Эх, тупнем!

Што такое сучасная дыскатэка мы ведаем дакладна.Цудоўна ўяўляем сабе, якая музыка там гучыць і як моладзь адплясвае. А вось, як адпачывалі ў вёсцы хлопцы і дзяўчаты ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, для нас гэта таямніца. І таму, шаноўныя чытачы, мы прапануем вам адправіцца ў мінулае, дзесьці на паўвека назад і наведаць тагачасную дыскатэку, якая танцамі называлася. Ладзіліся вечарынкі (танцы), як і зараз, па суботах і нядзелях, ды ў святочныя дні. Збірараліся ў клубе амаль усе жыхары вёскі. Зразумела, што апаратуры тады ніякай не было, ды і прайгравальніка таксама. А якія ж гэта танцы, спытаеце вы? Ды ўсё вельмі проста: запрашалі гарманіста, ён граў, а астатнія танцавалі. Але ж не ў кожнай вёсцы быў музыка. Калі ж свайго гарманіста не было, то запрашалі з суседніх сёлаў. З музыкам абавязкова разлічваліся за яго працу: дзяўчаты – прадукцыяй ад нясушак, а хлопцы частавалі напоямі з градусам. Дарэчы, гарманіст у той час быў завідным жаніхом, кожная дзяўчына марыла пра такога ўхажора.

Вернемся ж да вечарынкі, на якой музыка граў амаль без перадыху, а хлопцы з дзяўчатамі скакалі аж да сёмага поту. Любімымі танцамі ў тагачаснай моладзі былі вальс, полька, кракавяк, каробушка, кадрыль. На вечарынках былі не толькі скокі да упаду, але і ролевыя гульні, такія як “Капрыз барышні”, “Капрыз гарманіста”, “Рэмень”, “Бутылачка”, да таго ж танцы часта суправаджаліся частушкамі галасістых дзяўчат. Навесяліўшыся ўволю, а часам і “кулакі пачасаўшы” з-за мясцовых прыгажунь, ішлі на працу, а не спалі да абеду. Вось так адпачывала моладзь у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Спадзяюся, наша маленькае падарожжа вам, дарагія чытачы, спадабалася.
Да новай сустрэчы!

Падрыхтавала Валянціна ШАВЯКА
паводле ўспамінаў Алексея Якаўлевіча Гаўруцікава


Рецензии