Ответ на анкету Литературы и мастацтва

АНКЕТА ЛіМа
ПРАФЕСІЯ І ПРЫЗВАННЕ
Мала ў каго з нашых творцаў пісьменніцкая праца становіцца асноўнай крыніцай матэрыяльнага здабытку. І нават такія прафесіі, як рэдактар, выдавец і выкладчык літаратуры не з’яўляюцца ў поўнай меры творчымі – гэта толькі сутыкненне з чыёйсцю творчасцю. Зазвычай у кожнага чалавека ёсць сталая работа, часцяком быццам бы маласумяшчальная з творчасцю. Калі творца на пенсіі, то і ўспаміны пра работу не так і далёка. Калі заняткаў па жыцці было шмат, то, пэўна, і нешта запаветнае засталося або ёсць. Калі творца не мае сталай работы, або перабіваецца заробкамі – дык нешта ж усё роўна робіць!
Прапанаваныя пытанні – канва, адказваць па парадку і нумараваць адказы неабавязкова.

Анатоль Кудласевіч

1. Ваша асноўная спецыяльнасць і яе сумяшчэнне з творчасцю?

“Служенье муз не терпит суеты”, але ж і само жыццё, і творчасць значна шырэй любых схем, у якія яго спрабуюць уціснуць. Па вялікаму рахунку, творчасць даецца чалавеку як інструмент самапазнання і пазнання свету. Таямніца пракруставага ложа творчасці праяўляецца ў тым, што ўвесь час прыходзіцца адсякаць лішняе: дзеля творчасці адсякаць бытавыя турботы, матэрыяльныя памкненні, мітуслівых людзей, што абкрадаюць каштоўны час, а ў момант творчасці адсякаць лішнія вобразы, пасылы, словы…
У наяўнасці два дыпломы, з якіх вынікаюць дзве асноўныя спецыяльнасці — “ветэрынарны фельчар” і “літаратурны работнік”.
Прафесія “доктара Айбаліта” ў маім уяўленні была надзвычай творчай і цікавай, жывёліна — не чалавек, не прыйдзе і не скажа, што ў яе баліць, — трэба ўключаць творчыя метады пастаноўкі дыягназу, знаходзіць метады лячэння… Але рэальнае жыццё, дзе і чалавек — не заўсёды каштоўнасць, пераканала ў адваротным; другі дыплом непасрэдна звязаны з творчасцю, як быццам бы дае маральнае права займацца літаратурай, але ж зноў — рэальнае жыццё выкручвае нечаканыя рэчышчы…
У дадатак да асноўных спецыяльнасцей набыў каля тузіна корачак і пасведчанняў, запісаў у працоўнай кніжцы — “слесар МЗР”, “зборшчык радыёапаратуры”, “забеспячэнец”, “плотнік-бетоншчык”, “сантэхнік”, “маляр”, “чысцільшчык”, “вартаўнік”, “грузчык”, “беспрацоўны” і г.д.

2. Перашкаджае ці дапамагае работа творчасці?
І перашкаджае і дапамагае. У часы неімавернай загружанасці на рабоце, калі нават выхадныя прыходзілася аддаваць службе, у мяне была бязглуздая мара, каб мяне пасадзілі ў турму, далі асадку і кармілі, а я тады пісаў бы, пісаў бы і пісаў бы… І быў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі. А вось цяпер маю процьму вольнага часу — а пісаць не хочацца, хоць трэсні. Нават гэтую анкету мурыжу другі тыдзень.
Усё звязана і ўзаемазалежна. Творчасць залежыць ад душэўнага стану, ад перспектыў рэалізацыі і, гледзячы якая работа і ў які перыяд: іншы раз яна перашкаджае, іншы раз наадварот — спрыяе. Лепш за ўсё спрыяла творчасці праца карэспандэнта-арганізатара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў, з чаго вынікае, што творчасці найболей спрыяе запатрабаванасць. Калі існуе “заказ на канчатковы прадукт” творчасці: сацыяльны заказ, канкрэтная просьба, прапанова, замова, сяброўскае пажаданне — містычным чынам уключаецца рухавік творчасці і пайшла пісаць губерня.
Некалі я працаваў на радыё журналістам, была замоўлена студыя для запісу, павінны былі прыйсці людзі, але мяне настолькі апанавалі музы, што я ніяк не мог адарвацца ад пісьмовага стала — і, нягледзячы на тое, што лічу сябе чалавекам да ачмурэння абавязковым, пазваніў на студыю і адмяніў запіс. Такое здарылася толькі адзін раз, бо сапраўды музы ўзялі ў палон і здавалася, калі не скончу твор, то Сусвет праваліцца ў Тартар, у крайнім выпадку здарыцца нешта неверагоднае і непапраўнае, бо асноўнае ў гэты момант было: дапісаць і выказацца.
Раней бывала прачнешся ноччу, круцішся з боку на бок, варочаеш сваё бяссонне на мулкім ложку, адбіваешся ад думак, а потым разумееш, што трэба ўставаць і пісаць. На жаль, апошнім часам  спіцца занадта моцна. А ўсё таму, што няма “заказу”: грамадскага, палітычнага, сацыяльнага, выдавецкага… Беларуская проза і паэзія аказваецца нікому не патрэбнай: гатовыя кніжкі ляжаць у дзяржаўных выдавецтвах дзесяцігоддзямі — пра які творчы ўздым можна гаварыць?

3. Што першаснае ў агульнажыццёвым?
Першаснае — агульначалавечае: душа чалавека, яго сям’я, радзіма… Адносіны з Богам, стасункі з бліжнімі і дальнімі, рахунак у вечнасці, ён станоўчы ці адмоўны? — чалавек не можа гэтага дакладна ведаць у зямным жыцці, таму імкнецца думкай за мяжу вечнага, каб зверыць рахункі.


4. Як распараджаецеся ганарарамі?
Аддаю жонцы і яна купляе ўсё, што трэба для сям’і, а іншы раз і тое, што зусім непатрэбна.

5. Якую б прафесію выбралі, каб не жыццёвыя абставіны?
Выбраў бы ўсё тое ж самае, нічога іншага не хацеў бы.



6. Стаўленне сямейных, родных, блізкіх да работы і да творчасці?
Аднолькава ставяцца і да творчасці, і да работы, тым болей, што сама работа часта злівалася з творчасцю.

7. Дзе паспяховей рэалізуецеся?
Які я цяпер ветфельчар? Хаця раней лічыўся добрым урачом, людзі хвалілі, што добра лячу, а цяпер страшна, калі раптам па старой памяці звяртаюцца. І які з мяне сантэхнік, калі для таго, каб паставіць новы змешвальнік званю ў ЖЭС і выклікаю спецыяліста?
Хоць і не на поўніцу, але паспяховей усё ж такі рэалізаваўся ў творчасці. Пра апошняе сведчыць нават мая паслуга ў інтэрнэце «стихи на заказ» — каля сотні маіх заказчыкаў засталіся задаволенымі і з радасцю заплацілі па долару за вершаваны радок.
Адносна непасрэднай літаратурнай творчасці, нягледзячы на тое, што толькі чвэрць з напісанага надрукавана і выдадзена, мне ёсць што прад’явіць у сваё апраўданне перад Усявышнім, не сорамна праспяваць дзве-тры песні, пачытаць два-тры вершы, паказаць дзве-тры аповесці або апавяданні, у якіх я зрабіў усё, што мог і на што быў здольны.


У 1993 годзе ў выдавецтве «Тэхналогія» выйшла першая кніжка вершаў і пародый «Плакун-трава», 1999 годзе — зборнік вершаў «Зорныя ноты» (Біблятэчка часопіса «Маладосць»). Укладальнік «Анталогіі беларускай эпітафіі» ( «Ураджай», 2000 г.) і «Анталогіі беларускай пародыі» («Ураджай, 2001 г.), у выдавецтве Беларускага экзархата выйшла некалькі кніжачак для дзецей пра святых Праваслаўнай царквы.
 Вершы і проза друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях, у Расіі і ва Украіне. Многія вершаваныя тэксты існуюць у выглядзе аўтарскіх песень і ўвайшлі ў два медыядыскі “Пяцьдзесят бардаў свабоды” і “Сто бардаў свабоды”.


Рецензии