Откуда пошли Ляды?

Аб вёсцы Ляды Дубровенскага раёна

Жылі два браты – багаты Зміцер і бедны Аўтух. Бацька калі паміраў, то ўсё ім пароўну падзяліў. Але Зміцер быў хітрэйшым: выхапіў сабе лепшую зямлю , ды яшчэ і межавыя знакі пераставіў.Нядзіўна, што з кожным годам у Зміцера багацце прыбывала, а малодшы брат, як не стараўся, на сваёй беднай зямлі нічога путнага не атрымліваў.

Неяк аднаго разу вярнуўся Аўтух дамоў і ледзьве не плача.

—Што, родненькі, здарылася? –спытала ў яго жонка.
—Сёння заяжджаў на нашу ніву… І бачу: зноў ураджаю не будзе. Як зімаваць?.. Дзеці ж падрастаюць, а хлеба не хапае…

Змоўкла і гаспадыня, слёзы так і закапалі з яе вачэй. Так і прасядзелі амаль да паўночы. Раптам Аўтух прамовіў:

—За акном – дождж. Хай зямля п’е, то, можа, і наша збажынка выправіцца.

Жонка меркавала іначай:

—Затое якому чалавеку падарожнаму і не ў самы раз гэты дождж…
—Ды ўжо на вуліцы цёмна. Куды там падарожнаму хадзіць? – адказаў гаспадар задуменна.

Толькі яны так пагаманілі, як нехта ў акенца стукнуў. Гаспадар адчыніў дзверы і гукнуў:

—Хто там стукае? Заходзь у хату.

На парозе з’явілася постаць старога чалавека:

—Ці не пусціш пераначаваць, пане гаспадар?
—Чаму б і не. Здарожыўся, дзядулька, мабыць, прамок?
—Ніткі сухой няма на целе, зуб на зуб не трапляе. А тут заўважыў агеньчык у вашым акне, дык і прыйшоў сюды.
—Вось і добра. Жонка, налі там чалавеку перакусіць, можа, засталося…

Гаспадыня хуценька кінулася да прыпечка і наліла старому нішчымнай кіслай капусты. Той паеў, перахрысціўся і яшчэ раз падзякаваў.

—І вы, відаць, тут несалодка жывяце?
—Дык вось не шанцуе нам, дзядулька, – адказаў гаспадар.

Так і завязалася ў іх гамонка. Стары ўважліва слухаў Аўтуха. Калі той скончыў, падарожны прамовіў:

—Мне здаецца, гаспадар, што ведаю я прычыну тваёй бяды. Магу падказаць, як ад яе вызваліцца.
—Як жа?
—Твая зямелька спусташылася. Табе трэба на іншае месца рушыць, па новаму сеяць.
—А куды? Грошай жа няма.
—А ты той участак, які пад лесам у цябе стаіць, не прадавай, а высечы на ляды. Выпаліш, пасееш і пабачыш: зародзіць так, што і не пазнаеш.

Аўтух паслухаў старога. І што ж вы думаеце? Закаласілася на яго нівах такое збожжа, як ні ў каго іншага. Неўзабаве і ён заможным гаспадаром стаў, а паселішча тое, дзе жыў Аўтух, людзі назвалі Лядамі.

Паводле кнігі
“Віцебшчына ў легендах і паданнях” А.М.Ненадаўца


Рецензии