Тараканы - 16

16
Усё пачалося са “свабоды слова”, а далей — “Паскарэнне”, “Галоснасць”, “Перабудова”… Добрыя намеры, жаданне лепшага, больш справядлівага і годнага чалавека жыцця.Адпусцілі на свабоду слова, а нешта больш важнае і значнае моцна трымалі на прывязі. І пачало вычварацца Бог ведама што: развал, дэградацыя, азвярэнне… Інфляцыя, безпрацоўе, уседазволенасць. Крызісы, дэфолты, безадказнасць. Перадзел маёмасці, бандытызм і жабрацтва…А ўсяго толькі — адпусцілі на свабоду слова. Тысячу разоў правы Цютчаў: “Мысль изреченная есть ложь”. Хацелі толькі свабоды, — атрымалі суцэльную гаварыльню, мянціць языком, не мяшкі варочаць, гармідарны базар-вакзал, а ў выніку — ілжы, падману і несправядлівасці стала яшчэ болей.
І вось якая зялёная пятрушка з кропам атрымліваецца: калі ўзбіліся на сапраўдную свабоду слова, без якіх бы то не было абмежаванняў, гавары, што думаеш, без забароненых тэм і цэнзуры — слова страціла цану, і насамрэч — журналістам плацілі капейкі. А яны ў такі раж увайшлі, што гатовыя ўжо былі працаваць задарма, абы языком плявузгаць. Ніхто ў гэтым асабіста не вінаваты, так збегліся абставіны і стварылі такую сітуацыю. Але вось недзе зверху скумекалі, што так далей жыць нельга, трэба кардынальна выпраўляць сітуацыю. Не гавары, што думаеш, а думай, што гаворыш, адказвай за свае словы. Злавілі вольнае слова, ашыйнік зашмаргнулі, узялі на павадок і пасадзілі на ланцуг. Да карыта падцягунлі — еж ад пуза і не брашы на вецер. Чым карацейшым рабілі ланцуг, тым большсмакаты падсыпалі ў карытца. Так слова стала прыкарытным, паднявольным. Спачатку з’явліся забароненыя тэмы, потым спіс забароненых аўтараў, а затым, калі прыкормленыя ўладаю журналісты навучыліся трымаць нос па ветры і адчуваць, што ад іх чакаюць, працаваць у дзяржаўных СМІ і паважаць сябе адначасова стала немагчымым. І пайшла пісаць губернія, цяпер ужо незадарма, а за вялікія грошы. Справа, канешне ж, не ў грашах, як жартуюць, а толькі ў іх колькасці.
А грошай сям’і Родасветавых катастрафічна не хапала. Яны ператварыліся ў камень спатыкнення. Ледзьве зводзілі канцы з кацамі. Неяк яшчэ раней брат Тэрэзы Янэк (начальнік цэха завода халадзільнікаў)запрашаў на працу да сябе, там добра плацілі. Раман аднекваўся.Але як толькі апісаная вышэй сітуацыю пачала раскручвацца на дзяржаўным радыё, звольніўся. Апошняй кропляй паслужыла зняцце трох гатовых праграм з эфіру без ніякіх тлумачэнняў. “Не буду я нічога табе тлумачыць, — упёрся рогам галоўны рэдактар, — сам павінен здагадацца”.
— Мне што пісаць заяву?
“Пішы, я падпішу” —  і Раман зразумеўта: такім чынам ад яго вырашылі пазбавіцца, хаця раней той жа галоўны на кожнай лятучцы ўзахлёб расхвальваў менавіта Раманавыя праграмы. Цяпер запатрабаваліся іншыя чалавечыя якасці.
Пайшоў рабочым на канвейер. Тры месяцы паскрыпеў зубамі ад непрывычнага рэжыму, бопрыходзілася уставаць у пяць гадзін раніцы, алехутка прывык. Чалавек, як і таракан, да ўсяго можа прызвычаіцца.
* * *
Дзверы да вушакоў прыставалі не шчыльна. Калі зачыняліся на замок, знізу палосачкай прабівалася святло. Кожны вечар прапаўзаючы каля дзірачкі, ён шпарчэй перабіраў трыма парамі лапак. На скразняку цягнула хіміяй: фарбай, аліфай, ацэтонам і яшчэ бог ведама чым. Шустрыкан на дух не пераносіў хімічных рэчываў. Колькі неасцярожных сабраццяў загінула ад такога паскудства? Жудасць!
Абаснаваўся таракан у дзірынцы пад плінтусам: днём забіваўся ў шчыліну, а ноччу асмельваўся выпаўзаць і, аглядваючыся,  упохапкі спяшаўся да сметніцы. Жыццёвы вопыт падказваў: смялейшыя і больш цікаўныя даўно раструшчаны на падлозе ці размазаны па сцяне. У таракана век кароткі, прадоўжыць яго можа толькі асцярожнасць. Дзякуючы асцярожнай абачлівасці і цягаў сваё пузатае цельца Шустрыкан Талеркавіч.
Сёння, жвавенька перабіраючы крывымі лапамі, ён адчуў: на скразняку болей не патыхае смуродам: “Значыць, — падумалася яму спачатку, — я навучыўся хутка бегаць і не паспяваю надыхацца атрутай”.
Сметніца была пустой…. Блішчэлі адпаліраваныя і чыста вымытыя да бляску бакі.За апошні тыдзень Шустрыкан абвыкся, што на гэтым месцы заўсёды ўдосталь харчу. Таму і не паверыў. Залез усярэдзіну, пашнырыў па ўнутраннай сценцы, прабегся звонку і, так і не знайшоўшы чым падсілкавацца, прыпыніўся на дужцы; паварушыў вусікамі-антэнамі, убіраючы пахі паветра, прыслухаўся да наваколля, задумаўся і здранцвеў. Праходзіць хвіліна, мінае другая — а Шустрыкан ні жывы ні мёртвы. Маўчыць і не зварухнецца. “Ці не памёр?”— падумаў бы хто-небудзь, калі б у гэты час назіраў за ім.
Не! Раптам таракан неспадзявана падскочыў на месцы, крутнуўся разоў колькі ўправа, улева і натапоршчыў вусы. “Нічога, — вырашыў ён, — нешта і тут пераменіцца да лепшага”.
Увогуле таракан заўважыў, што час, асабліва пасля таго, як Вочабраг запусціў перабудову, пабег наўскач. Быццам з калодак саскочыў гэты час і паляцеў у бездань.  Усё пачало мяняцца, як у калейдаскопе. Але ж, як гавораць некаторыя, усё, што не робіцца, абовязкова скіроўваецца да лепшага: будзе дзень, будзе і харч…
Шустрыкан асцярожна споўз на падлогу і ляніва паплёўся да сховішча. Прапаўзаючы каля шчэлкі, наструніў вусы і неяк дзіўнавата паварушыў галоўкай. Прыпыніўся, пачысціў лапкамі вусікі: “Ці не здалося?”, —духмяны водар з-пад шчэлкі вабіў да сябе. Свежы, церпкі і стойкі пах. Пахла потам гегемонаў, воцатам і свежаспечаным хлебам. О, як даўно не ласаваўся свежым хлебам! Голад штурхаў наперад, а інстынкт самазахавання пужаўся яскравых выбліскаў святла: так і падтыкала сігануць у бяспечную дзірачку пад плінтус.
Ледзьве перасіліў сябе. Стрымаўся. Замёр на месцы. Навастрыў слых і нюх. Доўга вагаўся, гатовы кінуцца, нібы ў атаку… Побач прагрукаталі абцасы гегемонаў. Так нечакана, што ён адразу струпянеў: “Я памёр! Я цалкам мёртвы! Труп!”— быццам крычала кожная клетачка скамянелага цела. Але яго не заўважылі. З часам усё сціхла. “Пранясло! — выдыхнуў Шустрыкан і цяпер, набраўшыся адвагі, паварушыў вусікамі, быццам мінашукальнікам, дробнай хадоў пашыбаваў да дзірыны пад дзвярыма. Пачаў шчыміцца туды штосілы. Там, за дзвярыма, жыццё абяцала нешта новае, таямнічае і сытна-п'янкое.
Шустрыкан апынуўся ў светлым пакоі і шмыгнуў у цянёк ад веніка.
* * *
Вось і дачакаліся! Асобная кватэра: — трохпакаёўка: вялікая зала, адна дзіцячая спальня, а другая — для іх з жонкай, па сумяшчальніцтву служыла яшчэ кабінетам і бібліятэкай. Але ж — асобная кухня, прыбіральня, ванны пакой і, бог ты мой, душа танцуе ад радасці: лоджыя на шэсць метраў! Прастора.
Хоць другую палову жыцця пражывем, як людзі, думаў Раман. Скончыцца нарэшце камунальнае цясноцце, стаянне ў чарзе да газавай пліты, сваркі, бясконцыя п’янкі і бытавыя разборкі, ад якіх хацелася збегчы куды-небудзь у свет і не вярнуцца.
Першы тыдзень па пераездзе жонка часта прачыналася ноччу, падымалася з пасцелі і прывідам сноўдалася з пакоя ў пакой: “Ты чаго гэта?”, — адрываў галаву ад падушкі Раман.
Яна падыходзіла да складной канапы, моўчкі садзілася на ўскраек і паціскала плячыма: “Ды вось, не спіцца штосьці… Нават не верыцца, што ўсё гэта наша”. І разводзіла ўшыркі рукамі.
— Наш-ша-а-а… — і яго сонны твар расплываўся задаволенай усмешкай.
— Самі па сабе! І не трэба ні перад кім адчытвацца.— “А чаму шэптам?”. — Прывычка! — смяялася яна і юркала пад цёплую коўдру.
 — Суседзі далёка, не пачуюць. Цяпер можам гаварыць на поўны голас.
Кватэра была светлай і прасторнай. Палавіна вокан выходзіла на сонечны бок і ад самай раніцы цёплыя промні коўзаліся по голых сценах ды пустой падлозе: мэбляй пакуль не разжыліся, прывезлі з камуналкі самае неабходнае, астатняе выкінулі на сметнік разам з тараканамі. Патрацілі апошнія грошы на гарэлку, на сякія-такія прадукты, якія ўдалося дастаць і зрабілі ўлазіны. Гасцей назбіралася чалавек трыццаць. У асноўным гэта былі людзі творчыя, радыё і тэлежурналісты, пісьменнікі і паэты, мастакі і палітыкі, некалькі сямейных пар суседзяў, у тым ліку і Іван Фаміч са сваёй Валянцінай. Трапіў у спіс запрошаных і Стахвейка, з якім Раман працаваў цяпер у адной брыгадзе. Выпілі па шклянцы-другой і бяседа загаманіла  ўразнабой: мужчыны пра палітыку, футбол і аўтамабілі, а іх жонкі — пра адзенне, прадукты і цэны на іх, якія з-за інфляцыі і запомніць цяжка.
— Што мне, канкрэтнаму чалавеку, дала перабудова? Нічагуткі! Адно нервовае і страўнікавае растройства. Так скажу: усё гэта мышыная валтузня ў закутку, ці каля мышалоўкі з сырам, — чуўся мужчынскі барытон з аднаго боку: — Праўды ў свеце, як не было, так і няма. Што Хрушчоў, што Гарбачоў, што Ельцын з Шушкевічам — адзін і той жа чорт з вывіхнутымі мазгамі.
— Чорт адзін, ды ўсё з розных кагортаў, абразіны ў яго кожны раз іншыя.
— Чорнага кабеліну не адшкрабеш да бяліны.
— А грошы, грошы! У мяне на ашчаднай кніжцы ляжада дзевяць тысяч. Усё жыццё на жыгулёнка збіраў. Хацелася апошнюю мадэль. Дзе яны цяпер, нашы грошыкі? Усё прапала! Хто нам іх верне? Пушкін? Яны ж абрабавалі ўвесь народ. Не адзін я такі, нас мільёны падманутыхі абкрадзеных. Цяпер гусінскія з беразоўскімі не толькі кожны месяц кадзілакі мяняюць, усё тэлебачанне і газеты паскуплялі.
—Нейкі Абрамчыкман выкупіў цэлы футбольны клуб,  мільярды долараў убухаў. Толькі што гладзіатарскіх баёў не праводзяць.
— Рэвалюцыя, хлопцы, адбылася, а мы і не заўважылі. Перадзел маёмасці.
— Перадзел. А нас зноў, як і ў семнадцатым, абдзялілі і падманулі.
— У гэтым і бяда, што не заўважылі. Стаялі на плошчы, ірты, як шанькі, паразяўляўшы, па мітынгах бегалі, а яны тым часам маёмасць дзялілі — баялі байкі нам пра свабоду і дэмакратыю, а мы і насіліся з гэтай падманкай, як дурні з пісанай торбаю.
— Бяда ў тым, што ні тады, ні цяпер нічога не разумеем. Мы — гной гісторыі, патрэбны толькі для таго, каб яны квітнелі…
А з другога боку сакаталі жаночыя галасы, размова якіх была зусім пра іншае, больш прыземленае і не такое абстрактнае: “Какетачку ззаду, вось так. А наперадзе гузічкі ў два рады. Кішэні накладныя з бахрамой… А тут — брыжыкі, аборачка вось такім чынам, ці каруначкі з бакоў. Уяўляеце, як файна глядзіцца”.
— Па-твайму паказу — фасон што трэба, акурат ад куцюр’е.
— А хіба мы горшыя за францужанак? Нас прыапрануць крыху, а фігурай мы, будзь  здароў, любых еўрапейскіх ледзі і сіньёрыт за паясыпазатыкаем.
— Не трэба! Досыць! Вучоныя ўжо, — спрачаліся мужчыны, — гэтым палітыкам, як тараканам, абы пуза набіць, а ты мне пра нейкую прыстойнасць распавядаеш. Саюз Беларусі з Расіяй… Што гэта дасьць? Хто зараз ва ўладзе ў Расіі? Прыгледзься, шнобелі з экрана вылазяць. Дзе яна, твая прыстойнасць? Тры мудакі сабраліся ў Віскулях, ужраліся“Белавежскай” да свіннячага візгу і прахукалі дзяржаву. Гэтыя мярзотнікі кіраваліся высокімі прынцыпамі? З-пад Горбі патрэбна было крамлёўскае крэсла выбіць — вось і ўсё іхняе кіраванне. Гэта іх стратэгія, а пра тактыку, пра сродкі, якімі ўсё рабілася, і гаварыць не хачу. Брыдка! Труслівыя сукі, — Бушу званілі, дазволу пыталіся. Халопы! А на нас наплявалі. Смяротнаепакаранне ўсім: растрэл праз павешанне. Не, яйца паатрываць, каб здраду не пладзілі.
— Рэванш Хазарскага Каганата!
— Не разумею, пры чым тут Каганат?
— Кніжкі чытаць трэба, гісторыю вывучаць. Тысячу гадоў таму Святаслаў разбіў Хазарскі Каганат і зруйнаваў крэпасць Саркел, Белую вежу. Вось цяпер і ўзялі рэванш хазары: падпісалі ў “Белавежжы” развал Саюза.
— Але ж у выніку такіх перапетый мы атрымалі незалежнасць!
—Ха-ха-ха! Атрымалі! Навошта яна? Ад каго незалежнасць? Ад стабільнасці і дабрабыту? Ад упэўненнасці ў заўтрашнім дні? За незалежнасць ваююць. Яе проста так ніхто не атрымлівае. У крайнім выпадку,гісторыя не захавала такіх фактаў, каб хтосьці камусьці проста так, за здорава жывеш, падараваў волю. А мы атрымалі. Дык трэба задумацца. “Бойтесь данайцев дары приносящих”— яшчэ Гамерам сказана. Нам яе падарылі. І хто? Захад, амерыканскі Буш? Вось і атрымалі і не ведаем, што з ёю рабіць, з гэтай свабодай. Не ведаем цяпер, пад чыю ўладу здаць сваю незалежнасць. Вось яны і возьмуць нас за горла цёпленькімі, тыя ж хазары. Не смейцеся, так і ёсць. Не адпакутаваная наша воля, таму не мае ніякай цаны. Бяры — не хачу!
— А хіба не можа быць так, што нам пашчасціла атрымаць яе задарма?
— Ды зразумей ты, што бясплатны сыр бывае толькі… сам знаеш. А мышалоўказахлопнулася. Мы ў пастцы. І ніхто не будзе цаніць тваю незалежнасць. Лепш бы яе зусім не было. Крывёю аплочваецца свабода, галгофай — тады яна мае цану і каштоўнасць.
— Пачакай! Хіба беларусы мала плацілі!? А Гулагі, Курапаты… А кроў пралітая ў Другой Сусветнай?  Ці не надта жорсткі падыход? А кожны трэці? А хваробы Чарнобыля? А колькі беларускай крыві пралілося ў Афгане? Віцебскую дывізію першай кінулі.Хіба гэта малая цана?
—Пакінем гэта. Балюча. То была плата за імперыю, ахвяра вялікадзяржаўнаму монстру. А з іншага боку — Еўропа інтэгруецца, аб’ядноўваецца, а мы падзяліліся і размежаваліся. Талдычым пра нейкую незалежнасць. Што яна ў параўнанні з агульнай гісторыяй чалавецтва? Пусты гук. А народныя абраннікі самі сябе лічаць дзяржавай і блытаюць кішэні.
— У кожнай галаветусуюцца свае тараканчыкі.
— Ціха, цішыня! Увага! Слухайце верш, — устраў у бяседу падвыпіты паэт, які эстэтычна душыў застолле сваімі вершамі. — “Ёсць у кожнага свае тараканы: не жыве адзін ні дня без радка, а другі не можа жыць без стакана барматухі, ці якога віна. Ёсць у кожнага свае тараканы. І не ведаю, чыя тут віна, што мы ўласныя ў людзях заганы прыкмячаем. А свая балячка нам не відна”.
— Сашка Мятлеў лепш пра тараканаў напісаў. “Таракан как в стакан попадет, по стеклу тяжело не всползет… Так і я жізнь моя отцвела, отбыла…” Бла-бла-бла… Забыўся.
—Хто такі Мятлеў? Не ведаю такога паэта, — крычаў пакрыўджаны паэт, — нічога вы не разумееце.
— Сучаснік Пушкіна.
— Я ж яшчэ жывы! Вы мяне слухайце, я яшчэ такое напішу, такое…
— Мне адзін мужык гаварыў нядаўна, у кожнай жанчыны свае вошы, калі не рудыя, то чорныя, ха-ха! Мы сваіх палітыкаў самі зрабілі, дазволілі быць такімі, якія яны ёсць.
— Ага! Аякжа! Народ годны сваіх правадыроў. У мяне яны пыталіся? Не! А я падаткі плачу, і не малыя, бо займаюся сур’ёзным бізнесам. Маглі б і спытацца. Бо я ж аплочваю іхняе існавнне. І такога права не ім даваў, — умяшаўся мужчына ў размову, які да гэтага часу сядзеў маўчком і вельмі выдзяляўся сваім пярэстым адзеннем, сярод сціпла апранутых гасцей.
— Народ заслугоўвае правеціляў, гэта першае. А другое — давайце будзем шчырымі, хаця б перад сабою, калі б, скажам ты, дарваўся да ўлады, няўжо не гроб бы пад сябе?Ты ж не курыца! Толькі яна грабе ад сябе. І то, толькі час ад часу, хоць і дурная, але галаву паварочвае назад. Так і чалавек. І пра сябе паклапаціўся б, і пра дзяцей… Усе ж людзі.
— Людзі? Э, не! Ты мяне прабач. Якія гэта людзі? Загнуў… Не людзі яны, вылюдкі. Зразумела? На Украіне ўпершыню пасля вайны людзі паміраюць з голаду. А ты гаворыш… Кінь!! Нармальны чалавек у палітыку не палезе. Не патрэбна яму, палітыка, ён — самадастатковы.
— Не заўсёды так. Нямаправіл без выключэнняў. Быў жа ў Індыіі Махатма Гандзі, Кэнэдзі ў Амерыцы….
— Дык іх жа і забілі! — і размова пераходзіла ў сферу міжнародных адносін, ці геапалітыкі.
Субяседнікі то спрачаючыся, то размаўляюўчы памяркоўна, залазілі ў якія-небудзь джунглі Амазонкі, або шукалі разгадку таямнічых інкаў, што невядома куды зніклі, ці луналі думкай над легендарнай Атлантыдай і разам з ёю паволі апускаліся на акіянічнае дно… І тут жа, амаль нечакана для сябе выяўлялі, што амаль усе народы свету захавалі памяць пра сусветны патоп; або раптам без ніякіх здавалася б падстаў, пераскоквалі на рухавікі ўнутранага згарання і маркі аўтамабіляў, аддаючы перавагу то бензінавым, то дзізельным. Больш за ўсё з мужчын распаляўся Выпадковец Іван Фаміч, а яго жонка Валянціна час ад часу пасмыквала мужа за рукаў, на што ён толькі адмахваўся. Іван Фаміч засумаваў па элітарных размовах, па кампаніі бясхітрасных, але даволі няпростых і разумных людзей, не звязаных паміж сабою службовымі абавязкамі.
А з другога боку, у жаночым кутку чуліся зусім іншыя тэмы:
— Цэны! Але ж  і цэны! — дзяліліся гаспадарчым клопатам жанчыны, збіваючыся ў адну купку, — гэта ж учора зайшла ў гастраном. Гляджу: на днях каўбаса каштавала семсот, закрэслена і тут жа зверху напісана: 1400!
— У два разы! Зусім сорам страцілі!
— Раней хоць цэннікі з кожным падаражаннем мянялі.
— І не кажы. У два разы за суткі! Жудасць што робіцца.
Зрэдку госці ўспаміналі пра гаспадароў. Падымаліся здравіцы за Рамана Радзівонавіча і Тэрэзу Браніславаўну Родасветавых, і ўвогуле: “За пенкных кобет!”— адчаканіў на польскі манер Іван Фаміч, які з нядаўняй пары стаў частым госцем Родасветавых.
— Тэрэза! Толькі не захламляй адразу, — раіла жонка Івана Фаміча, жанчына сярэдніх гадоў з радзімай плямкай ці рудаватым паліпам на кончыку носа, што надавала твару асаблівую пікантнасць і нечаканы шарм: — Помні, што гэта на ўсё жыццё. Па густу мэблю падбірай. І не шакадуй грошай, лепш пераплаціць адразу, чым купіць абы што і пакутаваць усё астатняе жыццё.
— Дзе ж тых грошай набрацца? — свяцілася Тэрэза радасцю. — У кузні хіба каваць. Дык мой Раман не працуекавалём. Цяпер і жалеза ў дэфіцыце.
— Правільна, Валянціна! Правільна гаворыш. А ты слухай і запамінай, — устраў у размову Раман, — навошта нам той Пінскі гарнітур, які ты мне паказвала? Мы не настолькі багатыя, каб купляць танныя рэчы.
— Скупы плоціць двойчы, — падтрымала яго жонка Івана Фаміча.
Раман устаў, крыху хістаючыся, падняў сваю чарку над сталом: “За гэта трэба выпіць!”.
— Табе, мужанёк, можа ужо і хапіла б? Нам яшчэ гасцей развясці.
— Навошта іх разводзіць? Няхай сто гадоў тут жывуць. Месца хопіць усім, — засмяяўся Раман, — у нас і так на сто шлюбаў семдзесят разводаў.
Тэрэза паднялася ўслед за мужам і дэманстратыўна чокнулася. Неяк бадзёра зірнула на яго і сказала: «Вось і добра. Вельмі добра. Ты і зарабляй грошы, як мужчына, каб двойчы не плаціць. Ты зарабляй, а я буду іх траціць”.
Застолле дружна засмяялася.
—І зараблю! Не зломак! Рукі залатыя, вышэйшай пробы, — прадэманстраваў бяседзе пазбіваныя куксы, —і галава на патрэбным месцы.
— От, хвалько! — пакачала галавою жонка, — любіце вы сябе пахваліць, Раман Радзівонавіч.
— Ты ж не хваліш, прыходзіцца самому выпраўляць хібы. Словам, госцейкі дарагія, за мужыкоў! За разумныя мужчынскія галовы, якія нават у наш жорсткі час асмеліліся абзавесціся сем'ямі.
— Сваёй галавой ты пакуль што не шмат зарабляў, — амаль са здзекам уставіла Тэрэза, — усё болей рукамі…
Усе зноў дружна засмяяліся: хто зразумеў укол, і хто яго зусім не заўважыў — так часта бывае ў застоллях, калі смяяцца дык усе адразу, калі маўчаць — таксама усе.
— Хіба я вінаваты, што жыву ў дзяржаве, якой не патрэбны інтэлект. За розум цяпер плацяць капейкі, у цане нешта іншае. Нашай дзяржаве пакуль не патрэбны смелыя, сумленныя і прыстойныя грамадзяне. Сістэма запрошвае халопаў, плебеяў і лізаблюдаў. Што тут паробіш. Сістэма падбірае падобных сабе. Я і рабочым не прападу. Чакаць засталося не доўга. Нешта павінна змяніцца. І не адцягвай, жонка, мяне ад галоўнай тэмы. Значыць, за сапраўдных мужыкоў! На якіх трымаюцца сем’і і дзяржавы, і ўвогуле — трымаецца наш зямны шарык.
— Намі і зямля круціцца, — дадаў Іван Фаміч, — “Просто землю вращают, куда захотят, наши сменные роты на марше” — нечакана заспяваў ён і Валянціна зноў тузанула за рукаў. — Ды адчапіся ты! — адмахнуўся генерал ад жонкі, — знай сваё месца, жанчына! Кухня, кіндэр, кірха!
— Панясло ў вайсковы стэп, — пачала яна апраўдвацца за мужа, — зараз будзе пра ўзводных і ротных расказваць, пра камбатаў і дэсбаты. Пра Савецкую армію… Любімая тэма.
— За гаспадроў! — крычыць нехта з гасцей з дальняга краю стала, — за гаспадроў! За новую кватэру і новае жыццё. Горка!!!
“Горка! Горка!! Горка!!!”— дружна і рытмічна далучылася да крыку астатняе застолле, адбіваючы такт плясканнем у ладкі.
Раману з Тэрэзай прыйшлося ўставаць і прылюдна цалавацца, як маладым на вяселлі. Тэрэза ў гэты вечар пачувалася шчаслівай. Яе агністыя позіркі белазорых вачэй нагадалі Раману пару іх кахання. Дзесяць гадоў прайшло, а яна амаль не змянілася. Міжволі верылася, што жыццё павярнулася сонечным бокам. Душа акрылілася новымі спадзяваннямі, а ў галаве мроіліся дзёрзкія і рызыкоўныя планы. Вось толькі ўгаварыць прыйдзецца Рамана, каб ён завод кінуў, хоць і ўладкаваўся туды нядаўна па настойлівых просьбах самой жа Тэрэзы — кінуў і пайшоў працаваць куды-небудзь у фірму... Наконт “куды-небудзь”— то тут адрасок вымалёўваўся даволі канкрэтны. Але яна пакуль баялася прызнацца ў гэтым Раману, бо сама за яго ўсё і вырашыла…
Скокі, танцы, смех… Анекдоты і плёткі, разумныя размовы і лаянка, гульні “ў бутэлечку” і “у фанцікі”— усё было проста выключным. Хоць і не пампезна, але з душэўнай цеплынёй і даволі прыстойна. Магчыма, першы раз у жыцці Тэрэза адчула сябе сапраўднай гаспадыняй. Госці рассыпаліся ў кампліментах, нахвальвалі стравы, падрыхтаваныя з любоўю і стараннем, сервіроўку стала прадуманую да дробязяў —усё гэта было прыемна, але больш за ўсё радавала, што яна прымае гасцеў ва ўласнай кватэры!
Тэрэза доўга вагалася, але запрасіла на наваселле былога аднакласніка, які калісьці не роўна дыхаў у яе бок, а цяпер выбіўся ў высокія начальнікі: быў прэзідэнтам саюза прадпрымальнікаў і адначасова генеральным дырэктарам нейкай фірмы. Ён прыйшоў разам са сваёй жонкай Клавай (разадзетай, як навагодняя ёлка, але з твару брыдкаватай) і быў пасаджаны на самым ганаровым месцы.Сам Курвагін нагадваў сабой паўліна — малінавы па апошняй модзе “міжмак”, ажно сляпучая ад белізны кашуля, і стракаты дарагі гальштук, на шыі паверх гальштука вісеў тоўсты залаты ланцуг; амаль кожны палец упрыгожвалі пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі і пячаткі, двума залатымібранзалетамі былі перахоплены запясці. На Клаве каштоўных бразготак было яшчэ болей, агульнаясямейная “біжутэрыя” Курвагіных каштавала не меньш трохпакаёвай кватэры Родасветавых. Кідалася ў знакі, што Тэрэза больш за ўсё завіхаецца каля дарагіх гасцей: першым прапануе пакаштаваць новую страву, і ўсё з падкрэсленай пашанотнай і павагай, з ліслівымі інтанацыямі. Раман у такіх асаблівых адносінах заўважыў элементы лакейскага халуйства, што добра сапсавала яму настрой, а Тэрэза разлічвала, што менавіта Курвагін, былы ўздыхацель, дапаможа вырашыць матэрыяльныя праблемы. Не адмовіць у просьбе, некалі ж быў закаханы. Хто ж ведаў, што гэты самы Курвагін, якім грэбавалі дзяўчаты, пойдзе так далёка і стане салідным і ўплывовым, ад якога многае можа залежыць.
Апоўначы добра захмялелыя госці, хто парамі, хто па аднаму, або цэлымі купкамі, разыйшліся-раз’ехаліся па сваіх кватэрах. Першымі пакінулі бяседу Курвагіны, Тэрэза паспела толькі намякнуць Барысу пра свае планы наконт працаўладкавання. Як толькі “крутыя” з’ехалі, астатнія госці адразу ж ажывіліся і павесялелі. Здаецца і дыхаць пачалі больш вольна. Час праляцеў хутка. Апошніх вызваліся пасадзіць на таксі. Гарадскі транспарт ужо не хадзіў, а пакідаць кагосьці на ноч не хацелася. Было даволі позна, калі гаспадары вярталіся назад. Доўга стаялі на вуліцы і любаваліся запаленымі вокнамі сваёй кватэры.
— Ну, як табе мой аднакласнік, спадабаўся? — здалёк пачала Тэрэза.
— Ён не барышня на выданні, каб падабацца. Калі праўду —надзьмуты індык. Навошта было запрашаць? Ты заўважыла — усе нават павесялелі, калі яны адчалілі? А жонка — увагуле страшыдла нейкае.
— Але ж у яго фірма, ён прэзідэнт Саюза Прадпрымальнікаў, у яго сувязі ва ўрадзе, а ў цябе…
— Тэрэза! – абарваў Раман, — навошта мне яго сувязі? Я не збіраюся імі карыстацца. З такімі тыпусамі нічога агульнага мець не жадаю.
Тэрэза надзьмула губкі.
— Ведаў бы ты, колькі ён зарабляе. Ты за год столькі не маеш, колькі ён за тыдзень.
— Дарэчы, а ці не па тваёй настойлівай просьбе я кінуў усё і пайшоў на завод папраўляць наша фінансавае становішча. Раней ты думала іначай.
— Час мяняецца. Хто не паспявае за часам, той спазняецца на ўсё жыццё.
— Тэрэза, не гарадзі лухты. І давай на гэтым скончым, каб болей не вяртацца. Не хапала яшчэ сварыцца з-за нейкіх там Курвагіных.


Рецензии