Як Гусi Вербачцы дапамаглi. казка для дзяцей

На беразе ракі расла маленькая Вербачка.  Яна любiла схіляць свае  галінкі ў раку і ўмывацца халоднай  вадзіцай. Часамi Вербачка шалясцела доўгімі зялёнымі лісцікамі і  напявала  любiмую песеньку.   Тады нават Рэчка пераставала журчаць, прыслухоўваючыся  да яе ласкавага галаску. А цёплае  Сонейка  гладзіла малую па гнуткіх галінках і сцяблінцы, прыгаворваючы:
-Расцi, Вербачка, зеляней  год ад году і расквітай. Ты ж у нас прыгажуня!
Вербачка вельмі саромелася ад такой пахвалы і яшчэ больш схілялася да рачной вадзіцы. Але ад гэтага яе доўгія тонкія лісцікі станавіліся толькі прыгажэй. Яны пераліваліся і свяціліся ад сонечнага святла.
Кожны год вясною з поўдня прыляталі дзікія Гусі. Яны заўсёды сяліліся на беразе ракі побач з  Вербачкай. Птушкі плавалі па вадзе, гагаталі, махалі крыламі  і кружыліся над дрэўцам. Яны палюбiлі  маленькую Вербачку  за сціпласць і дабрыню. Па вечарах Гусі ўсаджваліся пад дрэўцам  і засыналі, закалыханыя яе ціхім і ласкавым галаском.
Але вось скончылася цёплае лета, і наступілі халады.  Гусі паляцелі зімаваць у вырай. Усе лісцікі на Вербачцы пажоўклі і апалі. Халодны вецер прадзьмухваў наскрозь яе галінкі.  А потым яшчэ і мароз стукнуў. Рэчка пакрылася лёдам, галінкі Вербачкі абледзянелі. Як ні старалася Сонейка, не змагло яно дапамагчы маладзенькаму дрэўцу. Сцюдзёныя  вятры не пашкадавалі  прыгажуню і замарозілі  яе.  Заснула Вербачка доўгім зімовым сном. А  калі прачнулася, то ўбачыла, што снег ужо сышоў, і Рэчка адтала ад лёду.  Вясновае Сонейка прагрэла зямлю, і ўсё вакол зазелянела.
Адагрэлася Вербачка, але яе тонкія абмарожаныя ледзяным ветрам галінкі не змаглі выпусціць з почак  зялёныя лісточкі. Схілілася  Вербачка над вадою і заплакала горкімі слязамі.  Але плачам гору не дапаможаш. Не растуць на галінках лісцікі, і ўсё тут.
Неўзабаве вярнуліся з поўдня Гусі. Убачылі яны, як плача бедная Вербачка, і пашкадавалі яе. Вырашылі Гусі дапамагчы дрэўцу. Селі яны на яе галінкі і ператварыліся ў лісточкі. Расцвiла Вербачка і зазелянела. І зноў зашалясцела і заспявала сваю песеньку. Потым апусціла яна лісцікі ў ваду, і ператварыліся яны ў Гусей, і паплылі Гусі па рацэ. Падняла Вербачка галінкі ўгару - і зноў Гусі ўжо не Гусі, а яе зялёнае лісце.
Вось так і жыла Вербачка да позняй восені са сваімі збавiцелямі адной сям'ёй. А ўвосень адарвалiся лісцiкi ад галінак Вербачкі, і зноў сталi дзікімі Гусямі.  Адлятаючы ў вырай, сабраліся птушкі ў вялікую чараду.  Падняліся яны высока - высока ў неба і на развітанне пракрычалі Рэчцы і Вербачцы:
- Чакайце нас  да вясны!
Рэчка  штосьці звонка прожурчала ў адказ, а Вербачка, якая добра падрасла за лета  і падужэла, доўга глядзела сваім сябрам  у след і жадала ім шчаслiвай дарогi. 

  25.07.12

p.s. мае казкi i апавяданнi  http://domarenok-t.narod.ru/belarusian.html

  эта сказка на русском языке http://proza.ru/2008/11/14/260


Рецензии