Слово про Настауницу

Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
Слова пра Настаўніцу
Цяперашні прагматычны час прафесію настаўніка не залічвае ў шэраг прэстыжных, а калі прэстыж мераць заробкам, то ўвогуле становіцца шкада сучасных настаўнікаў і крыху сорамна за іх вучняў. А з іншага боку, ролю настаўніка цяжка пераацаніць. Калі ўявіць іерархічную лесвіцу каштоўнасцей, то асоба настаўніка ў душы чалавека зойме ці не адну з самых вышэйшых і значных прыступак. Нават круглыя сіраты, воляй лёсу пазбаўленыя бацькоў, не пазбаўлены настаўнікаў.
Напярэдадні Дня настаўніка хочацца ўспомніць добрым словам і сваю першую настаўніцу  Клаўдзію Філімонаўну Токараву, якая працавала ў Люсінскай сярэдняй школе, што на Ганцаўшчыне. А вёска, у якую бацьку паслалі на працу, аказалася славутай, на школе — мемарыяльная дошка з надпісам, што “тут настаўнічаў народны паэт Беларусі Якуб Колас”. Пагаворвалі нават, што паэт “пабудаваў школу на свае грошы”, а дзве старэнькія бабулькі, па-вулічнаму — “Жмуровыя”, у якіх мы кватаравалі, з гонарам распавядалі, што Якуб Колас іх вучыў, і што ім асабліва запомнілася, — быў вялікім аматарам хадзіць па грыбы. Дарэчы, школа цяпер носіць імя Якуба Коласа, мае музей паэта, а вёска Люсіна (Цельшына) і яе жыхары апісаны пісьменнікам у аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях”.
Але вернемся да Клаўдзіі Філімонаўны,  празарлівасці якой з гадамі прыходзіцца ўсё болей здзіўляцца. Трэба сказаць, што я быў звычайным школьнікам, не праяўляў ніякіх асаблівых здольнасцей і спадзяванняў, якія бацькі маглі б ускласці на свайго “вундэркінда”. Шэраговы падлетак, можа крыху нестандартны і арыгінальны, тым больш нечаканым і невытлумачальным становіцца “прароцтва” настаўніцы. І зусім не збіраўся звязваць свой лёс з літаратурай, тым больш — з паэзіяй, неяк само жыццё выкруцілася так і скіравала мяне на гэты шлях. Але яшчэ ў першым класе Клаўдзія Філімонаўна па сакрэце сказала маёй маці: “Толя ў вас надзвычай башкавіты, у яго фенаменальная і ўчэпістая памяць, калі выклікаю першага да дошкі — двойка, нічога не ведае, не рыхтуецца. А выклікаю другім да дошкі, дык ён слова ў слова паўтарае тое, што гаварыў вучань перад ім. Калі б ён не ленаваўся, то мог бы стаць нават паэтам”.
Толькі сапраўдны настаўнік можа разглядзець у дзіцячай душы затоенае, якое праявіцца толькі праз дзесяцігоддзі.
Калі я думаў пра сябе, што я там нешта значу —
Я быў па сутнасці — ніхто.
Калі я ведаю цяпер, што я па сутнасці ніхто!
Гавораць мне: “Ты нешта значыш”.


Рецензии