Ой, я жну, пажынаю

Свята дажынак на Беларусі адзначаецца здаўна. Вось толькі зараз яно набыло зусім іншыя масштабы. Раней Дажынкі адзначаліся ў кожнай вёсачцы, у кожным двары. Ды і ніўку жалі сярпамі, не было камбайнаў. Жніво падводзіла вынікі шматдзённай працы, забяспечвала хлебам на цэлы год, а пачыналася яно звычайна пасля Пятра.

Адзначаліся два этапы жніва: зажынкі і дажынкі. На ніву жанчыны ішлі ў чыстым адзенні, віталіся з полем, кланіліся зямлі, чыталі малітву, прасілі дапамогі ў Бога. Першы сноп зажынаць выбіралі жанчыну добрую, паважаную, тую, якая лёгка зажынала. Калі пачынала жаць злая жанчына, то ў жней потым спіны балелі. Першаму ж снапу (у некаторых мясцовасцях яго звалі “гаспадар”) аказвалася асаблівая пашана. Яго ставілі на покуці. Зерне з гэтага снапа валодала цудадзейнай сілай. Калі пачыналася азімая сяўба, яно дамешвалася ў насенне.

Дажынаючы апошні загон, жнеі пакідалі на ім невялікую лапінку лепшага жыта “дзеду на бараду” (апошні сноп). Старанна выполвалі траву паміж калівамі; затым на камені, прасунутым між сцяблін, ці на белай сурвэтцы клалі ахвяру – акраец хлеба і соль. Пры гэтым жняя качалася па ніве, замаўляючы: “Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку. На коніка лой, на ніўку гной, а мне здароўя. Ссудзі, Божа, налета жаці і ядранейшае i гусцейшае!”

Перад тым як зжаць “бараду”, кожная жанчына павінна была некалькі разоў перакаціцца па ім дзеля таго, каб к налеццю быў добры ўраджай, каласы хіліліся да зямлі пад цяжарам зерня. Затым адна са жней лоўка падразала звязаны зверху жычкаю ці саломінай “бараду” і кідала серп убок праз галаву. Зрэзаны “куст” клалі ў апошні нязвязаны сноп. Жменьку нязжатага жыта маглі пакідаць звярам або птушкам ва ўдзячнасць за тое, што яны некалі разнеслі зерне па зямлі. Барада павінна была захаваць урадлівую сілу зямлі і пера- даць яе наступнаму ўраджаю. Калі жнеі дажыналі ніву, яны ўпрыгожвалі апошні сноп (“бараду”) ці плялі вянок з каласкоў і ўручалі яго гаспадару са словамі: “ Гаспадарок, не скупіся, ад жнеечак адкупіся”. Той жа шчыра дзякаваў за працу, накрываў добры стол. І пачыналася святкаванне з песнямі і танцамі.

Падрыхтавала Валянціна ШАВЯКА


Рецензии