Слова аб любiмым пiсьменнiку
Паэзія М. Багдановіча нагадвае мне святло жывога пульсуючага сэрца, што аднойчы вырвалася з грудзей сына Беларусі і пералілося ў нязгасную зорку Венеру над разлогамі роднай зямлі.
У пятым класе я ўпершыню пазнаёмілася з вершамі М.Багдановіча, і яны заваражылі мяне сваёй чароўнай мелодыкай і пачуццёвасцю. Калі я прачытала верш “Зімой”, то мяне захапілі фарбы і колеры зімовага вечара, хараство лесу, бярозак, пакрытых пушыстым інеем, звон бомаў —усё гэта злілося ў пачуццё еднасці чалавека з прыродай. Сэрца, здавалася, выскачыць з грудзей ад хуткага імклівага руху.
Вакол лятуць бары і гоні,
У грудзях пачала кроў кіпець…
А верш “Маёвая песня”зачараваў мяне сваёй музыкай, якая ідзе ад сонечных праменяў, на якіх іграе вецер. Яна трапляе ў сэрцы людзей і напаўняе іх цеплынёй, пяшчотай, любоўю. І тады , калі ты глядзіш на вясновую прыроду табе здаецца, што душа і ўсё навокал спявае. Прааналізаваўшы вершы, я магу сказаць, што М. Багдановіч любіў прыроду, умеў тонка і праўдзіва паказаць яе хараство і перадаць хвалюючае пачуццё, выкліканае гэтым хараством. Ён ведаў, што пісаць вершы можа не кожны чалавек, а вось навучыцца разумець іх , адчуваць прыгажосць прыроды і самаго жыцця можна.
Мы ведаем, што цяжка хворы М.Багдановіч быў вымушаны доўгі час жыць за мяжой: у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, дзе прайшлі яго апошнія дні.
Мінулым летам я адпачывала з бацькамі ў Ялце, мы гулялі па гораду, і я папрасіла бацькоў наведаць магілу М.Багдановіча. Калі мы падышлі да помніка на Ауцкіх брацкіх могілках, то маё сэрца сціснулася ад прадчування нейкага вялікага нязведанага пачуцця. Я адчула на сабе погляд паэта, і мая душа скаланулася, бо пранізлівы позірк Максіма Багдановіча са смуткам глядзеў на мяне. Мне стала так балюча ў грудзях, сэрца сцялася ад болю, і я ўбачыла ў вачах паэта тугу па Радзіме. Як вядома, на Беларусі пісьменнік быў толькі некалькі разоў, але гэта надало яму больш сілы і ўпэўненасці ў тым, што родная зямля — гэта святое месца , дзе ты адчуваеш сябе шчаслівым. Але М.Багдановіч добра ведаў, што ў краіне казачных бароў і пушчаў, азёр і рэк гаруе і пакутуе працоўны народ. Таму так адчайна гучаць яго словы:
Краю мой родны! Як выкляты богам—
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.
Паэт верыць у сваю Радзіму і яе лепшую будучыню. Яна бачыцца яму шчаслівай, светлай, радаснай:
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарах залётных агня…
(“Беларусь, твой народ дачакаецца…”)
Шкада, што Максім Багдановіч не дажыў да гэтага дня. Хоць і мала пражыў паэт, але след, які ён пакінуў, робіць яго вечным. І колькі б ні прайшло гадоў, а з імем М.Багдановіча заўсёды будзе паўставаць вобраз паэта магутнай сілы. Яго імя і творчасць выпрабаваліся часам і набылі неўміручасць.
А завяршыць мне хочацца радкамі верша Вольгі Малініч:
Ляцяць гады, дзесяцігоддзі,
Жыццё няспешнае бяжыць…
Як у касмічным асяроддзі
Венерай-зоркай ён гарыць.
Аксана Голубева, 8 клас,
Станіславоўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа,
2011г.
Свидетельство о публикации №212061400446