Звоняць званы Чарнобыля

Чарнобыль! Ты пакінуў незагойную рану на сэрцы нашай зямлі, на сэрцы кожнага з нас…

Імгненне, адно толькі імгненне – і трывожнай хмарай навісла Чарнобыльская аварыя над нашай жытнёвай, васільковай краінай. Яшчэ імгненне – і калючыя дажджы атрутай праліліся на палі, лугі, лясы, дахі нашых дамоў. Чорнай птушкай паляцелі вятры з поўдня, на многія кіламетры разносячы небяспечныя малекулы і атамы.

Імгненне… Яго хапіла, каб жудасная імгла запаланіла нашу краіну. Яго хапіла, каб пабруднелі блакітныя вочы твае, Беларусь. Каб чалавек ужо ніколі не пабачыў тваёй прыгажосці, каб чалавек не адчуў асалоды празрыстага паветра твайго…

Звоняць званы Чарнобыля… А чуваць цішыню. Цішыня і адны толькі стогны грозным рэхам адбіваюцца ў яе чатырох кутах. Цемра… А ў ёй блішчаць гарачыя салёныя дажджынкі на збялелых тварах спалоханых людзей. Самота, якую баяцца пару- шыць успамінам. Імёны, на якія ўжо ніхто ніколі не адгукнецца. Малітва, але не за здароўе цяпер гучаць яе словы.

Гудуць званы Чарнобыля… А незагоеныя раны на сэрцы працягваюць балець і крывавіцца, нагадваючы нам красавіцкую катастрофу, попел якой да сёняшніх дзён перафарбоўвае валасы юнакоў і дзяўчат, мужчын і жанчын у шэрую сівізну.

Амаль кожны чацвёрты загінуў у Вялікую Айчынную вайну – амаль кожны пяты жыве на забруджанай тэрыторыі пасля чарнобыльскага выбуху. Адна за адной войны знішчалі гарады і вёскі – больш за сем дзесяткаў вёсак пахаваў у зямлі Чарнобыль. А колькі іх яшчэ засталося з адзінокімі хатамі, вокны і дзверы якіх назаўсёды забітыя дошкамі?! Не злічыць…

Грымяць званы Чарнобыля… А навокал цішыня. А на сэрцы боль, боль, непараўнаны ні з чым. І мы рвемся скрозь гэтую цішыню і цемру да таго далёкага мінулага, светлага, чыстага, шчаслівага… Снім сваіх родных і блізкіх, клічам іх, але не яны нас… Яны пакінулі нас, пакінулі нам шанс прыгожа і мужна прайсці па гэтым складаным цярністым шляху пад назвай жыццё. Прайсці з памяццю пра мінулае, каб абараніць і выратаваць будучыню.

Звоняць… Гудуць… Грымяць… званы Чаронобыля…
Панікла зямля пад чорнымі крыламі.
Прачніся, малю цябе!

Ганна КАЦІКАВА, 2012г.


Рецензии