з крэсла,— заўтра пастарайся як мага раней гаспадарку сваю ўпарадчыць, каб на першы дзізель паспець. Паедзем у горад. I ты, Вера, таксама збірайся. Пакажаш нам, дзе тыя галубочкі жывуць, а астатняе — гэта ўжо наш клопат.
  Счакаўшы, пакуль Вера з дзецьмі пойдзе спаць, Вольга пачала:
— Па-першае, нам трэба ўзяць з сабою добрыя лейцы.
Піскуніха насмешліва зірнула на сваццю:
— Позна ж ты спахапілася! Раней трэба было лейцамі сыночка частаваць. А цяпер яны яму, бугаю, што слану камар!
— Перастань,— перапыніла яе Вольга.— Я зусім не пра тое. Нам трэба сям'ю ратаваць. Слухай уважліва. Мой сродак надзейны.   Прыбяжыць   Ва-
лодзька назад як міленькі!
* * *
      Вядома, што пераважная большасць гараджан на досвітку спіць. Спалі і жыхары дамоў па  вуліцы  Светлай,  і таму амаль ніхто з іх не бачыў, як дзве вясковыя кабеты цягнулі на прывязаных да бампера лейцах ярка-чырвоную іншамарку. Дапамагаў ім няголены, бамжоўскага выгляду мужчына. Правай рукой, засунуўшы яе праз акно пярэдняй дзверцы машыны, ён падтрымліваў руль, левай пхаў не вельмі паслухмяны транспарт уперад. Кабеты раз-пораз азіраліся і падбадзёрвалі свайго памочніка аднымі і тымі ж словамі:
— Пахмяліцца хочаш? Тады давай хутчэй!
  Няголены мужчына пахмяліцца хацеў. I вельмі. Таму стараўся з усёй сваёй сціплай моцы.
  Рэдкія прахожыя прыпыняліся перад незвычайным відовішчам. Нехта смяяўся, нехта прапаноўваў выклікаць міліцыю.
  Піскуніха і Маслючыха (гэта, вядома ж, былі яны) міліцыі не баяліся: сваё кроўнае забіраюць. Ды міліцыю ніхто, відаць, і не збіраўся выклікаць.
* * *
     Праз некалькі хвілін задаволеныя жанчыны разлічваліся з памочнікам. Паставіць машыну ў гараж ім дапамог Верчын сусед Максім.
   Памяняўшы на ўсялякі выпадак замок на варотах гаража і забраўшы ключы з сабою, Вольга і Зіна вярнуліся дадому, у вёску, дзе, на здзіўленне, усе ўжо ведалі пра іхнюю паездку ў горад. Больш за тое,— Маруся Голікава і Таццяна Маркаўцова паспелі нават паспрачацца: дапаможа ці не дапаможа "канфіскацыя" Верчынай бядзе. Маруся гаварыла, што дапаможа, а Таццяна — што не. Пайшлі ў заклад.
  Пытаецеся, хто выйграў? Мяркуйце самі.
"Блуднік" у хуткім часе вярнуўся да Веры, пакляўся, што ні ў якія "прочкі" больш ніколі не пойдзе, а будзе прыкладным сем'янінам.
  Пачуўшы такую вестку, Маруся прыбегла да Таццяны, але тая сваё паражэнне прызнаваць не захацела. Маўляў, невядома яшчэ, што было прычынаю такога спешнага вяртання. Можа, "канфіскацыя" тут ні пры чым. Можа, Валодзя каханцы надакучыў, і яна вытурыла яго.
  Так і не аддала Марусі прайграную пляшку гарэлкі.
___________


Рецензии