Тараканы - 14
Для творчасці мікраклімат тэлебачання быў неспрыяльным. Атмасфера гнятлівая, паветра спёртае — дыхнуць няма чым. Ганарлівасць, пыха, амібіцыіі… Усяго год і змог пратрымацца Раманна на новай рабоце.
Больш за усё раздражняла татальная залежнасць чалавека ад многіх абставін, акалічнасцяў, нават ад звычайнай тэхнікі. Ды і хто ўсур’ёз успрымае Беларускае Тэлебачанне, калі там працуе два з палавінаю прафесіяналы, ды ітым ці даюць сказаць тое, што яны думаюць? Не. На радыё, куды перайшоў, дыхалася вальней. Першыя два гады ўвогуле купаўся ў свабодзе і творчасці. Праца міжволі звязвалася з інтэнсіўным духоўным пошукам. Яшчэ ў Маскве, дзякуючы аднакурснікам, трапіў у царкву на першую споведзь. Лягусенька зрабілася на душы, быццам наноў нарадзіўся. За нейкую гадзіну быў скінуты цяжар памылак. І так лёгка жыццёвая стома сплывае са слязамі, і як глыбока дыхаецца пасля шчырай споведзі і прычасця.
Споведзь і прычасце — справы глыбока інтымныя, далікатныя і надзвычай важныя, яны павінны заставацца цудам і чараўніцтвам. Самым небяспечным для духоўнага роста, лічыў Раман, калі царкоўнае таінства заскарузваецца прывычкай, ператвараецца ў фізіялагічную патрэбу, кшталту паспаць і паесці. Калі дровы абвыкаюцца з агнём, застаецца попел.
Аднойчы, рыхтуючыся да прычасця, сутыкнуўся з пытаннямі, якія не мог усвядоміць: “Ці будзе ўваскрасенне фізічнай плоці? Ці ўваскрасенне адбываецца інакш: мы не памрэм, але зменімся — можна прачытаць у Дабравесці: “Цела ўзятае з праху і пойдзе ў прах” — сказана даволі ясна. Чаго тут яшчэ мудрыць? Але чаму ж некаторыя дагматыкі зноў і зноў падымаюць з зямлі памерлае цела і апрануюць яго спрахлай плоццю?
І другое, не меньш важнае для яго пытанне: “Ежце — гэта цела Маё! Піце — вось кроў Мая!” —абвясціў на Тайнай Вячэры вучням Хрыстос: “Хто не будзе есці цела маё, і не піціме крыві маёй — той не наследую Царства Нябеснага”. Але ж Слова стала Плоццю? І Слова хадзіла паміж людзей і паказвала прыклад, і вучыла іх тайне жыцця. А ў таінстве Еўхарысціі, што найболей важнае: есці слова вучэння Хрыстовага і ўзрастаць духоўна, ці прычашчацца “хлеба” і “віна” (плоці і крыві), думаючы, што менавіта тут заклад уратавання, разумеючы, што плоць — гэта літаральна і ёсць плоць.
Вось такія пытанні. Важкія, не падняць. І не пераступіць праз іх, не адкінуць у бок — ляжаць валунамі на шляху і не даюць ходу. Як пазбавіцца сумненняў і знайсці суладдзе? Адзін гаворыць так, а другі — іначай. Каму верыць? Каго слухацца? І кожны, хто гаворыць, лічыць, толькі ён адзін нясе ісціну, астатнія — памыляюцца. Але ніхто не дае гарантыі. І якую гарантыю могуць даць людзі, калі не яны распалілі вечны агонь жыцця! Не ведаюць нават, чаму ён гарыць, навошта запалены і што ў ім датла згарае, а што павінна заставацца? Не яны штурхнулі душы чалавечыя ў магчымасць росту. І ці можна хоць у чым-небудзь мецьнепахісную ўпэўненнасць?Дрэва і тое расце стыхійна, распускаючы галіны ў залежнасці ад ружы вятроў, якія дзьмулі напрацягу жыцця, ад сонца, што пасылае промні, ад чалавека, які праходзіў побач і зламаў галіну. Дык то дрэва, а куды складаней з чалавекам. Птушанё САМО павінна прадзяўбаць скарлупіну яйка, каб выйсці на свет божы — пракалупаеш раней часу і атрымаеш смярдзючы баўтун. У духоўных пошуках бясконцыя спрэчкі — непатрэбшчына! Што там першае з’явілася: “курыца ці яйка?”, — якая розніца, трэба выбраць нешта адно, адштурхнуцца ад яго і ісці наперад. Прабірацца думкай далей. Не бойся памыліцца. Хрыстос, па меркаванні некаторых, таксама памыліўся, узваліўшы на сябе грахі свету — але ж Ён уваскрэснуў. Хіба пасля ўваскрасення памылка можа быць істотнай? Галоўнае — пачынаць рух! Дубок прарастае пасля таго, як трэсне жолуд, калі парастак ахутаецца Зямлёй, як улоннем мацярынскім, тады і пачне прабівацца дрэўцам да сонца. Духоўны рост пачынаецца, калі сумненні застаюцца за плячыма і чалавек працуе Госпаду. Ён ужо не верыць у Бога, а верыць Богу, давярае Яму, як свайму Нябеснаму Айцу.
Неяк начою перад споведзю і прычасцем Раман доўга маліўся,а засынаючы, звярнуўся за дапамогай да Усявышняга, каб той разрашыў сумненні. Правальваўючысяў дрымотнае забыццё, быў абсалютна ўпэўненны: абавязкова прыйдзе сон-падказка.
Так і адбылося.
Чацвёрты сон Рамана
Сніцца дарога. Абапал дарогі сыпучы пясок. Уздоўж гасцінца ходзіць з вядзерачкам дзядок. Увесь апрануты ў белае, сівая барада да пояса. У адной руццэ сярэбранае вядзерачка, а ў другой гострыя восці-трызубец. Час ад часу дзюбае восцямі ў гарачы пясок. Падыходзіць Раман да дзіўнага дзядулі і пытаецца: “А што Вы гэта робіце?”.
— Рыбу лаўлю, — адказвае дзядок і ўсміхаецца ў белыя вусы.
— Рыбу? У пяску? — здзіўляецца Раман.
“А вось, глядзі!” — нахіляе ў бок Рамана сярэбранае вядзерца: на дне выбліскваюць лускою і трапечуцца некалькі дробных рыбак.
Тут жа на вачах Рамана восці ўпіваюцца ў сыпучы пясок і выцягваюць трапяткую рыбіну. Яна аказваецца большаю, чым тыя, што ляжаць на дне вядзерца. “Але ж рыба не жыве ў пяску?” — падумалася Раману, і ён пачаў шукаць тлумачэнне ўбачанаму. І раптам, яскрава ўспомніў, як калісьці такім жа чынам злавіў у пяску дзве вялізныя рыбіны. Ён лавіў рыбу ў пяску! Дзве чарнаватыя спіны ладных карпаў так і стаяць у ваччу.
Неўзабаве апынаецца ў роднай вёсцы і тлумачць заядламу рыбаку Гаўрылу: “А ты ведаеш, як рыба трапляе ў пясок? — пытаецца Раман і заўважае ў вачах бывалага рыбака недавер і здзіўленне, — там пад зямлёй, — тлумачыць далей, — ёсць азярыны вады, і рыба са звычайнага возера трапляе ў падземнае вадасховішча, праплывае пад зямлёй, а потым высоўваецца ў пясок.
— Што яна дурная? — смяіцца Гаўрыла, — чаго гэта ёй трэба ў пясок лезці?! Яна ж у вадзе жыве…
—Так, у вадзе… Але я бачыў, вунь там, ля дарогі… Дзядок лавіў восцямі рыбу ў пяску. Гэтак, шах! — дзеўбане і выцягвае з пяску рыбку… Дарэчы, я і сам калісьці два здарвенныя карпы ў пяску злавіў і забыўся пра гэта. Вось як. А чаму яна лезе ў сухі пясок — не ведаю… Можа, паветра не хапае, ці іншае штосьці?…
Прачнуўшыся раніцай, дакладна ўспомніў, што ніколі не лавіў жывой рыбы ў пяску, проста ў сне прымроілася. “Да чаго гэты сон? Як вытлумачыць яго? Папрасіў —і мне паказалі. І цяпер сам павінен разабрацца з дылемай, выбраць адно. Ісціна — двугостры меч:скальпелем можна зарэзаць чалавека, а можна зрабіць аперацыю. Усясправа — у чыіх руках аказваецца інструмент і з якой мэтай. У адным месцы Хрыстос гаворыць: “Я прынёс мір!”, а ў другім, ужо іншым людзям,абвяшчае: “Не мір я прынёс, — але меч!”. Палкі заўсёды з двума канцамі. Хрыстос пакінуў людзям Свабоду, да крыжовай пакуты ні на йоту не паступіўся будучай магчымасцю Свабоды чалавеку. Сапраўднай свабоды, бо сказаў жа нехта: “За праўду трэба стаяць, або вісець на крыжы, а да ісціны чалавек рухаецца”. Пакуль жывём, ёсць і магчымасць вольнага выбару, як у тае змяі, перад тым, як запаўзці ў дзірку, што зроблена ў бамбукавым дручку: калі скіруецца ў адкрыты бок, то выпаўзе да святла; калі ж у бок карэнняў, — памірае ў пакутах, бо развярнуцца назад ужо не можа. Так і мы выбіраем у жыцці ўсяго толькі напрамак шляху. Пасля смерці мяняць кірунак і рабіць выбар — позна.
Ці выбраць відавочнае: рыба жыве ў вадзе… У пяску яна жыць не можа!Але ж дзядок лавіў у пяску? Куды ноч, туды і сон… Хлеб і віно прычасця — Слова Хрыстовае, яго плоць, якая была словам, а сама Еўхарысція — толькі сімвалічнае дзеянне. Чалавеку ўсё трэба памацаць рукамі. Вось і дазена Хрыстом, як запавет, як напамінак, відавочнае “Цела і Кроў”.
Уваскрашэння ў фізічным целе не будзе: усе памрэм аднойчы, але не зусім, бо зменімся ў імгненне вока, станем іншымі… Усё проста, як Божы дзень: трэба рухацца… І ніякіх таптанняў на месцы ў супярэчнасці пачуццяў і думак. Спяшайся засяваць насенне любові — вось і ўся ісціна, трымайся дабра і расціскай зло ў сабе, — вось і ўся праўда.
Ці тлумачэнне сну іншае? А менавіта: хлеб і віно сапраўднае цела і насамрэч — кроў Божая! (Хіба ж мы звяругі платаядныя, горш канібалаў, што павінны есці плоць свайго Творцы? Божа, даруй, грэх які… Ці я штосьці не разумею?). Гавораць, будзе ўваскрашэнне менавіта фізічнай плоці, у якой мы жылі. (А ў якім узросце?).
Той думцы, што мы падымемся ў целе, з якім жылі на зямлі, супярэчыць і само Дабравесце. Ці можна ўявіць, што маці праз тры дні не пазнае сына? А Марыя не пазнае Хрыста. Ці можна падумаць, што вы не прызнаеце лепшага сябра і настаўніка, дзве гадзіны размаўляючы з ім, і толькі потым скажаце: “А гэта ж быў Ён!”. Апосталы менавіта так і робяць. Узгаданыя факты сведчаць, што плоць Хрыста была ўжо іншай, прасветленай: “Не датыкайся да мяне, я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Свайго…”
Раніцаў схадзіў на споведзь. Распавёў свяшчэннікупра сумненні, але ён так і не вырашыў дылему. То скажа: “Канешне, з праху ўзятае і пойдзе ў прах, а душа адляціць да Бога ”, то раптам адумаецца, і ўсё наадварот перакруціць: “І пратрубіць апошняя труба, і цела, з якім жылі на зямлі, паўстане з праху, і косці мясам абрастуць і станем перад судом Божым…”. Як тут разабрацца?
Але галоўнае, што пачуў ад святара Раман: найперш Любоў да ўсяго патрэбна, усім кіруе Любоў і на ўсё чалавек мае правы, калі валодае Любоўю. А ноччу, калі засынаў, зноў круціліся думкі вакол снення мінулай начы: “Госпадзе, я прасіў цябе! — Ты паказаў, але гаворыш прытчамі. Хачу яснага адказу: як зразумець Тваю прыпавесць? Пакажы мне яшчэ сон, які растлумачыць сненне пра рыбу…”. Так думаў Раман, засынаючы. І зноў прышла ўпэўненнасць, што атрымаеадказ. Будзе сон з падказкай і расшыфроўкай. Думаў і чакаў, што будзе так, як спадзяваўся. Але ў жыцці здараецца зусім не тое, чаго чакаем мы, а выпадае так, як патрэбна… (каму? — вось пытанне)і так, як мы зусім не чакаем. Зусім неспадзеўна сын Уладзік, прагаварыў уголас праз сон: “Папа, рыба, рыба, рыба!” — “Што, сынок?”— падхапіўся Раман на ложку, ды так хутка, што Тэрэза прачнулася і падняла галаву.
— Што тут такога? Пажар? Чаго ты ўскочыў? Ну нешта сказала у сне дзіця, што тут дзіўнага…
— Ага! Як ты не разумееш. Я толькі вось думаў пра рыбу, пра той сон, што расказваў. Гэта нейкая падказка. Сынок, што ты гаварыў?
— Там у цябе, каля ног, — рыба, рыба, рыба… — зноў замармытаў сын, ці то спрасоння, ці то ўжо прачнуўшыся.
І здзівіўся Раман нявызнанасці шляхоў чалавечых. Ён думаў: павінен прысніцца сон, які і вытлумачыць папярэдні. Але адказ прыйшоў зусім з іншага боку, Бог загаварыў праз сына. І тое здзівіла, што адбылося гэта сінхронна: бацька думае, сын — адказвае.
Мы — дзеці Божыя, калі думаем — Айцец адказвае нам. Ці чуем Яго словы? Ці навучыліся думаць? Сказаў жа Нехта, што людзі — гэта Божыя думкі, кожны чалавек — асобная задума Госпада, наколькі рэалізуецца яна — залежыць ад самога чалавека.
Праз колькі дзён Раман запісаў і надрукаваў на машынцы некалькі эсе.
Пчалаікветка
Расцвіла ў лузе кветка. Распусціла ружовыя пялёсткі — далёка яе відаць у зеляніне. А вакол кідкага колеру распаўсюдзіла яшчэ і зваблівы водар-арамат. А ўсё для таго, каб прыляцела на кветку пчолка. У разгорнутай чашачцы сярод песцікаў і тычынак прыхавала для яе пачастунак, салодкі нектар. Бо такая зудума Маці-Прыроды — у гэтым гармонія і суладнасць. Без пчолкі застацца кветачцы пустацветам.
А вось і яна, бухматая працаўніца-пчолка:прыляцела на пах, ці на прагажосць?Занырнула ў чашачку, цярэбіць лапкамі, кветкавую пыльцу збірае, хабатком нектар смокча. І кветачцы радасць, і пчолцы насалода. Так задумана ад пачатку. Ёсць кветка — павінна прыляцець пчолка, — і прадоўжыцца жыццё.
Мы не здзіўляемся, што пчала высмоктвае толькі нектар, а не абрывае пялёсткі ружы. Ёй патрэбен нектар, але для самой кветкі яна робіць і іншую жыццёва неабходную справу.
Так і чалавек, што яму трэба ў Царкве, тое і бярэ для душы. І не вучыце яго: што павінен адчуваць пры гэтым, што думаць, і з якім страхам (як вы таго патрабуеце) прымаць цела Божае. Вам адкуль ведаць? Кожны возьме сваё. Кожны за “сваё”і адкажа. Бог падарыў чалавеку свабоду, дарагою цаною выкупіў— не ва ўладзе служак адбіраць яе.
Людзі розныя. Аднаму ў царкве неабходна змякчыцца, бо надта жорсткай прыйшла душа ў свет, а другому — стаць цвёрдым, бо нібыта слізняк ён, ні ў чым не мае опоры, распаўзаецца, як недавараны кісель. Кожны возьме тое, што яму па сіле і для патрэбы.
Пчала бярэ нектар, ці як гавораць пчалаводы, узятак. Прыходзіць каса, ці карова і забірае кветку цалкам. Ці не ўпадобіцца чалавек карове, выконваючы парады “добразычліўцаў”,што намагаецца высмактаць з кветкі нектар? Або пчале, што перагрызае сцябліну і цягнерасліну ў вулей?
Так і я. Не збіраюся прымаць вучэнне царквы да апошняй літары. Царква — яшчэ не Хрыстос. (Ці не наблыталі за дзве тысячы гадоў разумнікі ўсякія, а мне потым сваёй галавой адказваць?). І не буду прымаць: спавядаюся і прычашчаюся, і думаю пры гэтым тое, чым наталяецца душа. А кожны адкажа за сваё. Сваё — кожнаму.
Цыбуліна
Параўнанне дапамагае разуменню. Шмат гавораць пра рэінкарнацыю, з чым параўнаць яе? Нават у кананічных Дабравесцях, якія дайшлі да нашага часу, знаходзім ускоснае падцверджанне ідэі рэінкарнацыі. Вось прыклад. Падвялі сляпога ад нараджэння і спыталіся: “Ойча, хто саграшыў? Ён сам, ці бацькі яго?”.
— Што за лухту вярзеце! Як можна саграшыць, яшчэ не нарадзіўшыся! — не сказаў такіх слоў Хрыстос, а ён жорстка ставіў правакатараў на места.
Значыць, прымаў рэінкарнацыю? Хрыстос шмат чаго меўся сказаць сваім вучням, але, маўляў, цёмнымі былі людзі, не змаглі б увабраць у сябе.
Мне не зусім утульна ад таго, што душа, як дама пальчаткі, мяняефізічныя целы. Такая тэорыя мне без патрэбы. Цяпер не патрэбна. Па-першае, гэта расхалоджвае і расслабляе. Толькі крайнасці:“пекла” і “рай”— мабілізуюць. Гэта апошні шанец —у гэтым магутнасць Праваслаўя: апошні бой сёння! Ці перамог, ці згінуў навечна — тут філасофія бадзёрасці жыцця. Мая душа цалкам прымае такую раскладку, праваслаўную, таму што гэта рэлігія воінаў і герояў. Ідэя пераўвасабленняў — прыкрыццё людзей слабых, якія галоўную справу адкладваюць на потым, пераносячы ў іншае жыццё.
У прынцыпе рэінкарнацыя рэальна. Але, магчыма, з часам састарэў сам прынцып. Гэтая ісціна не актуальная цяпер. Ужо не актуальна! І калі на Ўсяленскім саборы святыя айцы адвергнулі вучэнне Арыгена, ці не зацвердзілі тым самым, што ўжо нават тады, болей паўтары тысячы гадоў таму, ідэя рэінкарнацыі заводзіла душу ў тупік? Што актуальна цяпер — можа стаць заўтра непатрэбным. Галодны перш за усё хоча есці, а насыціўшыся, можа і паспяваць, і парадавацца жыццю… Час пабег шпарчэй. Ці не заўважылі вы, што планета пачала хутчэй круціцца? Але з чым можам параўнаць хуткасць кручэння? Сёння часу засталося яшчэ меньш. Набліжаецца апошняе жніво. Усе знакі пра гэта гавораць. Хто там у жніўні збіраецца сеяць? Пара гастрыць серп.
* * *
З чым параўнаем рэінкарнацыю, хоць і ведаем, што любая аналогія кульгае? Але ж вось — расце цыбуліна. Ёсць такі сорт: кідаюць маленькае чорнае зярнятка ў глебу, і да восені вырастае цыбулінка (у нашым прыкладзе — рэінкарнацыя першая). Нібыта расліна ажыццявіла сябе, здзейсніла прызначэнне, але паглядзіце, — галоўка маленькая, як пазногаць, хіба што на адзін зубок. Такую цыбуліну не ядуць, гэта “сявок” — зіму яго захоўваюць, а вясною ў глебу высаджваецца ўжо не чорнае зярнятка, як у першы раз, а маленькая цыбулінка (вось вам і другая рэінкарнацыя!). Да восені расліна вырастае ў ладную галоўку цыбуліны. І толькі трэці раз пасаджаная ў зямлю (трэццяя рэінкарнацыя, калі вам так хочацца) — цыбуліна расцвітае і дае плод свой: у трыццаць, у сорак, у сто разоў…
Зернетка — гэта не плод. Плод — яблык, а ў яблыку зернетка, насенне, з якога вырастае яблыня. Плод ядуць, і насенне ядуць, але ж насенне яшчэ і садзяць, каб атрымаць плады. Не ўсякі плод ёсць адначасова і насенне. Наша жыццё — гэта яблыня:насенне зернетка — Дух, плод яблыка— душа, а само дрэва — цела. Праз жыццё цела атрымліваюць плады і насенне: душу, якая памрэ, каб даць пачатак росту несмяротнага зернеткаДуху.
Цяпер вернемся да рэінкарнацый. Да нашага прыкладу з цыбулінай. Для яснасці пакінем дзве іпастасі: душа і цела. Дзе яны ў цыбуліны? Прыхільнікі пераўвасабленняў сцвярджаюць, што цела мяняецца, а душа застаецца адной і той жа, толькі не помніць ранейшага існавання, пачынае як бы спачатку ў кожным целе. Карняплод цыбуліны і ў сяўку (што на адзін зубок), і цыбуліна другога году і трэцяга — адзін і той жа, толькі з кожным годам становіцца большым. Для нашага прыкладу гэта душа цыбуліны. Цела мяняецца. А дзе ж у такой расліны цела? Цела цыбуліны — кожны новы рост лісцяў. Але трэці раз пасаджаная ў глебу, цыбуліна апынаецца перад апошнім выбарам: ці проста згніць у зямлі, ці расцвісці і даць плод у трыццаць, сорак разоў…
Дык вось, магчыма (ведае толькі Бог) для нас ужо не існуе ніякіх рэінкарнацый (яны былі некалі ў нашым станаўленні, але цяпер не цікавяць нас, бо іх ужо для нас як бы і няма, як не існуе вусеня для матыля). Пройдзены этап і забыты. Мы апошні раз на зямлі і наша справа расквітнець, цвісці і даваць плод па роду свайму, ці згінуць у цемры, нічога не даўшы ўзамен за тое, што Нехта падараваў жыццё. Для нейкай мэты. І меў спадзяванне аб нашым будучым. Царства нябеснае “внутри вас есть”— не мною сказана, і падобна гэтае царства да гарчычнага зярнятка.
А плод для чалавека — гэта Любоў! Новая запаведзь, якую Хрыстос пакінуў разам са Свабодай. У нас апошняя магчымасць: навучыцца любіць сябе і сабе падобных, навучыцца любіць жыццядайнага Творцу, разгортваць насустрач Яму бутон кветкі і распаўсюджваць водар душы.
Сакрэт жыцця
Вусень — яшчэ не матылёк, але некалі ім стане. Нейдзе ў перспектыве развіцця вусеня бачыцца і кукалка, і матылёк з перламутрам крыл. Гэта патэнцыяльна закладзена ў самой прыродзе такой істоты. У станаўленні можа праявіцца, а можа і не.
Сам жа вусень, знай сабе: жарэ, і жарэ… Недзе ў кукалцы яны сустракаюцца: вусень і матылёк — дзве іпастасі адной і той жа сутнасці. Вусень апранаецца покрывам кукалкі, як чалавека пасля смерці пакрываюцьвечкам дамавіны. Кукалка была вусенем, але не помніць гэтага, яна стане матыльком, але яшчэ не стала. Яна амаль мёртвая! Але таямніча прадзецца і выцінаецца новае цела, і праз нейкі час распрамляюцца, выпростваюцца перламутравыя крылцы і выпырхвае з дамавіны новае стварэнне. Матылёк легкакрылы. Ці не так і з чалавекам будзе? Ці не пра тое ж гавораць многія рэлігійныя паданні?
Пахкі водар кветак, ласкавыя промні сонца — колькі жыцця і радасці навокал. Колькі вясёлкавых фарбаў. Нібыта пырснуў на залаты прамень фантан жывой вады. Заіграла вясёлка і закружыўся матылёк у сонечных промнях. Радуецца жыццю матылёк!
Так і мы, людзі, павінны радавацца жыццю, бо якая радасць у вусеня? Хоць “вусень”—гэта мыцяперашнія.
Так і мы — людзі: пакуль круціцца зямля, павінны навучыцца любіць (выхаваць душу), абавязаны жэрці, нібы вусень, чэрствы хлеб зямнога жыцця (карміць і шанаваць цела), і з надзеяй прычашчацца Цела Хрыстовага, Яго Слова, як умеем, не спрабуючы вытлумачыць таямніцу, — рабіць дабро і даваць плод — хоць ён і не відавочны тут, але некалі праявяцца і плады. Трэба рыхтаваць сябе, збіраць і назапашваць сілы, каб потым выпырхнуць са старога цела, як матылёк легкакрылы з дамавіны-кокана і ўзляцець у Неба.
Вера, Надзея і Любоў — вось і ўсё, што застаецца чалавеку.
І там будзе: і пахкі водар, і вясёлкавыя фарбы, залатое сонца і фантаны жывой вады — і многа-многа радасці навокал, як у матылька, што лётае па квяцістым лузе з кветку на кветку. І прыгажосцю жыве. Усё будзе, калі мы тут на зямлі засталіся людзьмі, а не пражылі жыццё, як бязмозглыя тараканы.
* * *
Праца на радыё многаму навучыла Рамана. Але праз колькі гадоў галоўны рэдактар з галавой брохнуўся ў палітыку, а літаратура была адсуната ў тэматычных планах рэдакціі на апошняе месца. З’явіўся спіс прозвішчаў «забароненых пісьменнікаў», якія не прыйшліся да двара пануючай уладзе. Раман не стаў крывіць душою, кінуў усё і пайшоў працаваць на завод звычайным слесарам. Абраджала яшчэ і тое, што ў духоўным канцлагеры, як стаў называць радыё, прыходзілася выкладвацца да апошняга, а плацілі — лічаныя капейкі. Рашэнне выспявала не доўга: калі дзяржаве больш патрэбны не здольнасці і талент, а рабочыя рукі — што ж, калі ласка: вось яны — я не цураюся ніякай работы.Тым больш, што разам з фізічнай працай адводзіцца пэўны дыяпазон духоўнай свабоды. У крайнім выпадку, твае думкі цяпер належаць толькі табе. Пісаць і на заводзе можна. Не дарэмна ж Леў Талстой любіў пахадзіць басанож за плугам, як звычайны селянін. І не зусім барская прыхамаць, чым бліжэй да зямлі, тым болей праўды чуеш ад жывых людзей.
Скончыў Родасветаў універсітэт, выдаў дзве кніжкі вершаў, атрымаў кватэру… Нарадзілі з жонкай двух сыноў. Але сколькі яшчэ абавязаны зрабіць! Завод убачыўся найлепшым выйсцем: не думаць пра хлеб надзённы, за восем гадзін у суткі выкупіць акраец хлеба, а астатні час — твой: садзіся і твары!
Свидетельство о публикации №212100501611