Глiняныя цуды. казка для дзяцей

Даўным-даўно гэта было.  Казалi, што жыў тады ў адной вёсцы просты небагаты чалавек.  Усякая справа была яму па плячы, завошта б ён ні браўся, усё ў яго атрымлівалася. Пра такіх людзей кажуць - майстар залатыя рукі. Жонка кахала свайго добрага і працавітага мужа, і жылі яны  ўвесь час у згодзе i радасцi. Вось толькі дзяцей у іх сям'і не было, затое быў памочнiк - малады і моцны рабацяга конь. Ён дапамагаў гаспадару апрацоўваць зямлю, ды і, да таго ж,  мог адвезці яго ў любое месца, куды б той ні папрасiў.
Неяк адправіўся чалавек на сваім удалым каню ў вандраванне па белым свеце і ў адным чужаземным горадзе патрапіў на дзіўны кірмаш.  Тут прадавалі цудоўныя ганчарныя вырабы - розныя гарлачы, міскі, кружкі, лыжкі, зробленыя з простай гліны. Ніколі яшчэ чалавек не бачыў нічога падобнага. Бо ў вёсцы, дзе ён жыў, у той час людзі карысталіся толькі драўляным посудам.
Ох, як захацелася яму асвоіць прамудрасці такога цікавага рамяства!  Падумаць толькі, колькі розных вырабаў можна зрабіць з гліны!  Вярнуўшыся дахаты, чалавек  тут жа прыняўся за працу. А таму што быў ён кемлівы і ўмелы, неўзабаве на яго стале ўжо стаялі прыгожыя гарлачы і вазачкі, талеркі і кружкі, зробленыя з гліны.
Сталі аднавяскоўцы заходзiць у яго хату і дзівiцца на майстэрства суседа ўмельца. Нікому нічога не пашкадаваў майстар і раздарыў усім ім свае гліняныя вырабы. Ды вось толькі  роднай жонцы і рабацяге каню нічога не дасталася.
- Не добра як! - пасароміў сябе чалавек і хутка змайстраваў ім падарункі. Каню дасталіся гліняныя званкі, а жонцы - маленькія гліняныя фігуркі. Хоць, трэба сказаць, што чалавек той нават сам не зразумеў, на якіх птушак і звярэй падобныя яго гліняныя фігуркі? Верагодна, падобных на іх птушак і звярэй у той далёкі час у жыцці яшчэ не існавала.
Вось паставіў чалавек гліняныя фігуркі на стол і дзівуецца на іх. Падышла жонка. Паглядзела на першую фігурку і кажа:
- Гэта ж птушачка! Паглядзі! Вось яе грабеньчык, вось доўгая бародка, вось яе хвост з гліняных пярынак, а на лапках у яе гліняныя шпоры. Давай, - кажа яна мужу, - назавём гэту птушачку Пеўнічкам!
- Давай! - пагадзіўся той.
Пачула гэта гліняная фігурка і тут жа жывым Пеўнічкам абярнулася. Ходзіць Пеўнічак па хаце, лапкамі па падлозе пастуквае, хвост падняў і грабеньчыкам памахвае.
- Ко-ко-ко! Вось вам і першы новы жыхар у хату! - Кажа.
- Ах! - Толькі і сказалі муж з жонкай - узрадаваліся Пеўнічку!
Паглядзела жонка на другую фігурку:
- Гэта таксама птушка, - кажа, - але без шпор і бародкі. Давай назавём яе Курачкай!
Толькі яна гэта сказала, як гліняная птушачка ўжо жывой зрабілася. Па падлозе ходзіць, кудахча:
- Куд-куды! Куд-куды!  Вось вам і другі новы жыхар у хату!
- Ах, ах! - Толькі і сказалі муж з жонкай - так узрадаваліся Курачцы!
Глядзіць жонка на трэцюю гліняную фігурку. А тая на ліску ўжо надта падобная, толькі вушы ў яе не такія, ды і вусы даўжэй.
- Давай назавём яе Котачкай!
І адразу ж пасля гэтых слоў гліняная фігурка ў жывую Котачку ператварылася. Ходзіць па падлозе, мяўкае: мяў-мяў-мяў, мурлыкае: мур-мур-мур, лапкай вусы пагладжвае, а хвост - трубой!
- Ах, ах, ах! - Яшчэ больш узрадаваліся такому чароўнаму трэцяму новаму жыхару гаспадары хаты.
Ну, а чацвёртая фігурка кім бы, вы думалі, апынулася?  Вядома, Сабачкай!
Бегае яна па хаце: гаў-гаў-гаў, гаўкае, але нікога не кусае! Вясёлая такая і гарэзлiвая Сабачка!
- Я, - кажа яна гаспадарам, - буду хату вартаваць!
Котачка прызналася, што ўмее лавіць мышэй, Пеўнічак абяцаў ранкам усіх будзіць, а Курачка - яечкі несці і куранятаў гадаваць.
Вось так, нібы па чараўніцтве, у добрага і ўмелага чалавека стала вялікая дружная сям'я! А ўсім вядома, што жыць у вялікай сям'і весяла, цікава і вельмі радасна!
І толькі адзін конь ведаў, хто ўсё гэта чараўніцтва ім падарыў. Але нікому не распавядаў пра тое, як аднойчы ўначы ўбачыў на лугу серабрыстую Зорачку. Яна апусцілася на зямлю, каб трохі перадыхнуць, і сказала рабацяге каню, што хутка ў іх хаце адбудуцца вялікія цуды.

  26.07.12

p.s. мае казкi i апавяданнi  http://domarenok-t.narod.ru/belarusian.html

  эта сказка на русском языке http://proza.ru/2012/07/08/42


Рецензии