Тараканы 12

12
Раман тады працаваў рэдактарам на тэлебачанні. Здаў сцэнарыі, аформіў мікрафонныя папкі з перадачамі, усе заяўкі на тэхніку падаў — чаго спяшацца на працу? Прачнуўся неяк, расплюшчыў вочы і шэпча ў ружовае вушка жонцы.
— Тэрэза, ты спіш? — спытаўся ціха: жонка толькі нешта мармытнула сабе пад нос, маўляў, што ты хочаш? — слухай, такі цікавы сон прысніўся.

Трэці сон Рамана
Прабіраюся я вечарам у Родасветаве праз агароды і заблудзіўся. Уяўляеш, у роднай вёсцы ашаламанеў, як мая маці кажа. Трапіў на агарод Серадзіна, Славінага цесця,але Серадзінова хата стаіць неяк скасабочана. Пералез праз плот і заўважаю:уздоўж штахетніку сцелецца па зямлі дрот на метраў сто, гэта для таго, каб іхні сабака, здаравенны-такі руды кабеліна, цягаючы ланцуг, зачэплены за дрот, мог бегаць туды-сюды і не пускаць нікога ў агарод. Метраў семдзесят прайшоў і гляджу: прэцца на мяне той сабака, а я стаў пасярод агарода ракам і ўсміхаюся на ўвесь твар.
— У сэнсе стаў так, каб быць падобным да сабакі, каб ён цябе прызнаў за свайго? — разганяючы рэшткі сну, удакладніла жонка.
— Ды не… Быццам бы нехта ў сне мне сказаў: “Злосць сабакі можна патушыць толькі ўсмешкай”, і так перакапнаўча растлумачыў, што я тут жа вырашыў скарыстаць  метад.
— Ну і што, спрацавала?
— Яшчэ як. А мне па сутнасці нічога і не заставалася, толькі— усмешка! Ні палкі побач, ні каменя якога. А сабака ўжо ў твар лезе, слінай пырскае і жарам пыхае, і смярдзіць з яго пашчы псінай. Вось-вось укусіць. Не паспеў бы ўцячы. Але сабака раптам, нібы ўкамянеў перад маім тварам, быццам спатыкнуўся аб усмешку: дзіўна яму, што не баюся яго, — усміхаюся. А я тым часам — задам-задам, і так адпаўзаю паціху з усмешкай на вуснах. Адпоўз на небяспечную адлегласць і пайшоў да Славы. І расказаў яму як абхітрыў сабаку яго цесця. І яшчэ камусьці ў сне расказваў, што ўсмешкай уратаваўся ад злога сабакі. Вось табе трэцяй цяпер расказваю.
— Не паспеў і прачнуцца, як след, а ўжо ўсяму свету пра сон распавёў, — быццам пакрыўдзілася жонка, — я ў цябе трэцяя. Але нейкі дзіўны сон, мудраваты, — падагульніла яна, — напэўна, так і трэба змагацца са злом.
Вечарам Раман пазваніў у Іванаўскую райгазету, сястра аказалася на месцы: “Здароў брацік, — радасна азвалася яна, —так прыемна чуць твой голас. Як там вашы справы?”.
— Усё ў норме: як справа, так і злева. Сны толькі няўцямныя пайшлі, пры чым — каляровыя. А ты сустрэлася з нашым братам, які аб’явіўся? — “Прабач, усё ніяк не выходзіць. Часу няма”. — Пакуль не разбярэшся са сваімі праблемамі,ніколі не хопіць часу.
— Ты малодшы за мяне, а ўжо павучаць бярэшся.
— А што ж мне рабіць, калі сястра заблудзілася? І чаго толькі ў баптысты ходзіш? Родны чалавек адшукаўся, а ты не знойдзеш часу для сустрэчы… А да нас яны прыязджалі, — пахваліўся Раман, —жонку завуць Наташай, добрая і талковая такая,пасябравалі з Тэрэзай. А вочыў яго — рыхцік як у нашага бацькі, і ўсмешка тваю нагадвае. Кідаецца ў знакі: наша кроў...
— А што за сон  прысніўся? — скіравала яна на іншае размову.
— Сон? А-а-а… Сабака хацеў мяне пакусаць, а я ўсміхаюся перад вышчэранай мордай, а ён і зразумець не можа: чаго не баюся? Адным словам, злога сабаку, як і ўсякае зло, у тым ліку і сектанскае, перамагаюць толькі ўсмешкай.
— Не можаш ты без падкавырак.
— Не магу. У мяне і верш на падобную тэму напісаўся. Хочаш паслухаць? Зусім кароткі:
 Вяршыня пошуку духоўнага —
Усмешка,
Як Эверэст, дзе кветкі эдэльвейс
Цвітуць гарачаю крывёю.
Вяршыня пошуку духоўнага —
Усмешка,
Дзе радасць пырскае праз край
І дзе ў бясконцасці бязмежжа
Гасподзь і Бог асвеціць сонцам
Маіх апошніх…,
Першых дзён.
— Не дзеля пахвалы пазваніў, дзеля таго, каб падштурхнуць да сустрэчы з братам: рассмейся ў твар злу, звіло кубло ў тваёй душы. Плюнь на ўсё і едзь у Ганцавічы. Зойдзеш і скажаш: “Добры вечар, я ваша сястра Надзея”.
— Лёгка сказаць, нашмат цяжэйзрабіць …
Брат Рамана і Надзеі, Анатоль Крупеніч, аб’явіўся пасля таго, як мінулым летам Раманазапрасілі ў Люсінскую школу на творчы вечар. Убачыў сваю першую настаўніцу, Клаўдзію Філімонаўну Токараву, сустрэў некаторых аднакласнікаў і суседзяў, многіх ледзь пазнаваў. Але быццам вярнуўся на некалькі гадзін у дзяцінства.
* * *
Пад абед на двор дзеда Мікалая прыйшла бартавая машына: расчынілі насцеж вялікія вароты і шафёр, заехаўшы на агарод, падруліў упрытык да ганка заднім бартом. Тры-чатыры дзецюкі пачалі насіць з хаты пажыткі і шчыльна складваць на кузаве. Камандаваў пагрузкай сам дзед Мікалай: паказваў куды і што класці, каб рэчы спраўна даехалі.
На гародзе каля Рамана круціўся яго лепшы сябар Слава: “А ты хоць будзеш па мне скучаць?” — ужо каторы раз пытаўся ён, відаць, заклапочаны блізкай разлукай. “Не  знаю, — амаль абыякава кідаў Раман, захоплены пераездам, — там мо не будзе калі”. Славу адказ пакрыўдзіў і ён, гатовы заплакаць, залыпаў вачыма: “А я буду! — сказаў з выклікам, — ты ж мой друг!”, — “Так, друг. Але ж там будуць новыя”.
— Як гэта новыя? — разгубіўся сябар, — а як жа я?
— Там жа сяло вяліке, мо семсот хат. Чатэры магазіны і дажэ й дзве школы е, во! Не то шчо ў нашым Родасветаве.
— Не бувае ў селе чатэры магазіны, гэто тобе не Туроў. Гэто ж село? Ты сам казаў, шчо село. Дык адкуль магізнам узяцца?
Слава, пэўна, раўнаваў, — адзіны друг перасяляецца ў нейкае Люсіна — ён ненавідзеў гэтае чужое слова, якое забірае сябра, але Раману, маладзейшаму на год, яшчэ няўцям былі такія турботы. Ён ужо загадзя любіў невядомае Люсіна і рваўся туды, яго ўжо нудзіла ад роднай вёскі, падтыкала прыспешыць час і дзецюкоў, каб яны гутчэй грузіліся, абы акунуцца ў новае жыццё, якое здавалася такім прывабным і цікавым, амаль казачным.
— Село то село, але ж гэто — Люсіна! Лічы, як які Брэст. Чуў такі горад? Вот і Люсіна таке.
Дзед Мікалай падсмейваўся над унукавай нецярпячкай і прагай новага: “Подожджы, яшчэ не раз успомніш Родасветава”. — “Ага, вельмі трэ. Шчо тут успомінаць?”. — “Побачыш-побачыш, — смяяўся дзед, — шчэ й заплачэш по домоўцы, ек бобёр, заголосіш. Скажэш, одкуль той дзед ведаў?”.
На новае месца жыхарства прыехалі надвячоркам. Хутка выгрузіліся, наспех распакавалі рэчы. Святла ў старой хаце, якую адвялі пад часовую кватэру парторга, Раманавага бацькі, падключыць не паспелі. Маці запаліла керасінавую лямпу. І дзедавыя словы спраўдзіліся вельмі хутка. Ніводнай знаёмай душы, вялікая вёска, а ты сядзі ў чатырох сценах — нават святла няма. І такая чорная туга абцугамі сціснула Раманавую душу, што ён заліўся горкімі слязьмі, заплакаў наўзрыд: “Назад хочу ў Родастветава!”. Ледзь супакоіла маці дзіця.
Праз колькі дзён кончыліся восеньскія канікулы і раніцай бацька павёў дзяцей у школу, патрапілі якраз на пераменку.  На школьны ганак высыпалі сотні дзетвары. Дагэтуль Раман ніколі не бачыў столькі людзей у адным месцы, яму падалося, дзецям нехта расказаў пра іх і яны знарок павыбягалі, каб падзівіцца на перасяленцаў. Бацька вёў іх па сцяжынцы, трымаючы за рукі, акурат у самую гушчу.
— А шчо то воны повубегалі на нас глядзець? — спужаўся Раман, прытарможваючы бацьку.
— Не мялі абы чаго, — смыкнуў бацька за руку.
Празвінеў званок. Дзеці сталі разбягацца па класах, школьны ганак умамант апусцеў. Бацька пакінуў іх на калідоры а сам зайшоў у настаўніцкую. Праз хвіліну адтуль выйшлі дзве жанчыны: адна прыгожая і маладая, а другая падалася Раману старой, агіднай і чамусьці злою. Ён здагадаўся: хтосці з двух будзе яго настаўніцай — так хацелася, каб яго забрала ў свой клас прыгожая і маладая. Ледзь не заплакаў, калі пачуў ад маладой: “Клаўдзія Філімонаўна, бярыце вы — у вас і вопыту болей”.
І вось ён стаіць пасярэдзіне класа. Чужыя цікаўныя вочы безсаромна і нахабна разглядваюць яго як нейкую дзівосную цацку. Ён чырванее і апускае галаву. Настаўніца нешта гаворыць, праводзіць да свабоднага месца: “Садзіся пакуль сюды, побач з Валяй Цялушка”.
Працягваецца перарваны ўрок. Некалькі дзесяткаў пар вачэй з цікавасцю вывучаюць Рамана. Але адзін, з самай першай парты, раз-пораз хістнецца і ўталопліваецца проста ў Раманавы вочы, глядзіць не міргаючы.
— Бельмач! — робіць заўвагу настаўніца, — сядзь прама.
Ён адварочваецца, але праз хвіліну яго вочы зноў свідруюць “новенькага”.
— Саша Бельмач, я каму сказала!?
“Яна што цвеліць яго? — даецца дзіву Раман, — нічога сабе парадачкі. У яго такія здаравенныя вочы — вось і называе “бельмач”, — думае пра сябе.
Яму няёмка сярод чужых і незнаёмых. Усе яго з падцішка вывучаюць, сочаць за ім — не ведае, куды сябе дзець. Узяў ручку з пяром “зорачкай”, абмакнуў у чарнільніцу і малюе на парце кружочак. Заўважае бакавым зрокам, што суседка цягне руку:
— Цялушка Валя, — што ты хацела?
“Ну і прозвішчы: нейкая Цялушка, Жалезны, Бельмач”, — паспявае падумаць Раман, а дзяўчынка тым часам устае і радасна гаворыць: “Клаўдзія Філімонаўна, вы казалі, што нельга крэмзаць парты, а гэты новы хлопчык, якога толькі што прывялі, малюе на парце. Вось паглядзіце!”.
Тут толькі да Рамана даходзіць, што гавораць пра яго: “Раман Радасветаў, устаньце!” — ён падымаецца, выбліснуўшы вачыма на “предацельніцу”, гатовы разарваць гэтую Цялушку, але назіданнем і павучаннем настаўніцы даведзены амаль да адчаю. Яшчэ крыху і расплакаўся б, як яны не разумеюць, што яму няёмка.
 Такім было Раманава знаёмства з новым класам, і новым жыццём ў 1969 годзе.
І яшчэ ўспомніўся выпадак, як маці на ўсё жыццё адвучыла падманваць.
Сядзеў неяк у тым жа класе на ўроку, яшчэ і не ведаў, пэўна, што такое хвароба? Заўважыў, што галава кружыцца, у вачах рабаціць і кідае чамусьці, то ў зыр, то ў холад. Устаў і сказаў пра гэта настаўніцы: “Ідзі дахаты. Відавочна, што хворы”. Выйшаў Раман са школы: дзіўна яму: усе вучацца, а яго дамоў адпусцілі, усяго толькі некалькі слоў сказаў — і вольны! Перахварэў які тыдзень дома і зноў — заняткі. Сядзіць на ўроку, і так цесна раптам стала ў класе, такі сум агарнуў душу, так дамоў захацелася: дома на печы з карабкоў запалак цэлая танкавая дывізія падрыхтавана да бою. А тут… Скукацішча. Руку нясмела падняў, галаву апусціў:
— Клаўдзія Філімонаўна, штосьці ў мяне зноў, як і ў той раз, — пачаў хлусіць ён, — і галава круціцца, і ў вачах рабаціць…
І настаўніца зноў адпусціла дахаты. Радасны прыскакаў дамоў. Маці здзівілася: “А што ўрокаў няма? Мо, настаўніца захварэла?”, — спыталася.
— Ды не, — напусціў сур’ёзнасці на твар, — я сам захварэў. Нешта холадна мне.
— То лезь на печ і пагрэйся, я толькі што выпаліла.
А Раману гэтага і трэба: пайшла гуляць пяхота ды танкі, грыміць бой, страляюць гарматы. Чуе раптам знізу матчын голас: “Сынку, мо есці што будзеш?”.
— Канешне! — і бадзёранька так скок з печы да патэльні з яешняй і са шкваркамі.
Яно ж вядома — наваяваўся, прагаладаўся. Уплятае, ажно за вушамі трашчыць. Усю патэльню вылізаў: мякішам рэшткі туку падабраў, аблізваецца, мо дабаўка будзе? А маці стаіць ля дзвярэй, рукі на грудзях сашчапіла, за сынам з цікавасцю назірае.
— Гэта ты такі хворы!? — строга спытала: інтанацыя не абяцае нічога добрага, — гэта мы годуем подманшчыка?! Ану-ка, збірайся і бягом у школу! Усяму класу раскажу, што ты такі лжэц!
Як уявіў Раман, як гэта яму зайсці ў клас, і што гаварыць, калі яго настаўніца сама адпусціла? У ногі матцы бухнуўся, слязамі заліўся: “Мамочко, родненькая, не выдавай! Толькі не выдавай! Ніколі-ніколі больш не буду маніць і падманваць!”.
І сапраўды — на ўсё жыццё навучыла маці гаварыць праўду і, канешне ж, не выдала сына, дараваўшы на першы раз.
Раман рос неардынарным хлапчуком, гэта адразу кідалася ў вочы: “Не фармальнэ дзіця, — вызначыў у свой час дзед Мікалай, — нейкі не стандартны”. Вопытная настаўніца Клаўдзія Філімонаўна таксама заўважыла спрактыкаваным вокам і аднойчы сказала маці: “Рома ў вас такі башкавіты, такая чэпкая памяць у яго. Выклічу да дошкі першым, нічога не ведае, нічога не вучыў. Двойка. А калі другім да дошкі пойдзе — слова ў слова паўтарае тое, што расказваў папярэдні вучань. Калі б не ленаваўся, мог бы стаць нават паэтам”, — як у ваду глядзела першая настаўніца.
А выявілася фенаменальная памяць Рамана наступным чынам. Было гэта ўжо ў другім класе, сястра вучыла верш. Бубніць і бубніць уголас адныя і тыя ж словы. Раману даўно ўжо надакучыла слухаць. “Што ты ўсё паўтараеш і паўтараеш, як попка які, адно і тое ж?”, —  а сястра і тлумачыць:
— Загадалі вывучыць на памяць цэлы ўрывак. Ведаеш, як гэта цяжка!
— Дык што тут вучыць, — здзіўляецца Раман, — Был у майОра Дзеева товарищ майОр Петров, дружили еще с гражданских, еще с дваццатых годов. Вместе рубали белых шашками на скаку, вместе потом служили в артилеристском полку. А у майОра Петрова был Лёнька, любимый сын,  — і так да самага канца і расказаў на памяць урывак цэлай паэмы.
У сястры вочы па сем капеек. Расказала бацькам, а тыя — настаўнікам. Дзіва-дзіўнае: вучань другога класа вывучыў за некалькі хвілін такі вялікі ўрывак. Нейкае свята было, выпхнулі ў калгасным клубе на сцэну, але як не пераконвалі, не мог зразумець Раман, што слова “майор” па-руску трэба вымаўляць як “маёр”: “Як напісана, так і чытаць трэба!” — стаяў на сваім Раман, рады таму што выявіў памылку дарослых.
У 1970-ым годзе шырока адзначаўся стогадовы юбілей Леніна, гэта быў апошні буйны ўсплеск ідэалогіі камунізама. “Нам гаварылі, — успамінаў Раман, — вы будзеце жыць пры камунізме. І мы, дзеці, верылі: так яно і будзе, хацелася хутчэй стаць дарослымі, каб надыйшоў камунізм. Усё будзе бясплатна, усяго будзе ўдосталь. Наперабой дзяліліся ўражаннямі, як будзем паводзіць сябе, калі па радыё аб’явяць, што светлая будучыня нарэшце наступіла і смяяліся з тых, хто “хапаў тонамі” цукеркі і розныя прысмакі. — Такіх у камунізм не пусцяць. Трэба быць свядомым, браць столькі, колькі з’ясі. Заўтра таксама ўсё будзе бясплатна”, — і ганарыліся сваёй дарослай дасведчаннасцю.
І былі новыя сябры: Бельмач Саша, Занько Коля, Жалезны Валодзя… Першы час Родасветава здзіўлялі незвычайныя прозвішчы, а зытым прывыкнуў. Новыя сябры смяяліся з палескага вымаўлення некаторых слоў, напрыклад, слова “багата” у сэнсе многа заўсёды выклікала незразумелы Раману смех, а сам ён доўга не мог прызвычаіцца называць штаны “нагавіцамі”.
І ячшэ ўспаміналася, некалькі яркіх малюнкаў люсінскага дзяцінства. У класе другім ці трэцім са сваім суседам-аднакласнікам Колем Занька абапіліся самагонкай, што засталася ад копкі бульбы, або як гулялі цэлай вёскай у вайну, адзін канец супраць другога,  ці хадзілі гуртом купацца на сажалку. Успомнілася  і шмат чаго іншага. І вось трапіўшы ў Люсіна пасля столькіх гадоў, ён і даведаўся, што ёсць чалавек, вельмі падобны да Рамана і, магчыма, ён родны Раманаў брат. Так і аказалася.
Цудам здавалася Родасветаву, што праз прорву гадоў родныя браты знайшлі адзін аднаго. Усё жыццё шкадаваў, што нямаў яго брата, і цяпер вось нарэшце з’явіўся. Быццам з таго свету бацька вестачку прыслаў жывым чалавекам. Анатоль Крупеніч — такое прозвішча насіў новы брат. Яшчэ раней Крупеніч сазваніўся з сястрой, але да гэтага часу так і не сустрэліся. Ва ўсім гэтым Раман убачыў вышэйшы промысел. Значыць, вырашыў ён, надыходзяць для мяне цяжкія часы выпрабавання, калі Гасподзь пасылае ў падтрымку брата. “А магчыма, я павінен яму ў чымсьці дапамагчы? Я старэйшы роўна на дзесяць гадоў, нават нарадзіліся ў адным месяцы, верасні, я ў 1961-шым, а ён у 1971… дзесяць гадочкаў было майму брату, пра якога я ні чуў ні ведаў, калі 1981-шым пайшоў служыць у войска…
* * *
Савецкая Армія — літары “СА” на пагонах. Маладыя пакаленні, што падрастаюць у новаўтвораных незалежных краінах, ніколі не зведаюць той шчымлівай радасці, замірання сэрца перад невядомасцю, велічы пачуццяў і думак, узнёслай годнасці і гонару, якія перажывалі новабранцы Савецкай арміі: ім выпаў вялікі гонар абараняць Айчыну, — магутны і неабсяжны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, самую лепшую і прагрэсіўную краіну свету. Провады ў армію ў вёсцы ператвараліся ў выключную падзею, параўнацца з якой магло толькі вяселле. Не служыць — было ганебна, нават дзяўчаты неахвотна выходзілі замуж за тых, каго не ўзялі ў войска: “Нейкі бракованы, а раптам і дзяцей не будзе?”. Армія была мяжой, пасля якой хлопец станавіўся мужчынам і якую юнакі з радасцю імкнуліся пераступіць. Таму што, толькі пасля войска пачыналася сапраўднае самастойнае жыццё, а да гэтага была толькі падрыхтоўка. На выслужанага хлопца глядзелі, як на паўнавартаснага грамадзяніна. Да арміі, нават калі ты інстытут скончыў — быў як бы на палову чалавекам. “Пачакай, забяруць у войска — там цябе хутка навучаць уму-розуму”, — назідальна страшылі якога-небудзь цяжкага падлетка “школай мужнасці”. У армію імкнуліся, рваліся служыць, асабліва папулярнай сярод моладзі была служба ў ВДВ.
Раман з радасцю атрымаў павестку з ваенкамата. Бацькі зладзілі провады, на якія звычайна запрашалася ўся моладзь вёскі. Весела святкаваліся ў савецкі час провады сына ў армію. Як сёння помніць Раман, раніцай пасля майскіх святаў усёй вясёлай гурбой праводзяць яго да бартавой машыны. Бацька і маці, дзядзька Васіль і Марыя Нікіфараўна, дзед Мікалай і баба Маруся, родная і дваюрадныя сёстры, сябры і знаёмыя, аднакласнікі вялікім гуртом, а ў сярэдзіне вялізнай гурмы ён — малады прызыўнік з гітарай:
Может под Иркутском, может под Смоленском —
Точно где, тебе я не скажу,
В батальёне энском, в гарнизоне энском
Службу верно родине несу….
А потым дарога на бартавой машыне, якую выдзяляў калгас, да раённага ваенкамата. Развітанне з роднымі, наказы на дарогу. Строгія ваенныя “покупацелі”. Эшалон навабранцаў, цесны вагон, вясёлыя п’янкі ў купэ, гамана, знаёмствы. Незразумелыя пакуль вокрыкі сяржантаў. Кудысьці доўга вязуць — ніхто не ведае дакладна куды. Праехалі Віцебск, Смаленск… Засталася ззаду шумная Масква. Горад Горкі — цяпер такога і на карце няма. Мулінскія лагера. Вайсковая часць № 63309, — сяржанцкая вучэбка, праз паўгода зялёныя курсаны стануць камандзірамі метэатдзяленняў.
Адзін за адным рассыпаюцца міфы пра армію, вось хоця б гэты, што пасля хатніх піражкоў цяжка прывыкаць да салдацкай кухні. Чамусьці новабранцаў сутак двое не ставілі на давольствіе, сядзелі ў казарме галоднымі, па сваёй дурасці параздаваўшы рэшткі хатніх харчоў, і, калі дапялі нарэшце да салдацкай сталовай — упляталі “керзавую кашу” ажно за вушамі храбусцела. Сёй-той ужо кампот дапіваў, як нехта раптам заўважыў пасярэдзіне стала вялізную каструлю з мясам, якую з галадухі так ніхто і не ўбачыў, бо ўсе накінуліся на кашу.
У вучэбцы — усё строга паводле армейскага статута. На сяржантаў глядзелі як на жывых багоў. Усюды строем, кожная хвіліна уключана ў распарадак. Першыя дні пасля вячэрняй паверкі, як толькі цела краналася ложка, адразу ж правальваўся ў моцны сон. Здаецца, толькі заснуў, ужо чуецца: “Батарэя, пад’ём!”.
Расплюшчваеш вочы — не верыцца: ноч праляцела, як адна хвіліна! Ускокваеш, апранаешся за 45 секунд і бягом на стадыён. Увесь дзень распісаны: заняткі, стрэльбы, пляц, абед. Заняткі, плац, уборка тэрыторыі. Вячэрняя паверка. Ноччу ўставалі каб прышыць падваратнічкі, памыцца і пачысціць боты. Праз месяц прынялі прысягу і крыху прызвычаісліся да рэжыму і армейскай дыстыпліны. Прозвішчы сержантаў запомніліся на ўсё жыццё: Пшанічны, Латкоў, Запевалаў, Чарных…
Асабліва прозвішча апошняга, з якім сплыў раманаў гадзіннік. А было так. Хоць і раілі старэйшыя не браць з сабою нічога, усё адно, маўляў, дзяды пазабіраюць, Раман узяў з сабою гадзіннік і трыццаць рублёў грошай. Паводле роспаведаў бывалых вайскоўцаў галоўнае прайсці праз баню: цывільнае скідаеш, заходзіш голым, а выходзіш ужо ў ваеннай форме. І вось перад самой баняй Раман умудрыўся шмыгнуць за вугал нейкага будынка і схаваў грошы і гадзіннік у шчыліну паміж бярвеннямі, заканапаціў шчыліну сухой травой, добра запомніў месца. Баньшчыкі сапраўды ўсё падбіралі падчыстую, а пасля банькі навабранцы ўжо выходзілі ў новым вайсковым абмундзіраванні і ледзьве пазнавалі адзін аднаго. Строіліся і адразу строем у казармы. Толькі праз месяц, ужо добра асвоіўшыся на месцы службы, Раман патрапіў да сваёй схованкі: усё аказалася на месцы, хоць ужо і не спадзяваўся. Грошы вельмі спатрэбіліся, асабліва на цыгарэты. Гадзіннік спачатку насіў у квадратнай кішэньцы каля пояса, а потым (сябе не паважаць, калі ўсяго баяцца?) пачапіў на руку. Іх узвод быў каравульным, раз на месяц заступалі дзяжурыць па сталовай, а тры разы ў каравул. І вось перад чарговым карвулам сяржант Чарных з хітраватым прышчурам звярнуўся да строя: “Я тут у аднаго байца гадзіннік бачыў?”.
— Ну ў мяне гадзіннік, хіба гэта забаронена статутам?
— Разгаворчыкі! — абсёк разважанні сяржант, хаця сам быў з маладых, нядаўнім курсантам, колькі месяцаў таму скончыў гэтую ж вучэбку, іншых паслалі ў “лінейку”, а яго пакінулі тут. — Таварыш курсант, вы не маглі б даць мне гадзіннік на час каравула?
Раман павагаўся крыху і аддаў, думаючы, што аддае з канцамі. Што зробіш — сяржант, бог і воінскі начальнік. Але пасля каравула Чарных гадзіннік вярнуў. Так паўтаралася некалькі разоў. І вось на раз чацвёрты: каравул скончыўся, аўтаматы і патроны здадзены, а гадзінніка няма.
— Таварыш сяржант, дазвольце звярнуцца! — перастрэў ён Чарныха ў калідоры: “Дазваляю!” — махнуў той галавою. — А дзе мой гадзіннік? — паказаў Раман на голае запясце.
— Як! Хіба ты не забраў?! — аж падскочыў ад паказногоа здзіўлення Чарных, — я цябе шукаў, не знайшоў і паклаў на тваёй тумбачцы.
І пабег правяраць, уключыўшы дурня, высунуў шуфлядку — яшчэ болей здзівіўся, што там гадзінніка не аказалася.
— Няма чаго кумедзь ламаць, забралі дык забралі, — не змогшы сцярпець крыўлянне сяржанта, з крыўдай у голасе сказаў  Раман. — Загадалі б, або папрасілі б, — і так аддаў бы.
— Ды ты што?! Мы ўсю батарэю ператрасем. Знойдзем! Вечарам на паверцы шмон навядзем, абавязкова знойдзецца. Гэта ж трэба, крыса завялася! Нікуды ён з казармы не дзенецца.
Прыкра было слухаць падман свайго камандзіра, тым больш прыкра, што Чарных сам не верыў у свае словы і бачыў, што курсант не дае яму веры, але працягваў гуляць у прыстойнасць.
Ці было цяжка? Фізічна безумоўна ж выматваліся: маршкідкі ў працівагазах, гусіным крокам да возера, а гэта добры кіламетар упрысядкі, заняткі на пляцу і спартыўнай пляцоўцы, дурасць сяржантаў. Асабліва запомніўся першы каравул: адказнасць неімаверная, — табе ўпершыню даверылі баявую зброю. І як таго заіку, Кольку Рабаконева з Горкага, узялі ў армію? Дзівакаваты быў хлопец і пацешны, дык вось ён пасля таго, як першы раз прыйшоў з паста: вочы па сем капеек, дзеліцца: “Хо-ходзіш, хо-ходзіш, і ттттак раптам срашна: а вось раптам стттрэліць за спінай!”.
— Дык чаго ён будзе страляць?
— А раптам затвор сам перасмыкнуўся, пппатрон у патроннік… І Бббах!
Хутка праляцела паўгода. Здалі экзамены, усе курсанты атрымалі званні сяржантаў. Перад ад’ездам у войскі нашывалі лычкі на пагоны. Сяржанцкія пагоны надавалі саліднасці. Трапіў Раман у Закаўказкую ваенную акругу. Болей за ўсё чамусьці баяліся трапіць у Забайкалле. І вось едуць на Каўказ. Едучы ў сваю часць упершыню ў жыцці бачыў восліка, на якім верхам ехаў некуды чалавек. Цягнік ад Махачкалы да Баку, як у той песні, ішоў уздоўж Каспія: “От Махачкалы до Боку волны катятся на боку, и, вздымаясь бегут валы от Баку до Махачкалы”. Перасыльны пункт Баладжары. Кінулася ў вочы, што вельмі шмат “чурак”, у вучэбцы іх было не болей пяці парцэнтаў. А тут… Куды ні глянь, паўсюль чумазыя. З перасыльнага пункта аўтобусам дабіраліся да Ахалкалакі па ізвілістай горнай дарозе, зірнеш у пропасць — дух перахоплівае.
А вось і Ахалкалакі, з аўтастанцыі віднеюцца рэшткі нейкай крэпасці, ці старажавой вежы. Высакагорная часць, у якой давялося служыць паўтра года. Воддаль на гарызонце снежная шапка гары Абул. Няўтульныя салдацкія казармы, збудаваныя яшчэ пры Кацярыне Другой. У БУАР (Батарэя ўпраўлення артылерыйскай разведкі), куды Раман трапіў на службу, на 33 чалавекі — 13 нацыянальнасцяў. Грузіны, армяне, азербайджанцы, лезгіны, туркмены, узбекі, таджыкі, рускія, украінцы… З беларусаў на ўсю дывізію знайшоў толькі аднаго земляка.
Вельмі хутка рассыпаўся другі міф пра братэрства народаў СССР і інтэрнацыянальнае сяброўства ў арміі. У вайсковай часці адразу кінулася ў знакі, што такога сяброўства ўвогуле не існуе. Кожная нацыя сама па сабе. Кланавасць, зямляцтва і варожасць да іншых кланаў, якія, як правіла, гуртаваліся па нацыянальнаму прызнаку. Толькі белыя — славяне: хахлы, рускія і беларусы чамусьці не збіваліся ў зграі, а ўсё болей па парах ды па тройках. Вельмі часта ўспыхвалі сапраўдныя пабоішчы паміж артпалком і танкавым. У танкавым служылі пераважна армяне, а ў артылерысцкім — азербайджанцы. Ужо тады выходзіць апрабоўваўся на лакальным узроўні “Карабхскі канфлікт”. Пойдзе, скажам, армянін у чапок на тэрыторыю артпалка, атрымае па мордзе і бягом у сваю казарму: “Нашых б’юць!”, — і вылятаюць з казармаў батарэі і дывізіоны на стадыён высвятляць адносіны салдацкімі пражкамі і рамнямі. БУАР у такіх агульных бойках удзелу не прымаў, быў як бы сам па сабе. Але ў роднай часці, як туман ад сонца развеяўся яшчэ адзін армейскі міф: пра татальную дзедаўшчыну. Яна прыйшла ў савецкую армію амаль паўсюдна, пасля таго, як пры Хрушчове прызвалі ў войска былах зэкаў, яны і перанеслі правілы зоны ў армію, але тое, што ўбачыў Раман не падлягала ні пад якія раскладкі. У вучэбцы куды ні пайдзі, усюды строем, ды ячшэ з песняй. У сталовай — “Раздаччыкі ежы ўстаць!” — загуляў палоўнічак у агульнай кайстры, дзеліць пароўну салдацкі харч. А ў новай часці нехта надвячоркам крыкнуў: “На ужін!” — і пабеглі дварамі перабежкамі, каб дзяжурны не бачыў, хто па аднаму, купкамі, збродам… Зайшоў Раман у сталовую, адшукаў свой стол — а там ужо шаром пакаці. Пуста!
— Ты тут хлябальнікам не шчоўкай — галодным застанешся! — працягнуў кавалак пайкі сяржант Косараў, такі ж як і ён навічок у падраздзяленні, толькі што прыйшоў з вучэбкі тыдням раней і паспеў асвоіцца.
— І што тут заўсёды так? — здзівіўся Раман.
— Так, як звяры наляцяць, хто што ўварваў. Могуць і пабіцца за пайку.
— Дык мы ж сяржанты, павінны наводзіць парадак!
— Які парадак? Вунь сяржанты, дзембеля! — паказаў ён на двух-трох з лычкамі, — і тыя не могуць даць рады. Тут і афіцэра могуць паслаць на некалькі вясёлых літар. Глядзі, каб зусім не зачмошылі, вунь як гэтага дэмбеля.
І паказаў вачыма на дахадзягу, агарошыўшы “праз месяц на дембель”. Раман не паверыў, што такое можа быць. Апушчаны дэмбель меў прозвішча Лісьеў, пагаворвалі быў нават сынам нейкага высокага афіцэрскага чына, мог пазбегнуць службы, але сам папрасіўся наперакор бацьку. І вось цяпер — худы, замызганы, у парваным хэбэ… Сапраўднае чмо. Адно зразумеў Раман, што тут трэба трымаць хвост пісталетам.


Рецензии