Неабыякавыя нататкi пра Масленiцу

У гэтым годзе Масленічны тыдзень пачаўся 20 лютага. Наогул жа ў народнага свята няма штогадовай строгай даты святкавання – звычайна гэта канец лютага ці першая палова сакавіка, у залежнасці ад рухомай даты святкавання Вялікадня. Доўжыцца Масленіца тыдзень, але нярэдка беларусы традыцыйна прыхоплівалі яшчэ адзін дзень – Чысты панядзелак.

Сама назва свята звязана з тым, што здаўна ў гэты час нашы продкі елі смачны сімвал сонейка — бліны з маслам, мёдам, сырам, з рыбай, варэннем, джэмам, смятанай, капустай – сытай абрадавай ежай. Казалі: «На Масленку трэба есці столькі разоў, колькі варона махне крылом…» Толькі блінцамі з мясам ніхто не ласаваўся! Мясаед заканчваўся ў ня-дзелю, напярэдадні Масленіцы.

Дарэчы, паважаныя, свята было вясёлым і шумным. Лічылася, што, калі досыць не пацешыцца, то цэлы год давядзецца бедаваць ды сумаваць. І, наадварот, чым лепш Масленіцу адсвяткуеце, тым багацейшым год будзе.

Яшчэ з маленства ў маім сэрцы гучаць шчодрыя і мілагучныя масленічныя песні, якія так велічна і заліхвацка выконвала заўсёды мая бабуля Таццяна і пры гэтым не забывала казаць, што такія песні душа хоча спяваць тады, “як на вясну пацягне”.

І, сапраўды, Масленіца – гэта апошняе свята, якое праважае зіму. Казалі: «Масленіцу праважаем – вясну сустракаем». Гэта свята сонейка і агульнай радасці, весялосці, усеагульнага шчасця.

Таксама ў масленічную нядзелю раскладвалі вогнішча, спальвалі пудзіла. Думалася, пудзіла згарэла – і разам з ім уцяклі ўсе беды ды гора. Спальвалі і старыя рэчы. Бо з чыстым сэрцам, з адкрытай душой і жыццё лягчэй!

Як бачым, Масленіца характарызуецца яскрава выяўленай дамінантай беларускага хлебасольства і дабрыні. Так што – смачных блінцоў, беларусы! І хадзіце часцей адзін да аднаго ў госці. Стварайце на роднай зямлі прыгожыя і шчаслівыя сем’і! Гэтаму нас таксама вучыць Масленіца. І вучыць на ўсё жыццё: няхай усё жыццё наша стане Масленіцай!

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск


Рецензии